Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
— Ты паначуеш ці пойдзеш? Хаця куды табе йсьці, праўда? — папытаўся ён проста, нібы даўні знаёмы. І салдат нечакана для сябе гэтак жа проста адказаў:
— Праўда.
— Ну і хай! Тут такая справа — трымаць агонь. Згасьне — будзем сырую рыбу жраць. Паняў?
— Ды ўжо ж, — болей бадзёра адказаў хлопец, адразу прыпамятаўшы зьмест адной кнігі, якую чытаў у школе. Кніга называлася «Барацьба за агонь». Тады яго надта ўразілі падзеі, што адбываліся ў першабытным племені, як у таго згас агонь. Цяпер ім двум пагражала нешта падобнае.
— Цябе як зваць? — крыху падабрэлым голасам запытаўся рыбак.
— Ды салдат проста, — падумаўшы, адказаў хлопец. Яму зусім не хацелася называць сябе, а хлусіць таксама ён ня меў вялікай ахвоты.
— А я бамж проста, — у тон яму адказаў рыбак і засьмяяўся.
Што ж, хай будзе так, падумаў салдат.
— Такія справы, — няпэўна закругліў кароткую гутарку бамж і выцягся на траве. З-пад расшпіленай ватоўкі зь дзіравым подкладам агаліўся ягоны запалы жывот увесь у нейкіх сіняках і больках, і салдат зважліва адвёў позірк. Падумаў, аднак, што цяпер і ў яго ня лепшы. Паляжаўшы крыху, бамж зноў падняўся, сеў на траве.
— Не паелі — толькі жывот разгнявілі. Знаеш, салдат, бяры вуду і закідвай. Можа, і яшчэ возьмецца…
Салдат паслухмяна ўзяў з долу ня надта зграбнае вудзільна з накручанай на яго жылкай і пайшоў на ранейшае месца, дзе нядаўна клявала.
— І глядзі мне кручок! — гукнуў ззаду бамж. — Адарвеш — галаву скручу!
Ды ўжо як-небудзь, адказаў яму ў думках салдат.
Увесь надвячорак ён кідаў у невялічкую затоку выразаны з хваёвай карыны паплавок і ўсё марна — клёву не было. Тады ён перайшоў у іншае месца — далей за трысьнёг, ніжэй па цячэньні. Але й там ў яго ні разу ня клюнула. Надвор’е тым часам усё лепшала, зрабілася зусім цёпла, над вадой таўкліся клубкі машкары. Вецер суняўся, круглявая рачная затока, бы цьмянае люстэрка, адбівала нязыркае хараство лесавога берагу, за які паволі заварочвала рака. Нізка навіслае над вадой кустоўе лазьняку на тым беразе клала на ваду глыбокі люстраны прыцемак, дзе, напэўна, вадзілася рыба. Можа, нават ляшчы, калі ў яміне, падумаў салдат. Але як перабрацца туды, каб не разьдзяваючыся, разважаў ён, губляючы цікавасьць да вуды. Было ціха й лагодна, і ўжо ня верылася ў тую пагрозу, якая гадамі навісала над краем, якой гэтак баяліся. Але, можа, дарма? Можа, той страх перабольшаны? Неяк жа жыве каля ракі бамж і нават фанабэрыцца — загартаваны! А можа, ён гэтак, каб ня думаць пра горшае й падбадзёрыць сябе? А заадно й яго таксама.
Як сонца схавалася за вершаліны хвояў, салдат выкінуў з вады невялічкага акунька — і ўсё. Болей да самага зьмярканьня нічога ў яго не ўзялося. На вадзе ўжо цяжка было ўгледзець нерухомы паплавок, і хлопец зматаў вуду.
— Ну-у… А я думаў! — расчаравана сустрэў яго бамж, лежачы ля цяпельца. — Значыцца, такое тваё шчасьце…
— Не клявала зусім.
— Гэта яна як калі. Неяк за раньне я вывудзіў шэсьць штук. А пасьля два дні ніводнай. Проста злосьць бярэ. Але й жраць хочацца…
— А болей тут — нічога? — папытаўся салдат.
— А што ж тут яшчэ? Грыбоў, ягад няма — яшчэ рана. Зьверына ўся сышла прэч. Людзей адсялілі. Што беглым бамжам застаецца?
Так, мусіць, няшмат застаецца беглым бамжам-дэзэрцірам, згодна падумаў салдат. Але што можна было зрабіць, каб здабыць харчу, ён ня ведаў, як ня ведаў таго й бамж. Зрэшты, той, мабыць, і ня надта клапаціўся пра ежу.
— Тут, знаеш, такое дзела: менш будзеш есьці — даўжэй пражывеш, — не зразумець, жартам ці насур’ёз зазначыў ён. — Менш радыяцыі спажывеш. Так што нам голад карысны.
Не, з тым салдат ня мог пагадзіцца, — ён і так згаладнеў дарэшты, а сілы ад таго не паболела, — паменшала, гэта пэўна. І ён усё думаў, дзе каб што зьесьці. Але цяпер ля рэчкі зьявілася надзея, і ён не хацеў нікуды адсюль ісьці.
Як стала цямнець, бамж падняў з долу вудзільна і адвязаў ад жылкі кручок, які акуратна зачапіў за падклад кухвайкі.
— Трэба берагчы, а то… Спаць хочаш?
— Ня дужа, — адказаў хлопец.
— Дык пільнуй агонь. А я кімарну пару гадзін.
