Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Пан прафэсар, — вымавіў я чамусьці па-польску. — Вы тут ня крыўдзіце маю зямлячку?

Гаспадар, мабыць, ня надта зразумеў маё пытаньне, і Франя патлумачыла яго па-нямецку. Праўда, тут жа і адказала:

— Яны ня крыўдзяць. Яны для мяне як бацькі.

— Ну то добра, калі так. Гут!

— Гут, гут, — згодна паўтарылі гаспадары.

— Але цяпер мы яе забярэм, — сказаў я, набіраючыся п’янай рашучасьці, і зірнуў на Франю.

Я чакаў, што яна перакладзе мае словы гаспадарам, тая, аднак, маўчала. Лёгкі клапотны цень прамільгнуў па яе тварыку, і я сьцяміў, што тут штосьці ня так. Ня так, як звычайна, калі мы вызвалялі ў гарадах

працоўныя лягеры, перапоўненыя людам баракі, зь якіх іхныя насельнікі адразу кідаліся кожны ў напрамку сваёй радзімы. Усе рваліся дамоў. Я чакаў, што ў гэты момант найперш мне падзякуе Франя, а затым і гаспадары — за вызваленьне ад фашысцкай няволі. Аднак не дачакаўся таго.

Настала трохі няёмкая паўза. Я сядзеў ля століка, Франя насупраць рыхтавала маленькія, з запалкавы карабок, сэндвічы. Старыя нерухома сядзелі ў сваіх мяккіх крэслах. У вэстыбюлі ўжо стала відней — праз вузкія вокны зазірнулі сонечныя промні, паклалі на керамічную падлогу рваны ўзор ад рухавай лістоты знадворку. Пару нарыхтаваных сэндвічаў Франя вынесла на ганак Кананку і вярнулася з пустым сподкам — Кананок абышоўся бяз сподка.

Пасьля таго, як я выпіў чаркі са тры, і ў графінчыку засталося няшмат, старыя падняліся і нямогла патэпалі ў бакавыя дзьверы — на кухню, ці што. Франя тады прысела за столік, неяк са стрыманай увагай угледзелася ў мяне.

Я трохі ап’янеў, але пачаў адчуваць, што мае ранейшыя, звыклыя на вайне меркі трохі захісталіся, сутыкнуўшыся зь іншаю, не знаёмаю дагэтуль рэальнасьцю. Усё ж гэта быў інакшы, чым ранейшы мой сьвет, зь яго інакшымі складанасьцямі, у якіх я быў, мабыць, прафан. Ня тое што мая зямлячка, беларуска Франя — яна ў гэтым сьвеце жыла, а я зь ім толькі знаёміўся. Цікавасьць мая да яе ўсё большала. Але распытваць яе было трохі няёмка, а яна, бачна было, ня дужа сьпяшалася расказваць пра сябе. Ці хоць бы паскардзіцца, як гэта звычайна любяць жанчыны. Франя ня скардзілася, хоць і радасьці на яе твары я заўважаў ня шмат. Ці яна так навучылася — хаваць свае пачуцьці? Але ж нашто хаваць іх, усё ж я ёй не чужы. Я зямляк на чужыне.

Там, на агнявых пазыцыях, я ня надта дбаў пра свой зьнешні выгляд — выпацканыя ў зямлі штаны, нячышчаныя кірзачы, неахайна зашытае рукаво. Цяпер у гэтым вэстыбюлі прыйшло іншае адчуваньне, і я спрабаваў стаць ці павярнуцца такім чынам, каб мае хібы ня надта траплялі каму на вочы. Але пасьля, мусіць, забыўся на тое і не схаваў разадраны рукаў ад хуткага позірку Франі.

— Дайце зашыю, — сказала яна дужа проста, і ў тых яе словах мне пачулася забытая інтанацыя маёй малодшай сястры Ніны, пра якую я нічога ня ведаў з пачатку вайны.

