Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Шрифт:
– Магчыма, – сказаў дзед. – Толькі ўсё гэта не тое. Ідзі лепей спаць, унучак. Позна табе тут сядзець і думаць.
Устаючы, Алесь з нейкім дзіўным пачуццём пагладзіў пальцамі ліст тытула. Гэты сумны, нікому непатрэбны ліст з доўгім надпісам.
...Я спускаўся з верхавіны Святой Гары. Было позна, і сонца даўно села за горы. Ломячы дубняк, ступаючы на жорсткія падушкі каменяломкі, я ішоў ніжэй і ніжэй, туды, дзе над бухтай гарэлі неверагодна сінія агні.
Пайшла сухая горная трава. Справа ад мяне, на строме, узносіўся
Я выбраўся на дарогу і шпарка пакрочыў уніз.
Паўзлі па схілах шэрыя плямы, і прыглушана далятала адтуль “глок-глок” званочкаў авечых чарод.
Цяпер я спусціўся нізка, і вакол былі адны змаршчакаватыя горы.
Нешта цьмянае з’явілася абок мяне: слабы яшчэ, невыразны на шэрым цень. Мой цень. І я падумаў, якія яны былі бедныя, нягледзячы на багацце, тыя, што аджылі пад маім пяром. Якія вартыя жалю! Як цень.
А цень з’явіўся і цяпер усё гусцеў і гусцеў, бо месяц, уздымаючыся над светам, ярчэў і наліваўся святлом.
У лагчыне пусцелі каменныя каробкі нейкіх нізкіх будынін, што зараслі шыпшынай і калючкамі. І гэта было як на Марсе, дзе пяскі заносяць руіны старых гарадоў. А месяц нараджаў у будынінах цені і рабіў змаршчакаватую глебу ўзгор’яў зусім блакітнай.
І раптам вялікае шчасце нарадзілася ў сэрцы. Я жыў і я ішоў паміж руін, пад гэтым блакітным месяцам, я прадзіраўся праз калючкі, што аж парыпвалі пад ветрам ад мёртвай сухасці. І я ішоў насустрач таму, аб чым ведаў у гэтай цясніне адзін я. Толькі адзін.
Я мінуў цясніну, і пасля водару сухой зямлі, калючак і палыну цёплы, раскошны, бязмежны водар мора, яго няспынны шум напоўніў мне вушы і сэрца.
Мора гарэла месячным агнём між сухіх скал.
...І ўсе гэтыя дні і ночы я жыў ім, нават калі не бачыў яго.
Жыў у скалах, жыў у стэпах, жыў сярод цяснін.
І часам, прачнуўшыся ўначы і бяссонна лежачы з расплюшчанымі вачыма, або познім вечарам, пішучы за сваім сталом, я ўздрыгваў ад нечаканага адчування холаду і дзікай асенняй самоты.
Таму што за вокнамі стаяў глухі шум, які бывае ў нас толькі позняй восенню, калі парывы ветру бягуць па голых верхавінах няўтульных дрэў.
А потым мне адразу рабілася цёпла, і я ўспамінаў і ўсміхаўся сам сабе ў цемры, бо гэта было – Мора!
XXI
Каляды адзначыў свежы і пушысты снег. Снег быў на ўсім: на слупах платоў, на стрэхах, на дрэвах, на футры начнога вартаўніка і ў вёдрах з вадой – толькі пранесеных ад студні да хаты.
Зямля памаладзела.
Майка Раўбіч, прачнуўшыся перад каляднай раніцай, адразу зразумела, што на дварэ снег, так светла было ў пакоі. І яна выскачыла з ложка, захінула на падушку коўдру, каб не разышлася цеплыня, і босая падбегла да акна.
За акном было белае і чорнае: снег і галіны дрэў.
Ногі трошкі зябнулі
А потым задумалася, не ведаючы, здалося ёй тое, што яна бачыла мінулым вечарам, ці было сапраўды.
Напярэдадні нянька Тэкля страшыла яе, што вось падыходзяць Каляды і цяпер якраз прастора для розных нячысцікаў, якія спяшаюцца перад Божым нараджэннем нахапаць сабе як мага больш гарэзлівых і непаслухмяных дзяўчатак.
– Лазнік вось... Як во-озьмецца за бок, ды я-ак пацягне пад палок, ды як пачне казытаць – тут ужо маліся як хочаш – не дапаможа. Бо не слухалася бацькоў і нянькі Тэклі.
– А які ён, Лазнік?
– Страшны, – адрэзала Тэкля. – Адзенне ў яго з венікаў; замест вусоў – два лазенныя апарышы. А сам увесь курэе, як пара. І гарачы такі, казытлівы.
– Не веру я табе, бабуля. Унь казалі на свяце Агню [65] , што Паляндра страшная. А то быў Тодарка-вадавоз. І смяшыў дзяцей. І зусім ён не страшны.
– А вось паглянеш, паглянеш, – страшыла старая.
І тады Майка вырашыла паглядзець. Пасля вячэры яна, замест таго каб ісці ў бібліятэку, накінула футра і крадком пайшла змрочным паркам да лазні. Яна не баялася, што ёй перашкодзяць: бацька заўсёды дазваляў ёй рабіць тое, што яна хоча.
Пранізаны ветрам, звонкі ад марозу парк, рэдкія стылыя зоры ў галінах. Рыпнула фортка ў частаколе, высокім, страшным у цемры, з конскімі чарапамі, што невыразна бялелі ў змроку.
65
Сапраўдны дакумент.
Яна сапраўды ўбачыла Лазніка. У лазні свяціўся жоўты бляклы агеньчык, і дзяўчынка, прыпаўшы знадворку да васьмікутнічкаў тоўстага, пузырыстага шкла ў свінцовай раме, убачыла венічны прылазнік, падобны на пячору, калматы ад соцень венікаў, а на зэдліку – Яго.
Ён быў падобны і непадобны. Венікі былі не на ім, а вакол. Пэўна, распрануўся і скінуў іх. Але нават без венікаў ён быў страшны, хаця зусім не курэў: такі чорнавалосы, цёмны і невыразны праз шкло.
Дрыжучы ад страху, яна распляскала нос аб шкло і круглымі вачыма сачыла за ім.
Лазнік, відаць, пачуў нешта. Ён узняў вочы і паглядзеў на акенца.
Яна адарвалася ад шкельцаў, скацілася ўніз па сходцах з галерэйкі і кінулася бегчы так, як не бегала ніколі ў жыцці. Ледзь не згубіла ў хмызах футрачка, падрапала рукі ў жывой агароджы, балюча выцялася нагою аб камень. Я цяпер вось ляжала і думала, было гэта ці не.
Апальшчык у калідоры грукнуў дровамі аб жалезны ліст ля печкі, і яна ўявіла, як добра гэтыя дровы пахнуць: свежасцю, водарам марознага дрэва і падталым сняжком.