Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Шрифт:
— А яшчэ былі ірыскі…
— Дык усё ж, адкуль ты родам? — папытаўся я.
— Ды зь Менску. Там і нарадзілася.
— I даўно адтуль?
— Зь Менску даўно. Зь Менску ж я сьпярша перабралася ў Чэрвень, адтуль ужо ў Нямеччыне апынулася. Ды тут, каб не пашэнціла, прапала б. Як прапалі мае дзяўчаты.
— Дзе прапалі?
— А на хімічных заводах у Руры. Паатручваліся і пагінулі. Усе чацьвёра чэрвеньскіх.
— А ты?
— Ведаеш, тут, можа, лёс такі. Можа, якая выпадковасьць. Гэта ж як мы прыехалі ў нейкі гарадок ля Гановэра, нас пачалі разьмяркоўваць. Ну, пастроілі ў шарэнгу, прыйшло нейкае начальства — у форме і ў цывільным — хто якія, мы тады мала разьбіраліся. I пачалі перабіраць, каго куды. Але сьпярша прыйшлі вайскоўцы, як пасьля аказалася, афіцэры зь вэрмахту. Яны былі ў водпуску з фронту, і ім дазвалялася выбраць у свае сем’і абслугу. А я была самая маленькая, схуднелая за дарогу, бедна апранутая. Стаю, ледзьве дыхаю… Перад тым ня спалі тры ночы, пакуль нас мутузілі па станцыях, згаладнелыя. А яны ідуць — сытыя такія, здаровыя бугаі, два ў эсэсаўскай форме і трэці — афіцэр
— Аднак гісторыя! — сказаў я, уражаны гэтым аповедам. — Можа, табе і пашэнціла.
Франя спахмурнела і хвіліну роўненька сядзела, апусьціўшы на калені маленькія, з вострымі локцямі рукі.
— Можа, адной мне і пашэнціла. І я ўсё думаю: як бы чаго ня сталася. Усё ж шчасьце, яно падманлівае. Гэта няшчасьце — назаўсёды. Я тут кожны дзень бяды якой чакала, ну, думаю, няўжо ж мне і далей будзе так шанцаваць?
— Цяпер ужо можна не баяцца. Скончыцца вайна, дамоў вернесься. Ці ты іначай думаеш? — запытаўся я і насьцярожыўся, чакаючы яе адказу. Франя ўздыхнула.
— Хто ж ня хоча дамоў. Але што дома? Каб жа ён быў хоць, той дом. Ды і аднаклясьнікаў — нікога ж не засталося. Як во жыць сярод незнаёмых? I тут незнаёмыя, і там незнаёмыя…
Ну, ведама, зьявяцца новыя знаёмыя і нават сябры, гэта я ведаў па сабе. Але аднаклясьнікаў, сяброў дзяцінства ўжо, мабыць, ня будзе. Тое ўжо адрэжацца назаўжды. Мабыць, кепска жыць з адрэзаным дзяцінствам? Я неяк пра тое ня думаў. Франя ж во думала…
Здаецца, неўпрыкмет за гаворкай мы скончылі той цукеркавы пакуначак. Я пасунуўся яшчэ бліжэй, і Франя не адсунулася — ужо не было куды.
— Бедная дзяўчынка! — шчыра вымавілася ў мяне з самай душы і нечакана для сябе я пацалаваў яе ў шчаку. Франя на момант зьнерухомела і раптам скаланулася ўсім целам у незразумелым бязгучным плачы.
— Ну што ты! Ну што ты! — ледзьве не спалохана казаў я, усё цалуючы яе мокры ад сьлёз твар, і яна не адхілялася, не ўнікала маіх вуснаў. Аднак патроху марудна спакайнела і раптам бездапаможна ўсьміхнулася празь сьлёзы.
— Ты прабач мне…
— Ну нічога, нічога…
Я і яшчэ цалаваў яе, каб неяк суняць яе боль і выказаць глыбіню маёй да яе пяшчоты.
