Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі

Севярынец Павал

Шрифт:

МІЖМОР’Е

Міжмор'е – адвечны стан Беларусі. Наш лёс назаўжды паміж балтыйскімі дажджамі, туманамі й прахалодай ды чарнаморскімі сонцам, ліўнямі й сьпёкай. Паміж поўначчу й поўднем, варагамі й грэкамі, халодным і цёплым, чорным і белым, пеклам і раем. Генэральны водападзел Эўропы дыяганальна раскрэсьлівае Беларусь амаль напалову. А беларусы так мараць пра мора!

Беларускія рэкі цякуць у Балтыку й Чарнамор'е. Гэты басэйн Міжмор'я – Украіна, Прыбалтыка, Малдова й прылеглыя да ўзьбярэжжаў вобласьці Польшчы й Расеі – і ёсьць натуральным абсягам непасрэднага ўплыву Беларусі, яе роднасным асяродкам і зонай яе найпершых інтарэсаў.

Вялікая беларуская вада, што напойвае ўвесь гэты рэгіён – празрысты вобраз нацыянальнай місіі ў гарлавіне Міжмор'я. Балта-Чарнаморскае Міжмор'е – месца сутокі эўрапейскае й азіяцкае цывілізацыяў, заходняе культуры, дэмакратыі й тэхналёгіі

з усходняй містыкай, дэспатыяй і барбарствам.

Беларусы сфарміраваліся як нацыя ў гарманічнае раўнавазе паміж паўночна-эўрапейскай флегматычнасьцю, грунтоўнасьцю, важкасьцю й паўднёва-эўрапейскай тэмпэрамэнтнасьцю, лёгкасьцю, рухавасьцю; паміж бізантыйскім праваслаўем і рымскім каталіцызмам. У беларускае крыві Чарнамор'я й Балтыкі 50/50.

Гэта Міжмор'е зрабіла Беларусь культуровым міжмоўем і геапалітычным скрыжаваньнем.

Зрэшты, Беларусь як зямля геалягічна ўзьнялася з марскога дна: сучасная асадкавая тоўшча і ёсьць грандыёзным усходне-эўрапейскім мезазойскім міжмор'ем.

Паміж салёным морам падземных водаў і атмасфэрным абшарам нябёснае вільгаці Беларусь, краіна рэкаў, азёраў і балотаў, быццам чалавечы арганізм, адсоткаў на 70 складзены з вады – сама ёсьць вялізным Міжмор'ем.

НАРАЧ

У Беларусі дзявочыя вочы Нарачы.

Нарач – найбольшае возера Беларусі і найвялікшае люстра беларускіх нябёсаў, асьвечанае прысутнасьцю 500-гадовага Будслава.

Нарач на мапе падобна на сэрца – зрэшты, як і ўсё важнае ў Беларусі. Сардэчка адпачынку, поўная чаша спакою й асалоды, нарачоная беларускае харашыні, Нарач зь дзіцячым лягерам "Зубраня" й санаторнай зонай, дзе любілі спыняцца Касыгін і супэрзоркі савецкай эстрады, дзе зараз адпачываюць 100 тысяч чалавек штогод – наш Артэк, наша Сочы, наша Майамі. Увогуле, Нарач – беларускае мора, а гэта нешта ды значыць.

Возера плошчай 80 кілямэтраў квадратных, у катлавіне глыбінёй да 25 мэтраў, падпружанае ледавіковай марэнай у адгор'ях Сьвяньцянскіх градаў, сярод пэрлаў іншых вазёраў, на рачных пратоках незвычайнае чысьціні. Вада з Нарачы цячэ ў Вільню – і Вільня жменяй чэрпае Нарач.

Нарач – цуд Беларусі. Вада амаль паўсюль празрыстая да дна, рэліктавыя расьліны, рыба быццам у велізарным акварыюме, эўрапейскі вугар і амурскі сазан. Хараство, пяшчота й ласка ціхай, мілай беларускай прыроды. “Нарач” – хоць да раны прыкладай!

