Ніжнія Байдуны
Шрифт:
Гэта тады ўжо, калі я хадзіў не ў ніжнебайдунскую, а ў местачковую школу. У будзень, пасля заняткаў, нам сяды-тады ўдавалася зайсці ў прычыненую царкву і, пакуль той стараста прыбіраў там недзе ў яе вялізнай, звонкай пустэчы, ціхенька, асцярожна ўзабрацца па крутых і вітых усходах званіцы ажно пад самае неба…
Куды там той «маяк», з якога Сідар-гоп скінуў галёш! Якое гэта, ні з чым не параўнанае, шчасце — глядзець на ўсё на свеце з вышыні! І на ўсё мястэчка, і на палі вакол яго, і на дарогі — і тыя, што ва ўсе бакі, і на тую адну, на гасцінец, па якім ты, нябачнай зверху сцежкай на абочыне, столькі пратупаў ужо і столькі яшчэ пратупаеш…
Нам, аднак, гэтага шчасця — толькі глядзення зверху — было замала. Бо тут, пад самым небам, віселі званы. Малыя, большыя і найбольшы, вялікі.
І гэтага нам было мала. Мы тузалі смялей, яшчэ адзін раз. А тады ўжо кідаліся ўніз, каб паспець спусціцца на зямлю, сто тысяч разоў пратарахцеўшы па тых сходах быстрымі, вясёлымі нагамі, пакуль нас знізу не сустрэне дзед Бойка — з венікам ці з анучай… Званара мы баяліся больш, чым Гірш-Элю з яго сінагогай: шамэс толькі крычаў, а не біўся. Уніз мы заўсёды спазняліся: дзед добра ведаў нашага брата, а сам быў чуткі і шустры; на голас звона, нават і найцішэйшы, адразу ж бег, дабягаў да выхада са званіцы. Каму пападала, каму не, як калі пашанцуе, але заўсёды ўсім было весела. І ніжэй, прарваўшыся міма дзеда, і на царкоўным пляцы, і на вуліцы, і на сцежцы ўзбоч гасцінца, з якое так добра было азірацца на белую красуню на ўзгорку, на той адзін з салатавых купалоў, пад якім ты нядаўна быў…
Малыя мы бывалі жорсткімі. Відаць, усе. Асабліва калі збіраліся разам і жорсткасць нашу пакрываў, вязаў у адно наш невычэрпны, нястомны смех.
Нядаўна мне, у прэзідыуме аднаго высокага сходу, знячэўку ды недарэчы, успомніўся Жмака. Вельмі ярка, з вострым, жывым, — праз паўстагоддзя — адчуваннем дзіцячай крыўды. І з дзікім смехам гэтага недалёкага дзецюка. Мы, некалькі пастушкоў, нават яшчэ не каровіных, а свіных, палезлі ў рэчку, дзе ўжо купаўся ён. Адзін. Не ведаю, чаму адзін, але ж у памяці — так. Ён выйшаў на водмель — такі здаравенны! — і раптам пачаў забаўляцца: хапаць каго-небудзь з нас і з галавою панураць у ваду. Ты задыхаешся ў перадапошнім жаху, пачынаеш ужо балбатаць пад вадой, а ён — рагоча, як жарабец, які падбіў цябе процьмай цяжэразных капытоў. Толькі тады ўжо, калі ты, здаецца, зусім заходзішся ў вадзе, пад націскам яго капыцістых далоняў, ён адпускае цябе, а сам яшчэ шчырэй іржэ — ужо з таго, як уцякаюць з вады твае сябры, уся бездапаможная малеча. Яму ўжо не відно і не чутно, як ты плачаш і лаешся, спачатку, бліжэй да яго — толькі плачаш… Зрэшты, не памятаю, ці задыхаўся пад вадой і ці плакаў я сам. Толькі той смех памятаю. І вострую горыч той самай крыўды.
Ну, а тады ж і нам самім было часамі вельмі смешна ад крыўды, якую мы прычынялі іншым, старэйшым за нас і старым. Весела, смешна было забаўляцца, перамагаючы страх, гуляючы з небяспекай, — калі магло за гэты смех і папасці ад таго старэйшага ці старога, абы ты трапіў яму ў рукі.
І толькі зрэдку калі-небудзь да самога цябе, раздурка, даходзіла, што гэта — не тое, зусім не той смех, што і другому таксама баліць…
Зімою дзед Бойка рабіў калядны аб'езд парахвіі, прыязджаў і ў нашу вёску. Зрэшты, не прыязджаў, а прыходзіў, цягнучы за сабой «козачку» — санкі-прычэп, якія, возячы з лесу бярвенні, падстаўляюць пад верхавіну. Паставіўшы на вуліцы сваю «козачку» з двума няпоўнымі мяхамі жыта і мукі, дзед заходзіў у хату, здымаў шапку, хрысціўся на покуць і змрочна вымаўляў тры нейтральныя словы:
— Ваш царкоўны стараста.
Што азначала: падайце і не скупіцеся. А тым часам яго «козачцы» перад чарговай хатай не стаялася. Калі гэта было на ўзгорку — мы папіхалі яе ўніз. Эх, пайшла, павіляла! Абернецца, рассыплецца мука і жыта? Не, дзед хітры, мяхі ён кожны раз завязвае. Калі ж яна стаяла перад другою хатай на роўным, мы яе адцягвалі і ставілі ўпоперак дарогі. Дзед выходзіў і — пачыналася вясёлае. Ён або трухаў з горкі ўніз, або падыходзіў да «козачкі» на дарозе і крычаў не на нас, бо мы былі ў недасяжнай адлегласці або затуленыя за зруб студні ці за вугал хаты, — ён крычаў на памочніцу:
— Я цябе дзе паставіў?
