Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
— Калі ты член партыі, — закрычаў Косьцікаў, — дык якога ж ты хрэна аказваеш супраціўленьне органам?!
— Я, я не аказваю…
— Ну дык марш! Марш да ямы! Ці памагчы?
Хістаючыся, бы п’яны, Шастак пабрыў да ямы. Але на разварушаным пагорку зноў прыпыніўся.
— Няправільна вы…
— Усё правільна! — сказаў памкамэнданта і стрэліў яму ў патыліцу. Кастлявае цела Шастака спотырча павалілася ў яму — да тых, што туды зваліліся раней.
Калі Косьцікаў вярнуўся да машыны, там ужо стаяў, вылезшы зь яе, Сурвіла. Ягоны азызлы твар стаў зусім бурачнага колеру — ад стомы ці нутраных пакутаў.
— Што, і мяне туды? — запытаўся ён, маларухавым позіркам утаропіўшыся ў пясчаны пагорак.
— А куды ж? Асобнай ямы ў мяне няма.
— Выкапай.
— Яшчэ чаго не хапала!
— Давай, я сам.
— Капай! —
Малады шафёр зь пярэдняй машыны прынес рыдлёўку, Сурвіла аберуч памацаў тронак, агледзеўся навакол.
— Дзе? Тут?
— Хоць бы і тут. Давай. Толькі жыва! — сказаў Косьцікаў, не хаваючы, аднак, пісталета.
Сурвіла пачаў капаць — імпэтна, нэрвова, кідаючы ў бакі поўныя рыдлёўкі жвіру. Мабыць, усё ж хвалюючыся, ён мала дбаў пра акуратнасьць і, замест простакутніка магілы, распачаў бадай круглую яму. У сасоньніку было не сьцюдзёна, начная імжа ранкам спынілася. Сурвіла хутка ўгрэўся, азызлы твар спатнеў і зрабіўся яшчэ больш чырвоны. На хвіліну прыпыніўшыся, ён зьдзёр з плячэй рудую, абшкрэбаную скуранку, шпурнуў яе пад ногі Косьцікаву.
— На, вазьмі. Нашто прападаць…
Запэцканым у гразі хромавым ботам той гадліва адкінуў скуранку з-пад ног. Сурвіла ня стаў упрошваць — ня хоча, ня трэба. Яму таксама ўжо нічога не было патрэбна. Апроч вось гэтай асобнай магілы. Тут яму будзе спакайней, чым у агульнай, упокат з ворагамі народа. I ўсё ж яго расьпірала крыўда, змоўчаць якую ён ня меў сілы.
— За што? Чэснага работніка органаў! Што я парушыў? Бязьвіннага ворага забіў? Ды іх тысячамі забіваць трэба! Я стараўся! Чатыры гады прэміявалі. За ўдарную работу, да гадавіны Акцябра. I ўсё дарма. Пашкадавалі ворагаў, шпіёнаў, нацдэмаў! I гэта правільна? Не! Гэта і ў органы прабраліся ворагі, во гэта што! Яны сярод нас!
— Годзе! — з надрывам загадаў Косьцікаў. — Лепш памаўчы!
— Я маўчаў! Усё лета маўчаў. Як і ты! Як і сотні чэкістаў. I во мне за гэта…
— Маўчы і капай! — усё больш злуючыся, крыкнуў Косьцікаў.
— Не, ужо скажу. Во і ты… Думаеш, уцалееш? Службай адкупісься? Не! Прыйдзе і твая чарга…
— Маўчаць!
— Не, ужо скажу! Мы павукі ў банцы! Дазнаецца Сталін…
Мабыць, гэта было занадта. Непадалёк зь вінтоўкамі напагатове стаялі байцы аховы, поўны трывожнай увагі, чакаў ля машыны маўклівы шафёр. Усе са зьдзіўленьнем утаропіліся ў знаёмага чэкіста, які капаў сабе магілу і гаварыў штось дзіўнаватае. Урэшце Косьцікаў прыўзьняў пісталет, не цаляючы, два разы стрэліў. Выпусьціўшы рыдлёўку, Сурвіла падламіўся ў каленях і бокам асеў на раскапаны дол.
— Дабі ж… — выціснуў зь сябе ледзь чутна. Косьцікаў ступіў на крок бліжэй і стрэліў у галаву. На траву і пясок пырснула шэрымі крупінкамі мазгоў.
— Вазьміце, і туды, да астатніх, — загадаў ён байцам.
Закінуўшы за сьпіны даўгія вінтоўкі, тыя ўзялі былога чэкіста за рукі, пацягнулі да ямы. Косьцікаў пайшоў у бок да машыны.
Гэтая праклятая ноч дашчэнту выматала ягоныя сілы. Прыкметна пачала здраджваць вытрымка, як ён ні стараўся паводзіць сябе стрымана. Здаецца, нескладаная работа, але штодня адно й тое ж. Вязуць і вязуць, нібы баранаў, калі таму будзе канец? Вунь колькі накапана ямаў за вясну і лета. I колькі будзе накапана новых.
Косьцікаў акінуў позіркам прагаліну між сасонак на схіле — мабыць, за восень заселяць і яе. I проста дзе-небудзь тут апынецца й ягоная яма…
У гэтым жыцьці ўсё вельмі проста.
На чорных лядах
Называецца — даваяваліся!..
