Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Шрифт:
Раўбіч уважна глядзеў на Алеся. Быў ён сярэдняга росту, але моцна складзены, з кароткай шыяй і магутнымі пукатымі грудзьмі. Чорныя як смоль і сівыя на скронях валасы стваралі на патыліцы магутную грыву, a спераду падалі на лоб касой скобкай. Твар быў шыракаваты ў скулах, але ладна вытачаны. Бровы доўгія, вычварна зламаныя і таму пагардлівыя, a лоб пераходзіў y нос амаль роўна, як на старых статуях. Шчыльна сціснутыя вусны вялікага рота, высокі гладкі лоб – усё гэта пасавала да агульнага выгляду і рабіла няправільны ўвогуле твар нейкім па-мужчынску прыгожым. Але самыя дзіўныя былі вочы: халодныя, карыя, з такімі
Страшнавата было глядзець y гэтыя вочы. I ўсё ж Алесь глядзеў. Гэты твар палохаў, але адначасова нечым прыцягваў яго. Цяжкі, знясілены нейкай неадчэпнай думай, змардаваны і грозны твар.
...Вочы без райка глядзелі ў вочы хлопцу, быццам выпрабоўваючы. I Алесь, хаця яму было амаль фізічна цяжка, не апусціў вачэй. I тады, пасля хвіліны гэтай нямой дуэлі, на сціснутых вуснах y Раўбіча з’явілася ўсмешка.
– Будзе сапраўдны князь, – трошкі нават расчулена сказаў ён. – Не сродак, не цацка чужой сілы... Віншую цябе, гаспадар Юры.
Толькі калі Раўбіч адвёў вочы, Алесь заўважыў, якая на ім дзівосная вопратка. Гэта быў сурдут не сурдут, a нешта пашытае пад кароткую і шырокую чугу. Пашытае, відаць, першакласным майстрам з вельмі дарагога, танюткага шэра-блакітнага сукна. Каб не гэта, Раўбіч выглядаў бы старасвецкім дваранінам з мядзведжага кута.
Усё астатняе было звычайнае: шэрыя панталоны, забраныя ў боты на высакаватых абцасах. Усё, акрамя аднаго: запясце правай рукі, жылістае і загарэлае, моцна перахопліваў шырокі жалезны бранзалет, пацьмянелы ў паглыбленнях, бліскучы на пукатых паверхнях, зроблены таксама па-майстэрску. Алесь краем вока заўважыў на ім нейкія трыліснікі, сцябліны чартапалоху, стылізаваную шыпшыну на капцы і фігурку конніка на шалёным кані. Ад гэтых назіранняў адарваў яго мяккі жаночы голас:
– Яраш, ты паглядзі толькі, які ён зараз гожанькі. Проста хлопчык з партрэта Аляшкевіча.
Абражаны гэтымі словамі, ён таргануў галавой управа і сустрэў спакойны позірк цёмна-блакітных вачэй сталай жанчыны, якая стаяла побач з Раўбічам. Жанчына была звычайная, з русай каронай валасоў на галаве, з трошкі вінаватай, вельмі жаночай усмешкай на прывялых вуснах.
– Вось вам і мой старэйшы, пані Эвеліна, – сказаў бацька. – Бачыце, які недарасль выгадаваўся.
– Які ён недарасль, – сказала Раўбічава. – Ён проста харошы хлапчына. Якраз таварыш майму Франсу. Пазнаёмцеся, дзеці...
Франс, чорнавалосы, матава-бледны, прыгожы хлопчык, працягнуў Алесю руку з пачуццём уласнай годнасці. Тонкі рот ветліва і трошкі завучана ўсміхаўся. Малады Раўбіч, асабліва ладны ў сваім бездакорным дзіцячым фраку з чорнага тонкага сукна, схіліў галаву:
– Мяркую, вы цяпер будзеце ў нас частым госцем, князь, – сказаў ён па-французску. – Ваша свята падабаецца ўсім, і вы таксама.
Алесь таксама схіліў галаву. Паводзіны Франса яго забаўлялі, і ён паспеў заўважыць за манерамі маладога прыдворнага тое, што ратавала Франса і не рабіла яго смешным: нейкую ўнутраную іронію да таго, што ён казаў.
