Паўночны вецер для спелых пладоў
Шрифт:
Былы выкладчык Пятро Мацкевіч выкінуў у сметніцу недапалак.
— Меў рацыю філосаф, калі сказаў, што над жыццём няма суддзі. Такое яно было і будзе. І яно з усімі нашымі спадзяваннямі ўрэшце змятае ўсіх нас, як паўночны вецер саспелыя плады. Вось і ўся ісціна.
— Пакуль да рэшты не змяце ўсіх?
— І такое калі-небудзь адбудзецца. Але жыць усё-такі варта. Тым больш табе — маладому. Радуйся, што не хворы, не інвалід, што дзяўчаты не цураюцца, што можаш бачыць, як зелянеюць дрэвы, цячэ вада, слухаць шолах лесу. І адчуваць на сабе што?
— Энергію зоркі.
— Так. Вось бачыш — і я нечаму
— Нармалёва. Не прападу.
Яны паціснулі адзін аднаму рукі і разышліся. Чамусьці ў студэнта Ігната Мазура ўзнікла невыразнае пачуццё, што з былым выкладчыкам Пятром Мацкевічам ён ужо больш ніколі не пабачыцца...
Туга з новай сілай авалодала ім. Яму хацелася ўпасці на зямлю, пакрытую кволай травой, і нейкі час ляжаць так нерухома. Толькі б сустрэцца са Святланай Конкінай хоць на гадзіну, паўгадзіны, пяць хвілін, каб высветліць усё канчаткова. А што высвятляць? Каб стаць вольным ад усяго, варта праз нешта пераступіць. Пераступіць? Раптам яму ўспомніўся крымінальны выпадак з маладым хлопцам, які забіў сваю таемную каханку — замужнюю саракагадовую жанчыну — і з таго, як ён патлумачыў у судзе, стаў свабодным. Цяпер гэты ўчынак быў ім разгаданы. Як ён, Ігнат Мазур, разумеў таго пакутніка! Ці здолеў бы ён зрабіць такое? Не, падумаў ён. Толькі б зноў прыціснуць да сябе гэтую маленькую, зграбную постаць, удыхнуць пах яе цела, валасоў, адчуць яе вусны. Насланнё. І ад яго не схавацца. А вось Гужына ён бы забіў. І тых замежных хлопцаў. Забіў бы, забіў, забіў. І яе айчыма. Яго асабліва.
Дзяўчына, вядома ж, з’ехал а. Ён жа не з’явіўся раніцай. Гэх, каб яна ведала!
У Талін. Так, ён паездзе ў Талін. Толькі спачатку вернецца ў роту, а там што будзе, тое будзе. Усё роўна зборы хутка скончацца. Потым — на цягнік. Не — лепш на самалёт. І праз якія паўтары-дзве гадзіны ён апынецца ў Таліне. Грошы? У яго ёсць яшчэ адна заначка — бабулін пярсцёнак, прызапашаны на крайні выпадак. Каштоўная рэч — пацягне, як ён ведаў, дзесьці на месячную зарплату якога-небудзь функцыянера.
Але пакуль тое — у інтэрнат. Пазычыць у каго грошай на спадарожную. Да Бабруйска. Урэшце ў яго самога на руцэ неблагі гадзіннік, за які можна праехаць і тысячу кіламетраў.
***
У інтэрнацкім пакоі нікога не аказалася, але адзін з ложкаў быў расцелены. Яго некалькі тыдняў таму заняў другакурснік, падселены ім камендантам інтэрната Грукам. Хлопец то з’яўляўся, то знікаў — тлумачыў тым, што часта ездзіць да бацькоў, якія жывуць у пасёлку ў Мінскім раёне, і куды ходзіць аўтобус.
Студэнт Ігнат Мазур скінуў пінжак, чаравікі і паваліўся на свой ложак. Стомленасць абрынулася на яго раптоўна, і ён заснуў, але праз якую гадзіну абудзіўся ў трывозе. Варта было тэрмінова збірацца і дабірацца на спадарожных да вайсковага лагера, але ён немаведама чаму працягваў ляжаць. Раптам адчай ахапіў яго.
Ігнат Мазур зноў уявіў, як раніцай наступнага дня, калі пасля рэстарана ён ужо сядзеў у міліцыі, Святлана Конкіна дарэмна чакала яго, і ён не з’явіўся, зноў успомніў пра іх дамову, і аж застагнаў ад роспачы.
