Ніжнія Байдуны
Шрифт:
Былі расказы і яшчэ больш даўнія, з яго далёкага маленства.
— Быў у нас кот Цімох. Не раўнуючы, як Цімоша Ярмоліч. Толькі вусаты. І здаравенны, як конь. У тое лета ўсё былі дажджэ, дажджэ, пшаніца ў мэндлях парасла, і булкі пякліся адразу салодкія, і вельмі ж ляпіліся ў роце, ніяк не глынеш. Цімох наш злодзей быў, злодзей! Недзе ашварак той булкі ўварваў, ідзе і толькі «во-оў»! Прысеў і лапаю з рота дзярэ. Ледзьве я яму памог… А хітры быў, як вуж! Збанке з малаком стаялі ў нас пад прыпекам так, што ён галавы туды не ўсадзіць. Пячорка такая, што як збанам толькі ўлезці. Дык ён возьме ды лапу туды прасадзіць, абмочыць у малако ці ў смятану і аблізвае, абмочыць і аблізвае. А ціхенька!..
Мікола, Сярожа і Жэнька рагочуць.
А мне, даросламу, ужо і думалася, што тут у хроснага — і любасць да ўсяго жывога, і тое ўсё, што ідзе адтуль, з той чароўнай краіны, дзе нараджаюцца казкі.
Сёння мы бачым, — і па саміх сабе, і па дзецях, — што нам прынёс савецкі лад жыцця, хто як вырас на той ці іншай рабоце. Цяжэй сказаць, а што было б у таксама спрыяльных умовах з таго ж Сідара-гоп, Чыркуна ці хроснага — медык, артыст, пісьменнік? Можна толькі гадаць ды прымерваць. Вялікі горад, у якім мой хросны жыў у бежанстве, знаёмства з сякой-такой мясцовай інтэлігенцыяй і людзьмі «духоўнага звання», з усімі, каго ён мераў, каму шыў, не адвучылі яго ад матчынай мовы. Словы ў яго былі, як арэхі, адно ў адно, а з усіх разам — вобразнасць і смех.
Яшчэ раз пра таго ж Мікіту Турка: «Авечку зарэжа, і то не ядуць адразу, а павесіць у запас. Тымі сухімі сцягонцамі — хоць у лапту гуляй!..»
«Адна нявестачка ў яе — як тая ластавачка, а другая — як вулей». І поўная, значыцца, і салодкая. Потым прыйшло акрэсленне і сучаснае: «Баба — як трактар». Пра іншую, дзе і сіла, і гром.
Пра ткаллю-гультайку: «Як стукаць ды лопаць, як за дзень, дык і локаць, а як за сем дзён, дык і губка вон».
«Добры нос чарку (ці хвігу) за тыдзень чуе». «Пагладзь ката, дык ён і хвост задзярэ». «Не любіш дроў калоць — і не наколеш». «Што не даямо, то дапеямо». І тое, урэшце, яшчэ раз успомнім: «Не пацешыўся б, дык павесіўся б…»
Нічога, калі мне хтосьці скажа цяпер, што ён такое недзе ўжо даўно чытаў. Мне люба-дорага было пачуць гэта ў той час, калі я не бачыў яшчэ аніякіх фальклорных тамоў, а толькі чуў пачутае, адчутае на смак і захаванае, каб перадаць, а то яшчэ і дапоўненае, прапушчанае праз яшчэ адзін народны, безыменны талент.
Некаторыя прыгаворкі хроснага патрабавалі тлумачэння. І ён гэта рабіў. Напрыклад, гэта:
— Дзед бабу пасадзіў зімою не ў вазок, а ў сані лясныя, толькі палукашак паставіў. Сам прыкурчыўсё спераду, а баба, як пані, капою расселася ззаду. А потым людзі крычаць: «Чалавек, бабу згубіў! Чалавек, бабу згубіў!» А дзед думае, што гэта не яму. Не азіраецца, не бачыць, што той палукашак з бабай кульнуўсё на ўхабе і ўжо далёко ляжыць на дарозе. Так і пайшло яно: «Крычаць не крычаць, а мы з табою, бабо, едзьмо!» Гэто дзед так тады прыгаворваў.
Або такое:
— Запарыла яна таму Жэніку мяты, чарніц сушаных дала пажаваць. Бо ўжо ж яго замучыў Аляксей… Які, ты кажаш, Аляксей? Па-гарадскі гэта — панос. Як: «пры чым Аляксей?» Есць жа такое свята напрадвесні: Аляксей — чалавек божы з гор пацёкі.
Пазней я праверыў гэта ў праваслаўным календары. Семнаццатага сакавіка па старым стылю «Аляксей — Человек божий» — гэта ёсць. А «з гор пацёкі» — самадзейнасць у медыцынскім прыстасаванні.
