Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды
Шрифт:
Сінедрыён на ўсе вочы разглядаў Багдана Роскаша. Відовішча было сапраўды дзіўнае. Пад мешкавінаю хітона тапырылася пацёртая шляхецкая чуга, у запазусе была мехавая шапка (нібы кот прыгрэўся і спаў). А на нагах — такія самыя мужыцкія поршні, як ва ўсіх.
Роскаш стаяў, ганарліва адставіўшы нагу. Даволі магутнае пуза — наперад, грудзі напнуў, твар — чырвоны, вочы — вырачаныя, вусы — заліхвацкія, звіслі да сярэдзіны грудзей, шчокі — трохі адвіслыя і такія круглыя, быццам ён іх назнарок надзьмуў.
Непрымірыма глядзелі на сінедрыён каламутна-сінія
— Ты хто? — спытаў Лотр.
— Не чулі, ці што? — грэбліва кінуў Багдан. — Я Роскаш Багдан. Беларускі шляхціц. Вось.
— Ты зараз не шляхціц, а падсудны, — сказаў Лотр.
— Гэта вы — адзін выгляд, а шляхта была, ёсць і будзе. Зброю вось толькі я ў фургоне пакінуў, а то не на мяне б вы зараз выскаляліся, а на вечка сваёй труны.
— Што ж ты, шляхта, сярод валацуг? — спытаў з'едліва Лотр.
— Сам ты хамло і бадзяга, — сказаў Роскаш.
Лотр ледзь стрымаўся:
— Добра, кажы.
Роскаш стаў яшчэ больш зухаваты, адставіў нагу яшчэ далей.
— Мужыцкая толькі морда можа не ведаць, што такое род Роскашаў і да якога роду, суёму [73] і герба мы належым. Але я не здзіўляюся і велікадушна вам дарую, бо папы — збольшага ўчарашнія мужыкі — і самых важлівых рэчаў могуць і не ведаць.
73
Суём — нешта накшталт клана.
Былі мы калісьці багатыя, як халеры, але літоўскі напад выбіў славуты род Роскашаў з сядла, хаця і не збіў з ног… Фальшывым загадам гэтага хама, гэтай кіслай аўчыны, Міндаўга, адабралі ў нас набытак продкаў, землі, і аддалі такому самаму кіпацю, як і Міндаўг, нейкаму бязведамнаму Квясткгайле. Засталіся мы на гэтай нашай зямлі гасцямі і высіліліся, але гонару не страцілі.
І асабліва заеўся я з гэтым аслянём, з малодшым Квясткгайлам, Тадэем. Мала яму было таго гонару, што на зямлі, якая яму няправедна належыць, сядзіць былы гаспадар, чалавек такога роду, як я, — ён падумаў з мяне яшчэ нейкую «гарэнду» браць, барбар такі… Вядома, не бачыў ён ад мяне дулі з макам і скідзельскага пачастунку.
У той дзень я высакародна араў сваё поле. Быў у гэтай вось футраной шапцы і, як то належыць лыцару, пры мячы на баку, пры гакаўніцы за спіною, пры рагу для пораху, або, як мы кажам, «маку». Зброя павінна быць пры сабе, бо твой гонар у тваіх руках, і яшчэ… кожную хвіліну нехта слабы можа прыпасці да ног тваіх, молячы аб лыцарскай тваёй дапамозе.
Скура ў мяне не такая грубая і закарэлая, як у нейкага там мужыка або ў польскага ці жмойскага двараніна, і таму я ішоў за высокай сваёй сахою асцярожна, каб церне не ўпялася ў нагу.
І тут пад'ехаў на паршывым сваім варанку гэты хам у магнацкай вопратцы, якая сядзела на ім, як на карове шытае сядло. Пад'ехаў і, паколькі не ўмеў весці высокую бяседу, адразу пачаў непрыстойна лезці і прыставаць з гэтай сваёй «гарэндай».
Некаторы
І вось ён ехаў побач са мной і звягаў. А я маўчаў. Аж датуль, пакуль ён не сказаў нешта наконт таго, што хай ён не будзе Тадэем Квясткгайлам, калі не прымусіць мяне заплаціць. Толькі тады, учуўшы брыдкае Богу ягонае імя, я зрабіў ласку адказаць і кінуў:
— Што твая «гарэнда» перад шляхецкім гонарам? Тфу!
Тады ён пачаў непрыстойна выхваляцца сваім захудалым шляхецтвам. І я сказаў яму з годнасцю:
— Тфу ты, а не шляхта! Вы з лясоў жмойскіх прыйшлі. Вы пісьма не ведалі, а Роскашы — карэнныя тутэйшыя. Вы на мядзведзях жаніліся, калі нас князь Усяслаў у лыцары вялебна ўсвяціў.
— Брэшаш. Мы вас заваявалі.
— Гэта мы вас заваявалі, — кажу. — На чыёй мове гаворыш, дзікун?!
Яму няма чым адказваць.
— Давай, — крычыць, — грошы!
А я яму, як соллю ў вочы, праўду:
— Вы ад Гедыміна па пятай бакавой малодшай лініі, а я ад Усяслава Полацкага — па другой. Тфу тваё дваранства перад маім!
— Хам! — насмеліўся ён.
— Дзікуны вы. З быдлам вы спалі ў круглых халупах сваіх. У шкурах хадзілі вы!
— Мужык!
Тут я, нібы праполваючы, выдраў чартапалох, святую нашу гербавую расліну, і сунуў яго пад хвост хамскаму каню гэтага хамскага нібы магната. Конь гэты даў свечку, і той вылецеў з сядла і бразнуўся ўсім целам аб раллю… І ён яшчэ казаў, што дваранін. Ды дваранін нізавошта б з каня не ўпаў — хіба што толькі зусім п'яны.
Я стаў над ім — не рухаецца.
— Я т-табе дам «мужык», — спакойна сказаў я.
Падумаў трохі, а потым выпраг каня, каб не пакутавала жывёліна, пацалаваў у храпу вернага свайго баявога сябра дый пайшоў па раллі да пушчы.
Перад Лотрам стаяў чарговы са святога сямейства. Той самы боўдзіла, што граў у містэрыі Хрыста. Ён перамінаўся з нагі на нагу, і падлога стагнала пад ім. Цяпер на ім не было залацістага парыка. Свае валасы, бруднавата-рыжыя ў іржу, былі зблытаныя. Лоб нізкі. Надброўныя дугі вялізныя. Тупаваты, але даволі дабрадушны твар — увасабленне флегмы.
— А ты? — спытаў Лотр.
— Гэна… Я? — спытаў, нібы здзівіўшыся, целяпень.
— Гэна… ты, — сказаў кардынал.
— Акіла Кіёвы, — сказаў чалавек.
— Распавядай, — сказаў Балвановіч. Целяпень плямкаў вуснамі, як мень.
— Гэна… А я што? Я лесаруб… Прыстаў да іх, хай яно… Лесаруб я… Хаціну меў… гэткую… Ледзь, можа, болей… ну… за дупло… З хаціны… як жа яно… сагналі… Лес стаў запаветны… каралеўскі… Ну і потым, я на зборшчыка падаткаў выпадкова дуб пусціў. Спляжаны. І не сказаць, каб вялікі быў дуб. Так год на семдзесят. Ды, мабыць, трапіў па голым месцы.