— Дайце, дайце! Я хутка. А то… Непрыгожа так, — сказала яна і ўсьміхнулася.

Мусіць, тая яе ўсьмешка ўсё й вырашыла, — адразу прагнала маю няёмкасьць. Я расьперазаўся, сьцягнуў цераз галаву маю заношаную гімнасьцёрку, нечакана і зь непрыемнасьцю апынуўшыся ў нясьвежай сподняй сарочцы зь недарэчнымі матузамі на грудзях. Памкнуўся быў адмовіцца ад Франінай паслугі, ды дзяўчына ўжо ўзяла гімнасьцёрку і кароткім дакладным рухам распрастала яе на каленях. Яна спрытна зашывала маю прарэху, і тое яе зашываньне азначыла дужа шмат у рухах маёй, ужо скіраванай да яе душы.

Як гэта я здаўна рабіў на вайне, дзе б ні быў і чым бы ні займаўся, скрозь справы і размовы звыкла ўслухоўваўся ў навакольле, лавіў гукі, якія маглі данесьці знакі трывогі, нейкія зьмены у абставінах. Найперш кепскія зьмены. Мусіць, тая мая насьцярожанасьць перадалася Франі,

позірк якой таксама час ад часу пыхкаў трывогай.

— Яшчэ страляць будуць?

— Будуць, вядома. Пакуль усё тое ня скончыцца.

— А як скончыцца?

— Тады будзе мір. I шчасьце. I жыцьцё, — сказаў я не безь некаторага пафасу. Канечне, цяжкі клопат сядзеў і ўва мне, цяпер я стараўся заганяць яго ўглыб, каб ён не замінаў маёй лагодзе да Франі. Здаецца, я ўжо пачынаў адчуваць нейкую радасную магчымасьць, што абяцала нязьведанае. Але ўсё тое было дужа няпэўнае і невыразнае, якое магло зараз жа зьнікнуць.

Франя ціхенька ўздыхнула.

— У мяне якраз сястрычка такая, як ты. Сямнаццаць гадоў, калі жывая яшчэ, — сказаў я.

— Мне крышку больш, — ціха зазначыла Франя. — А дзе зараз сястрычка?

— Можа, у Нямеччыну пагналі.

— У Нямеччыне кепска. Апроч усяго — бамбёжкі жахлівыя. Мае ж гаспадары таму й прыехалі сюды. Як дом разбамбілі.

— А тут лепей?

— Дагэтуль лепей было. Пакуль вайна не дакацілася. Дзіўна, раней я думала: можа, у Нямеччыне цішэй будзе, а то ж у нас ужо немагчыма стала: усе ўсіх б’юць, забіваюць. Партызаны б’юць немцаў, немцы б’юць усіх без разбору. Жыць нельга стала. Як мой дзядзька Лукаш казаў: хоць жывы ў труну лажыся.

— Усё Гітлер пракляты.

— Гітлер, канечне. Але й другія ня лепшыя, — ціха сказала Франя і змоўкла.

Ну, вядома, ня лепшыя, усе гэтыя гаўляйтары і генэралы, Герынгі і Гебэльсы. Пагубілі столькі людзей, разбурылі Эўропу. Але цяпер хутка ўжо ім канец, нарэшце Эўропа вызваліцца ад гэтага крывапіўца, ці ж гэта ня радасьць? Так, прыкладна, я запярэчыў на Франін пэсымізм, і яна, памаўчаўшы, сьціпла зазначыла:

— Радасьць. Аднак не безаглядная, — сказала яна і неяк прабачліва ўсьміхнулася, бурачы невялічкую нязгоду між намі. Дзіва, аднак, што можа міжвольная жаночая ўсьмешка, ды яшчэ дзяўчыны, якая табе падабаецца. Але на зьмену прыемнай лагодзе ў мяне мільганула дзікаватая думка.