Бамж на кукішках палез у цесны лаз свае зямлянкі ў абрыве, а салдат застаўся ля касьцярка.
Ён патроху падкладваў ў вагонь сухія хваёвыя палкі, санлява сачыў, як паволі, але настойліва між дрэваў тачыліся, большалі, убіраліся ў сілу, каб затым пачаць мізарнець, лянівыя языкі полымя. Тады зноў трэба было падкласьці. Часам на хлопца шугала дымам — ад подыху ветру з рэчкі. Наўкола панавала цемра; чорнай рачной затокі адсюль было ўжо й ня згледзець. Адно няроўна сьвіціўся — то ярчэў, то цямнеў — невысокі пяшчаны абрыў з нарой побач. Бор уначы амаль перастаў шумець, і навакол зрабілася аж занадта ціхмана.
На хлопца зноў абвалілася звыклае адчуваньне адзіноты, і ён пачаў думаць-меркаваць пра сваё незайздроснае
Дзяцінства для яго выдарылася мала шчасьлівае, нават пакутнае; асабліва, як ён страціў бацькоў і застаўся адзін з старой, нямоглай бабуляй. Пасьля, у інстытуце, што-нішто для яго зьмянілася да лепшага, ён шчыра памкнуўся да ведаў, набыў самастойнасьць і па магчымасьці адасобіўся ад калектыву, які яго ніколі ня вабіў. Але пасьля прызыву ў войска ўсё горшае да яго вярнулася: і гаманкі, мітусьлівы калектыў у казарме, і абсалютная залежнасьць ад нахабных, самазваных салдацкіх лідэраў. Апынуўшыся пасьля «вучэбкі» ў палку, ён думаў, што тут будзе інакш, што тут яны ўсе роўныя, і афіцэры будуць ставіцца да іх справядліва. Афіцэры, можа, і ставіліся да ўсіх справядліва, але афіцэраў было няшмат, і тыя былі занятыя ўласнымі афіцэрскімі справамі. Салдатамі ж верхаводзілі свае, тыя, што вылучыліся з салдацкай масы й кіравалі паводле свайго крымінальнага разуменьня. Самымі аўтарытэтнымі сярод іх былі тыя, што ўжо пасядзелі ў турме, адкуль яны прынесьлі ўласную мараль і турэмныя звычаі. Неяк перад вячэрняй паверкай сяржант Дробышаў упусьціў пад ложак свой футарал ад зубной шчоткі і, як заўжды, па-хамску загадаў салдату: «А ну, паднімі!» Замест таго, каб зараз жа выканаць загад, салдат коратка кінуў: «Сам паднімі» і тут жа паляцеў ад моцнага ўдару ў твар. Ён ня сьцяміў, што сяржант з намерам кінуў пад ложак футарал, і гэта яго няўцямнасьць каштавала салдату прыкметнага сіняка пад вокам. Назаўтра пры разводзе на заняткі камандзір роты пацікавіўся: «Што гэта ў цябе?» У страі ўсе напружана чакалі ягонага адказу, і ён, трохі счакаўшы, сказаў, што ўпаў. «Трэба глядзець пад ногі», — глыбакадумна заўважыў ротны. А непадалёк зь першай шарэнгі злосна шчэрыўся на яго сяржант Дробышаў. Салдат падумаў тады, што, напэўна, адказаў правільна, але ўжо на наступны дзень яму давялося пашкадаваць аб тым. У курылцы, дзе ён толькі прысеў з хлопцамі, паявіўся сяржант Дробышаў і моўчкі з усяе сілы выцяў яго кулаком пад дых — пачаму не ўстаеш, калі старэйшы заходзіць? Скорчыўшыся ад болю, салдат павалокся ў казарму, у той час, як іншыя моўчкі і абыякава пазіралі ўсьлед. Ніхто не заступіўся, нібы так і належала ставіцца да шараговых.
Але яшчэ горшае стала на пачатку вясны, як старшыном роты прызначылі прапаршчыка Зяленку. Гэты ўзяў за звычай таемна кучкавацца зь сябрамі пасьля адбою ў капцёрцы, дзе яны выпівалі. Часам каго-небудзь будзілі ў казарме й таксама клікалі ў капцёрку. Аднойчы пасьля поўначы адтуль выйшаў счырванелы з твару, мо нават заплаканы, зямляк Пецюхоў, моўчкі лёг на свой ложак і накрыўся з галавой коўдрай. «Што яны там?» — ціха папытаўся салдат, ды зямляк нават не адказаў і доўга яшчэ ўздрыгваў пад коўдрай ад плачу. Салдат здагадваўся пра тое, што там адбылося, але маўчаў, ужо адчуваючы, што прыйдзе чарга й да яго. Праўда, пакуль не прыходзіла, і хлопец з трывогай і страхам чакаў, калі тое здарыцца. Пару разоў ён прыкмячаў, як пад ранак з капцёркі выбрыдаў яўна п’янаваты Дробышаў, таропка распранаўся і клаўся ў свой рупна разасланы для яго ложак, — праз тры ложкі ад салдатавага. Аднойчы Дробышаў, ужо легшы, устаў і з кішэні штаноў дастаў фінку, якую, азірнуўшыся, сунуў пад матрац. Ужо ці не зьбіраўся ён каго зарэзаць уначы, засынаючы, падумаў салдат. У той момант ён ня ведаў яшчэ, што зарэзаць давядзецца самому, і з тае хвіліны ўсё ягонае жыцьцё пойдзе наперакасяк.