– Чаму вы не прывезлі сваёй малодшай? – ветліва спытаў пан Юры. – Старэйшую я заўважыў. A Наталі няма...
– Што вы, – вінаватая ўсмешка Раўбічавай
– Гэта дзіцячае свята, – сказаў бацька і падкрэсліў: – Таму я і запрашаў усіх. Для такіх гасцей мы аддалі асобны пакой з цацкамі.
– Я думаю, што наступны раз мы выправімся, – сказала пані Эвеліна. – A пакуль што, сапраўды, дзе ж старэйшая?
З натоўпу гасцей якраз y гэтую хвіліну выбралася дзяўчынка, – гады мо на два маладзейшая за Алеся, – па-дзіцячы даўганогая, y белай, званочкам, сукенцы, што адкрывала яе загарэлыя моцныя ножкі.
– Notre enfant terrible [36] , – з усмешкай сказала Раўбічава.
Enfant terrible набліжалася да іх даволі рашуча і амаль цягнула за руку, як вялізную ляльку, Ядзечку Клейну. Тая ледзь паспявала за сваёй мучыцелькай.
– Вось, – сказала мучыцелька. – Вось яна, Ядзя. Так і не ўцякла.
– Вечар добры, Ядзенька, – сказала Раўбічава. – A ты, Міхаліна, трымай сябе прыстойна. Вось хлопчык, якога сёння стрыглі, пазнаёмся з ім.
– Яго толькі сёння стрыглі? – прыўзняла бровы дзяўчынка. – Зусім як дзяўчынку... Бедны!
36
Наша немагчымае дзіця (франц.).
Вочы Раўбіча смяяліся. Ён скоса глянуў на пана Юрыя і сустрэў яго вясёлы позірк.
– Не чапляйся да слоў, Міхаліна, – сказала Раўбічава.
– Ма-а, – з дакорам сказала малое, – ты ж ведаеш, я не люблю...
– Не чапляйся да маіх слоў, Майка, – больш паблажліва сказала маці.
– Не буду, – сказала Майка. – Дальбог, не буду, матулечка.
I глянула на Алеся халаднаватымі вачыма.
– У вас нейкае зусім сялянскае імя, хлопчык, – паважным птушыным галаском сказала яна. – Чаму б гэта?
Алесь раззлаваўся:
– A чаму гэта ў вас такое дзіўнае імя, маленькая дзяўчынка?
Белая шаўковая яе сукенка прыемна адцяняла слабы залацісты загар на руках. Валасы былі сабраны ў высокую прычоску, смешную на дзіцячай галоўцы.
“Каб не язык, зусім някепскае было б дзяўчо. Адцягаць бы цябе за валасы. Ведала б, як жарты строіць”.
A пад брывамі насмешліва глядзяць на яго цёмна-блакітныя, як марская вада, вочы.
Дзяўчынка ўздыхнула і першая адвяла позірк, не вытрымала. Губкі яе таргануліся, бы ад няўлоўнай крыўды. Але яна стрымалася і знешне спакойна паправіла на плячах доўгую карункавую мантылью. Калі яна гэта рабіла, яе рукі агаліліся вышэй локцяў, няспрытныя, худыя, як пруцікі, рукі з вострымі локцікамі. I гэта неяк памірыла з ёю Алеся, бо ён адчуў сябе мацнейшым.
Бацька падміргнуў Раўбічу, і дарослыя перасталі звяртаць увагу на дзяцей. Пан Юры падаў знак музыкам, і тыя грымнулі нейкую ўрачыста-сумную мелодыю.
– Прыгонны капельмайстар Вежы напісаў, – сказаў Раўбічу бацька. – Спецыяльна на гэты дзень...
A музыка грала. З нейкай гордай прыхаванай сілай. Ці то шумеў сітняг на бясконцых балотах, ці то чуўся ў цемры стомлена-мужны крок тысяч ног? Ён перарываўся часам, каб даць месца чамусьці змрочнаму і цяжкаму, a потым зноў гучаў.
I, прашываючы гэта, срэбная, нібы з жураўлінага горла, вяла сола труба.