— Я ўжо сто гадоў… Сто гадоў ня плакала. Знаеш, ня кепска яны да мяне адносяцца, але ж не магу я паскардзіцца ім. Ці заплакаць. Два гады на адзіноце. Душа змарнела, і во раптам ты. Трэба было… Прабач, Міця.
— Я разумею. Ну, супакойся…
Усё ж патроху яна сунялася, прыгладзіла далонькай сваю прычоску, і стала для мяне яшчэ больш блізкай і жаданай.
— Гэта ж трэба! — усё чамусьці зьдзіўлялася Франя. — Няшчасная мая мамачка. Каб яна дажыла да гэтага часу. Усё выбірала мне хлопцаў, ды гэтак прыдзірліва. Калі з кім прайдуся, дык яна: то надта даўгалыгі, то кароткі, то сьмешна шморгае носам. А той малапрыкметны, той не камсамолец. Ты ж, мабыць, член партыі?
— Яшчэ не, — сумеўся я. — Але камсамолец. А што мама — парцейная?
— А то як жа!
— А бацька?
— А бацька вораг народа. У трыццаць восьмым пасадзілі і прапаў. Мама адмовілася пасьля ад яго. Мне па сакрэту сказала, што тое — дзеля нашага паратунку. Тады шмат хто гэтак рабіў. Яно й зразумела: яшчэ маладая, прыгожая. I ўсё роўна не ўбераглася — сябе загубіла.
— А бацька — які кіраўнік быў?
— Бацька… — Франя памарудзіла з адказам, мабыць, гаварыць пра бацьку было ёй ня проста. — Бацька ў органах працаваў. Яшчэ ад рэвалюцыі. Ён жа зь Дзяржынскім у адной турме сядзеў.
— Во як!
— Ну. Дзяржынскі яго і ў Менск накіраваў. Працаваў дзень і ноч, мы яго й ня бачылі. Толькі раз неяк быў выходны ці якое сьвята, ня памятаю. Дык паехалі на рэчку, рыбу вудзіць. Праўда, вудзіў адзін татачка, мама на лужку кветкі зьбірала, а я бегала па водмелі, малькоў разганяла. Бы гуляла зь імі. Так мне гэта спадабалася, ведама, малая была. Пасьля ўсё прасіла бацьку — зьезьдзім яшчэ. Ён абяцаў, але ўсё было неяк. Некалі і некалі. А адзін раз кажа: сёньня на працу не іду, і сеў на ложак, сядзіць. Смутны такі. Я пачала прыставаць: паедзем на рэчку. А ён кажа: не, ужо не паедзем. Даседзеў так да начы, а ноччу яго і ўзялі. Так я болей і не пабачыла рэчку.
Шэрае сутоньне ахутала вежу і навакольле, ужо ня стала відаць ні ўскраіны гарадка, ні гор, ні дарогі. Не відаць было і маіх пазыцыяў. Гарадок патануў у змрочным тумане, толькі дымы ад пажарышчаў бялявымі космамі мкнулі кудысь над руінамі.
— I я сваіх з сорак першага году ня бачыў. Ня ведаю, ці жывыя, — сказаў я, пранікаючыся яе клопатам.
— Маму ж немцы павесілі. У Менску. Як партызаны іхнага гаўляйтара падарвалі, дык немцы пачалі хапаць падпольшчыкаў. Ну якраз і маму маю. Павесілі ў сквэры.
— А ты ж як?
— А я? Кепска я. Жылі на кватэры ў Грушаўскім пасёлку, ну, пасьля маці засталася адна. Кватэрная гаспадыня, праўда, неблагая была кабета. Але ў самой трое малых, мужа няма. Харчу ніякага. Прывезла з раёну мех бульбы, хутка яго зьелі. Прадалі, што было можна прадаць. Я апошнія рукавічкі прадала, што перад вайной мама зьвязала. Можа б як і далей бавілі час, ды на бяду да суседзяў сталі на кватэру
— Ну, ведама, прыгожая дзяўчына…
— Ніякая не прыгожая. Гэта цяпер трохі, а тады, бы брыдкае качанё.
