Мёртвым не баліць
Шрифт:
У дамоўцы паўзмрок. Выбітыя вокны завешаны вопраткай. На падлозе зляжалая салома. (Відаць, за гэтыя суткі забрыдаем сюды не мы першыя.) Але тут цёпла. Мяне сустракае пажылы прыгорблены чалавек у чорнай ватоўцы. У куце на саломе паныла сядзіць немец. Побач на нейкай світцы дрыжыць-калоціцца ў брудных бінтах лётчык. Немец час ад часу ахінае яго шынялём. Бліжэй да акна суцішана ляжыць мой спакутнелы сябар.
— Сядзь, — ціха кажа Юрка, адкрыўшы і аслабела заплюшчваючы вочы.
Я апускаюся ля яго на салому і маўчу. Я не ведаю, што з ім? Ці не самае
— Цябе там не параніла? — ціха пытаецца Юрка.
— Не, Юра. Абышлося. А ты чуў? — пытаюся я, сцяўшы дыханне. Няўжо ён усё чуў, што рабілася на дарозе?
— Я разумею, — маючы на ўвазе нешта сваё, кажа Юрка. — З намі вазні!.. Самім столькі бяды! Але знаеш… Не кідай. Дужа прашу. Я-то чорт з ім… Але маці ў мяне, ведаеш жа… Не перажыве яна…
Ён змаўкае, і ў мяне адлягае ад сэрца.
— Юр! Ну што ты! — дзіўлюся я, адчуваючы сваю няшчырасць. Бо я не ведаю, куды мы яшчэ падамося? Як выкруцімся з гэтай бяды? Ці здолеем вынесці яго жывога? Не ведаю чаму, але мая рашучасць уратаваць яго пахіснулася. I ўсё ж я з раптоўнай упэўненасцю абяцаю: — I не думай пра гэта: не кінем!
Юрка нешта ўзіраецца ў столь і ўздрыгвае.
— Знабіць, халера. А наогул — мне лепш. Я цяпер адчуваю: выжыву. Учора, прызнацца, думаў, хана, — вуснамі ён спрабуе ўсміхнуцца. I зноў сур’ёзна: — Выбрацца б толькі…
— Выберамся, Юра. Тут ужо недалёка. Во немец паможа. Яшчэ ёсць двое здаровых. Не турбуйся.
Я азіраюся на Кацю, якая ціха стаіць ззаду, і раптам бачу яшчэ некага на падлозе ў другім куце. Прыкрыты шынялём, ён ляжыць у цені. Толькі ногі ў нямецкіх, дбайна падкутых ботах выцягнуліся да парога.
— Хто гэта?
— Немец. Хто ж яшчэ… — кажа Каця.
— Немец, сынок, немец, — пацвярджае стары, пэўна, гаспадар гэтай дамоўкі. Ён расслаблена шкандыбае ад парога і сядае на край тапчана. Пасля раздумна знімае шапку. На белай галаве тапырацца зблытаныя ссівелыя космы.
— Адкуль немец?
— Ды тут, учора… Паміраў на шашы. Ну, падабраў…
Я ўстаю, адкідваю край шыняля. На скрываўленай саломе зжаўцелы, здаецца, малады яшчэ твар. Паўрасплюшчаныя нерухомыя вочы. Худая кадыкастая шыя. На пагонах па два афіцэрскія знакі. Обер-лейтэнант вермахта.
— Усю ноч кідаўся. I плакаў, як дзіця. Нялёгка адыходзіў, не дай Бог. Цяпер ужо што?.. Цяпер царства нябеснае.
— Ты што, у немцаў служыў? — кальнуўшы яго позіркам, строга пытаецца Каця.
Чалавек з дакорам паднімае на яе вочы.
— Чаму так кажаш, дачка?
— Бо дужа жаласлівы.
— Ну, хай сабе жаласлівы… Не блага гэта. А немцам я не служыў. Я працаваў тут. Дваццаць год тут працаваў на чыгунцы, — крыўдліва кажа чалавек. — Сябе карміў. Нявестку з дзецьмі. Ды яшчэ вашых двух у сорак першым выхаджваў… Пакуль раны загаіліся. Што ж, сам салдат быў. У тую мікалаеўскую пабачыў ліха… У палоне ў іх быў. Ведаю.
