Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Падобна, машына выехала з гораду, а можа, і збочыла з шашы. Рух яе прыкметна запаволіўся, вялізную буду раз за разам трэсла і хістала на выбаінах, часам здавалася, вось-вось яна спыніцца, натужна равучы маторам. Партыец-бальшавік Шастак таксама добра ведаў гэтую дарогу і беспамылкова вызначыў, дзе яны едуць. Чым далей ад’яжджалі ад турмы, тым ён турбаваўся ўсё болей. У турме за паўгода адсідкі ён не сказаць, каб надта і непакоіўся — там у яго былі свае абавязкі: дагадзіць сьледчым, запомніць і як мага дакладней перадаць ім, пра што гаварылі арыштанты. Ужо другі год Шастак быў членам ВКП(б) і разумеў перадавую ролю рабочае клясы ды ейнага авангарду — партыі бальшавікоў. Ён няблага працаваў у дэпо, лічыўся ўдарнікам. Але калі ўжо здарылася такое, што ён апынуўся ў турме, дык і тут трэба паводзіць сябе, як бальшавік: памагаць органам выкрываць ворагаў. Усім ведама, што ворагі — страшэнна хітрыя людзі, яны ўсё тояцца, хітруюць і ашукваюць; патрэбныя д’ябальскія высілкі, каб іх выявіць і пакараць. I Шастак стараўся. Прыкідваўся дурнем, распытваў, слухаў і запамінаў, часам даваў парады. Як гэтаму аднаасобніку Казлу. Прыгаломшанаму і скатаванаму на першых допытах, параіў яму прызнацца ва ўсім і падпісаць,
Дагэтуль у Шастака ўсё ішло быццам няблага. Яго ня білі на допытах, абыходзіліся ветліва, з павагай, здаралася, нават частавалі гарбатай з цукеркамі. А тут нешта перамянілася. Тыдні два яго зусім не вадзілі да сьледчага, быццам забыліся, што ён тут сядзіць і чакае. Пасьля павялі на суд. Шастак думаў, што ў адносінах да яго суд — пустая фармальнасьць, але на справе аказалася ня так. Не фармальнасьць. Найперш да яго адразу зласьліва паставіліся канваіры, сурова сустрэлі судзьдзі. Кароткі злы допыт здаўся яму недарэчным: мусіць, гэтыя судзьдзі ня ведалі, што ў яго інакшая, чымся ў астатніх, справа. Пэўна, ня ведалі. Магчыма, сьледчы Кутасаў штосьці не перадаў ім. Якіх папераў ці якіх указаньняў. I калі яму аб’явілі: да вышэйшай меры з канфіскацыяй маёмасьці, ён найперш шчыра зьдзівіўся. Але тут жа падумаў, што, мабыць, так трэба. Усё ж ён там быў не адзін — іх было шмат, абвінавачаных ворагаў народа. Значыць, яго трэба было прыкрываць, каб не западозрылі іншыя. Хоць бы й той самы Казёл Аўтух, які таксама атрымаў вышку. А пасьля, можа, Шастака і выпусьцяць. Бо завошта ж яго расстрэльваць? Яго ўзнагародзіць трэба за ягоныя пяцімесячныя турботы ў турме, за паслугі, якія ён аказваў органам і партыі. Пасьля дзён колькі ён цярпліва чакаў у камэры, ды марна. Тады пачаў патрабаваць сьледчага, таго ж Кутасава. Аднойчы, калі ён, дужа затрывожаны, грукаў у дзьверы, увайшлі два наглядчыкі й пачалі яго біць. Тады ён адчуў выразна, што ягоная справа дрэнь. Але ўсё роўна не хацелася верыць у кепскае, чакаў, што нарэшце Кутасаў яго пакліча, і ўсё стане, як трэба. А калі ня кліча, то, можа, яго няма ў турме, можа зьехаў куды ў камандзіроўку. У Маскву. Ня мог жа ён забыцца, што ў турме-«амэрыканцы» яго чакае верны памагаты органаў, партыец Шастак.
Ён выглядаў сьледчага ўначы на падворку, як іх вывелі для пасадкі ў машыну, але сьледчага не было і тут. Бы скрозь зямлю праваліўся. Тады Шастак пачаў думаць, што, мабыць, той зьявіцца перад самым расстрэлам і ў апошні момант адлучыць яго ад іншых. I ён думаў, што галоўнае для яго цяпер, як і раней, — не раскрыцца, не зазлаваць, да канца выканаць свой сакрэтны абавязак. Тады ўсё будзе добра. Павінна быць добра.