— А ў тваіх гаспадароў сын ёсьць?

— Быў, — проста сказала яна.

— I?..

— I сплыў, — напаўжартам скончыла Франя, здаецца, адразу адчуўшы маю падазронасьць. — Летась загінуў у Прусіі.

Тое яна гаварыла лёгка, бяз клопату, але мне пачулася некаторая фальшывінка тае яе лёгкасьці, і я маўчаў.

— Прыслалі паведамленьне, ягоныя дакумэнты, лісты. I нумар магілы. А што вас тое зацікавіла?

— Ды так.

— Старыя дужа перажывалі. Фраў Сабіну было аж паралізавала — інсульт. Ледзьве адыйшла. Цяпер ходзіць з кіёчкам. Радню, якая была, разбамбілі ў Гамбургу. Нікога не засталося. Пляменьніца памерла во ў гэтым горадзе, дык ад яе катэдж дастаўся. Думалі дасядзець тут да канца вайны. Аж вайна і сюды дакацілася.

Яна сканчала зашываць маё добра-такі расшкуматанае рукаво, на якое не хапіла адной ніткі, і Франя ўзялася сучыць другую. Усё тое рабіла з дакладным спрытам, і я зь любасьцю назіраў за даўно ня бачаным жаночым клопатам. Яе нядаўняе страхавітае напружаньне таксама, здаецца, мінулася. Ці можа, мне толькі здавалася тое.

— Вайна скончылася, але… Замест немцаў тут жа заваладараць рускія. Старыя дужа перажываюць…

— Во як! Гэта чаму ж?

Схіліўшы галоўку над шытвом, Франя коратка цепнула плечуком, нібы кажучы тым: хто іх ведае? Я таксама ня ведаў. Усё сказанае ёю было для мяне нязвыклае і нечаканае, унутрана я не пагаджаўся, але і ня ведаў, як запярэчыць. Мусіць, тое адчувала і Франя і, каб зьняць мой невыразны клопат, сказала:

Поделиться:
Популярные книги

Жандарм 3

Семин Никита
3. Жандарм
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Жандарм 3

Я тебя верну

Вечная Ольга
2. Сага о подсолнухах
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.50
рейтинг книги
Я тебя верну

Месть Пламенных

Дмитриева Ольга
6. Пламенная
Фантастика:
фэнтези
6.00
рейтинг книги
Месть Пламенных

Локки 4 Потомок бога

Решетов Евгений Валерьевич
4. Локки
Фантастика:
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Локки 4 Потомок бога

Князь Серединного мира

Земляной Андрей Борисович
4. Страж
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Князь Серединного мира

Кодекс Крови. Книга VII

Борзых М.
7. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга VII

Барон не играет по правилам

Ренгач Евгений
1. Закон сильного
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Барон не играет по правилам

Развод, который ты запомнишь

Рид Тала
1. Развод
Любовные романы:
остросюжетные любовные романы
короткие любовные романы
5.00
рейтинг книги
Развод, который ты запомнишь

Бывшие. Война в академии магии

Берг Александра
2. Измены
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.00
рейтинг книги
Бывшие. Война в академии магии

Истинная поневоле, или Сирота в Академии Драконов

Найт Алекс
3. Академия Драконов, или Девушки с секретом
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.37
рейтинг книги
Истинная поневоле, или Сирота в Академии Драконов

Плеяда

Суконкин Алексей
Проза:
военная проза
русская классическая проза
5.00
рейтинг книги
Плеяда

Город Богов

Парсиев Дмитрий
1. Профсоюз водителей грузовых драконов
Фантастика:
юмористическая фантастика
детективная фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Город Богов

Жандарм 2

Семин Никита
2. Жандарм
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Жандарм 2

Господин следователь. Книга 3

Шалашов Евгений Васильевич
3. Господин следователь
Детективы:
исторические детективы
5.00
рейтинг книги
Господин следователь. Книга 3