Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Шрифт:
— Камбат кліча.
— Што такое?
— Кажуць, зьнімацца нам.
Ну, усё зразумела, таго трэба было чакаць.
У суцэльнай цемрадзі мы дабрылі да агнявой, на якой ужо тоўпіўся разьлік, і Мядзьведзеў, як заўжды ўначы, сьцішана вытлумачыў:
— Загад — згортвацца. За машынай паслаў, зараз прыедзе. А вас камбат патрабуе.
Я ўлез у змрочны равок, навобмацак пераняў з рукі Мухі тэлефонную трубку.
— Ты дзе там блудзіш? — загучаў устрывожаны голас камбата. — Гадзіну чакаць цябе трэба. Зараз жа згортвай баявы парадак, грузі боепрыпасы і — на дарогу. Чакайце мяне.
Пачыналася звычайная ліхаманка пасьпешлівых збораў. Зь цьмяным сьвятлом падфарнікаў прыпоўз на агнявую аграмадны «студэбэкер», другі побач
У маёй душы быў вэрхал пачуцьцяў — радасьць перамогі ўсё ж засмучалася клопатам ростані. Ведаў, адчуваў, што паедзем адсюль. Але куды? Ці далёка? Я хацеў вярнуцца сюды, мне дужа патрэбна было тое. Хоць на гадзіну, хоць на пятнаццаць хвілінаў. Я ж нічога не сказаў ёй. I нічога ад яе не пачуў.
Не стрываў, пакуль чакалі другую гармату, я выбег на пустку і прыпусьціў да мастка. Брамка на гэты раз была не зачыненая, і толькі я ўскочыў на падворак, як расчыніліся дзьверы у катэдж. На парозе стаяла Франя. За ёй нерухома шарэлі два цені яе старых.
— Франя, мы едзем!..
Франя маўчала. Застыла, бы зьнямелая, і не краталася.
— Мы едзем! Ты чакай! Я вярнуся…
Зь цемры вэстыбюля на мяне пазіралі старыя, і я, недарэчна засаромеўшыся, нават не пацалаваў яе. Толькі абняў крышку за плечы ў цесных дзьвярах і адхіснуўся. Я ня мог бавіцца тут: на дарозе, чуваць было, пачынаўся ўжо рух, ішлі аўтамашыны. Некаторыя нават сьвяцілі фарамі, чаго ніколі не было на фронце. Ужо ж, мабыць, сапраўды вайна скончылася. Я перабег масток і ўскочыў на шырокую падножку «студэбэкера», што з маёй апошняй гарматай вырульваў на шашу.
Над горнай далінай днела: праясьнелася неба, на закрайку яго цьмянымі зубамі вяршыняў азначыліся горы. Бліжняя гара за катэджам яшчэ ўся была, бы змрочны маналіт — і гара, і дрэвы пад ёй. Толькі шэры сілуэт катэджа вылучаўся сьвятляваю плямай на змрочным, зьлітым у адно фоне. Здаля я усё пазіраў туды, намагаючыся згледзець маленькую постаць на ганку, ды нічога ня згледзеў. Яшчэ б паўгадзіны пастаяць тут, калі б лепей стала відаць…
Але паўгадзіны нам не далі. Нейкая шалёная пасьпешнасьць запанавала на дарозе, адны машыны пад’яжджалі, спыняліся, іншыя, абмінаючы іх, шалёна кіравалі далей. Старэйшыя афіцэры падганялі — хутчэй, хутчэй! Камбат накрычаў на мяне за спазьненьне, хаця, як я прыехаў зь дзьвюма гарматамі, батарэя яшчэ колькі хвілінаў нікуды ня рушыла. Чагось чакала. Але зьвягі і крыкі камбата былі для мяне звыклыя, на іх крыўдаваць не належала. Крыўда і шкадаваньне дапякалі за іншае, і тое іншае засталося ззаду. Бы штось адчувала мая душа, ды не магла хіба вымавіць, каб я зразумеў выразана. Толькі шчымела нутраным невыразным болем.