Машыну дужа пахіліла набок, страсянула, матор, чутна было, гучна зароў, але, падобна на тое, яны спыніліся. Сурвіла прыкладна вызначыў, дзе — у лагчынцы, дзе заўжды была разьбітая дарога, і ў мокрыя дні стаялі глыбокія лужыны. Надоечы якраз пачаліся дажджы, лужыны маглі й пабольшаць. Седзячы ля дзьвярэй, ён слухаў, як пад машынаю марна шархацелі ў каламуці колы — машына буксавала. Наперадзе бразнулі дзьверцы кабіны, і пачуўся голас — гэта вылез на дарогу памкамэнданта Косьцікаў, які цяпер ехаў выканаць прысуд.
— Лявей, лявей бяры ты, ахламон! — раздражнёна гукаў ён да шафёра, які старанна газаваў маторам. Але машына толькі тузалася на месцы, камякі гразі ляскаталі па яе жалезным днішчы.
— Дай я…
Пачаў газаваць Косьцікаў — і дужа, і цішай, але, падобна, дарма, — яны толькі глыбей садзіліся ў багну.
Некалі гэтага Косьцікава, тады маладога хлопца, які толькі пачынаў службу ў органах, перавялі з раёну ў іхную ўправу турмы. На працы яго першым сустрэў Сурвіла, які тады заступіў на дзяжурства. Хударлявы, нясьмелы Косьцікаў уважна слухаў аповед пра заведзеныя ў турме парадкі, абавязковыя строгасьці з арыштантамі. Усё тут было яму новае, Сурвіла ж ужо меў сякі-такі досьвед. Тады ён параіў маладому чэкісту, дзе пашукаць кватэру, і той сапраўды знайшоў ладны дамок ля Кальварыйскіх могілак; неўзабаве запрасіў Сурвілу на госьці, і яны добра там выпілі. Празь нейкі час Сурвіла перайшоў у сьледчы аддзел на павышэньне, а Косьцікаў
Урэшце памкамэнданта, відаць, зразумеў, што сілаю рухавіка з багны ня вылезьці. Уключыўшы малы газ, ён выскачыў з кабіны і забразгаў засовам машыны.
— Ану — падпіхнём! Ты, Мікалай, і ты, Казёл, вылазьце!
Яны сядзелі блізка ля дзьвярэй і згодна падняліся. Сурвіла рашуча скочыў ботамі ў твань, а Аўтух замарудзіў, ня ведаючы, куды тут ступіць. Але Косьцікаў зноў злосна прыкрыкнуў, і Аўтух няспрытна плюхнуўся лапцямі ў ваду.
— Давай! Як я скажу, — камандаваў Косьцікаў, стоячы на ўзбочыне. — Шафёр, паддай газу! Ну, раз, два — узялі!
Што было сілы яны пачалі піхаць у зад нізка аселай буды — Сурвіла з аднаго боку, Аўтух — з другога. Вакол было цёмна. Збоч ад дарогі чарнеўся ў тумане лес, з начнога перадранішняга неба церушыў дробны дожджык. Колы шалёна кідалі ў іх ашмёткамі гразі. Сурвілава скуранка стала хутка макрэць, таксама, як і руды суконны Аўтухоў армяк. Яны дужа стараліся, упіраючыся нагамі ў гразкае дно лужыны, але машына ня зрушвалася зь месца, мусіць, села, як трэба. Калі Косьцікаў зразумеў гэта, то крыкнуў шафёру, каб перастаў газаваць, — па-дурному паліць бэнзын. Цяжка дыхаючы, Сурвіла з Аўтухом выпрасталіся. У той час з буды пачуўся глухаваты Шастакоў голас:
— Дык гэта… Пусьціце і мяне. Пасаблю…
— Давай! — сказаў Косьцікаў і, ступіўшы адною нагой у багну, адчыніў дзьверы. Шастак рашуча скочыў у гразь. Косьцікаў зноў прычыніў дзьверы.
— А ці трэба? — ціха сказаў да яго Сурвіла.
— Нічога! — махнуў рукой памочнік камэнданта.
