Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
— Фэля, а Фэля?
— Ну! — пачулася здаля ў машыне.
— Куды гэта нас вязуць?
— На выкананьне прыгавору, — зь нядобрым надломам у голасе адказаў Фэлікс. I менавіта гэты выразна адчуты надлом яшчэ болей устрывожыў Аўтуха.
— Няўжо на расстрэл?
— А ты думаў…
— Але ж… Я дык думаў… Можа, яны…
— Памаўчы лепш! — абарваў размову зямляк, якому, відаць па ўсім, было не да таго.
Сапраўды, размаўляць Фэліксу Грому было проста неяк, пасьля допыту ў яго душа балела ў грудзёх, было не ўздыхнуць. Ён толькі падзівіўся дзіцячай няўцямнасьці дзядзькі Аўтуха — ня ведае, куды вязуць, ці ня хоча паверыць, што ўсё ўжо скончана. Пазаўчора быў суд — дзесяць хвілін чыткі загадзя нарыхтаваных папераў, зь якіх яшчэ да прысуду ўсё стала зразумела. Відаць, нічога не зразумеў з таго ягоны аднавясковец Аўтух. Ці ўсё думае пра сваю пакінутую аднаасобніцкую гаспадарку пад лесам?
Фэлікс
Ён нічога не хацеў разумець пад хмарамі, затое нешта разумелі яны, але яму не казалі. Ён павінен быў сам здагадацца пра іхныя думкі і падказаць ад сябе. Вось тое было б прызнаньне, якога гэтак дамагаліся ад яго, і яму было б куды лепей. Але ён не здагадваўся й не прызнаваўся. Тады яго білі — палкай па нагах, ботам у грудзі, не давалі спаць трое сутак.
А пасьля пачалі шыць шпіянаж на карысьць Польшчы. I прыплялі да яго дзядзьку Аўтуха, што жыў за вёскай на хутары і не ўступаў у калгас. А ён з тым Аўтухом па сутнасьці і гутарыў усяго адзін раз летась, як прыяжджаў зь Менску да хворага бацькі. Тады хадзіў пазычыць каня, каб зьезьдзіць да доктара. Ды дзядзька Аўтух каня ня даў, сказаў узяць у калгасе, а яму трэба пасьпець звазіць сена, бо зьбіралася на дождж. I гаворкі ў іх было якіх пяць хвілін. I вось цяпер за тыя хвіліны — расплата. Абодва — да вышэйшай меры.
— Ну што вы не пасядзеце? Усё тузаецеся, як на патэльні, — пачулася незадаволеная буркатня ў цемры.
— Ды каб выглянуць дзе. Тут жа вёска мая Зялёны Луг, — адказаў той, што тузаўся.
— Ты ж гарадзкі, казаў, — азваўся ад дзьвярэй Сурвіла. — Паказваў на допыце: з Камароўкі.
— То ж жыў на Камароўцы. Як на чыгунцы рабіў. А нарадзіўся ў Зялёным… Да.
— Во — выясьняецца! — мовіў Сурвіла. — А то ўсё — рабочы, чыгуначнік. Блытаеце нешта, Шастак.
— Нічога ня блытаю. Паходжаньнем зь вёскі. Але ж рабочы. Тое трэба ўзяць пад увагу. I парцейны!
— Быў, — каротка абвясьціў Сурвіла.
Рэпліка былога чэкіста зачапіла балючую струну ў параненай душы рабочага Шастака, які загаманіў, як пра што недагаворанае і балючае.
— Быў і астаюся. Ужо не адмоўлюся, не такі. Перад парціяй я чысты.
Машыну моцна трасянула на нейкай калдобіне, паэт Фэлікс Гром аж войкнуў ад болю ўсярэдзіне. Хтось сьпераду ў цемры вылаяўся:
— Падлы! I перад канцом ня могуць па-людзку! У бога-душу іх маць!..
— А цішай нельга? — зласьліва папракнуў Сурвіла.
