Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Шрифт:
…Свяцілася акенца ў верхнім паверсе камяніцы. Свяцілася нежывым, сінім, нейкім зіхоткім агнём: часам мацней, часам слабей.
– Зазірнуць бы, – сказаў Кандрат.
– Потым на дуб палезем, – сказаў Андрэй. – А зараз абыдзем камяніцу. Чорт яго ведае, дзе тут дзверы. Часам нехта выйдзе і схопіць… Я ж казаў, нячыста тут.
Яны рушылі далей, павольна абышлі ўжо тры бакі будыніны і цяпер павінны былі выйсці на чацвёрты бок, што выходзіў на стромы адхон.
Дзвярэй не было і тут, як быццам той, хто паліў агеньчык, прылятаў сюды паветрам. Але затое тут было акно на ўзроўні зямлі, відавочна
Яны ўбачылі гэтае святло і адначасова пачулі нягучнае і рэдкае пастукванне жалезам аб жалеза, учулі саладкаваты серны смурод.
З заміраючымі ад цікаўнасці і жаху сэрцамі яны плазавалі да гэтага акна. Паўлюк застаўся з Янькай у хмызах, а хлопцы паўзлі бліжэй, бліжэй. Чырванаватыя ўспышкі рабіліся больш яркія, пастукванне – больш трывожнае і выразнае.
Стук-пых… Стук-стук-пых-х…
Акно было закратаванае, і праз яго яны ўбачылі вялізнае сутарэнне з каменнай падлогай і скляпеннямі. Усе сцены яго, акрамя адной, танулі ў змроку, а тая адна была асветлена зіхоткімі ўспышкамі горна, над якім навісаў чорным грыбам каўпак. Ля горна стаялі каменныя сталы з дзівоснымі прыладамі са шкла і металу.
Стук-пых… Стук-стук-пых …
У сутарэнні былі чатыры чалавекі. Адзін сядзеў за сталом, каля горна, і трымаў над жароўняй нешта падобнае на патэльню. Гэта з патэльні часам пыхаў вінна-чырвоны агонь, і тады чалавек зноў сыпаў на яе чорны парашок, ківаў галавою і каліў далей.
Другі сядзеў наводдаль. Перад ім трапятала, заціснутая адным канцом у ціскі, металічная паласа. Ён пастукваў па ёй невялікім востраканечным чаканам.
Стук-пых… Стук-стук-пых-х…
Два астатнія сядзелі, захутаўшыся ў грубыя суконныя плашчы, і глядзелі ў агонь. І ўсе чатыры былі нечым падобныя; згасала чырвоная ўспышка, і тады нават у святле горна можна было заўважыць фарфоравую бледнасць абліччаў.
І ўсе маўчалі, быццам словы паміж імі былі зусім непатрэбныя.
Успышкі ўсё часцелі. І вось чалавек ля горна зняў з сагана зусім круглую бутэльку з вузкім рыльцам, ускалаціў нейкі асадак і паказаў чалавеку з паласой. Той сцвярджальна апусціў галаву.
Трапятала чырвонае полымя.
Чалавек падаў паласу аднаму з тых, што сядзелі. Вызваліў другую паласу, крутой дугою выгнутую між двума ціскамі, і падаў суседу першага. Тыя скінулі плашчы і, застаўшыся ў суконных нагавіцах і белых сарочках, пачалі маўклівую і страшную сваёй маўклівасцю гульню ва ўспышках чырвонага святла. Пачалі біць паласой аб паласу, па-рознаму трымаючы іх, білі па чарзе. Потым адзін біў па паласе другога, уторкнутай адным канцом у шчыліну паміж плітамі падлогі. Потым другі біў даволі тоўстай доўбняй па паласе першага.
Адзін з удараў доўбні зламаў метал. І ўладар доўбні моўчкі, са змрочным тварам, развёў рукамі.
І тут успышка небывала чырвонага густога полымя ахапіла сутарэнне. Чалавек над жароўняй стаяў і выскаляў зубы ў патоках чырвонага святла, якія змяіліся ўсё вышэй і вышэй. Рукі ягоныя былі пераможна ўскінутыя ўгору.
Гэта было так страшна, што хлопцы кінуліся прэч і апамяталіся толькі за рогам будыніны.
