Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

На другі дзень, аднак, замест Аляксея ля гаражу паявілася Аляксеева жонка, худзенькая маленькая чарнушка, з малым сынком. Яна выглядала заплаканай і скупа паведаміла скрушную навіну:

— Алёшу зарыштавалі.

— Завошта?

— Ну, прыслалі павестку з пракуратуры, што выклікаюць як сьведку. Наконт таго мітынгу. Ён пайшоў і прапаў. Аказваецца, у пракуратуры і арыштавалі. Што цяпер рабіць? — сумна пыталася жонка.

Малы задуменна церабіў падол яе кароценькай, па модзе, сукенкі.

— Пусть не путается с бэнээфовцами, — сурово зазначыў Сазон.

— Нічога, ня плач, — суцяшаў Плешка. — У Хельсінскі камітэт трэба. Там добрая адвакатка ёсьць.

Ступак не сказаў нічога і, каб не цьвяліць душу, адышоўся ў цёмны кут свайго гаражу. Ён адчуваў, што ніхто ёй не паможа — ні Хельсінскі камітэт, ні адвакатка, ні нават сто адвакатаў:

і суд, і закон былі ў ягоных руках, і ён сваю палітыку вёў, як хацеў, — напралом праз закон і права, па лёсах людзей, таптаў канстытуцыю і ўсе міжнародныя пагадненьні. Мабыць, зважыць ён толькі на сілу. Але дзе яна была, тая сіла? Дзе і адкуль было яе ўзяць? Цёмны забіты народ толькі і ведае глядзець у яго хітра-блатняцкія вочы і падтрымліваць, што ён ні скажа. Варта каму з замежжа заступіцца за бязьвінныя ахвяры, памагчы грашыма, як тут жа — разьюшаны вэрхал у газетах і на тэлебачаньні — змова, прошукі ЦРУ, прасоўваньне НАТА на ўсход. Недзе варушыцца жменька апазіцыі, самыя адважныя з якой ідуць на злом галавы, нявечаць жыцьцё сабе і сямейнікам. На што спадзявацца?

Можа, аднак, праз месяц пасьля шпаковага прыезду ўсё вакол Ступака раптам зьмянілася, — забурліла, замітусілася, бы на пажары. Уранку, толькі ён пагаліўся перад кавалкам люстэрка, дужа забразгала гаражнай засаўкай жонка, якую паднялі з ложку. Ступак адчыніў дзьверы, і ўбачыў яе ў файным хатнім халаце, побач стаялі два ў камуфляжы, а ззаду чарнелася ўрадавая «волга». Яго пасадзілі на задняе сядзеньне і моўчкі павезьлі кудысь па горадзе, затым — у загараддзе. Пасьля паволі між нейкіх дачных забудовак па лесе ці цераз парк, пад’ехалі да нейкага асабняку з калонамі. У Ступака ажно непрыемна заныла пад грудзямі — куды гэта яго? Ужо ці не пранюхалі што? Але, мабыць, яшчэ не пранюхалі, хоць па хмурых тварах яго спадарожнікаў і тых нямногіх, што траплялі насустрач, нічога нельга было заўважыць — так умелі хаваць усё ў сабе. Ці, можа, у іх не было нічога, — падумаў Ступак. Затое сыты, як і ў Шпака, твар нестарога яшчэ палкоўніка, да якога нарэшце яго прывялі, сьвяціўся лагодай і прыязнасьцю.

— Сядайце, таварыш прапаршчык, Ступак, здаецца? — папытаўся палкоўнік і для пэўнасьці зірнуў у паперку на стале. — Дык як жывяцё? Як здароўе?

— Нічога, — стрымана адказаў Ступак. Ён ужо ведаў, што гэтыя заўжды так пачынаюць гаворку — пра жыцьцё і здароўе, быццам тое іх дужа хвалюе.

Гаворка, аднак, выдалася доўгая — пра жыцьцё і пра палітыку, унутраную і зьнешнюю, камуністаў і дэмакратаў. Відаць па ўсім, палкоўнік быў чалавек гаваркі і меў процьму часу. Ступак болей слухаў, і калі палкоўнік пытаўся, сьціпла адказваў: так або не. Мусіць, яго суразмоўніка тое задавальняла. Як можна было зразумець, яго найбольш клапаціла стаўленьне Ступака да апазіцыі, якая «шалёна ірвецца да ўлады». А таксама той факт, што «НАТА апантана прасоўваецца на ўсход». Ступак нешта мармытаў у адказ, што мала разумеў сам, але думаў: «У труне я хацеў бачыць тое НАТА разам з табой». Аднак услых не сказаў нічога, нават трохі пабойваўся, каб палкоўнік не адгадаў яго крамольнае думкі. Мабыць, аднак, не адгадаў, бо ў той час натхнёна апавядаў, як важна супрацьстаяць агрэсіі заходняга капіталу і ратаваць бацькаўшчыну. Што ён разумеў пад тым словам — Беларусь, СНД ці ранейшы СССР, засталося невядома.

