Маці ўрагану
Шрифт:
Вецер (робіць крок да Чалавека). Ну й мурза! Ну й пэцкаль! (Яшчэ крок... яшчэ... і раптам у Ветра падагнуліся калені.) Гэта не гразь...
Чалавек (шэптам). Так... Так...
Вецер (у дзікім жаху, калі дыбарам устаюць валасы). ПРАКАЗА!!!
Абодва стаяць ашаломленыя.
Пракажоны (з добраю вінаватай усмешкай на твары, які падобны на львіную маску). Што ж ты спалохаўся, чалавеча? Хіба я не гнаў цябе? Чаго ж ты прыйшоў? Чаму ты так пакрыўдзіў мяне, сказаўшы: “я ведаю”? Ты думаў, што я нейкі
Вецер. Я не ведаў. Мне параіла... відаць, тая самая жанчына, што пакідала табе ежу на пні.
Пракажоны. Ды якое ж гэта трэба мець сэрца?!
Вецер. Трэба мець вялікае да людзей сэрца. Гэта мая маці.
Пракажоны. Ды не можа... не можа...
Вецер. Можа. I пакуль у нас ёсць такія – з намі нічога не зробяць, мы не памром... Сядзь, чалавеча. Давай канчаць вячэру... на роўных. Я зараз не лепшы. Такі самы няшчасны, як ты. Не магу пацалаваць маці, жонку, паціснуць руку другу. Гэта нічога. Яна ведала: чалавеку часам патрэбна безнадзейнасць. I мужнасць. Да канца. Як бы ні было нясцерпна і горка жыць... Як гэта здарылася з табою?
Пракажоны. Сам не ведаю. Аднойчы бачыў пракажонага. Той ішоў у балахоне, бразгаў бразготкай. З ім быў здаровы (ён здаровы і дагэтуль), які торкаў кіем у тыя рэчы, якія былі патрэбныя хвораму. Яны прайшлі каля мяне ў дзвюх сажнях. Той здаровы, а я... Трэба было пасля той сустрэчы стараніцца людзей, але ж мінула шэсць год. Я ажаніўся. У мяне была самая цудоўная жонка. I дзеці, Ян і Сабінка. I нам было ўдосталь хлеба свайго, і ў нас была страха. I мінула дзесяць год, і я ўбачыў на плячы пляму ў выглядзе белага матыля. Гэта белы матыль лянотнай смерці сеў на мяне. Я пайшоў да сябра, войта з Ківаверцаў, і папрасіў сабе лапік зямлі ў пушчы, каб не дыхаць з дзецьмі адным паветрам. I каб я сеяў, а жонка прыходзіла жаць. Але і ксёндз і поп крычалі, што гэта развод. Я сказаў ім, што нават Рым дазваляе развод, калі адзін захварэў праказай. А яны данеслі Камісару і Іцкавічам, і тыя пачалі крычаць, каб мы забіраліся ў пушчу і дрыгву і здыхалі там. Я пайшоў шукаць месца, а калі вярнуўся – служкі Іцкавічаў абкружылі хату і нікога не пускалі, а хата палала. I з агню даляталі крыкі. Яны і зараз днём і ноччу ў маіх вушах... Па мне пачалі страляць, калі я рваўся туды. I страха рухнула і пахавала крыкі. I вось я ў яры, як звер. У мяне няма хаты, жонкі, дзяцей. Я жыў літасцю адной невядомай жанчыны. Няма ў мяне ні сала, ні солі, ні хлеба.
Вецер. Як і ў твайго і майго народа.
Пракажоны. Але я яшчэ й хворы. Кепска рухаюся. Двойчы за гэты час на нас рабілі аблавы, калі абрыдала паляванне на ваўкоў. Панская забава! Я самы адрынуты, самы загнаны.
Вецер. Як твой і мой народ. Без хлеба, без страхі, без волі, без мовы, зацкаваны, як звер, загнаны ў нару (паклаў пракажонаму руку на плячо). Ты не плач. Маці ведала, што рабіла. Можна жыць асобна і біцца асобна... Праз некалькі год праказа з’явіцца на лобе ці на плячы. Яна не дасць мне пацалаваць жонку і маці, падаць руку другу. Але нават праказа не забароніць мне ўсе гэтыя гады біць, душыць, рэзаць, паліць гэтых мярзотнікаў. Нішто не шкодзіць і пракажонаму загінуць як след. Бо лепей загінуць нават у катоўні, нават у агні, чым згнісці жыўцом.
Пракажоны. Чаго ты хочаш?