— А што цішай?! Цішай-цішай! Ды пайшлі вы…
— Ты хто? Як прозьвішча?
— А табе што? Ты сьледчы?
— А хоць бы й так.
— Ну, Зайкоўскі. Калі сьледчы, дык, мабыць, запісана ў вашым сраным прыгаворы. Такую іх маць… Ды не навальвайся ты гэтак, буржуйскі чмур! — вызьверыўся ён на кагосьці ў цемры. — У мяне во рука зламаная…
Здаровай рукой Зайкоўскі піхнуў у плечы суседа, які на паваротах няўзнак дужа хіліўся да яго і вярэдзіў зламаную лапатку. Пералом быў нутраны, закрыты, стаўся які тыдзень таму на допыце, калі яго з паўгадзіны ахаджвалі два сьледчыя — малады, танклявы, як гліст, і пажылы — вусаты, з ордэнам на гімнасьцёрцы. Дабіваліся падпісаць, што ён польскі шпіён, зьвязаны з дыфэнзывай, па прозьвішчы Млынец. Але Зайкоўскі ня быў лазутчыкам, тым болей Млынцом, бо быў звычайны маскоўскі грабежнік, які надумаў ратавацца ад крымінальнага вышуку ў Менску. У Маскве за ім лічылі аж восем рабункаў, хоць, папраўдзе, грабянуў ён болей (ці не чатырнаццаць) і ўсё неяк выкручваўся, не даваўся ў рукі ні крымінальнаму вышуку, ні ГПУ, ні міліцыі. Аж покуль яго ня выдала палюбоўніца Вандзя. Подлая стукачка Вандзя сьпярша прыгрэла, а затым прадала. Добра, што ён такі вёрткі і ўцёк зь міліцыі, замачыўшы аднаго мільтона. I скеміў, што ў Маскве ягоныя справы скончыліся, трэба рваць кіпці. Тады ён успомніў, што ў Менску некалі пражываў ягоны дзядзька, зь якім ён ня бачыўся ад самага нэпу. Прыехаўшы, доўга шукаў патрэбны яму нумар на нейкай Заслаўскай вуліцы, а як знайшоў, зразумеў, што даў
Каб ня гэтая лапатка, ён бы, ведама, рызыкнуў. Было яшчэ сілы, яшчэ ня ўсю яе выбілі на касталомных допытах. Але з такой лапаткай, лічы, аднарукі. А з адной рукой — квіты, і кранты. I Зайкоўскі толькі кусаў вусны — ад болю і роспачы, што нічога ня мог перайначыць у сваім недарэчным лёсе.
Між тым, аблаяны ім буржуйскі чмур Валяр’янаў адхіснуўся ад сварлівага суседа і не прамовіў ні слова. Наогул ён мала зважаў на тое, што рабілася навакол, і звыкла жыў у сьвеце ўласных думак — адзіным сьвеце, у які мог не пушчаць нікога. Нават у турме. Ні з кепскім, ні з добрым, якое ў гэты пракляты час магло лёгка ператварыцца ў сваю супрацьлегласьць. Як і звычайная чалавечая спагада, прыветнасьць, што абарочваліся няшчасьцем. Стрыечная сястра Валяр’янава, што пасьля вайны апынулася ў Кракаве, выпадкам дазналася пра гаротны лёс брата, які зарабляў на хлеб рахункаводам у Менску і гадаваў двух маленькіх дзяўчатак. Сястра паспагадала. Вясной пад каталіцкі Вялікдзень Валяр’янаў атрымаў на пошце маленькі пакуначак зь нетутэйшымі штампамі, і знайшоў там дзьве дзіцячыя сукеначкі, белыя панчошкі, безапасную брытву для сябе і пакецік цукерак у блішчастых абгортках. Для ягоных дзяўчатак то была вялікая радасьць, ды й ён парадаваўся — найбольш першай за пятнаццаць гадоў вестачцы ад сястрычкі-гімназісткі, якую, думаў, назаўжды страціў у дзевятнаццатым годзе, калі яны разьвіталіся ў Кіеве. Аднак нядоўгаю была тая іх радасьць. Не мінула і месяца, як неяк пад ранак у дзьверы пастукалі. Жонка Дуся ўскочыла з ложка і адразу залямантавала — яна ўжо прадчувала, што гэта такое. Ды й ён здагадаўся адразу, адчыніў дзьверы і ўжо не зачыніў іх — зачынілі за ім чужыя. Таксама як і за жонкай, якая білася ў істэрыцы і крычала, і кідалася на кожнага з цэлай зграі чэкістаў, што пераварочвалі ў іхным пакойчыку ўсё дагары дном. Ужо назаўтра тыя сукеначкі і панчошкі сталі на сьледзтве рэчавымі доказамі ягоных шпіёнскіх сувязяў з польскай разьведкай.