Думкі ліхаманкава варушыліся ў яго галаве. Плюнуць на зборы і паехаць зараз у Талін? А грошы? Пярсцёнак далёка адсюль, дома. І каб заняцца гэтым — трэба час. Прасцей усё-такі з’явіцца на
«Тэлефон, — раптам успомніў ён, — у гаспадыні, дзе кватаравала Святлана, ёсць хатні тэлефон, нумар якога ён добра памятаў. А раптам дзяўчына засталася тут па невядомай яму прычыне?»
Студэнт Ігнат Мазур падхапіўся з ложка, таропка насунуў чаравікі і спусціўся да вахты.
Слухаўку зняла гаспадыня.
— Скажыце, ці дома Святлана? — спытаў ён і сцяўся ў чаканні.
Паўза.
— Святлана тут больш не жыве, — урэшце пачуў ён у адказ.
— А яна не казала, куды з’ехала?
— Яна нічога не казала, але за ёй прыехалі яе бацькі — так яны прадставіліся, і сказалі, што яна вяртаецца ў Талін. Быццам назаўсёды. Дарэчы, яна не хацела ехаць, усё кудысьці бегала. І гэта ўсё, што магу сказаць.
У слухаўцы шчоўкнула і сувязь перапынілася.
Студэнт Ігнат Мазур зноў вярнуўся ў інтэрнат. Якраз прыйшоў чацвёрты жыхар іх пакоя, той самы другакурснік, якога падсялілі параўнальна нядаўна: рахманы юнак з вёскі, маўклівы і непрыкметны з выгляду. Звалі яго Фёдар Піскун.
— Паслухай, Фёдар, мяне днямі ніхто не шукаў? — пацікавіўся Ігнат Мазур.
— Пыталася дзяўчына. Два дні таму.
— Што за дзяўчына? Як выглядала? Яна назвала сябе?
— Так. Высокая бландзінка. Прыгожая. Аняй зваць.
Паўза.
— А ты, што ёй адказаў? — дапытваўся Ігнат Мазур.
— Сказаў, што на зборах.
— Тут такая справа, Фёдар — мне трэба ў вайсковую часть. Але я. ды доўга тлумачыць, — вось швейцарскі трафейны гадзіннік, дзядзька калісьці з вайны прывёз. Я табе яго пакіну ў заклад, а ты мне на спадарожную рублёў пяць пазыч. Згода?
— Не трэба закладаў. Я і так пазычу.
Студэнт Піскун выцягнуў з кішэні партманет і адлічыў грошы.
— Ну, Фёдар, быць табе дэканам, — вяла, але з цеплынёй пажартаваў Ігнат Мазур. — Бывай.
***
Узвод быў на палігоне. У капцёрцы Ігнат Мазур забраў у старшыны роты, які не змаўкаючы бэсціў яго, сваю форму і хутка пераапрануўся, і пасля роздуму пабег на палігон.
— Але ж ты і трапіў! — толькі і сказаў яму наўздагон раззлаваны, што яго патурбавалі, старшына.
Яго нечаканае з’яўленне аднакурснікі з узвода сустрэлі воклікамі: адны проста здзіўленымі, а іншыя зласлівымі — з-за яго адсутнасці ўзвод няслаба паганялі на занятках.
Узводны — лейтэнат Андрэй Дзямідчык — адвёў яго ўбок.
— Што здарылася, Ігнат?
— Забралі ў міліцыю. Адседзеў трое сутак.
— Ты спазніўся на суткі. Ведаеш, што табе пагражае?
— Ды гатовы я на любое пакаранне. Мне, таварыш лейтэнант, скажу шчыра — ўсё роўна. Як будзе — так і будзе.
Узводны Андрэй Дзямідчык падумаў некалькі секунд. Урэшце, відаць па ўсім, рашэнне прыняў раней, сказаў:
— Табе пакуль шанцуе. Ротнага Угарава часова адклікалі і яго няма ўжо трэці дзень. Цябе будзе прасаваць нампаліт, падпалкоўнік Марчанка, а начальніку збораў, загадчыку кафедры не дакладвалі. Мяркую, разбяромся самі, але будзь гатовы. Скажу яшчэ па сакрэце і паміж намі: Марчанку вось-вось у запас, на пенсію, і яму праблемы не патрэбныя. Павінішся як след, прыдумай што-небудзь, і можа ўсё і абыдзецца. Ну, а я табе, ужо прабач, — па максімуму.