Вецер. Я ведаў, чаго хачу я. Працаваць у сваім двары, любіць дзяцей і суседзяў. Нічога гэтага не дадуць, як не далі табе. Цяпер я ведаю, чаго хачу. Смерці гэтых гадзюк, каб не паганілі зямлі.
Пракажоны. Чаго яны хочуць ад нас? Чаго яны ўсе-ўсе хочуць ад нас?!
Вецер (устае). Не плач, браце. Ніводная сляза твая не застанецца без помсты. Бывай, брат.
Абдымае яго і цалуе.
Маці сказала праўду: “У гэтым лесе... У яры... У гэтай нары беа святла – Чалавек. Помні, там Чалавек”.
Ноч. Стомлены тупат каня.
Карціна трэцяя
Тое самае падвор’е, што і ў першай карціне. Толькі агні ў хаце згаслі. На ганку стаіць Агна Вецер. Здалёк далятае і сціхае ля брамы конскі тупат. Пасля з’яўляецца з цемры, асабліва густой перад світаннем, Васіль Вецер.
Агна. Было?
Вецер. Было.
Агна. Ненавідзіш мяне?
Вецер (спакойна). Ужо не.
Агна. Чаму?
Вецер. Разумею цябе. Гэта сапраўды жахліва, калі маці Ветру, а сын у яе не Вецер, а такі вось баязлівы вусень. I кожны мае права плюнуць...
Агна. Не, не зразумеў ты мяне. Не баязлівы – ты знайшоў бы ўрэшце сілы. Але нас давялі да краю, нас загналі ў норы. I калі ўжо лепшыя паўстаюць за свой аб’яўлены пракажоным народ...
Вецер. Ну.
Агна. То нельга, каб чалавек, які носіць прозвішча Вецер, не быў лепшы з лепшых. Мы для гэтага зашмат пакутавалі. Мы пакутамі купілі права на гэта. I калі іншыя ў бунце могуць быць проста ветрам, то шэлег табе цана, Вецер, калі ты не будзеш ураганам.
Вецер. Я і гэта разумею. Цяпер муру паміж мною і ворагам няма. Але ёсць мур паміж мною і табой. Учора я абдымаў цябе ў апошні раз. I не ведаў... Але пра гэта хопіць. Ты толькі помні, што яны паплоцяцца і за цябе, а ты заўсёды будзеш са мной. I вось што... скажы пра ўсё жонцы. Мне цяжка будзе растлумачыць Надзеі ўсё. Я лягу тут.
Агна. Дурны ты. Добра. Падумай яшчэ.
Павярнулася і пайшла ў хату. Вецер сцеле пад дубам плашч. Пайшоў у хату і ўзяў з падвокання пляшку. Вяртаючыся, запнуўся аб Лаўрэна, які спіць пад прызбай. Той узвыў праз сон:
Як якому смаркачу – Я й за грошы не хачу. Як якому блазну – Па зубах я бразну.Замармытаў і сціхнуў. Вецер сядае на плашч. П’е.
Вецер. Зоры... Як бы гэта сказаць: “Коціцца зорамі ноч. Вечны абег сусвету. Даўно насяляць я пакінуў анёламі неба гэта”. Кепска.
Падае знічка.
Упала нечае шчасце. Маё. (П’е.) Бог хоча прыкуць шчасце толькі да неба. А мятлушкі хапаюць яго і нясуць да людзей. Толькі са шчасцем маёй зямлі яны нешта замарудзілі. А, выдумка... Небу няма канца. (П’е) I я такі малы перад гэтай безданню. Толькі каханне рабіла так, што цёпла. А зараз і яго няма. Памру і развеюся... ільдзістым пылам. I сусветы памруць. Якая ж я пясчынка, выключаны з сусвету... Будзе бітва. Яны палягуць або мы... і кожны будзе нас ганьбіць. Што да гэтага зорам? Пройдуць тысячы год. Што тут будзе тады? Напэўна, ніхто не будзе адбіраць у іншага хлеб і гонар. Не будзе большага і меншага, эліна або іудзея. I кожная мова будзе панскай, а таго, хто яе саромеецца, будуць закідваць багном. (П’е). Не можа быць, каб яны не зразумелі нас, зняслаўленых і абылганых. Яны ж будуць... як багі, як лебедзі, як людзі. (П’е.) I я буду сярод іх, хворы, замучаны, адрынуты. А пажадаю – буду дзе хачу. (Ён плача, а вусны ўсміхаюцца.) Хто сказаў, што я малы? Сусвет у вачах, зоры ў мозгу, галасы ўсіх людзей у сэрцы. Я пажадаю – і хутчэй настане час людзей, што магутныя, як багі.