Гэта быў яго шосты арышт пасьля рэвалюцыі. Ён ужо стаміўся апраўдвацца і на допытах збольшага маўчаў, прымаючы зьнявагі і пабоі як штось правамернае і заслужанае. Паміж допытамі жыў у роспачных успамінах аб сваім даўнім, дарэвалюцыйным, гэткім не падобным на цяперашняе, жыцьці. Хоць і там было рознае, але была вучоба, вайсковая служба і нават два перадваенныя падарожжы — у Баварыю і Аўстрыйскія Альпы. У Кракаве ён ніколі ня быў і ня думаў, што гэты незнаёмы горад так трагічна прычыніцца да ягонага лёсу.
Часам бывала, калі трохі сьціхаў вэрхал у камэры, Валяр’янаў маліўся — размаўляў з Богам. Прасіў у яго — не за сябе — за двух маленькіх дзетак, што засталіся цяпер немаведама дзе. Болей яму маліцца не было за каго. Прасіць Бога за жонку, мабыць, ня мела сэнсу — ведаючы яе характар, Валяр’янаў думаў, што па-добраму зь ёй не абыдуцца. А на зло яна кідаецца, нібы тыгрыца, не паглядзіць, хто перад ёй — сьледчы, канваір ці нават начальнік турмы, яна ня зважыць ні на чын, ні на сілу. Арыштаваўшы, чэкісты павялі яе са зьвязанымі рукамі. З уласнага досьведу Валяр’янаў ведаў, што такія характары ў турме доўга не вытрымліваюць. Або іх забіваюць, або яны — самі забіваюць сябе. Страціўшы ў рэвалюцыі першую жонку-дваранку, ён ажаніўся з дворнікавай дачкой Дусяй, думаў, што цяпер прыйшоў іхны час. Але памыліўся. Час настаў, відаць, зусім непрыдатны ні для тых, ні для іншых. Не далі жыць з Дусяй, не далі жыць і самой Дусі. I во засталіся цяпер дзьве дзяўчынкі-дашкольніцы, што зь імі будзе?
Пра тое, што неўзабаве будзе зь ім самім, Антон Аркадзевіч ня надта турбаваўся, ён разумеў, што прысуд яму вынесены не пазаўчора, а мабыць, яшчэ ў сямнаццатым. I то цуд, што ён пражыў пасьля яшчэ столькі гадоў, — тэарэтычна тое было немагчыма, — практычна ж неяк атрымалася. Толькі навошта? Што далі яму тыя дадатковыя гады жыцьця? Несканчоную плойму страху, клопату, рызыкі — за сябе, за жонку, за малых дзяцей. Усё ж, мабыць, кепска ён зрабіў, што ажаніўся і пусьціў на сьвет галоту, бязбацькавічаў. На што спадзявацца малечы бяз бацькі і маткі — на добрых людзей? Але дзе тыя добрыя людзі. Вывеліся дарэшты. Асталася надзея на сьвятое правідзеньне, на Госпада, які няўжо не паможа? Няўжо ня возьме пад сваю боскую апеку маленькіх бездапаможных анёлкаў?