Нарач – наша маленькая мара. Гэткая раскоша па-беларуску, быццам “Нарачанскі хлеб” у краме. "Паехалі на Нарач!" – гэта для сярэднестатыстычнага беларуса нумар з разраду "люкс". "На Нарач" – значыць, шыкуем.

А ночы на Нарачы!… У часы застою заслужаныя трэнэры БССР прывозілі сваіх выхаванцаў нанач на нарачанскую турбазу, і на досьвітку вялі да возера. Шыхтавалі на ўзыходзе сонца перад Нараччу, напоўненай сьляпушчым сьвятлом, насустрач зары па-над цэлай краінай. "Вось яна, дзеткі, вашая Радзіма. Вось за гэта вы церпіце, жылы рвеце. За гэта будзьце гатовыя й жыцьцё аддаць." Нарач – любы пацалунак любому беларусу.

НЁМАН

О Нёман, “і песьня, і слава!..”

Нёман – немы раман нацыянальнае ідэі. Выцякаючы з самых глыбіняў беларускае душы, Нёман зьбірае ўвадно ўсю празрыстасьць, усю чысьціню Заходняй Беларусі, скрозь прасякнутай тонкімі капілярамі рэчак і ручаёў.

Натхнёнае Панямоньне, цудоўны й таямнічы край, падсьвядома знаёмае любому беларусу: калыска Вялікае Літвы люляе генэтычную памяць кожнага тутэйшага. На мапе дастаткова ўватнуць іголку цыркуля ў Вільню, і радыюсам прыкладна да Менску адкроіць усю Паўночна-Заходнюю Беларусь: захад Віцебшчыны па самае Глыбокае, нарачана-вілейскія ваколіцы Меншчыны ўлучна з Налібоцкай пушчай, паўночную грыву Берасьцейшчыны – так, каб уся Гарадзеншчына апынулася ў зачараваным паўколе. Вось яна, перад вамі, небясьпечная зона, якую баяцца крануць нават маштабна-штабныя расейскія геапалітыкі. Фундамэнтальная Беларусь, у якой так і скразіць мэнтальнасьць. Капітальнейшая анамалія, страшна магнітная, прыцягальная, як прадоньне, з полюсам у мястэчку Суботнікі, Івейскі раён, дзе нарадзіўся геній чыстага беларускага нацыяналізму Зянон Пазьняк. Менавіта Нёман – улюбёны напой невычэрпнае беларускае рамантычнасьці. Творцы ў захапленьні ад Нёмана. Нёман – плынь сьвядомасьці лепшае беларускае паэзіі: Міцкевіч, Колас, Купала, Геніюш чарнільнымі струменьчыкамі працягвалі нёманскія прытокі ў вечнасьць. Ня трэба мець абсалютнага слыху, каб пазнаць мэлёдыку Нёмана і ў гімнах Агінскага, і ў опэрах Манюшкі, і ў фальклёрных зборніках Чачота. Затуманены Нёман ператварае беларушчыну са сну ў рэальнасьць, з рэальнасьці ў казку, а зь зямнога ў нешта паветранае й нябёснае. Напэўна, таму гарадзенская тытунёвая фабрыка, шклозавод і саўгас у Шчучынскім раёне – далёка ня самае лепшае ў Беларусі, што можа іменавацца “Нёманам”.