— Ну ладна, ладна, — з раўнівай ноткай сказаў я. — Не прыбядняйся.
— Я й не прыбядняюся. А тады… Тады цётка Мар’я кажа: давай адвязу цябе да дзядзькі на вёску. У таго адна дачка, твая аднагодка, будзеце разам. Пакуль зіма скончыцца. А там паглядзім, можа, і вайна замірыцца. Неяк у нядзелю паехалі на санях — далёка, аж у Чэрвень, а там яшчэ кілямэтраў шэсьць, прыехалі ўжо ноччу, пастукаліся ў вакно. Дзядзька пусьціў, гаспадыня яму пачала тлумачыць, пасьля прасіць. Я ўсё гэта слухаю… Неяк упрасіла, назаўтра паехала. А я засталася. Незнаёмая, чужая ў чужых людзей. Зоська і праўда, амаль мая аднагодка, шаснаццаць гадоў. Ну, з гэтай мы быццам сышліся, нічога была дзеўка, ня злая. Толькі недалёкая, страх. Да вайны скончыла шэсьць клясаў, а да хлопцаў цягнулася, бы да магніту. Так да вясны дабылі. А вясной загуло ў навакольлі — прыйшлі партызаны. Сталі ў нашу вёску наведвацца, наладжваць сувязі. Ну і некаторых хлопцаў сагітавалі, а за імі і дзевак. Зоська засталася, бацька не пусьціў. А мяне не пушчаць не было каму, пабегла зь дзяўчатамі. Пачалося лясное жыцьцё. Атрад «Бальшавік» называўся, камандзір — былы пагранічнік, прозьвішча Сокал. Дні праз тры ставяць мяне ў каравул — на ўзьлеску ля кладкі, вінтоўку далі, настрашылі наконт пільнасьці. Ноччу стаю, баюся. А тут прыходзіць каравульны начальнік, таксама з пагранічнікаў — на праверку. Праверыў, я ўсё правільна адказала, а ён не ідзе назад. Тое ды гэта, бачу, пачынае самым нахабным чынам. Што мне рабіць? Крычаць, ці што? Крычаць нельга. Неяк той раз ад яго выбавілася, сказала: пажалюся камісару. Адчапіўся. Вядома ж, нікому скардзіцца не пайшла, дык неўзабаве ўсё пачалося па-новаму. I хто — сам камандзір атрада. Не адмовішся ж, калі загадвае куды ісьці. Ідзеш, а ён з ад’ютантамі сьледам. Вярнуся, а ён: пачаму не спалняеш загад? За неспалненьне загаду — расстрэл на месцы. Пасьля пераходу ляжам дзе стомленыя на хвойным лапніку, адразу ў сон. А ён ноччу падкочваецца, ну і… Як закрычу! Тады лаецца: пачаму дэмаскіруеш групу? За дэмаскіроўку групы — расстрэл. Гэта былі нейкія не такія, як іншыя, партызаны, як пасьля даведалася — асобага прызначэньня. Усё хадзілі на маршы. Нашая задача была Менск, туды дзяўчат пасылалі, адтуль да нас прыходзілі. Але болей пасылалі. Меней вярталіся. Не вярнулася Тоня Быстрова, Валя і Жэня-хахатушка, былі такія дзяўчаткі. Камсамолкі ўсе. Ну і я камсамолка. А начальнікамі над намі хлопцы, а то й дзядзькі ў гадах ужо. Тыя нікуды не хадзілі, толькі за намі сачылі. Каб ня дай бог бязь іхнага ведама — нікуды. I любілі пакарыстацца дзяўчаткамі… Намесьнік камандзіра Кашэльнікаў бывала кажа: што ж такога — ля калодзежа жыць, ды вады не напіцца? Труцень такі мардаты. Як не вярнулася Жэня, мая сяброўка, таксама