— А гэта? — ківаю я на немца пад шынялём.
— А што гэта? Быў, можа, фашыстам. А паміраў — Бога ўспамінаць стаў. Гота па-іхняму. Які ўжо тут фашыст? Перад канчынай-та. Смерць, яна ўсіх
— Ачалавечыш яго! — кажа Каця. — Мала ты, напэўна, пабачыў іх…
– Да ўжо ж колькі давялося, — сапе стары і аблакочваецца на калені. Вузлаватыя ягоныя рукі сашчапляюцца ў вузел.
Мне здаецца, у немца на дзязе зброя. Нагнуўшыся, я тузаю кабуру — сапраўды, там невялічкі варанёны пісталет. На баку надпіс бельгійскай фірмы. Надзіва зручная рукаятка шчыльна ўліваецца ў далонь. Іншае мяне мала цікавіць, а зброя спатрэбіцца. Тым больш што ў магазіне поўна патронаў. Ударам далоні я заганяю магазін назад у рукаятку і лаўлю на сабе позірк Юркі.
— У цябе ёсць? Няма? На, вазьмі гэты. Хай будзе.
Юра аслабелаю рукой бярэ пісталет. Але ў ягоных вачах ужо няма і крошкі цікаўнасці, звычайнай для такіх выпадкаў. Я ўжо заўважыў, што за пакутны час ранення ў паглядзе майго сябра з’явілася нешта новае, невядомае мне раней. Нейкая ўнутраная насцярожанасць усё настойлівей авалодвае ім, робячы амаль чужым такога знаёмага і звыклага для мяне Юрку. Гэта засмучае і міжвольна пачынае аддаляць яго ад мяне, і я не ведаю, што сказаць яму. Ранейшая трывалая еднасць між намі парушаецца, бясслоўная сувязь знікае, і я маўчу. Маўчыць, пераабуваючыся на падлозе, Каця, маўчыць стары на лаўцы. I раптам пад вокнамі раздаецца вокліч Сахно:
— Васілевіч! Васілевіч!
У мяне абмірае сэрца — немцы? Я выскокваю ў дзверы і на парозе сутыкаюся з Сахно. Ледзьве не збіўшы мяне з ног, капітан хапаецца за карабін.
— Дай сюды!..
I бяжыць за рог да штыкетніка. Я кульгікаю туды ж, чакаючы адразу ўбачыць бяду. Але танкіст, бяспечна лежачы на сваім месцы, неяк ужо дужа спакойна ўзіраецца ўдалячынь. Пасля паўзмроку дамоўкі асляпляе снежная яркасць, аднак мне здаецца, быццам па полі нехта ідзе. Далёка і нібы толькі адзін. Тым часам Сахно таропка перазараджае карабін і, прыткнуўшы яго да штыкеціны, цэліцца. Неўзабаве гахае срэл.
— Што такое?
Танкіст азіраецца, ягоны твар, аднак, да абыякавасці спакойны. Хлопец ківае ў стэп.
— Ды той вунь драла дае…
Разведчык? Ну, так і ёсць. Далёка, пад самым пагоркам, варушыцца адзінокая блеклая постаць. Відаць, добра адышоўшыся ад нас, ён збочыў з дарогі і цяпер наўпрасткі некуды шыбуе па снегавой цаліне. Спярша гэтая навіна апякае мяне гневам, потым прыходзіць здзіўленне — куды ж ён кіруе? Каб да немцаў, не трэба было сходзіць з дарогі: немцы ж у сяле… Тым часам Сахно зноў страляе.
— Стойце! — крычу я. — Што вы робіце?!
Аднак капітан, не слухаючы, страляе яшчэ, толькі, відаць, усё ж далёка: не трапіш. Разведчык жа, мабыць, пачуўшы яго стрэлы, прыпыняецца і разы два ўзмахвае над галавой: маўляў, чорта мяне дастанеце!
— Што вы робіце? Хіба ён да немцаў?
Сахно, як затраўлены воўк, азіраецца і ўскоквае на ногі.
— А вы замаўчыце! Замаўчыце! — крычыць ён. — Вы разгільдзяй! Вас у штрафную трэба! Вы разлагаеце дысцыпліну! Я ў трыбунал вас перадам!..