Паром на бурнай рацэ
Шрифт:
– Ты кажаш «людзі», - сказаў Леановіч, хоць Гораў нічога не казаў.
– Вось калі не ўходаюць цябе мае суайчыннікі і ты дажывеш да нейкага там часу, - ты ўбачыш дажджы Леанід. Гэта зорны дождж. Зямля пападае ў яго кожныя трыццаць тры гады. І тады лятуць Леаніды. Зялёныя. Фасфарычныя. Быццам пан-бог, здзяцінеўшы, шморгае тысячамі запалак і глядзіць, ці ўсё яшчэ людзі льюць кроў... Так яны лятуць тысячагоддзі. І кожны раз, як прылятаюць, бачаць на зямлі тое самае: п'юць кроў, гвалцяць, круцяць хвастом добрыя людзі.
За акном - Юрый з трывогай сачыў за гэтым - хмары пачалі наплываць аднекуль і зацягваць неба. Яны накіпалі з
Задуха стала нясцерпнай. І нясцерпным стала чаканне.
Толькі Леановіч, здавалася, не адчуваў нічога. Яго нахабныя і страшныя вочы гарэлі вясёлым шаленствам. І Гораў, успомніўшы яго сённяшнюю забаўку, зразумеў, што чалавек, які сядзіць насупраць яго, - страшны чалавек, вельмі небяспечны чалавек, драпежнік, у якога, пэўна, зусім няма ў душы месца для так званых пакут сумлення.
Леановіч торкнуў пальцам у адзін з лубкоў.
– Мы вось... як гэтыя тры татарыны. Адзін татарын - Філька (так ён зваў генерала Фікельмонта), другі татарын - я, а трэці - вы, вельмі шаноўны Юрый Аляксандравіч... Дзелім цноту прыдняпроўскай зямлі. Занятак з сэнсам. Таму што яна пад каго толькі не клалася. І выяўляецца, што ўсё гэта па меншай меры непатрэбна-с.
І тут пачалося. За акном раптам сцямнела. Шалёная віхура праляцела дваром, задзёрла шынель на галаву вартавому, схіліла на страху стайні чорную вольху, і тая затрапятала, сагнуўшыся ў дугу.
Шаленства пераднавальнічнага ветру не скончылася на гэтым. Ён вырашыў, відаць, наведацца ў госці да людзей у хаце. Раптоўна грукнулі дзверы, страшэнная пройма пацягнула да печы, дзьмухнула ў чалеснікі, задзёрла па дарозе абрус, ледзь не сарвала яго са стала разам з наедкам і вылецела ў комін, сказаўшы выразным фальцэтам:
– Аоў.
Гораў убачыў у акно, як гэты парыў проймы выкінуў з напаўразбуранага коміна галчынае гняздо і жагнаў яго, як кола, па пыльнай траве.
– Сымон, чортаў сын, - крыкнуў Гораў, - каглу забыў зачыніць.
І сам кінуўся да печы, зачыніў каглу, падторкнуў яе анучай.
Сымон скочыў у хату як апантаны, паправіў абрус, зачыніў дзверы, шуснуў у бакоўку і борздзенька выскачыў адтуль з запаленай свечкай.
Гораў убачыў, што Леановіч сядзіць, успёршыся скронню на кулак, вельмі бледны, з заплюшчанымі вачыма. Вусны яго варухнуліся:
Стаіць певень над кручаю,
Заторкнута с... анучаю.
І растлумачыў:
– Разгадка гэтай загадкі - «кагла». Катэхізіс народнай мудрасці ўвесь складаецца з такіх выслоўяў.
Гораў убачыў, што Сымон задаволена хмыкнуў.
– Ідзіце, Сымон, - сказаў ён, гледзячы ў акно.
Сымон выйшаў. Гораў павярнуўся да субяседніка і з дакорам сказаў:
– Як вам не сорамна. Пры салдаце паказалі сябе дурнейшым за яго. Аблаялі народ. Вы ж беларус. Старога роду.
Па шчоках Леановіча папаўзлі чырвоныя плямы. І раптам ён зацікаўлена спытаў у Горава:
– Што мне, есці гэта? І што такое наогул беларус? Каго тут не было? Немцы былі, палякі былі, літва была. І раптам... бе-ла-рус. Сеў сабе з дурной мордай і - сікась-накась - пальцам у носе калупае...
Пры апошніх словах зрэнкі Леановіча папаўзлі да пераносся. Твар стаў такі дурны, што Гораў са сваім легкаважным і вясёлым характарам не вытрымаў,
– Няма нічога смешнага, - вызверыўся Леановіч.
– І ў вас і ў нас адна хвароба. Усю сваю гісторыю мы задніцай думалі. І наконт будучага ў гэтым сэнсе я аптымістам быць не магу... Чаго ад нас чакаць? Святаслаў забі Яраслава, Яраслаў забі Ізяслава, Ізяслаў забі Святаполка, а Святаполк коцнуў Барыса ды яшчэ і Глеба... туды ж яго матары. А тыя да пакутніцкай канчыны ўходалі двух братоў і трох сватоў і за гэта хрысталюбівай праваслаўнай царквою прылічаны да хеўры святых...
Вераб'іная ноч за акном ужо ўступіла ў свае правы. Неяк вельмі хутка. Дождж сцябаў так, што, здавалася, паветра было менш, чым вады. Маланкі крэслілі неба. Так часта, што жоўты агеньчык свечкі стаў зусім непатрэбным. У сінім агні бліскавіц Гораў бачыў мярцвяны твар, пакрыты кропелькамі поту.
– І заўсёды на наш вялікі народ палка знойдзецца, часцей за ўсё чужая. Цар, псар - гэта нам усё адно, абы кумпякі магутныя былі, ды барада венікам, ды вусы пажахлівей. І ўжо тут мы ў вернападданасці сваёй усяго яго абліжам, аж да цяжкага гузна. Іх вялікасць у ложы сядзяць, гімн, створаны вялікім паэтам, яму спяваюць, а бараны ў лікаванні да яго ўсім натоўпам кідаюцца... А блакітныя мундзіры іх - па мордзе, па мордзе: «Сядзіце на нумарных месцах. Чорт вас ведае, а раптам у вас гармата ў каго ў кішэні...» А ў тых па мордах і юшка цячэ, і слёзы замілавання. І не разбярэш, чаго яны галосяць - ці ад болю, ці ад захаплення... А назаўтра - «За цара, за веру, з намі бог! Бязбожныя французішкі караля свайго да смерці забілі. Бі іх, пакуль смяротнай ікаўкай не загікаюць». Патрыятызм.
Юрыю і шкада было гэтага чалавека, і абурэнне разбірала. І ўсё ж згадзіцца з ім было нельга. Гэта азначала, што ўвесь ягоны свет: універсітэт, дзе прафесары чыталі пра мікракосм, Nadine, якая захапляецца Тургеневым, чынны, велічны, дзяржаўны спакой Неўскай набярэжнай, маці, якая просіць аб веры для сына і хрысціцца з любоўю на крыж Міколы на Курыных ножках, - усё мана, усё міраж.
Казаць Леановічу аб гэтых няўлоўных прыкметах, бадай што, і няварта было. Ён, просталінейны, мог і не зразумець. Таму Гораў даволі бездапаможна - ён і сам адчуў гэта і пачырванеў - сказаў яму:
– Вы дваранін, капітан Леановіч, вы павінны паважаць традыцыі...
Леановіч ускіпеў:
– А адкуль маё дваранства ідзе, вы ведаеце? Чаму ў мяне да прозвішча прыдомак «Пора», ці, па-простаму, «Пара»?
– Не, не ведаю.
– Таму што ад бандзюкоў паходзім, міл-свет Юрый Аляксандравіч... У цараванне, здаецца, цара-цяляці горад Магілеў аддаўся ва ўладу баганоснага маскоўскага воінства [2] . Заўважце, сам. Ну, на знак удзячнасці жыхароў уганорылі трымаць гарнізон коштам самога ж вялікага града. І сталі тут нашы лабідуды думу думаці. «Гэта каб яшчэ батагамі, дык згода была б - усё жыццё з-пад батагоў не вылазім. А грошыкі - тут ужо не. Дудкі».
2
Гаворка ідзе пра падзеі падчас вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг., калі ў 1654 г. Магілеў перайшоў на бок маскоўскага войска. У 1661 г. супраць яго выбухнула паўстанне магілеўцаў, якім кіраваў бурмістр Язэп Левановіч. (Заўв. рэд.)