Нёман бруіць вадзіцай з усіх крыніцаў усіх сталіцаў ВКЛ і задзіночвае Наваградак зь Вільняй, Крэва з Трокамі, Горадню зь Нясьвіжам. Нёман – ярдан беларускага габрэйства. Валожын, Мір, Івянец, Слонім – асабліва важныя месцы для юдэяў усяго сьвету: тут працавалі найзнакамітшыя іешывы й нараджаліся бацькі дзяржавы Ізраіль. Басэйн Нёмана – агромністы амфітэатар, што ўздымаецца да галоўных водападзелаў Міжмор’я – Менскага, Лагойскага, Вілейскага ўзвышшаў, Копыльскае ды Сьвяньцянскае градаў. Авансцэна Залатога веку беларускай гісторыі, што адкрывае Беларусь Захаду. Эталён беларускага нацыянальнага краявіду: узьнёслага, узгорыстага, вытанчанага да найвышэйшае ноткі, напоенага чыстым паветрам, празрыстай вадою й болем любові. Хвалюючага, быццам плынь самога Нёмана. “Плыве з-пад Сьвятое гары Нёман” – назваў свой захапляючы нарыс пра Беларусь Юрка Віцьбіч. Невыпадкова так. Бо Нёман – галоўная пульсуючая жыла беларускага хрысьціянства. На мапе канфэсіяў басэйн Нёмана ўтварае навукова зарэгістраваны німб: менавіта тут канцэнтруецца большасьць каталіцкіх парафіяў ды праваслаўных прыходаў Беларусі й амаль палова пратэстанцкіх грамадаў. Панямоньне, дзе цэрквы, касьцёлы й малітоўныя дамы па-сямейнаму глядзяць у вокны адно аднаму на цэнтральных плошчах, і ёсьць тым самым месцам сустрэчы, якое нельга зьмяніць. Панямоньне напоўненае жывой вераю. Тут сапраўды штодня моляцца Богу. Тут людзі не саромеюцца стаць на калені ў храме ды славіць Ісуса Хрыста на ўвесь голас. Тут нават мары дыхаюць Духам Сьвятым. Плыве з-пад Сьвятое гары Нёман…

ПАДЗЕМНЫЯ ВОДЫ

Сярод беларускіх азёраў, рэкаў і крыніцаў ніяк ня можаш пазбавіцца адчуваньня, што ты ўжо чытаў пра гэта ў самай важнай кнізе. Ну, вядома ж! "І ты будзеш як напоены вадою сад, і як крыніца, воды якой ніколі не перасыхаюць." (Ісайя 58:11) Беларусь перапоўненая вадою з самых нетраў. 43,5 трыльёнаў кубамэтраў, зь якіх 50 мільёнаў зямля гатовая даваць у суткі – вось адзін з галоўных нацыянальных рэсурсаў, наш стратэгічны запас і наша невычэрпнае багацьце. У нас пад нагамі азёры, рэкі й балоты куды большыя, чым на паверхні. Беларусь належыць да самых багатых на чыстыя падземныя воды краінаў Эўропы – праблемы недахопу вады, у адрозьненьні ад многіх рэгіёнаў і буйных гарадоў сьвету, для нас папросту не існуе. Геалягічна Беларусь уяўляе зь сябе гіганцкі купал фундамэнту, што ўзвышаецца над ускраіннымі западзінамі – купал Беларускай антэклізы, зь якога крынічыць намножаная й адфільтраваная падземная вада. Беларусь поіць нас сваім празрыстым сокам праз студні, калёнкі й артэзіянскія сьвідравіны. Глыбей падземныя воды мінэралізуюцца, набываюць у тоўшчах смак солі, ледзяную сьвежасьць і гаючыя ўласьцівасьці. Беларусь мае дзесяткі мінэральных крыніцаў – пад Менскам, у Берасьці, Рагачове, Барысаве – і раскручаныя маркі беларускага нарзану: "Дарыда", "Менская – 4", "Бярэзіна". Між іншым, мы прадаем мінэралку суседзям і экспартуем яе за нафтадаляры ў краіны Пэрсідзкае затокі! Калі пагружацца яшчэ глыбей, у разагрэтых нетрах на глыбіні больш 1,5 км воды ператвараюцца ў тэрмальныя расолы – унікальную гарачую вадкасьць, насычаную хімічнымі элемэнтамі паловы табліцы Мендзялеева. Ужо ў бліжэйшы час Беларусь зможа здабываць бром, ёд, бор і рэдкія мэталы з такіх канцэнтраваных расолаў: іх запасы велізарныя, мінэралізацыя дасягае 500 грамаў рэчыва на 1 літр вады, а дэбіт сьвідравінаў – да 70 мэтраў кубічных штогадзіны. Цэлае салёнае мора пад беларускай зямлёй – быццам Мёртвае ў глыбі Ізраілю. Падземныя воды – поўня цуду Божага для Беларусі. Вось яно, сэрца Эўропы, напятае мільярдамі тонаў сьвежай салёнай крыві!