— Не ўцякуць…
Ужо ўтрох яны зноў пачалі піхаць машыну, але ўсё марна, тая тузалася, дрыжэла ад натугі, а не краналася зь месца. Разам зь ёю ўсім целам тузаўся ў будзе паэт Фэлікс Гром. Ён думаў, што, мабыць, трэба было б і яму вылезьці і памагчы, усё ж няёмка сядзець, калі побач надрываюцца людзі. Але яго ня клічуць і, мабыць, не паклічуць. Ён вораг. I ўжо куды большы, чым ягоны аднавясковец Аўтух ці рабочы-партыец Шастак, ня кажучы ўжо пра чэкіста Сурвілу. Чаго тут гэты Сурвіла, Фэлікс Гром не зразумеў дагэтуль. Справу таго разглядалі асобна ад іхнай, і, папраўдзе, ягоны лёс ня дужа й цікавіў паэта. Зрэшты, як і лёсы астатніх, апроч хіба ягонага земляка Аўтуха. Дзіўна, аднак, што справу камсамольца-паэта зьвязалі з асобаю аднаасобніка, зь якім ён нічым зьвязаны ня быў, апроч хіба таго, што паходзіў з той самай вёскі. Фэлікс Гром быў ужо заўважаны ў літаратуры, а Казёл Аўтух, з прычыны свае малапісьменнасьці, наўрад ці чытаў нават газэты. Але во зьвязалі абодвух. Не адразу і, мабыць, толькі тут, у турме, Фэлікс зразумеў, што трапіў у пастку не таму, што пачаў пісаць вершы, а што пачаў іх пісаць па-беларуску. Расейскія вершы не выклікалі да сябе і дзясятай долі тае ўвагі з боку рэдактараў і крытыкаў, якую выклікалі беларускія. I ён думаў цяпер, які д’ябал падбіў яго да паэзіі, тым больш — беларускай. Калі папраўдзе, дык ён нашмат больш падабаў расейскую — Пушкіна, Лермантава і асабліва Фета. Але пісаць так, як некалі пісаў Фет, было немагчыма, яго засьмяялі б свае ж сябры-камсамольцы. Належала браць прыклад з Маякоўскага, які зусім не падабаўся Фэліксу Грому. I ён памкнуўся да згуртаваньня «Маладняк», у які дружна паўступалі іншыя маладыя паэты, і пачаў пісаць, як яны, — знарок прыўзьнята, задзірыста, «бурапенна». Стараўся перайначыць у сабе прыроджаныя, а значыць, абыватальскія схільнасьці і густы — усю гэтую любасьць да бору і лесу, нязначных праяваў жыцьця, засвоіць іншую эстэтыку, інакшы слоўнік, напоўнены грымотай заводзкіх цэхаў, дымам фабрычных труб, калектыўнай працай людзей, будаўнікоў камунізму. I, здаецца, нешта ў яго пачало атрымлівацца. Газэта «Савецкая Беларусь» у аглядзе паэзіі памянула ягонае прозьвішча ў ліку маладых пралетарскіх паэтаў. Нават надрукавала адну страфу зь яго лепшага, на думку крытыка, верша над назвай «Майскія радзіны»:
Грымяць і стукаюць машыны, турбіны радасна гудуць, — спраўляюць майскія радзіны, гэта ўдарнікі ідуць.Акрылены афіцыйным прызнаньнем свайго таленту, Фэлікс напісаў яшчэ з тузін падобных вершаў і адчуў сябе запраўскім песьняром пралетарыяту.
Усё ў яго ішло добра, і раптам гэты недарэчны арышт. Пэўна, хтось на яго настукаў, данёс за якое неасьцярожна, па п’янцы сказанае слова. У турме сьпярша дапытвалі толькі пра вершы ды размовы ў асяродзьдзі паэтаў, а пасьля, мабыць, сьцяміўшы, што з таго будзе невялікі набытак, зьвязалі ягоную справу зь дзядзькам Аўтухом — прызнавайся, што польскі шпіён! Здаецца, таго ж дамагаліся і ад Аўтуха. I дамагліся. Па сваёй сялянскай дурноце ці, можа, не стрываўшы зьдзекаў на допытах, Аўтух падпісаў паказаньні, нібыта Фэлікс Казёл завэрбаваў яго ў агенты дыфэнзывы, каб той хадзіў празь мяжу. Трэба было яму вэрбаваць гэтага маласьвядомага аднавяскоўца? I навошта яму патрэбная была тая мяжа? I навошта патрэбна было фальсыфікаваць усё тое органам?
Штурханіна і ляскат колаў знадворку раптам спыніліся, адно ледзь чутна гудзеў матор. Панылы голас чэкіста абвясьціў:
— Ну што? Селі?
— Селі на дзіфер, — сказаў Шастак.
Фэлікс Гром далікатна пастукаў у дзьверы.
— Можа, і я памагу? Усё ж учатырох…
Адтуль, знадворку, ніхто не адказаў, але дзьверы, бразнуўшы, расчыніліся.
— Ану давай усе! Усе вылазь, маць вашу за нагу. I піхаць! Дружна, усе разам! — закамандаваў памочнік камэнданта з напускной, аднак, злосьцю.
Менавіта такая яго злосьць не палохала і не абражала. I Фэлікс падумаў, што, можа, гэты чэкіст і не такі ўжо благі чалавек. За два месяцы турмы, допытаў і катаваньняў ён натрываўся рознага і ўжо думаў, што сярод іх няма ніводнага людзкага чалавека, адныя зьвяры. А так хацелася хоць пры канцы сустрэць чалавека з дабрынёй у душы, які б паставіўся да небаракі калі не з разуменьнем, дык хоць з маленькаю да яго спагадай. Усё ж ён быў чалавек. Хоць і паэт. I вораг, прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня.