Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
I сапраўды — тоўсты грымнуў каманду, і з галоўнага ўваходу зьявіўся ён. На той раз ён таксама быў у камуфляжы, новенькім, акуратным, які добра дапасаваўся да яго рослай спартыўнай постаці. Нягучным, нейкім цеплаватым, амаль хатнім голасам ён дазволіў «вольна» і падышоў да правага флангу, дзе стаялі самыя даўгалыгія, фізічна найболей накачаныя хлопцы, пачаў з усімі вітацца за руку. То было штосьці новае, — каб вялікі начальнік вітаўся з кожным у страі паасобку. Яны ўсе, бы зачараваныя, утрапёна ўзіраліся ў ягоны хітравата-ўсьмешысты твар, у якім цяпер не было і сьледу ад яго нядаўняй тэлевізійнай суровасьці — была толькі цеплыня і спагада. Калі чарга дайшла да Ступака, здалося: ён з нейкім асаблівым пачуцьцём зірнуў у ступаковы вочы, быццам пранікаючы ў самую глыб душы. Поціск рукі быў дужы, Ступак адказаў такім жа, і адчуў, што ён задаволены. Парукаліся, як мае быць, — па-мужчынску.
Абышоўшы строй, ён выйшаў на сярэдзіну залы і пачаў гаварыць. Казаў нягучна, ціхім хрыплаватым голасам і, стоячы за пяць крокаў ад Ступака, здаўся яму зусім не маладым, хутчэй пажылым і стамлёным. А гаварыў пра тое, што дужа спадзяецца на сваю службу бясьпекі, да якой яны маюць гонар належаць, што яна — галоўная яго апора, для іх ён не пашкадуе нічога і будзе клапаціцца пра кожнага як родны бацька. Калі ў каго ёсьць якая патрэба, хай ідзе проста да яго і расказвае, — ён зробіць усё. Бо ён іх усіх любіць, як бацька любіць сыноў, што ў яго болей нікога няма, апроч іх, хлопцаў бясьпекі, ды яшчэ народу, які яго абраў на самы высокі пост. Што народ — галоўны ягоны клопат і галоўная любоў, асабліва такі народ, як наш, які вечна гаруе ў нэндзе, пакутуе праз усю гісторыю, што тое ён ведае як прафесіянал-гісторык. Што гэты народ заслугоўвае лепшае долі, чым тая, якую яму нарыхтавалі здраднікі-нацыяналісты, усе гэтыя пазьнякі, шарэцкія ды карпенкі, якія даўно запрадаліся ЦРУ ды іншым замежным сьпецслужбам і цяпер распрацоўваюць самыя хітравумныя планы, каб фізічна зьнішчыць яго і пакінуць сіратой любы беларускі народ. Таму вялікія спадзяванкі на іх — гонар ягонай бясьпекі, у руках якой ягонае жыцьцё і будучыня народу.
Ступак за жыцьцё нямала ўжо пераслухаў розных агітатараў-прапагандыстаў, у тым ліку і ў войску, і ніколі не ўспрымаў іх усур’ёз, заўжды слухаў хіба адным вухам. Не хацелася верыць і гэтаму. Але нейкая ўпартая сіла па-малу па-малу, усё ж дзейнічала на ягоную сьвядомасьць; напор і шчырасьць разважаньняў пачалі даходзіць да яго разуменьня. Найперш неяк бы міжволі само сабой хацелася ў тое паверыць. Так шчыра было ўсё сказана, што зьявілася спагадлівая думка: сапраўды, як нялёгка быць кіраўніком такога маштабу, як небясьпечна і адказна.
З гэткаю думкай-пачуцьцём Ступак і стаяў у страі, трошкі нібы задумаўшыся, як пачуў, што прамова перайшла на афганскую тэму, і аж скалануўся, як той, пазіраючы ў ягоны бок, прамовіў:
— Вон пусть скажет Саша Ступак, он участник, отмеченный наградами. Он на своих плечах вынес груз дружбы с братским афганским народом…
Пачуцьцё зьдзіўленьня кальнула Ступака — глядзі ты, ён ведае! Ведае пра Афган, нават называе яго па імені, чаго ў Ступака не здаралася нават у войску, нават у Афгане. Незвычайны, дзівосны чалавек, сумеўшыся, думаў Ступак. Не сказаць, аднак, каб тыя цёплыя словы ўзрадавалі яго, — зьбянтэжылі, гэта дакладна. I ён, задуменны, пайшоў у курылку, калі ўсё скончылася і строй распусьцілі. Ён нічога ня мог нікому сказаць пра сваё ўражаньне ад той сустрэчы, ды тут і ніхто не гаварыў пра яе нічога, усе зацята маўчалі, толькі пільней прыглядваліся адзін да аднаго, нібы выпрабоўваючы: ну што? Ну як? То былі толькі маўклівыя пытаньні без адказаў.
Нечакана надышоў момант, пра які Ступак столькі перадумаў калісьці, да якога ўвесь час міжволі рыхтаваўся. Здарылася, як і шмат што ў ягоным жыцьці, нечакана, зьнянацку, самым брутальным чынам.
Уранку, яшчэ да сьняданку, пад іхнюю лясную дамоўку падкацілі адразу тры чорныя «Ландроверы», у якія порстка, бы мышы ў норы, шаснулі іх стракатыя постаці з новенькімі, яшчэ пахучымі ад змазкі «Узі». Пад камандай незнаёмага падпалкоўніка ў скураным паліто хутка пад’ехалі да прахадной нумарнога заводу на гарадской ускраіне, які нядаўна яшчэ быў «паштоваю скрынкай»; адразу заехалі ў двор і выгрузіліся ля будынку заводакіраўніцтва. Тут жыва разьбегліся двума шэрагамі ўпоперак прыступак, утварыўшы нешырокі, але і ня вузкі калідор да дзьвярэй, і застылі. Іншыя, што прыехалі раней, былі ўжо ўнутры. Усе маўчалі, аднак Ступаку стала зразумела, што яны забясьпечвалі прыезд самога. Ступак вольна стаяў на другой аднізу прыступцы і думаў, што тое самае, што валодала ім гэтулькі часу, здаецца, урэшце наблізілася ўшчыльную. Урэшце ён дачакаўся магчымасьці, пра якую столькі перадумаў, да якой імкнуўся. Ражок аўтамата быў поўны патронаў, аўтамат на грудзях у поўнай гатоўнасьці. Не хапала хіба апошняй кропкі рашучасьці. Але чаму? Хіба што-небудзь было ім няўцямлена, ці што зьявілася новае?
Нешта ўсё ж ён не пасьпеў
Два шэрагі яшчэ працягвалі стаяць на прыступках, але ранейшае напружаньне мінулася, можна было разьняволіцца. Штосьці было не зразумела Ступаку, — чагось нават крыўдна, ды ён ня мог разабрацца, чаму? Можа, за сваё ранейшае, перажытое, а можа — за сёньняшняе — таго ён зразумець ня мог. Адно было пэўна — кілер з яго пакуль што не атрымаўся, і дзіўна, што тое цяпер пачало ім адчувацца, нібы палёгка. Нібы ён уратаваў жыцьцё. Найперш, можа, сваё ўласнае. Магазін ягонага «Узі» застаўся цэлы, яго належала берагчы і прымяняць толькі ў крайнім выпадку. Але — дзе той крайні выпадак, і хто будзе вызначаць яго? Ужо, мабыць, ня ён. 3 прыкрасьцю Ступак адчуваў, што неўпрыцям і назаўжды страчвае сваё асабістае права, якім ужо распараджаліся іншыя.
А ён што ж — ён мусіў чакаць і падпарадкоўвацца. I ён чакаў можа, з гадзіну ці болей, стоячы ўсё на той жа прыступцы, хіба мяняючы ўпор нагі. Хлопцы побач таксама чакалі. Іншай каманды ім не давалі, і Ступак пачаў думаць, што на іх забыліся. Аж не! Палкоўнік у скуранцы штось гаркнуў з дзьвярэй, і яны замерлі. Ступак чакаў зноў убачыць самога, ды замест яго ў расчыненых дзьвярах паявіліся двое ў шэрых пінжаках — высокі і ніжэйшы, якіх цесьненька абступілі хлопцы ў масках. Тыя два ішлі, патупіўшы долу сівыя галовы, неяк ненатуральна аднолькава трымаючы за сьпіной рукі. I толькі як спускаліся па прыступках, Ступак убачыў на іхніх руках бліскучыя кайданкі. Тады яму шмат што стала зразумела. Але нешта і яшчэ болей заблытвалася.
Арыштаваных павезьлі ў міліцэйскай машыне, а яны ўсё стаялі на прыступках, мусіць, чакалі самога. I Ступак думаў, што ягонае жыцьцё кудысь павярнулася. Хаця хто ведае, якім яшчэ бокам можа яно павярнуцца зноў. Усё ж жыцьцё кожнага сваю сілу мае — часам злую, нядобрую сілу…
Ваўчыная яма
Адзінокая постаць чалавека то зьяўлялася, то зьнікала ў негустым бярозавым падлеску, сярод высока памкнутых да неба хвояў. Гэта быў малады хлапец у зашмальцаваным салдацкім бушлаце, зь зімовай шапкай на галаве. З-пад расхрыстаных каўняроў ягоных апратак на грудзях выглядалі сінія палоскі заношанай цяльняшкі. Схуднелы хлапечы твар нёс выраз немалога клопату, амаль спалоху. Салдат ішоў нетаропка, часта спыняючыся, часам мяняючы напрамак хады, штораз азіраючыся — назад і ўбакі.
Хваёвы бор між тым поўніўся ветраным шумам, які несьціхана мкнуў з вышыні і глушыў усе іншыя лесавыя гукі. Зрэшты, салдат ужо навучыўся ў звыклым пошуме лесу лавіць які іншы гук, ягоны слых зыўжды быў насьцярожаны. Але ўнізе пад хвоямі, сярод маладога падлеску было амаль ціха, адно далікатна трапятала сьвежая лістота бярозак. Дол быў яшчэ па-веснавому голы й шэры, хіба там-сям зелянеў чарнічнік ды, як заўжды на грудках, шарэлі лапіклы беламошніку, ступаць па якім было мякка, бы па дыване ў пакоі. Зрэшты, па дыване салдат не хадзіў, — адзіны дыван у іхнай кватэры чамусьці вісеў на сьцяне. Ды й ботаў ён не насіў да войска, а гэтыя, як надзеў — цяжкія кірзачы зь нягнуткімі халявамі, — дык і не зьнімаў другі год. І ў сухмень, і ў слату яны былі на нагах — ня дзіва, што левы пачаў ужо «прасіць кашы». Хаця што боты — прахудзіліся, пачалі ірвацца ягоныя штаны, вайсковыя «хабэ», залапленыя на каленях, на адным ужо паявілася дзірка. Вядома ж, усё тое было кепска і, мабыць, іншы раз прычыніла б салдату клопату. Але не цяпер. Цяпер яму дапякаў клопат іншага кшталту — салдат хацеў есьці.