ПРЫПЯЦЬ

"Спакойна і павольна, як у зачараваным сьне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну" – у беларускіх школах гэтыя радкі з “Дрыгвы” Якуба Коласа, быццам закляцьце, вучаць на памяць.

З касьмічных вышыняў Палесьсе нагадвае велізарны ліст папараці, жылы якога сьцякаюцца ў Прыпяць. Агульная даўжыня прыпяцкіх прытокаў перавышае працягласьць зямнога экватару: 50 тысячаў кілямэтраў! Палескія балоты, гушчары й тысячы зарослых старыцаў – жывая казка для паляўнічага й рыбалова.

Прыпяць пранікае каранямі ў тайны старажытнае беларускае гісторыі – Тураў, Пінск, Слуцк, Давыд-гарадок. Калі папрасіць, Прыпяць прыпомніць і хрышчэньне Тураўскага княства, і пераправы татарскіх загонаў, і казацкія ўварваньні, і кроў ды трупы ворагаў, што сплывалі па рацэ пасьля літоўскіх пагоняў. Прыпяць – люстра нацыянальнага характару, партызанскай псыхалёгіі й стоенай сілы беларусаў. Сьціплая й глыбокая, яна ўвесь час выгінаецца, зьвіваецца, але пры гэтым няўхільна трымае адзін кірунак. Спакваля, ды ўладна яна прыцягвае да сябе воды ўсяго аграмаднага, набрынялага рэкамі, крынічкамі й балотамі Палесься ад заходніх да ўсходніх межаў Беларусі – і вы толькі паглядзіце, як выбухае ўвесну ды ўвосені!

Поделиться:
Популярные книги

Протокол "Наследник"

Лисина Александра
1. Гибрид
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Протокол Наследник

Адвокат Империи 2

Карелин Сергей Витальевич
2. Адвокат империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Адвокат Империи 2

Город Богов 2

Парсиев Дмитрий
2. Профсоюз водителей грузовых драконов
Фантастика:
юмористическое фэнтези
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Город Богов 2

Новый Рал 3

Северный Лис
3. Рал!
Фантастика:
попаданцы
5.88
рейтинг книги
Новый Рал 3

Уязвимость

Рам Янка
Любовные романы:
современные любовные романы
7.44
рейтинг книги
Уязвимость

Кодекс Охотника. Книга XIX

Винокуров Юрий
19. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XIX

Имя нам Легион. Том 9

Дорничев Дмитрий
9. Меж двух миров
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Имя нам Легион. Том 9

Пять попыток вспомнить правду

Муратова Ульяна
2. Проклятые луной
Фантастика:
фэнтези
эпическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Пять попыток вспомнить правду

Вернуть невесту. Ловушка для попаданки

Ардова Алиса
1. Вернуть невесту
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
8.49
рейтинг книги
Вернуть невесту. Ловушка для попаданки

Божья коровка 2

Дроздов Анатолий Федорович
2. Божья коровка
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Божья коровка 2

Искатель 1

Шиленко Сергей
1. Валинор
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Искатель 1

Часовая башня

Щерба Наталья Васильевна
3. Часодеи
Фантастика:
фэнтези
9.43
рейтинг книги
Часовая башня

Ваше Сиятельство 3

Моури Эрли
3. Ваше Сиятельство
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Ваше Сиятельство 3

Сама себе хозяйка

Красовская Марианна
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Сама себе хозяйка