Далей Ступак паўдня праседзеў у асобным кабінеце — запаўняў анкеты. Гэтых было тры ці чатыры адразу, на некалькіх старонках, і ён аж спацеў, падрабязна адказваючы на дзясяткі пытаньняў — ад першага, пра імя, прозьвішча і імя па бацьку да імёнаў бацькоў, месца іх нараджэньня і сьмерці (дзе і калі памерлі, месцы пахаваньня і нумары магілаў). Жывога бацьку Ступак падрабязна атэставаў як партызана і ўзнагароджанага, а маці… Яна памерла, калі ён быў у Афгане. Сястра Алена жыла пад Масквой, ды ён ня ведаў дзе, у якім горадзе (ні то ў Жукоўску, ні то ў Чарняхоўску) і думаў, як лепш напісаць? Ці калі ня ведаеш, дык не пісаць нічога? Але тады могуць прыдрацца, што ўтаіў. I ён напісаў першае, што прыйшло ў галаву: горад Зеленагорск, вуліца Касманаўтаў, 10, кв. 20.

Пасьля ў іншым кабінеце афармляў падпіску аб строгай сакрэтнасьці — гэта ўжо было, як ён здагадаўся, па лініі бясьпекі. Хоць і прымаў яе лысаваты чалавек у модным двухбортным пінжаку з дужа акуратна завязаным гальштукам, важнасьці было нават больш, чым у кабінеце палкоўніка. Неяк вельмі стрымана, нібы выпрабоўваючы ягоную рэакцыю, чалавек вымавіў яму ў твар адно

толькі слова «Музыкант», і Ступак зразумеў усё. Некалі гэтую мянушку прыляпілі да яго таксама ў дужа сакрэтным аддзеле перад адпраўкай у Афган. З тае пары, праўда, ніхто яму пра яе не напамінаў, і ён ужо думаў: забыліся. Аж не, не забыліся. Зрэшты, цяпер ад яго нічога не патрабавалася, а гуляць з імі ў тыя сакрэтныя гулі ўвогуле было няцяжка, хай пацешацца. I ён усё падпісаў.

Мусіць, да паўдня, аднак, усе паперы былі аформленыя, якія забрала ў яго прыгожая, у міліцэйскай форме дзяўчына з дужа суровым позіркам і дзьвюма зоркамі на пагонах. У апошні момант ён нават падміргнуў ёй, ды тая не павяла і брывом, склала ягоныя паперы ў шыкоўную зялёную папку і замкнула ў шэры сейф у кутку. Значыць, будзе захоўвацца вечна і сакрэтна, падумаў Ступак. Пасьля ўжо іншы, белабрысы міліцэйскі сяржант павёз яго кудысьці ў горад. Спакваля Ступак пачаў пазнавацьМУС. «Гэта навошта?» — спытаў Ступак. «А медкамісія! — проста і дабразычліва адказаў белабрысы шафёр і хіхікнуў: — Праверка на СНІД».

Тое ўжо мала Ступаку падабалася, хутчэй — не падабалася зусім. На якога д’ябла! — думаў ён, губляючы трываньне ад гэтага падрабязнага дасьледваньня ягонай асобы. Што ён ім будзе служыць? У яго іншая мэта, яму б толькі дапяцца да зброі. Мабыць жа, дадуць якога «Сьцечкіна» ці «Калашнікава», і ён падловіць момант. Ягонае здароўе яго мала цікавіла, хай не цікавіць яно і гэтых.

Але гэтых якраз дужа цікавіла. Да цямна яго вадзілі з кабінету ў кабінет, з паверху на паверх, — слухалі, мацалі, вымервалі на апаратуры, высьвечвалі ягоныя вантробы на мільготкіх маніторах. Але ўсё было ў норме, ціск жа, сказалі, бы ў юнака, і яго пахвалілі. «Алкаголь ужываеце?» — папытаўся строгі доктар, на плячах пад халатам якога мулялі цьвярдыя пагоны. Ступак з наіўным выглядам пакруціў галавой: «Ну што вы!» Трохі затрымаў на ім свой пранізьлівы позірк хірург, як убачыў сіняватую адмеціну на плячы. «Што — агнястрэльная?» — «Афган», — коратка адказаў Ступак. «А то — ушыб?» — даволі груба памацаў ён сьлед ад нядаўняй амапаўскай палкі. «Упаў…» — «Па п’янцы?» — ухмыльнуўся доктар, штось разумеючы. Ступак тое пакінуў без адказу — здаецца, яны і так паразумеліся. Далей была кардыяграма з правадамі, якія аблыталі ягоныя рукі і ногі, акуліст са сваёй табліцай на сьцяне і ў канцы дзіўнаватая гаворка з псіхіятарам. Адзінае, што з яе запомніў Ступак, былі прыдзірлівыя пытаньні пра выпіўку і наркоту. I тое, і іншае Ступак рашуча адмаўляў, сказаў, што ніколі ні-ні, успамінаючы пры тым, як у тым жа Афгане, і неаднойчы, яны добра-такі кайфавалі анашой. Шкада, пасьля кінуў. Каб ня кінуў, можа б, лепей было, нечакана падумаў ён, седзячы перад хітраванам-псіхіятарам. Здаецца, стан ягонага здароўя іх задаволіў. Яго тым болей.

