Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

Фэлікс Гром сам піхаў, лічы, адною рукой, другой ня мог высока ўзяцца — балела ў грудзях. I цяпер ён спалохаўся, каб таго ня згледзеў пільны Шастак ці нават сам памкамэнданта Косьцікаў. Што яму перашкодзіць тут выканаць сваю пагрозу: прыстрэліць і кіне ў гэтую багну. Ад аднае думкі пра тое Фэлікс здрыгануўся і страхавіта зірнуў на цьмяную постаць у шынялі на ўзбочыне.

Яны зноў піхнулі. На гэты раз па камандзе і з усяе сілы, у Фэлікса Грома ад болю аж пацямнела ўваччу. Побач, адчуваў ён, нямала высільваецца і белагвардзеец-буржуй Валяр’янаў, — мабыць, таксама пабойваецца чэкіста. Хоць, калі падумаць, чаго ўжо было ім баяцца, куды імкнуцца?

Наперад, да свае сьмерці? А можа, справа ў тым, што кожны быў пастаўлены перад просьценькім выбарам, дзе лепей легчы — у пясчаную сухую зямельку ці ў гэтую багну, ад якой у яшчэ жывых да каленяў задубелі ногі. Так можна і прастыць, з іроніяй вісельніка падумаў паэт Фэлікс Гром. Свой катафалк яны ж самі і штурхалі да месца паховін. Гэта было штосьці новае ў спрадвечным абрадзе пахаваньняў. Ці адмысловых мэтадаў катаваньня? Во пра што варта было б напісаць верш, баляду ці сагу. Але не распаўсюджаным ямбам, а каб гекзамэтрам, як Гамэр. Мабыць, Гамэр быў бы самым прыдатным паэтам для гэтай праклятай эпохі…

— Раз, два — узялі!.. Ану — рушылі! Яшчэ раз! Яшчэ! — дзікім голасам крычаў побач Косьцікаў. — Не адлыньваць! Дужэй! Яшчэ дужэй!..

Разы два ён пальнуў угару зь пісталета, прымусіўшы здрыгануцца іх, спатнелых і ўжо дашчэнту зьнясіленых. «Давай! Давай!» I во, дзіва — машына трохі скранулася. Яны, узрадаваныя, паддалі яшчэ болей, напяліся рукамі і нагамі, і яна трохі пасунулася, папаўзла ў твані. Тыя, што былі пасярэдзіне — Гром і Валяр’янаў, улезьлі ў самую глыб, але не адступіліся, не прыбралі ад буды рук. I ўрэшце ўсе разам выпхнулі перапэцканую гразёй машыну з самага глыбокага месца. Хоць гразка было скрозь па дарозе, але ўшчэнт раскаламучаная лужына засталася ззаду, і яны зьнямогла спыніліся.

— Ну во, такую вашу маць! — амаль ласкава вылаяўся памкамэнданта. — Што значыць, умелае кіраўніцтва! А то — аслабелі, сілы мала… Прымусіць трэба! Дзесяць мінут перакур! — аб’явіў ён і адышоўся на сушэйшае каля канавы месца.

За ім нерашуча павылязалі з гразі асуджаныя, пакорліва стоўпіліся побач. Чэкіст засунуў пісталет за борт шыняля і вынуў з кішэні пачак «Беламору». Найперш, як сябру, працягнуў пачак Сурвілу.

— Частуйся…

Той гразкімі пальцамі ашчадна дастаў з пачка адну папяросу, зважліва прыкурыў ад падстаўленай у прыгоршчах запалкі. Над дарогай паплыў араматны тытунёвы дымок.

— За ўдарную работу па ліквідацыі ЧП пры выкананьні заданьня аб’яўляю благадарнасьць, — з фальшывай урачыстасьцю аб’явіў Косьцікаў.

Асуджаныя нібы страпянуліся на дарозе ад тых даўно сьцёртых з памяці словаў, адчуўшы ў іх пранізьлівы водгук назаўжды адрэзанага ад іх жыцьця. Тут і цяпер яны зразумелі тое як жарт, але й жарт быў адзнакай жыцьця, недасяжнасьцю якога нібы дражніў іх гэты незразумелы чэкіст, чым рабіў ім яшчэ больш балюча.

Адзін толькі Шастак, здаецца, гатовы быў усур’ёз прыняць сказанае.

— Дзякуй, таварыш… Грамадзянін начальнік. Каб гэта залічылася…

— Залічыцца, залічыцца, — няпэўна паабяцаў памкамэнданта.

— На тым сьвеце, — ухмыльнуўся Сурвіла.

— Чаму на тым? — не пагадзіўся ягоны калега. — I на гэтым. Я вам прадастаўлю самую лепшую ямку. Сухую, з жоўтым пясочкам… Ня горш, чым ударнікам сацыялістычнага спаборніцтва.

Было не зразумець, казаў ён тое сур’ёзна ці хітравата зьдзекаваўся зь іх, у ранішнім прыцемку быў кепска відаць выраз ягонага заўжды жвавага маладога твару. Але голас здаўся зусім памяркоўным і добразычлівым, і тое міжволі заспакойвала.

— Ну але ж во я — невінаваты, —

ступіў наперад Шастак. — Ну, праўда. Во той сьледчы таварыш Кутасаў ведае. Я ня шкоднік.

Косьцікаў смачна зацягнуўся папяросай і разважна выпусьціў даўгі струмень дыму.

— Ну ведама, невінаваты. Калі б ты быў вінаваты, табе б на сьледзтве кішкі выматалі. Косьці б пераламалі. Жонку б на тваіх вачах таго… Калі б быў вінаваты. А так — спакойна застрэлім на сасновым пагорачку. I ўсё. Праўда, буржуй? — раптам зьвярнуўся ён да Валяр’янава, які стаяў трошкі збоч ад астатніх.

Падобна, ён хацеў зачапіць Валяр’янава, але той не адказаў на ягонае пытаньне. Ды ён яго й не пачуў, гэтага маладога, самаўпэўненага чэкіста. Ён ужо нямала пабачыў іх на сваім вяку, пачынаючы зь дзевятнаццатага году, калі яго расстрэльвалі ў Алушце. Ён думаў пасьля, каб тады расстралялі, дык не было б тых пакут і прыніжэньняў, якія ён перажыў за ўсе наступныя свае гады. Але ў Алушце не расстралялі. Толькі давялі да дыстрафіі і выпусьцілі паміраць самахоць. I гэта пратрымаўшы тры тыдні сярод паўсотні былых афіцэраў Добраахвотніцкай арміі ў сырым вінным склепе бязь ежы і вады, не выпускаючы па натуральнай патрэбе. Гэтае апошняе дапякала Валяр’янава болей за голад і смагу, ён доўга ня мог прызвычаіцца хадзіць па-большаму і малому на вачах у натоўпу розных чынам і векам людзей і ўжо тады зразумеў нялюдзкую сутнасьць чэкістаў. Яны — нелюдзі, так і трэба было іх разумець, калі толькі нармальным розумам магчыма было што зразумець. Родны брат Валяр’янава, мілы паручнік Аркадзь Аркадзевіч, так і не зразумеў, мабыць, з кім мае справу — гарачыўся, пратэставаў, спрачаўся. I звар’яцеў. Прыстрэлілі, бы сабаку, і кінулі ў прыдарожны быльнёг. Ён жа вось выжыў галоўным чынам таму, што не пратэставаў, ніколі ні з кім не спрачаўся, паводзіў сябе ніжэй за траву, цішэй за ваду. Зрэшты, і чаго дачакаўся? Таго ж, што і брат. Толькі гадоў на пятнаццаць пазьней. Ці варта было ашчаджацца?