Тое, што яны даваяваліся дарэшты, да астатняй магчымасьці, камандзір зразумеў не цяпер і ня ўчора, як іх прыціснулі да ракі і секлі ў кустоўі з кулямётаў, а яны толькі агрызаліся рэдкімі вінтовачнымі стрэламі. I нават ня тыдзень таму, як змардаваныя, галодныя, невялічкаю групай, рэштаю батальёна туляліся па лесе, ня ведаючы, куды паткнуцца, дзе раздабыць правіянту, табакі, пару начных гадзін адпачыць у спакоі. Іхную трагічную нявыкрутку камандзір выразна адчуў ужо на пачатку вясны, як стала зразумела, што гэты раён абкладзены з усіх бакоў — ва ўсіх блізкіх і далёкіх вёсках, на хутарах і фальварках поўна чырвонаармейцаў, якія браліся за іх нясьпешна, абачліва, грунтоўна. Тыдзень таму іх выкурылі
Ад самае раніцы яны аслабела валакліся па лесе, кожны стараўся ня дужа адстаць ад пярэдняга, а ўсе разам — ад камандзіра, які то хістка сігаў наперадзе, то спыняўся сярод хваін, слухаў, азіраўся. Азіраючыся, ён паварочваўся ўсім целам, бо ня мог паварушыць галавой на збалелай, абвязанай брудным ручніком шыі. Параненая яшчэ на пачатку зімы шыя не гаілася, гніла, рудая жыжа цякла зь яе па грудзях, на жывот, павязка заўжды была мокрая. Навокал пакуль што было ціха і глуха ў гэтым глухім кутку лесу, толькі хваёвы шум слаўся ўгары, мерна гайдаліся хвойныя вершаліны; часам ціха патрэсквала сухое гольле пад нагамі тых, хто ззаду аслабела дабрыдаў да пярэдніх. Тады, па чарзе спыняючыся ля камандзіра, усе слухалі, азіраліся, бы штось выглядваючы па баках. Яны не размаўлялі цяпер, ды й даўно ўжо не размаўлялі паміж сабой, бо ўсё было перагаворана, вядома; спрачацца не было пра што. Есьці таксама ў іх не было нічога, не было чаго закурыць. З боезапасу засталося ўсяго па два-тры патроны на вінтоўку ды шэсьць патронаў у барабане камандзіравага нагана. Гэта і ўсё. Адбівацца ў іх не было чым.
Але добра яшчэ, калі ўсіх пераб’юць. А калі каго возьмуць параненым, непрытомным, павязуць у горад ды пачнуць вызнаваць, чый, каму якая радня, хто бацькі, жанкі, дзеці? Тады што? Не, яны даўно ўжо ведалі, што пагібель — не найгоршае з усяго, што нарыхтаваў ім іхны паўстанцкі лёс. Горш, калі яны, гінучы, пацягнуць на пакуты іншых, тых, дзеля каго, па сутнасьці, распачалі ўсё тое. Нават забітымі яны ня знойдуць паратунку ад бальшавікоў. Як той Аксяневіч з Курбыкам, што асталіся ля ракі. Забітых іх павезьлі ў горад — на апазнаньне. Тры дні іхныя целы ляжалі на фурманцы ля штаба, куды па чарзе ганялі гараджанаў, вяскоўцаў, і нехта іх апазнаў. Апазнаў на гора бацькам і родзічам, якім той жа начы павязалі за сьпінаю рукі й павезьлі. Куды — хто ведае. Таму яны наважыліся. Доўга не абмяркоўвалі, камандзір сказаў, і ўсе пагадзіліся, выйсьця ў іх не было. Зброю — вінтоўкі і наган — пакінуць з сабой, а паперы, якія дакумэнты раніцай сабралі да купы і спалілі ў ядлоўцы. I засталіся без імёнаў і прозьвішчаў, бяз роду-племя — восем абадраных, згаладнелых, аброслых бародамі валацуг, што вырашылі сёньня канчаць…
Рабіць тое трэба было як найхутчэй, пакуль тыя з начы, здаецца, згубілі іх сьлед у гэтым лесе, і яны адарваліся ад даганятых, неяк заблыталі на балацявіне сьляды і выйшлі ў ціхі лесавы край. Хоць тая цішыня магла быць здрадлівай, кожную хвіліну яны рызыкавалі наскочыць на бальшавіцкі ланцуг ці засаду. Зноў жа доўга брысьці ім не выпадала, камандзір ведаў, што тут недзе павінны пачацца Чорныя ляды, а далей, можа, вярсты праз тры, баравы хвойнік скончыцца, пачнецца лугавы прасьцяг з дарогай — там ужо, напэўна, іх чакаюць. Ну, але пакуль што, здаецца, ім далі нейкі перадых, у лесавой глушы нідзе не было чутна ні голасу, ні крыку, ні стрэлу. Толькі б нагледзець здатнае месца, якую баравінку, пагорачак. Але ў гэтым раўнінна-забалочаным краі нідзе ніякай баравінкі — спрэс дрымучыя лясныя нетры, бярозы ды сосны, імшарыны, пясчаны, парослы ядлоўцам дол. I яны валакліся, аж покуль наперадзе не паказаўся прагал, зьверху шэра засьвяцілася хмарнае неба, у доле непадалёк відаць стала нагрувашчаньне карчоў, звалочаных сюды зь недарасьцярэбленых лядаў. Мясьціна, вядома, ня самая лепшая, падумаў камандзір, але ўжо якая ёсьць. Брысьці далей было зусім рызыкова.