І біў яе — брэнкаў кіем па выгнутым перадку, а мы рагаталі здалёк або хіхікалі ў сваёй недалёкай схованцы.
Абедаў дзед Бойка заўсёды ў хроснага. Сядзеў ён там доўга, «козачку» зацягнуўшы на двор і прывязаўшы да плота. Але ў хату да хроснага я ніколі тады не заходзіў: спачатку баючыся за здзекі з «козачкі», а потым, калі ўжо хадзіў у школу ў мястэчка, і з-за таго паднебнага шчасця — званіцы.
Аднойчы, калі я радасна расказаў свайму хроснаму, як дзед б'е і лае «козачку», ён пакруціў галавой і сказаў:
— Ой, нядобра, сынок, ой нядобра? Гэта ж ён хворы чалавек, ён нервенны. З такога брыдка смяяцца, грэх.
Не скажаш, што гэта так ужо да мяне і дайшло. Тым больш што мой настаўнік памаўчаў крыху над шытвом і раптам, штосьці ўспомніўшы, засмяяўся. Расказаў тое штосьці і мне.
— Ён і бабу сваю так ганяе. Не думай, што яны толькі чай папіваюць. Раз ён пры мне разышоўся, пачаў пасуду біць. Ой, а Лукер'я яго Цімафееўна… Нехта, відаць, навучыў, а можа, і сама даўмелася. Бо ціхая яна, благачасцівая. А то дык давай і яна малаціць па гаршках, па талерках! «Гасподзь з вамі, — кажу я, — што ж вы робіце, людзі такія харошыя!» А сам у кут, каб і мяне, чаго добрага, не раскалолі, як гаршчок. А дзед тады спыніўся і пытаецца: «Луша, а што ты дзелаеш?» — «А ты, Мікалаевіч, што?» Дык ён гэта плюнуў ды з хаты. Во як!.. Але смяяцца з гэтага грэх. Стары, нервенны чалавек.
Хросны шые моўчкі, а потым смяецца зноў.
— Захара Качка, — кажа ён, — прымак у Юсты. Чалавек ён нішто сабе. От, бухукае, ілжэ. А цесць яго — ты, канечне, не памятаеш — быў трапяткі, як Юста. І заўсёды што-небудзь вычварыць. Юста дзяругі ткала, у вялікую клетку, чырвоную і сінюю, здаецца. Дык ён сабе, Захараў цесць, дзядзька Габрусь, узяў ды на порткі з гэтага адрэзаў. Сам адрэзаў, сам скроіў, сам пашыў. Вядома ж, якое там было шытво — збоцькаў толькі сяк-так, абы ногі ўсадзіць. Надзеў, выйшаў на вуліцу і стаіць. У тых чырвоных ды сініх, як певень які галагуцкі! А тут ідзе Ганчарыха. І яе ты не ведаеш. Памерла ўжо даўно. Баба была прыветлівая, дый кума яго, і нічога ж яна такога яму не сказала, а толькі ўсміхнулася: «Ну ж ты і выстраіўсё, кумок!» А той як гыркне: «Пацалуй, мая кумко, сабаку ў…» Пабег у хату. І ўжо ніхто яго ў тых пеўневых портках не бачыў. Юста казала, што на анучы іх палупіў. Таксама нервенны быў чалавек.
Кончыўшы абмётваць рукамі, хросны сеў за машыну. Пастракатаў сваім «зінгерам», а потым перастаў, бо зноў смяецца.
— Монька Грыгоры Іванавіч… Цяпер ужо ён пан Гжэгаж. Плёхаўскі настаўнік. Таксама шые ў мяне. Шыў адзін раз. Кажух. А ўжо цяпер у яго не кажух, а паліто. Што там Габрусь ці Бойка! Гэта ж такі абразованы чалавек, і гарадское кончыў, як Сцёпа Цівунчык, ды яшчэ і нясвіжскую семінарыю. І цяпер жа яго паны перавучвалі недзе на Гжэгажа. Можа, і не далі б вучыць па-польску, але ён у бацюшкі нашага родны пляменнік. Вучыць. І каму б гэта так даравалі, як яму даруюць. От нервенны дык нервенны! Свістам яго знаравілі. Проста бяжыць, уцякае, калі хто свісне. І нашы ж таксама, — скажам, Валодзя Чыркун або Косця Асечка, а то і Цімох… Едуць з лесу, а ён насустрач ідзе па дарозе. Ды ўжо здалёк, як толькі пазнае, што гэта нашы, сыходзіць з дарогі ў поле — па снезе, па цаліку. Адвернецца да іх, нагнецца, паліто задзярэ — на, свішчы! Пан навучыцель! — Хросны рагоча да слёз, а потым, супакоіўшыся, зноў растлумачвае: — Нервенны чалавек.
Ды ўжо не кажа, што з такога грэх смяяцца.
МУЖЧЫНСКАЯ ГАВОРКА
Хросны сядзіць на кароткім зэдліку, і ногі яго, абутыя ў самаробныя валёнкі, ледзь дастаюць да падлогі. Ён абвесіўся полкай: яго стрыжэ Цімох Ярмоліч.
— З лета самога збіраўсё, Цімоша, і, дзякуй богу, прыйшоў, — смяяўся хросны, калі садзіўся на зэдлік.
— Каб у мяне было адно столькі клопату, што цябе абіндзёжыць, дык я даўно зайшоў бы, — спакойна апраўдваўся Цімох, які і ўвосень яшчэ прападае то ў лузе, то ў лесе, то над ракою. Балазе падняўся яго старэйшы хлопец, ёсць каму рабіць у полі. — Затое я цябе цяпер ачалавечу, хоць яшчэ раз жаніся.