Тым часам пачало днець. Абапал дарогі выплыў са змроку восеньскі палявы прасьцяг з пагорачкам зводдаль і прыдарожным хмызьняком паблізу. Зьверху то імжыў, то пераставаў дробны дождж, з поля дзьмуў вільготны заходні вецер. На пагорак бегла гразкая разьежджаная дарога з налітымі дажджом каляінамі. Гараджане тут езьдзілі нячаста, а каляіны былі ад машын наркамату ўнутраных справаў, які толькі й карыстаўся той дарогай. Асабліва ноччу. А то, бывала, і ўдзень, пад час маскоўскіх праверак, калі ў горадзе тэрмінова разгружаліся турмы.

Тое, што Валяр’янаў ніяк не адрэагаваў на заўвагу, не спадабалася Косьцікаву.

— Ты, буржуй! Да цябе абрашчаюцца!

— Я чую, — ціха, аднымі вуснамі адказаў Валяр’янаў.

— Дзяч маёй дабрыні. Хацеў прыстрэліць.

— Дзякуй…

— Во! А то не напомніш — не падзякуюць. Буржуйская нявыхаванасьць…

— Да сваіх яны дык дужа добра выхаваныя, — падхапіў Шастак. — Усё: благадару, благадару…

— Да сваіх. Але не да пралетарыяту, — заўважыў Сурвіла. — Пралетарыі— іхныя ворагі.

— Мабыць, мала стралялі, — сказаў Шастак.

— Стралялі ня мала. Але ўсіх яшчэ не перастралялі. Усё за віной гналіся. За даказацельствамі і прызнаньнем. Болей паперкі пісалі, — як пра штось набалелае, з горыччу зазначыў Сурвіла.

— А што пісаць? — зьдзівіўся Шастак. — Хіба адразу не відаць: контра. Во гэты: камізэлька, гамашы, кавэркот…

— Можа, яшчэ і гальштук завязваў? — прыгожа заўсьміхаўся Косьцікаў.

— Завязваў, — ціха адказаў Валяр’янаў. — Як кожны інтэлігентны чалавек…

Поделиться:
Популярные книги

Хозяйка усадьбы, или Графиня поневоле

Рамис Кира
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.50
рейтинг книги
Хозяйка усадьбы, или Графиня поневоле

Бастард Императора. Том 6

Орлов Андрей Юрьевич
6. Бастард Императора
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Бастард Императора. Том 6

Темный Лекарь 4

Токсик Саша
4. Темный Лекарь
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Темный Лекарь 4

Хозяйка дома на холме

Скор Элен
1. Хозяйка своей судьбы
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Хозяйка дома на холме

Чехов. Книга 3

Гоблин (MeXXanik)
3. Адвокат Чехов
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Чехов. Книга 3

Прометей: повелитель стали

Рави Ивар
3. Прометей
Фантастика:
фэнтези
7.05
рейтинг книги
Прометей: повелитель стали

Наследник пепла. Книга II

Дубов Дмитрий
2. Пламя и месть
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Наследник пепла. Книга II

Наследник, скрывающий свой Род

Тарс Элиан
2. Десять Принцев Российской Империи
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Наследник, скрывающий свой Род

Наследие Маозари 7

Панежин Евгений
7. Наследие Маозари
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическое фэнтези
постапокалипсис
рпг
фэнтези
эпическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Наследие Маозари 7

Гардемарин Ее Величества. Инкарнация

Уленгов Юрий
1. Гардемарин ее величества
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
аниме
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Гардемарин Ее Величества. Инкарнация

Нищий барин

Иванов Дмитрий
1. Барин
Фантастика:
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Нищий барин

Возвышение Меркурия. Книга 5

Кронос Александр
5. Меркурий
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 5

Беглец

Бубела Олег Николаевич
1. Совсем не герой
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
8.94
рейтинг книги
Беглец

Солдат Империи

Земляной Андрей Борисович
1. Страж
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.67
рейтинг книги
Солдат Империи