мянчанка, у Калодзішчах да вайны жыла, клічуць у будан мяне. Той самы Сокал і кажа: табе заданьне прабрацца ў Менск і арганізаваць явачную кватэру. Будзеш яе абслугоўваць. А дзе я яе арганізую? А хоць бы ў гаспадыні тваёй, у якой на кватэры была. Як успомніла я цётку Мар’ю і яе трох малых, дык мне млосна стала. За сябе ўжо не баялася, але за іх. Гэта ж праз тую явачную кватэру і мая мамачка папалася. Пайшла на яўку ў Сьляпню, там яе і ўзялі. Можа, хто выдаў. I павесілі. I гаспадара, і ўсіх ягоных сямейнікаў — шэсьць душ усяго. Ну, што мне рабіць? Адмовіцца нельга, за адмову, канечне, расстрэл. Аднак я спрабую, кажу: там жа дзеці малыя. А ён мне на тое: ага, дзяцей шкадуеш? А табе на савецкую родзіну напляваць? Я кажу: гаспадыня мяне не паслухаецца. А ён: не з гаспадыняй, дык з паліцаямі паладзіш, яны ласыя да такіх прыгожанькіх, сама ведаеш. Гэтак ён мне намякае на нешта. Брыдка мне стала, я ўжо яго ўзьненавідзела, а што рабіць, ня ведаю. Але ў той дзень не паслалі, група мяняла дысьлякацыю, абходзілі па лясах Чэрвень. Неяк адышлася я ўбок, у бярэзьнічак, кінула ў траву вінтоўку — і ў сваю вёску. Ужо недалёка было. А ў суседняй вёсцы ўжо паліцэйскі гарнізон усталяваўся. Што я ў партызаны пайшла, мала хто ведаў. Думалі, зь Менску, ну, можа, у Менск і паехала. Ды і прапартызаніла я, можа, месяц — ня болей. Пайшлі з Зоськай сена сушыць на балота. Улетку яно й няблага, ягады пасьпелі. Неяк надвячоркам шэсьць капешак нагрэблі, дамоў зьбіраемся, ажно бачым: бяжыць цётка, Зосьчына маці, кажа: прыяжджалі двое конных, цябе шукаюць. Усё ў хаце і гумне перарылі, дык не ідзі дамоў, хавайся. Ну мы з Зоськай і зашыліся ў стажку. Так на тым балоце праседзелі тыдзень, цётка хлеб з малаком насіла, ягады елі. Ды пайшлі дажджы. Зоська занатурылася: хачу дамоў. Ну, і пайшла, а я яшчэ дзён колькі заставалася. Але таксама ня вытрымала адна, вярнулася ў вёску, пару дзён у асеці спала. А тут аб’явілі набор у Нямеччыну, і на Зоську выпаў нарад. А Зоська ня хоча. А бацька кідаецца да старасты, да паліцаяў, ведама — адна дачушка. Неяк павячэралі, і дзядзька кажа: Франя, можа б ты замест Зоські пайшла? Усё ж адна, што табе? Калі што здарыцца, дык перажываць няма каму. Сірата. Зноў жа разумнейшая, чым гэтая дурніца Зоська. Ну што ж, думаю, калі іншага не выпадае — пайду. I пайшла, за сябе ці за Зоську — ужо ня думала. Пасадзілі ў цягнік з такімі няўдакамі, як я, павезьлі ў Нямеччыну. Натрывалася, нагаравалася, пакуль на вочы Курту не трапіла. Вось, ты кажаш: прыгожая, і людзі мне пра тое казалі. А ведаеш, як я праклінала тую сваю прыгажосьць, колькі празь яе натрывалася. Думала, лепш бы я нарадзілася якой недарэкай, можа, б тады шчасьлівейшая была. А то… Ды яшчэ характар такі, нягрубы, дабрыні хочацца.