Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі
Шрифт:
Толькі сёньня разам з намі вы маеце магчымасьць назіраць за трансьляцыяй відовішча, якога ўся Беларусь чакала ні больш, ні менш – усю сваю 1000-гадовую гісторыю.
Алімпіяда нацыянальнае ідэі ў спорце.
Такім чынам, увага!
Запрашаем вас у Менск, Беларусь. У самы цэнтар Эўропы, на скрыжаваньне шляхоў, на галоўную арэну кантынэнту. Вы чуеце гэты гул, агромністы гул, з-за якога я сам ледзь чую рэжысэра рэпартажу... Гул 10 мільёнаў заўзятараў! Так, 10 мільёнаў – бо ўсе, ад малых дзяцей да глыбокіх старых, хоць раз у жыцьці хварэлі за нашых. Таму сёньня ўсе яны тут, уся нацыя – у жывым эфіры, на арэне спаборніцтва, у рэжыме рэальнага часу – перад намі.
Гэтая краіна бачыла за
Уладкоўвайцеся зручней, бо наперадзе нас з вамі чакае нешта фэерычнае. Грандыёзнае відовішча Адкрыцьця, прадстаўленьне поўнае нацыянальнае dream-team, сотні лепшых спартоўцаў Беларусі, а затым – 14 відаў спорту ў абавязковай праграме. Дзесяткі тысячаў запрошаных, гасьцей і журналістаў. Вы бачыце на свае ўласныя вочы: перад вамі, з вышыні птушынага палёту, стадыён “Дынама”, поўная чаша ў самым цэнтры Менску, лядовыя палацы ў абласных цэнтрах ды сталіцы, вось супэрсучасны футбольны манеж у Вясьнянцы, Менскі Палац Спорту, адна зь лепшых у Эўропе спартовая база “Стайкі”, вось іпадром “Ратамка”; гэта – вы, вядома, пазналі, – комплекс “Раўбічы”, знакамітыя трампліны, побач – гарналыжны курорт пад Лагойскам, беларуская Швайцарыя, і ўсе нашыя 225 стадыёнаў, 222 плавальных басэйны, 5 тысячаў спартовых заляў і 14 тысячаў спартовых пляцовак, адначасова адчыненых сёньня дзеля таго, каб прыняць Алімпіяду Нацыянальнай Ідэі.
Абсалютна дарэчы будзе зараз згадаць адзін гістарычны факт. Мы з вамі можам ганарыцца перад усім сьветам тым, што менавіта беларус стаяў ля вытокаў адраджэньня Алімпійскіх гульняў. У Афінах 1896 г., дзе адбывалася першая сучасная Алімпіяда, гарадзкой гаспадаркай кіраваў наш выбітны зямляк, герой Грэцыі Зыгмут Мінейка. І менавіта ён рыхтаваў тую самую першую Алімпіяду.
Перад абліччам бліскучага беларускага алімпійскага ансамблю, напярэдадні шыкоўнага шоў, што чакае нас у бліжэйшыя гадзіны, варта паўтарыць: такі ажыятаж, такая ўсенародная цікавасьць, такі агульнанацыянальны аншляг тут адзначаецца, безумоўна, упершыню.
Калі раней, на працягу 70 гадоў у сусьветных турнірах беларусы фігуравалі ў складзе “зборнай СССР” і ўсе называлі іх “рускімі” – нам заставалася хіба што ціха хварэць за землякоў. Але ўжо ў 90-х гадох мінулага стагодзьдзя заўзятары з усяе плянэты пачалі сустракаць імя “Belarus” на чэмпіянатах сьвету й алімпійскіх гульнях, у спаборніцтвах па гімнастыцы, барацьбе, гандболе, біятлёне, хакеі, веславаньні, настольным і вялікім тэнісе, фрыстайле, лёгкай атлетыцы... Беларускія трыюмфы пад бел-чырвона-белым сьцягам на Алімпіядзе ў Барсэлёне 1992 г. – 17 залатых мэдалёў! – на лёгкаатлетычных чэмпіянатах сьвету ў Гётэборгу (1995 г. –12 мэдалёў, 2-е агульнакаманднае месца пасьля ЗША) ды Парыжы (2003 г. – 8 мэдалёў, 3-е месца), біятлённыя перамогі ўсяго апошняга дзесяцігодзьдзя – прымусілі гаварыць пра Беларусь ва ўсім сьвеце з захапленьнем. Якраз спорт зрабіў Беларусь і беларусаў вядомымі сярод мільярдаў зямлянаў, і якраз-такі спорт узьняў мільёны нашых суайчыньнікаў да нацыянальнае сьвядомасьці – хай сабе пакуль эмацыйнае, але масавае. “Золата” ў чэмпіянаце сьвету па спартовае гімнастыцы 2002 г., месцы на п’едэстале ў мастацкіх гімнастак, сэнсацыйная перамога ў хакейным чвэрцьфінале зімовай алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіці
Бо спорт, шаноўныя гледачы, для многіх мільёнаў людзей ёсьць найпрасьцейшае й найясьнейшае выяўленьне гонару за сваю краіну. Спорт дае ўнікальную магчымасьць кожнае нацыі, на вачох усяго чалавецтва давесьці, чым яна ёсьць і чаго вартая. Ды ўрэшце рэшт – скажыце, хіба я ня маю рацыі! – само жыцьцё ёсьць спортам: шматгадовай чарадой трэніровак, адборачных цыкляў, спаборніцтваў, паразаў і трыюмфаў у імкненьні атрымаць узнагароду, і аднойчы, на вяршыні п’едэсталу пад успышкі тэлекамэраў, разам са шматтысячным хорам тарсіды прасьпяваць легендарны хіт усіх часоў і народаў: “We Аre The Champions!..”