Як тая дзесятая запаведзь, — «ні вала, ні асла яго», — пра Лётчыкаву беднасць і гультайства.
НАЙБЛІЖЭЙШЫ ЗВЕРХУ
На чыгуначнай станцыі, дзе не спыняюцца хуткія цягнікі,
За гэтай сцяною тады кудысьці знік мой хросны. Упершыню ў жыцці з'явіўся і неўзабаве знік. Потым з'явіўся зноў. Ды ўжо не выйшаў з пугай з-за сцяны, а выехаў адтуль з канём і з возам. Каб больш ніколі не знікаць.
Гэта тлумачыцца вельмі проста. Мы вярнуліся з горада, і на апошняй станцыі нас сустрэлі сваякі, у тым ліку і хросны, які вярнуўся з бежанства настолькі раней, што я зусім не памятаў яго. Павітаўшыся, сваякі пайшлі на плошчу па коней, і мы, забраўшы сваё дабро, на трох фурманках паехалі ў вёску.
Хроснага я палюбіў, відаць, з таго самага дня. А неўзабаве, гадоў праз шэсць ці сем, ужо хацеў і пісаць пра яго. Потым пісаў, а яшчэ пазней і друкаваў напісанае, на працягу гадоў расцерушыўшы гэты вобраз на многіх і розных старонках. Цяпер я не падбіраў у памяці рэшткаў гэтага вобраза, асцерагаючыся паўтораў, а думаў, што раскажу пра яго, нарэшце, усё. Ды вось жа зноў няма яго — такога адчування. І справа, вядома, не ў фактах яго сціплага жыцця, якія вычарпаць ды падлічыць не надта цяжка…
Апошняя наша сустрэча была такая ціхая і светлая. І — перш за ўсё — яна тады аніяк не здавалася нам апошняй.
Перад вялікімі чыстымі вокнамі новай хаты, пабудаванай яго наймалодшым, Жэнікам-трактарыстам, у агародчыку, дзе былі кветкі і яблыня, на яблыні гэтай зязюля збірала вусеняў. І зусім не баялася нас. Пашалясцела ціхенька, папералётвала з галінкі на галінку і махнулася шэрая — паляцела далей, у іншыя сады і агародчыкі. Такая звычайная, будзённая, нібы артыстка, якую пасля яе паэтычных, аддаленых сцэнай «ку-ку» сустрэнеш у магазіне з авоськай.
Мы з хросным сядзелі на суседавай лаўцы, цераз вуліцу, і штосьці сонечна гаварылі, а можа, і маўчалі больш, таксама сонечна.
Ён любіў кветкі, галубоў, гусей. Калі гусі, сказаўшы «цвяроза», гэта смачнае мяса і мяккае пер'е, дык галубы і кветкі, адны ў падстрэшшы ці ў палёце, а другія ў агародчыку ці ў вазонах, — гэта ўжо толькі паэзія. Дый з гусямі таксама.
Каля Ніжніх Байдуноў цячэ, ледзь прабіраецца па пашы безыменная рачулка. Старыя ў маім маленстве людзі казалі, што раней, на іхняй памяці, рачулка была рэчкай, мела імя і ў ёй «сплаўлялі» валоў, таксама ўжо, як і яна цяпер, гістарычных. Цяпер на рачулцы экскаватар выкапаў вадаём, для гусей ды качак не мелкі. Над гэтай вадою, як у народнай песні, расце вярба, а пад вярбою, куды старэйшай за вадаём, у цяньку на траве часта сядзіць, як той патрыярх Аўраам пад мамврыйскім дубам, адпачывае «во время зноя дневного» мой хросны Рафалак. На старасць ён амаль аслеп ад шыцця, ужо толькі гусі пасе. Белыя гусі з жоўтымі гусянятамі. І памагаюць яму дзве маленькія ўнучкі, якіх каля вады трэба пасвіць куды пільней, чым гусянят. Пад вярбу ён іх, унучак, то гукае, то прыманьвае казкай. А ў адзіноце то думае, то не думае, то спявае, калі спяваннем можна назваць той песенны шэпт, за якім у душы тваёй гучыць, нячутная для іншых, песня.
…Пазней, зімою, яго кароценькую труну неслі на змену чатыры сыны, уключаючы хрэсніка, тры пляменнікі і два братавы ўнукі, — усё мужчыны ды юнакі. Гэтаю сілай мы і хавалі яго пад соснамі. Нібы дзіця. Такая была труна, такая яма і такое адчуванне. Нават на той чыгуначнай станцыі, дзе я ўбачыў яго ўпершыню і ўпершыню засмуціўся, што адразу ж і страціў, бо ён не вернецца з-за той белай сцяны, хросны здаваўся найменшым сярод усіх вялікіх, а праз гэта і найбліжэйшым зверху. Толькі, вядома, пасля мамы і таты, хоць яны ўжо тады і не бралі мяне на рукі.