– Што бачылі? – спытаў Паўлюк.
– Выклікалі кагось, – коратка сказаў Андрэй.
– Каго?
–
– А агонь? – напомніў Кандрат.
– Так, агонь, – у Андрэя ўпаў голас.
Яны ўзнялі вочы да акна і ўбачылі, што сіні агеньчык згас. На яго месцы цяпер цямнеў правал акна. Звычайны мёртвы правал. Больш нічога.
І хлопцы адразу адчулі, як жах саступіў месца расчараванню. Агонь быў так блізка, такі высокі і сіні. Хто ведае, якія дзівосы ён асвятляў. І вось яны, дурні, пакінулі яго, дачакаліся, пакуль ён згас.
– Ёлупы, – сказаў Кандрат. – Боўдуры.
Гэта сапраўды было горка, калі ўжо забыцца на страх. Столькі разоў бачыць іскру над шатамі парку, наважыцца, нарэшце, ісці сюды, нацярпецца жаху, убачыць агонь зблізку, такі зменлівы і сіні. І ўсё зглуміць.
– Пайшлі, – сказаў Андрэй.
Зноў сцежка, на гэты раз з уступу, у абход невялікай падковы возера. Зноў пах грыбніцы і стылая раса.
Хлопцы ішлі моўчкі, з апушчанымі галовамі. Было халодна і няўтульна пад шатамі дрэў. Добра, што хаця Янька не плакала, бо ёй было ўсё адно, так яна хацела спаць. Андрэй зняў з сябе світку, і яны падвязалі дзяўчынку на спіне Кандрата, зрабіўшы нешта накшталт мяшка, у якім было цёпла і ўтульна. Кандрат цяпер мог вызваліць рукі, яму стала лягчэй.
– Прыйдзем яшчэ сюды? – ціха спытаў ён у Андрэя.
– Прыйдзем, – падумаўшы, адказаў Андрэй. – Трэба прыйсці.
– Каго ж яны ўсё-ткі выклікалі? – спытаў Кандрат.
Андрэй не адказаў. Ды і што можна было адказаць?
Цемра. Глухія крокі. Сонныя пасопванні Янькі на спіне ў Кандрата. Пачынае прабіраць холад, той санлівы холад, калі сківіцы раздзірае пазяханне і чалавек марыць, як аб вышэйшым шчасці, аб ахапку сена, у які можна зашыцца.
Мужны дух прадпрымальнасці і прыгод заўсёды церпіць ад такіх акалічнасцей.
Яны мінулі возера, з якога патыхала вільготным халадком і рыбнай сырасцю. Парк зноў зрабіўся густы, – не парк, а нейкія нетры з лаўжамі і ветрабоем, з рэдкімі глухімі сцяжынкамі.
Па адной з такіх сцяжынак яны ішлі даволі доўга; ішлі і амаль не спадзяваліся, што калі-небудь ёй будзе канец. Але сцежка ўлілася ў папярочную сцежку, што была шырэйшая і нагадвала хутчэй вузкую дарогу, па якой ледзьве можа праехаць воз. Дарожка гэтая была як тунель, так спляталіся над ёю галіны дрэў, з левага боку яна праз нейкіх пяць сажняў улівалася ў невялічкую паляну. І палянка была таксама цёмная, бо над ёю схіляліся, засцячы неба і ўтвараючы над ёю шацёр, верхнія галіны магутных, вычварна-каржакаватых дрэў. А пад шатром, займаючы амаль усю палянку, стаяла самая дзівосная будыніна, якую ім давялося бачыць у сваім каратусенькім жыцці.
Будыніну абкружаў частакол з завостраных бярвенняў. Над частаколам уздымаліся толькі два-тры вянцы сцен ды трох’ярусны дах з грубай замшэлай шчапы. На вільчаку верхняга яруса нерухома ўзвышаўся “балотны чорт”, вычварная карчага, якой вятры і гнілая вада часам надаюць падабенства з пачварным ідалам.
У вянцах сцен там-сям цьмяна блішчалі маленечкія сляпыя акенцы з разьблёнымі ліштвамі. Такая ж разьблёная брама разрывала ў адным месцы частакол. Палі яго вянчалі пабеленыя непагодай конскія чарапы з цёмнымі праваламі вачэй.