Да свайго гаражу ён прыплёўся, калі ўжо сьцямнела, побач на падворку ўгары сьвяціўся ліхтар, сьвяціліся вокны ў хрушчоўках. Ведаў, цяпер там усе ўтаропіліся ў свае зіхоткія скрынкі — хто на музычныя шоу, крывуляк-танцуляк са шнурамі ў руках, а болей, мусіць, на чарговы нумар самога. Амаль кожны вечар той выступаў са сваім гіпнозам — то пагрозьліва-строга, калі гаварыў пра апазіцыю, якая мае ад ЦРУ заданьне яго зьнішчыць, то шчодра адорваючы ўсіх белазубай усьмешкай з-пад шыкоўных вусоў, калі зьвяртаўся да гледачоў. Асабліва глядачак, якіх ён часьцяком на прамілы Бог прасіў падтрымаць яго ў сьвятой барацьбе за дабрабыт народу. Слухаючы яго лісьлівыя звароты, жанчыны былі гатовыя на што хочаш, — з такімі просьбамі да іх ніхто раней не зьвяртаўся. Тым болей з вялікіх начальнікаў, не памінаючы ўжо ўласных мужоў, якія даўно не прызнавалі нічога ў жыцьці, апроч бутэлькі. Мужчыны не любілі палітыку, якая цікавіла іх усё меней, чым горш жылося. Затое яна ўсё болей захапляла жанчын, асабліва з тае прычыны, што ў ёй верхаводзіў ён — такі выбітны, прывабны, амаль нежанаты, які ўвасабляў недасяжныя жаночыя мары аб мужчыне-кавалеру, мужчыне-лідэру. I тым вабіў.

Ну, але засталося нядоўга.

Так думаў Ступак, зласьліва чакаючы, калі яго паклічуць зноў. Павінны ж урэшце паклікаць, ён ужо прагнуў таго. Хоць бы таму, што ежы не было зусім, два дні таму пазычыў пару тысячаў у былога суседа па кватэры, якога падпільнаваў у двары. Перш чым выняць яму паперку, сусед добра паплакаўся, наракаючы на жыцьцё, малую пенсію, лайдачку дачку, якая ня хоча працаваць і звыкла жыць на ягоную пенсію. Ступак суцешыў яго, што хутка атрымае зарплату і разьлічыцца. І апусьціў долу вочы, бо глядзець на старога было няёмка.

Поделиться:
Популярные книги

Иной мир. Компиляция

Шарипов Никита
Иной мир
Фантастика:
боевая фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Иной мир. Компиляция

Корпулентные достоинства, или Знатный переполох. Дилогия

Цвик Катерина Александровна
Фантастика:
юмористическая фантастика
7.53
рейтинг книги
Корпулентные достоинства, или Знатный переполох. Дилогия

Санек 2

Седой Василий
2. Санек
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Санек 2

Ритуал для призыва профессора

Лунёва Мария
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.00
рейтинг книги
Ритуал для призыва профессора

Адептка в мужской Академии

Завгородняя Анна Александровна
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.44
рейтинг книги
Адептка в мужской Академии

По другую сторону надежды

Friyana
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
По другую сторону надежды

Пипец Котенку! 2

Майерс Александр
2. РОС: Пипец Котенку!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Пипец Котенку! 2

Купец VI ранга

Вяч Павел
6. Купец
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Купец VI ранга

Призван, чтобы защитить?

Кириллов Сергей
2. Призван, чтобы умереть?
Фантастика:
фэнтези
рпг
7.00
рейтинг книги
Призван, чтобы защитить?

Жизнь под чужим солнцем

Михалкова Елена Ивановна
Детективы:
прочие детективы
9.10
рейтинг книги
Жизнь под чужим солнцем

Долгий путь домой

Русич Антон
Вселенная EVE Online
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
6.20
рейтинг книги
Долгий путь домой

Никчёмная Наследница

Кат Зозо
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Никчёмная Наследница

Сборник книг вселенной The Elder Scrolls

Bethesda softworks
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Сборник книг вселенной The Elder Scrolls

Пятничная я. Умереть, чтобы жить

Это Хорошо
Фантастика:
детективная фантастика
6.25
рейтинг книги
Пятничная я. Умереть, чтобы жить