Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
А. А.: Зямлі было мала?
В. Б.: Зямлі было мала, казалі тады — два надзелы. У маладосці бацька служыў чатыры гады ў царскай арміі, у Гародні, дарэчы, дзе пасля і мне давялося жыць. Толькі прыйшоў са службы, пачалася Першая сусветная вайна, быў змабілізаваны ў самсонаўскую армію, недзе ў Аўгустоўскіх лясах трапіў у палон і апынуўся ў Нямеччыне. Працаваў у баўэра. У палоне, казалі, было па-рознаму, як дзе і каму. На заводах і ў шахтах дык дужа кепска, а ў прыватных гаспадароў дык, здаралася, і нішто. Канешне, трэба было рабіць, але немцы кармілі, апраналі, неяк клапаціліся аб працаўніках, не тое, што пасля на радзіме, у калгасах. Бацька пасля часта ўспамінаў свой палон добрым словам, што у мяне, вечна галоднага
А. А.: Засталася пад Польшчай?
В. Б.: Засталася пад Польшчай. Там праз паўтара кіламетра ад мяжы яе родная вёска Завулак…
А. А.: Маму тваю як звалі?
В. Б.: Ганна Рыгораўна. За мяжой застаўся яе брат, той, што лавіў рыбу, яна ўвесь час па ім гаравала, як агітатары распавядалі, што працоўныя ў Польшчы гібеюць без правоў і без хлеба. Для нас, дзяцей, гэта таксама была нейкая драма, спасцігнутая ў надта раннім узросце. Я быў старэйшы. Праўда, была яшчэ старэйшая за мяне сястра Антуніна, але яна памерла ў пятнаццаць гадоў… Пасля мяне нарадзілася сястра Валя, а ў 30-м годзе — брат Мікола (памёр у 2000 г.).
Ну, калі яшчэ казаць пра бацькоў… Бацька быў даволі строгі да нас, дзяцей, увогуле мы яго пабойваліся. Маці ж наадварот — дужа мяккая і жаллівая, я ніколі не чуў ад яе гучнага слова — усё з ласкай і добрасцю. І я лічу, што гэта кепска.
А. А.: Чаму?
В. Б.: Ну, ведаеш, жыццё ўсё ж бязлітасная штука, і да яго патрэбна загартавацца характарам. Я ж засвоіў ад маці занадта мяккага, што мне пасля і перашкаджала — на вайне і пасля вайны. Асабліва ў арміі, дзе найперш цэніцца звераватасць характару. Мабыць, трэба яшчэ зазначыць, што вёска наша была за якіх-небудзь два кіламетры ад мяжы з Польшчай. Канешне, гэтая абставіна накладвала свой адбітак на шмат што — побыт, палітыку, самаадчуванне людзей.
А. А.: Вы лавілі шпіёнаў і вас лавілі як шпіёнаў?
В. Б.: Так. Абсалютна правільна. Вельмі часта, дарэчы. І ў мяне шмат рамантычнага па маладосці, а таксама драматычнага звязана з мяжой. У Кублічах побач са школай была пагранічная камендатура. А каля нашага школьнага двара — канюшня і цір ці стрэльбішча, дзе пагранічнае начальства страляла з рэвальвераў. Апроч таго… Круціцца?
А. А.: Гавары, гавары…
В. Б.: Апроч таго, па дарозе ў школу і са школы можна было бачыць памежнікаў, якія ўсё кудысь ехалі — конна, групамі па два, з вінтоўкамі і шашкамі, у прыгожых скрыпучых сёдлах. Камандзіры жылі ў мястэчку.
А. А.: З сем’ямі ці?..
В. Б.: З сем’ямі, канешне. Далей, памежнікі часам паказвалі кіно — у мястэчку і ў вёсках, ну як бы шэфы. На нейкае свята на местачковай плошчы наладжвалі, памятаю, джыгітоўку на конях, шашкамі секлі лазу. Усё тое было цікава. А ўлетку купалі коней на Камароўскім возеры, мы памагалі. Не абыходзілася, канешне, без сумных падзей. Часам, памятаю, неяк узімку прымчалася пагранічнае начальства і ўсіх мужыкоў выгналі ў засады — пільнаваць парушальнікаў мяжы.
А. А.: А ўзбройвалі мужыкоў ці не?
В. Б.: Не, проста яны сядзелі ў кустоўі і падавалі сігнал, калі заўважаць каго. У канцы 20–х — пачатку 30-х з Польшчы па гэты бок ішло нямала народу, у асноўным моладзь. Як цяпер разумею, пасля разгрому кампартыі і камсамола, хлопцы ішлі вясёлыя, нават з гармонікамі — як жа, яны вырваліся з-пад панскага гнёту ў новы свет.
