Паўночны вецер для спелых пладоў
Шрифт:
— Чэхі.
— Славакі, — паправіў яго маёр.
— Дальнабойшчыкі, — зноў выказаў здагадку капітан. — Возяць усё Еўропе. Вось і сюды іх занесла.
Студэнт Ігнат Мазур моўчкі наліў сабе ў фужэр і зноў выпіў.
Раптам славакі заспявалі. Тое, што яны былі менавіта славакі, студэнт Ігнат Мазур зразумеў адразу, як толькі пачуў песню. Гэта была песня з пласцінкі Святланы Конкінай, якую яны не раз слухалі разам. Ён праглынуў камяк у горле, павярнуўся тварам да століка, дзе спявалі дальнабойшчыкі, «рэднэкі», як назваў іх у думках, і стаў падпяваць. Словы, блізкія да роднай мовы, ажылі ў яго памяці.
Славакі раптам сціхлі і здзіўлена ўтаропіліся ў яго.
— Гэй,
Студэнт Ігнат Мазур падумаў, урэшце выбраўся з-за століка, перасеў да славакаў. Праз некалькі хвілін яны добра паразумеліся — зноў жа мовы былі блізкія, і ён патлумачыў славакам, што студэнт. Але доўга сядзець і выпіваць за чужы кошт ён не хацеў, нягледзячы на ўзнікшую ўзаемную прыязнасць да «рэднэкаў». Новы прыступ раптоўнай тугі авалодаў ім, ён адчуваў ужо, што доза ап’янення і так перавышана, а таму развітаўся са славакамі, паклікаў афіцыянтку, разлічыўся і няцвёрдай хадой спусціўся ўніз.
Але на выхадзе яго ўжо чакалі двое маладых людзей з непрыкметнымі тварамі, адзін з іх даволі моцнага целаскладу. Яны заступілі шлях і адцёрлі Ігната Мазура ўбок. Мацак прытрымаў яго за рукаў пінжака.
— Вы хто такі? — спытаў ніжэйшы ростам напарнік. — У вас ёсць пры сабе дакументы?
Студэнт Ігнат Мазур вырваў руку і, нягледзячы, што яго хіснула, даволі акрэслена і хутка прыняў баксёрскую стойку.
— Ну? У чым справа?
— Дакументы.
— А хто вы такія?
Мацак нехвотна выцягнуў чырвонага колеру пасведчанне, разгарнуў і паднёс да вачэй студэнта Мазура.
Ігнат Мазур падумаў і дастаў свой студэнцкі білет. Хлопцы зірнулі і спыталі:
— Многа выпіў?
— Нармальна.
— А дзе жывеш?
— Ды побач. У інтэрнаце, — з прыхаванай злосцю і неахвотна адказаў студэнт Ігнат Мазур і дадаў: — Ды не цісніце вы на мяне. Бачыце — шмат выпіў. Магу і званітаваць.
— Чаго да замежнікаў падсеў?
— Запрасілі. На іх не пазначана, што з-за мяжы. А калі і адтуль? Вы б іх у рэстаран, дарэчы, не пускалі.
Хлопцы выклікалі міліцыю і праз некалькі хвілін пратэстуючага Ігната Мазура запіхнулі ў міліцэйскі «ўазік» і адвезлі ў аддзяленне, дзе аформілі пратакол, што ён п’яны, забралі грошы, цыгарэты і саксонскі талер, і змясцілі ў камеру часовага ўтрымання.
Назаўтра яму аб’явілі прысуд — трое сутак арышту за дробнае хуліганства.
***
Праз трое сутак раніцай яго выпусцілі.
Было ўжо даволі холадна, з закаваных у асфальт дрэваў там-сям ападала лісце. Горад абуджана шумеў рухавікамі і незмаўкаючым ні днём, ні ноччу шоргатам шын. На небе некалькі перыстых белых аблокаў перакрыжаваў інверсійны след ад самалёта.
Студэнт Ігнат Мазур з агідай адчуў характэрны пах ізалятара, які ўеўся яму ў вопратку, і зноў абмацаў кішэні. Усе дробныя асабістыя рэчы яму вярнулі. Грошай у яго не было. Безбілетнікам ён праехаў некалькі прыпынкаў на трамваі, а потым пайшоў пешшу. У інтэрнаце ён планаваў прыняць душ, а потым трэба было вяртацца ў роту. Мазур спазняўся на суткі і разумеў, што дабром гэта для яго не скончыцца, але яму ўжо было наогул на ўсё напляваць. Толькі вось не варта падстаўляць узводнага, лейтэнанта Дзямідчыка. Тут трэба нешта рабіць і недкладна, думаў студэнт Ігнат Мазур.
Ля ГУМа ён звярнуў направа і праз некалькі крокаў убачыў раптам бледна-жоўтую бочку на колах і каля яе невялікую ранішнюю чаргу мужчын. Віно! Таннае белае сухое віно. І ніводнай манеты ў кішэнях. Не так ужо і шмат яму зараз трэба, у роспачы падумаў студэнт Ігнат Мазур, усяго толькі шклянку віна і цыгарэту.
