Мёртвым не баліць
Шрифт:
Я ўнутрана смяюся. Напалохаў! Трыбунал! Дурань ты, хочацца мне сказаць, але я ведаю, цяпер з ім лепей не звязвацца. Я нагінаюся за карабінам, які ён аднаруч кідае мне пад ногі, і адыходжу. Сахно ж, выкрычаўшы пагрозу, таропка ідзе ў дамоўку. На рагу, аднак, сутыкаецца з Кацяй. За ёй шкандыбае стары. Каця ўстрывожана.
— Што за пальба?
Не адказваючы, капітан запальчыва ўскідвае свой падбародак.
— Ану, збірайце манаткі! Марш адсюль!
— Куды марш? Навокал немцы, — спакойна
Сахно з кароткай збянтэжанасцю пазірае на яе.
— Туды! Упярод! Да сваіх! — махае ён за дамоўку ў поле.
Каця ўздыхае і адварочваецца. Да Сахно, хутаючыся ў ватоўку, падыходзіць стары.
— Там міны, сынок. Надоечы немцы раскладвалі. Сам бачыў. Тут увакурат грузавікі стаялі. А яны па полі разносілі.
Каця, стоячы збоку, зашпільвае паўшубак. Танкіст, падышоўшы ззаду, ссоўвае на патыліцу свой зухаваты шлем і прыслухоўваецца да размовы. Сахно пранозліва глядзіць на старога. А я амаль фізічна адчуваю, як нешта ў маім нутры паныла і відавочна асядае.
— Дзе край міынага поля? Дзе абход? Будзеш паказваць! — загадвае Сахно.
Стары разводзіць рукамі.
— А хіба ж я ведаю? Спярша дык бачыў. А пасля яны мяне ў горад завезлі. Колькі яны тут наклалі — д’ябал іх ведае!
На маленькім падворку настае напружаная паўза. Чуваць толькі самалётны гул. Некалькі вераб’ёў злятаюць са страхі і рухава скачуць па снезе ля нашых ног. Сахно азірае аколіцу.
— Так, — рашае капітан. — Раненых пакінуць. Немца шлёпнуць. Хаця адставіць. Немец пойдзе з намі.
Падаўшыся наперад, я апынаюся перад капітанам.
— Малодшага лейтэнанта таксама возьмем.
Мой голас дрыжыць. У тоне нічым непрыкрыты выклік. На гэты раз я яму не саступлю. I Сахно, здаецца, разумее гэта. Строга бліснуўшы на мяне злым позіркам, ён адварочваецца.
— Толькі пры ўмове, што ты яго панясеш.
— Памогуць. Яны памогуць, — кажу я і ўмольна пазіраю на Кацю.
Тая, аднак, скіроўвае свой позірк у поле. Тады я паварочваюся да танкіста:
— Друг, ты ж падсабіш?
Танкіст незадаволена чмыхае:
— А я што — конь?
Мая стаўка рушыцца. Я ледзьве стрымліваю слёзы. Сволачы абое! I Каця таксама. А я спадзяваўся!.. Цяжка! Страшна! Вядома, свая кашуля прыліпла да цела. Баягузы праклятыя! Ну, але чорт з вамі! Яшчэ пабачым — хто выгадае.
Мяне душаць крыўда і гнеў. Трэба б ім нешта сказаць, абразіць, зняважыць. Але я не знаходжу слоў і кідаюся ў хату.
Дзвярэй я за сабой не зачыняю — цяпер мне пляваць на ўсё ў цэлым свеце. Я схіляюся над Юркам. Ён з намаганнем узнімае запалыя вейкі.
— Юр, ну як ты?
— Так, нішто, — ціха, перасільваючы стогн, кажа ён і пытаецца: — Чаму стрэлы былі?
Я не адказваю.
— Юра, ты можаш? Як-небудзь бярыся за мяне. Рукамі
З раптоўнай трывогай у вачах ён паслухмяна цягне да мяне свае рукі. Я паварочваюся бокам, каб падставіць яму свае плечы. У гэты час у дамоўку нячутна заходзіць Каця. Побач на падлозе я бачу яе валёнкі.
— Ну, якраз. Толькі табе і несці! — злуецца яна, і ад гэтае яе злосці нешта ва мне расслабляецца ў добрасці. Каця азіраецца: — Эй, фрыц, ану, падсабі!..
— Яволь! Айн мамэнт!..
Немец з гатоўнасцю ўскоквае. Я чую, як тупацяць па падлозе ягоныя падкаваныя боты. З дапамогаю Каці ён пераймае з маіх плячэй даволі-такі цяжкае Юркава цела. Палаткі, аднак, няма, і яны бяруць Юрку за каўнер і полы паўшубка. I тады на падлозе ўсхопліваецца лётчык.
— А я? А мяне? Кідаеце? Завялі ў акружэнне і кідаеце?.. Сволачы вы! Пяхота праклятая! — ашалела крычыць ён, размахваючы ў паветры рукамі-кульцяпкамі. I раптам істэрычна хліпае: — Браточкі! Што ж вы робіце? Не кідайце! Я камандуючага вазіў. Я яго асабістым шафёрам быў. Ён з вас душы павытрасае! Сволачы! Вы чуеце? Я не дарую!
— Ах, вось што! — спыняючыся, кажа Каця. — Вось які ты лётчык!
— Я не лётчык. Я шафёр камандуючага. Зразумелі! Цяпер вы мяне не пакінеце. У мяне вайсковая тайна. Я маю тайну. Ага!
Я бянтэжуся і не ведаю, што рабіць. Агідна і жахліва адначасна чуць усё гэта. Але ён такі здаравенны — нам яго не падняць. Хіба, можа, возьме танкіст? Трэба б як перанесці яго з гэтае будкі куды ў лепшае месца.
Мы выносім Юрку на ганак, і я крычу танкісту, які разам з Сахно стаіць на двары. Аказваецца, тут усё чутна.
— Эй, чуеш? Вазьмі!
Танкіст без слоў закідвае за плячо аўтамат, але Сахно груба спыняе яго:
— Стой! Я сам…
I рашуча праціскаецца паўз нас у хату.
Згінаючыся, мы выносім Юрку на падворак і ямчэй бяром зноў утрох: я, немец і Каця.
Танкіст кідаецца ў дзверы следам за Сахно. Мы моўчкі чакаем.
— Ось што будзе з кожным! — крычыць Сахно — З кожным панікёрам і ныцікам! У мяне рука не ўздрыгне!
Сцюдзёным ветрам павявае ў душу. I мы раптам адчуваем — гэта не пустыя пагрозы. Рашучасці ў яго хопіць.
Сахно выбягае на падворак.
— Ну! Шырай шаг!
Падаўленыя і прымоўклыя, мы хутка сігаем па дарозе ў поле. Ззаду ў варотцах застаецца стары. Ён моўчкі і доўга глядзіць нам у спіны. Я зноў кульгікаю з нацягнутым рогам паўшубка ў руцэ. Юркавы ногі валакуцца па снезе. А мне раптам робіцца шкада шафёра. I з кожным крокам усё шырэе нянавісць да капітана Сахно. Я ўжо выразна адчуваю: ён здольны на ўсё. У горшым выпадку, літасці ад яго не чакай. Але і шафёр, гэты самазваны лётчык, таксама зануда: столькі ашукваць нас.