А. А.: У новы свет?
В. Б.: Так ім здавалася.
Хата тая і дасюль стаіць, пасля вайны ў ёй жыў мой брат Мікола. А тады гаспадары проста перасяліліся ў трысцен, а большы пакой аддалі пад школу. Там паставілі два даўгія сталы і сабралі чалавек пятнаццаць…
А. А.: Падшыванцаў?
В. Б.: Ну, якія падшыванцы, драбната. Настаўнікам быў Антон Васільевіч Аўласенка з вёскі Дарошкавічы. (Дарэчы, ягоная дачка жыве ў Менску, замужам за старэйшым Машэравым.) Я ўжо казаў, што ўсе мае сябры былі старэйшыя за мяне і пайшлі ў школу раней, а мне толькі шэсць год. Сяджу адзін дома. А ў школе штось адбываецца цікавае, і я таксама хачу туды. Тады аднойчы бацька ўзяў мяне за руку і павёў да настаўніка. Пагаварыў там з ім, і Антон Васільевіч кажа: хай ходзіць. Даў мне сшытак, пяро, а Валодзя Галавач, якога я ўжо згадваў, павёў на замерзлае балота, акуратна зрэзаў ножыкам чарацінку, уставіў туды пяро…
А. А.: Зрабіў ручку.
В. Б.: Так. І пачаў я вучыцца. Відаць, да гэтага часу, а можа, трошкі раней і адносіцца маё знаёмства з мастацкай літаратурай.
А. А.: Пачакай, ты згадваеш Валодзю Галавача, але ты пра яго не гаварыў да гэтага.
В. Б.: Ён мяне на возера вадзіў.
А. А.: А, гэта той хлопец…
В. Б.: Той самы. Дарэчы, цяпер ён жыве ў суседніх Селішчах. (Памёр у 1999 г.) Пачаў я тады вучыцца. Яшчэ чытаць не умеў, і першы мастацкі твор мне прачытаў бацька. Гэта быў знакаміты «Гой» Міхася Лынькова — і плакала Рыва… А ў школе… Прынёс неяк настаўнік некалькі кніжак дзіцячых, пачаў раздаваць для чытання — на табе, на табе… Мне дасталася тоненькая кніжачка, казка «Царэўна-лягушка», а Валодзю — «Канёк-гарбунок». Гэта была мая першая школьная крыўда — не хацеў я чытаць пра «лягушку» — хацеў пра каня-гарбунка, абдзяліў лёс на першым этапе. У другі клас пайшоў ужо ў другую вёску — у Двор Слабодку, гэта трошкі далей, але школа там была лепшая, у былой панскай сядзібе. Пад школу адвялі палову панскага дома з верандай, кафельнымі грубкамі і вялікімі вокнамі. Вучыў нас, малых, малады настаўнік Сцяпан Рыгоравіч Троцкі, а таксама ягоны калега Крацёнак. Першы цяпер на пенсіі, доўга працаваў у Браславе. Быў вясёлы, нязлы, мы яго любілі. Ён вучыў, здаецца, адну зіму. Пасля прыйшоў другі — Сяргей Сцяпанавіч Новікаў, паходжаннем з нашае вёскі. Гэта ўжо быў супрацьлегласць ранейшаму, даволі строгі чалавек, парцеец, ён арганізоўваў калгасы ў нашай акрузе і загінуў у партызанах, у час знакамітага іх разгрому, названага пасля «прарывам». У яго была свая, партыйная сістэма навучання, вельмі ён напіраў не на мову ці арыфметыку, а на грамадазнаўства, ну, на гісторыю таксама. У пакоі, дзе мы вучыліся, было два класы — два рады партаў. Калі ў адным класе вусны ўрок, дык у іншым пісьмовы, значыць, самастойны. Ды бывала так, што я свае задачы хуценька парашаю і сяджу слухаю, пра што ідзе гаворка ў старэйшым класе. Неяк так сталася, што некалькі разоў, калі там ніхто не можа адказаць на нейкае пытанне настаўніка (памятаю, нешта пра Парыжскую камуну), дык я паднімаю руку, і Сяргей Сцяпанавіч мяне выклікае, а пасля сарамаціць старэйшых за тое, што яны не ведаюць. Вось так я паактыўнічаў пару разоў, і настаўнік кажа: няма чаго там табе сядзець, перабірайся сюды. Так сярод зімы ён перавёў мяне ў чацвёрты клас…