Спорт, спаборніцтва, спосаб пераадолець самога сябе – мэханізм, закладзены ў чалавечую натуру Самім Госпадам Богам. Той самы мэханізм, які дазваляе слабому й грэшнаму чалавеку змагацца зь бязьвер’ем, лянотай і страхам, падымацца пасьля падзеньня, высільвацца, выжыльвацца празь “не магу”, спорт – бліскучае сьведчаньне моцы, характару, духу асобы й нацыі. Бо спорт – і я мяркую, вы пагадзіцеся са мною, дарагія заўзятары – гэта ня толькі й ня столькі фізычная культура. Гэта культываваньне волі й веры – якраз таго, што вызначае сілу духу. Так што знакамітыя “маральна-волевыя”, на якія так упіраюць трэнэры, выхоўваючы вялікіх спартоўцаў ды вялікія каманды, і гульцы, выйграючы вялікія матчы, і ёсьць сапраўдным зьместам няхітрых, здавалася б, гульняў у рознакаляровых майках з нумарамі на грудзях, сьвістком судзьдзі й мільёнамі апантаных фанаў.
Спорт, які замяняе народам войны! Спорт, увасобленая сіла! Спорт, імкненьне да дасканаласьці й перамогі, сумленны, шчыры спорт, што вызваляе патэнцыял народу – цэнтральная арэна розыгрышу нацыянальнага гонару й галоўнае відовішча сучаснасьці!
Выдатны трамплін для разгону беларускае сьвядомасьці да стану лунаючае духовасьці.
Бо, як піша апостал Павал у І Пасланьні да Карыньцянаў, “Хіба ня ведаеце вы, што тыя, хто бяжыць на стадыёне, бягуць усе, але толькі адзін здабывае ўзнагароду? Дык бяжэце так, каб здабыць”! (І да Карыньцянаў 9:24).
Спадзяюся, шаноўныя гледачы, вы даруеце мне гэты патас, гэтую апалёгію спорту – даруеце, бо самі разумееце: сёньняшняе відовішча сапраўды вартае самых высокіх словаў.
Такім чынам, дарагія сябры – вашай увазе прапануецца Нацыянальная ідэя ў спорце. Нацыянальная ідэя ўласнай пэрсонай, у фармаце сусьветных правілаў гульні й унівэрсальных стандартаў, у спаборніцтве зь іншымі. У самых эфэктных вобразах, у дасягненьнях, бясспрэчных для любога жыхара плянэты Зямля.
Вы, вядома, памятаеце: нам доўга даводзілі, што няма такой краіны, няма такой дзяржавы, няма такога народу. Але беларускі спорт абвясьціў на весь сьвет – ёсьць!
Нам даводзілі, што мы ўмеем адно падначальвацца, цярпець паразы й выціраць подыюмы для іншых. Але беларускі спорт усіх пераканаў – мы народжаныя ня поўзаць там дзесьці, і не пралятаць над Парыжам, а быць лідэрамі й пераможцамі!
Дайшло да таго, што большасьць беларусаў займелі мускульную атрафію, ёмістае брушка, устойлівае бязьвер’е ды абыякавасьць да ўласнага лёсу. Але беларускі спорт сьцьвердзіў: трэба толькі паверыць, сьціснуць у кулак волю, адважыцца – і ўвесь сьвет убачыць тую Беларусь, якую задумваў Усемагутны Госпад Бог. Арэна кантынэнту – так! Сэрца Эўропы – так! Мышца №1 у грудзях – так! Сардэчная мышца, здольная быць вялікім рухавіком, біцца ў сусьветным напружаньні волі Божай й ставіць абсалютныя рэкорды!