Мёртвым не баліць
Шрифт:
— Чуў? Не тыя часы! Ты трохі спазніўся!
Я ледзьве валодаю сабой. Да болю ў арбітах напружваюцца мае вочы. I сціскаюцца кулакі.
Ззаду крычыць малодшы лейтэнант:
— Грамадзянін! Спыніць! Зараз жа адыдзіце на месца!
Але потны Гарбацюкоў твар таксама люцее. З лютасцю ён падаецца мне насустрач.
— Магчыма! Тваё шчасце. Я спазніўся. А то б я зламаў табе хрыбет! Не такім ламаў. Шкада, мала! Не ўсім! Засталіся…
Мае кулакі раптам робяцца важкімі. У вачах зноў туман, і ў тумане не Гарбацюк — Сахно. Ззаду патрабавальны
Далей — крык, віск. Гарбацюк кідаецца да мяне. Але яго ўжо хапаюць. Мяне хапаюць за рукі раней. Ля пляча насуплены твар старшыны. Я, аднак, не вырываюся. Я яго болей не ўдару. Гэта адзін раз. I — дзіўна — мне робіцца лягчэй. Я хутка спакайнею. Я чую побач адабрэнне — «Правільна». Гэта Эрна.
А ён яшчэ тузаецца з міліцыянеравых рук. Ды дарма. Хлопцы трымаюць моцна.
— Гэта безабразіе! Дайце мне начальніка аддзялення! Я буду скардзіцца!..
Моладзь ля сцяны ажыўляецца.
— Колькі ўлезе.
— Ага, заспяваў Лазара!
— Мярцвяк жа! Нябожчык. Труп. Смярдзіць, а не выносяць, — хуценька гамоніць Эрна.
— Спадзяюцца, што самі выпаўзуць! — адказвае ёй Цяслюк.
Гарбацюка саджаюць у кут на табурэтку. Яго трымае малады міліцыянер. Капітан павяртаецца да моладзі.
— Ану, марш адсюль!
I да мяне:
— А вы застаньцеся. Вас мы аформім.
Хлопцы і Эрна нерашуча топчуцца ля сцяны і са спагадай глядзяць на мяне. Капітан павышае голас:
— Што, не зразумела? Вызваляйце памяшканне! Жыва!
На ягоным твары знікае і след нядаўняга дабрадушша. Цяпер гэты твар не абяцае дабра. Ну, але гэта датычыць толькі мяне.
— Ладна, шчасліва, — кажу я хлопцам і Эрне.
Ігар першы робіць крок да мяне.
— Дайце вашу руку.
Ён моўчкі і вельмі цвёрда цісне мне пальцы і адыходзіць. Эрна, усміхаючыся, падае мяккую цёплую далоньку.
— Не бойцеся!
— Глупства! Я не баюся. Шчасліва вам!
З прыкметнай палёгкай яны прапускаюць Эрну і зачыняюць за сабой дзверы. У пакоі адразу прастарнее. За стол сядае капітан. Засяроджана прыкурвае ад запальніцы. Падсоўвае да сябе паперы.
— Ну, франтавічкі! Падалі прыклад моладзі! Вельмі прыгожа! Што ж, цяпер я разбяруся з вамі.
32
«Minen» — папярэджвае надпіс на дошцы, прыбітай да вешкі, што тырчыць на дарозе. Надпіс не знялі, значыць, нашых тут яшчэ не чакалі, мы першыя. Гэта, вядома, шмат дабра не абяцае. Але танкавыя часці ўсё ж недзе прайшлі. Аб тым сведчыць грымоцце бою, якое калоціць зямлю недалёка наперадзе. Недзе ў тым жа баку нізка над гарызонтам каруселяй уюцца «ІЛы» — штурмуюць немцаў. Злева ж далёка за балкай відаць доўгія будынкі прыгараднага саўгаса. Пад іх сценамі туляцца машыны і фурманкі. Вядома, там
Мы ўсе разам спыняемся, кладзём на снег Юрку. Сахно выдзірае з дарогі вешку, адрывае ад яе дошку і кідае ў снег. Пасля з палкай павяртаецца да свае прыціхлай чацвёркі.