Сціснуўшы зубы, ён стаяў і ў каторы раз правяраў кішэні — раптам што
Постаць аднаго з мужчын у сярэдзіне чаргі прыцягнула яго ўвагу. Нешта быццам няўлоўна знаёмае: сутулаватая спіна ў шэрым мятым пінжаку, зрэзаная патыліца, кароткая стрыжка і твар, калі той павярнуўся, — з шырокім ілбом, нібы ў старажытнага рымляніна, — так, гэта быў Пятро Мацкевіч, выкладчык палітэканоміі, які калісьці цудоўным чынам прыняў у яго іспыт.
Студэнт Ігнат Мазур падышоў бліжэй і нягучна павітаўся:
— Добрай раніцы, Пётр Антонавіч!
Выкладчык Пятро Мацкевіч павярнуўся тварам да яго і некалькі секунд моўчкі ўглядаўся. Ды раптам цёпла ўсміхнуўся, працягнуў руку. «Пазнаў, — здзіўлена падумаў Ігнат Мазур, — добры знак».
— Ігнат? Выбачай, прозвішча запамятаваў.
— Мазур. Я здаваў вам іспыт.
— А-а, дык гэта мы з табой абмяркоўвалі футбольныя жарсці? «Бітву пры Бёрне»? Пачакай, а чаму ты ў такім выглядзе? Непаголены і пах нейкі дзіўнаваты ад цябе? Прабач, канешне... Добра, пасля раскажаш. Можа, не адмовішся ад шклянкі віна? Калісьці вы, студэнты, мяне ад душы пачаставалі. То зараз, зараз.
— Буду ўдзячны.
Выкладчык Пятро Мацкевіч замовіў і заплаціў адразу за два разы па шклянцы, і яны адышліся ў бок.
— Ну, расказвай.
І нібы на споведзі ў святара, Ігнат Мазур расказаў выкладчыку Пятру Мацкевічу амаль усё: і пра тое, што заблытаўся з жанчынамі. І пра зборы. І пра рэстаран у гатэлі, і пра славакаў і сутычку з аператыўнікамі, урэшце, пра суткі і што цяпер, па сутнасці, знаходзіцца ў самаволцы. Віно мякка ўдарыла яму ў галаву. Цыгарэта дадала астатняе. Не распавёў ён толькі самае балючае: пра Святлану Конкіну, яе замежных гасцей, ды яшчэ пра Байкова з гранатай. Але, што ўзводны паручыўся за яго, і цяпер, да слова, ён таго, лічы, падставіў — расказаў.
Яны адышлі ў бліжэйшы скверык і прыселі на лаўцы.
— Тут справы няпростыя, — пасля роздуму пачаў выкладчык Пятро Мацкевіч. — Каб цябе сапраўды не выкінулі на вуліцу без дыплома, варта паварушыцца. І галоўнае — не губляць часу. Давай з гэтым параімся. Калі ты сёння ж вернешся ў роту, напішаш якое тлумачэнне, і калі ўзводны цябе прыкрые — то, можа, усё і абыдзецца. Тут яшчэ, як ваш дэкан да ўсяго паставіцца. Калі з міліцыі паперы на цябе яму не прыйдзе, то тваё шчасце. Але гэта сумнеўна, хоць, пачакай — гэта ж мой раён, а ў мяне там, у мясцовым райаддзеле, ёсць знаёмы. Бяру на сябе. Ды не дзякуй, рана яшчэ. А вось у дэканат я больш не хадок. Неўзабаве пасля тых іспытаў мяне папрасілі. За паводзіны, нявартыя педагога. Гэта за наш пікнік і іспыты. Так што я больш не выкладаю. А «залажыў» мяне нехта з вашых, цябе я выключаю. У маім узросце ўжо крыху кемлю ў людзях. Застаюцца двое: не памятаю іх прозвішчы.
— Гужын і Зялёнка.
— Ну, і па-твойму?
— Гужын. Больш няма каму.
— Ну вось і вызначыліся. Урэшце, да люстрацыі нам далёка. Няхай усё будзе як ёсць.
Паўза.
— Хачу ўсё кінуць, — вырвалася раптам у Ігната Мазура. Шчырасць выклікаў алкаголь. — Абрыдла ўсё. Цяжка мне чамусьці.
— Гэх, Ігнат! Ты вось такі малады, шчыры, разумны, а таму і павінен быць асабліва абачлівым — інакш прападзеш. Надта не давярай нікому. Заўсёды знойдуцца замаскіраваныя пад добразычліўцаў, якія паспрабуюць выкарыстаць цябе ў сваіх мэтах. Ты пэўна задаваў сабе пытанне — чаму я, выкладчык, няхай і былы, не цураюся вас, маладых, спачуваю вам, кантактую на мяжы рызыкі? Магчыма, тут усё проста: скажу табе, што баліць, не дае спаць — у мяне адзіны сын твайго ўзросту, Ігнат, загінуў у Венгрыі ў пяцьдзясят шостым годзе. А хто адкажа за гэта?..