— Так… Пойдзем праз міннае поле! — аб’яўляе ён і па чарзе, нібы выпрабоўваючы, з-пад ілба аглядвае нас. Каця ўскідвае голаў.
— Вы што? Ці ў сваім розуме?
— Не ваша справа. Я з вамі не жартую. Я загадваю, — уставіўшыся ў дарогу, змрочна аб’яўляе Сахно. — Зрэшты, калі хто не згодны, гаварыце адразу. Для таго я знайду іншае выйсце.
Хвіліну мы ўсе маўчым. Я таксама не зусім разумею яго. Калі б ён выпраўляў нас адных, дык усё было б проста. Але ж, відаць, па мінным полі прыйдзецца ісці самому. Гэта ўжо бянтэжыць.
— Пайшлі вы к д’яблу! — шырока раскрыўшы гняўлівыя вочы, лаецца Каця. — Вы нас пагробіце. I раненых. Ці вы звар’яцелі?
Сахно цярпліва выслухоўвае дзяўчыну, стоячы да яе бокам, і бровы яго ўсё ніжэй асаджваюцца на сцюдзёныя вочы.
— Я выконваю загад. У арміі палагаецца выконваць загады. Апроч, як праз міны, дарогі ў нас няма. Немцам жывымі я вас не пакіну.
У вачах яго жалезная цвёрдасць. Набычыўшы голаў, ён пранізвае Кацю вострым, нядобрым позіркам.
— Чаму ўжо немцам? Калі пакідаць, дык абавязкова немцам? — кажа Каця і, павярнуўшыся ад яго, паныла адыходзіць убок.
Сахно, сцяўшы сківіцы, нешта абдумвае. Настае пакутная паўза, і, каб скараціць яе, я кажу:
— Пападрываемся ж!
Сахно адказвае не адразу.
— Падарвецца адзін — наперад пойдзе другі. А вы як думалі?
Самаўпэўненасці ў яго нават залішне. Нібы перад намі не міннае поле, а вучэбны пляц. Але ж што рабіць — падацца болей няма куды: з трох бакоў немцы. Можа, як і праскочым… Капітан тым часам, ашчадна несучы за пазухай свой локаць, павяртаецца да нас:
— Ну! Хто першы?
Мы ўсе прыціхлі і маўчым. Глядзім кожны сабе пад ногі. Аднак Каця, зусім не бянтэжачыся, злым позіркам мерае немца.
— Калі так, хай фрыц! Іхнія міны. Няхай па іх і топае.
Сахно нязгодна дзёўбае палкай у снезе.
— Фрыц цябе завядзе?!.
Можа, і так. Можа, і завядзе. Або кінецца ўцякаць. Даганяй тады па мінах. Відаць, і напраўду пускаць яго першым нельга. Але тады каго? Не Кацю ж! I не мяне. У мяне нага адразу дзве міны зачэпіць. Застаецца танкіст…
Спадылба я тайком пазіраю на гэтага чарнявага хлопца. Сахно ўжо, як на прызначанага, ва ўпор глядзіць на яго. Танкіст нерашуча топчацца, пазіраючы некуды ўбок, але, відаць, адчувае, што першым прыйдзецца ісці яму.
— Ось так! — кажа Сахно. — Бярыце палку і — шагам марш!
Танкіст вяла закідвае за спіну аўтамат і прамазучанай рукой моўчкі бярэ палку. Капітан паўз сябе прапускае яго на снегавую цалiну.
— Так. Дыстанцыя пяцьдзесят метраў. За ім пойдзеце вы! — тыцкае ён у мяне і прыкрыквае на танкіста: — I хутчэй! Не ўзарвешся!