Нейкі час полк ліхаманкава выцягваўся ў паходную калёну. Паўз «студэбэкеры» з гарматамі на прычэпе па ўзбочыне праімчаў «віліс» камбрыга, які штось крыкнуў з машыны, але я не зразумеў, што. Мая ўвага ўжо была скіраваная наперад, дзе ў ранішняй шэрані стаяў на дарозе камбат, і аднекуль ля яго зьявілася знаёмая кругленькая постаць заўжды жвавага капітана, нашага палкавога «сьмершаўца». Трафэйнага «хорха», аднак, не было відаць. Штось яны нядоўга там гутарылі, хаця, здаецца, болей гаварыў «сьмершавец», камбат заклапочана слухаў. Затым абодва павярнуліся тварамі назад, быццам уставіліся позіркамі ў кагось у калёне, здалося — ці не ў мяне? Але, можа, толькі здалося, бо абодва ня рушылі зь месца. «Сьмершавец» расшпіліў тонкую пляншэтку, што заўжды боўталася на ягоным задзе, штосьці каротка пазначыў на паперыне, у якую зазірнуў і камбат. Што яны там запісвалі,
Нарэшце неяк няўпэўнена, з прыпынкамі, рушылі разьбітаю вуліцай гарадка ў бок недалёкай перадавой. Пакуль я выглядваў «сьмершаўца», у кабіну майго «студара» ўлез пасажыр — наш палкавы прапагандыст, маёр з мудрагелістым прозьвішчам, якога я ня мог запомніць. Я змушаны быў прыткнуцца на пляскатым крыле ля фары, як нярэдка езьдзіў на перадавой. Цёплаю парой тут было ня горш, чым у кабіне, ды й зручней было пры нечаканым абстрэле саскочыць на зямлю. Належала толькі трымацца. Перад тым як рушыць, ніхто з камандзіраў не сказаў нічога, але калі рушылі адкрыта, значыць, немцы не супраціўляліся. Яны зьніклі. За дашчэнту разьбітымі дамамі ўскраіны пераехалі лінію акопаў нашай пяхоты, якой ужо там не было, затым і нямецкую лінію. Нямецкія акопы выглядалі, як пры пасьпешлівым адступленьні — скрозь валялася вайсковае майно, зброя, скрынкі боепрыпасаў; упоперак бруствэра на сошках стаяў нарыхтаваны да бою кулямёт з абвіслай у акоп стужкай, поўнай патронаў. Але салдатаў нідзе не было відаць — ні жывых, ні забітых. Здаецца, учора, расстраляўшы збольшага боекамплект, яны падаліся на захад. На сустрэчу з амэрыканцамі. З намі яны сустракацца не захацелі.
Ужо добра разьвіднела, хаця сонца з-за гор яшчэ не паказалася, і ў горнай даліне панавала прахалодная засень. Мы няхутка ехалі па асфальтавай шашы на захад, мінулі першы не крануты вайной гарадок з дбайна дагледжанымі дамкамі ў стылі фахвэрку абапал вузенькіх вулічак, зь цёмнай кірхай сярод купкі разложыстых дрэваў. Людзей было мала відаць, але скрозь з бальконаў і вокнаў зьвісалі белыя прасьціны — знакі капітуляцыі. Пасьля сталі трапляць і людзі — старыя, дзеці і жанчыны; з расчыненых вокнаў яны махалі нам і ўсьміхаліся. А некаторыя плакалі — відаць і такое. Салдаты з кузаваў махалі ў адказ, выкрыквалі самае цяпер зразумелае «Гітлер капут!» ці яшчэ што — вясёлае і гарэзьлівае. Усім было весела і радасна — вайне нарэшце канец.
За тым гарадком дарога павярнула ўгору, пачаліся павароты — то ўправа, то ўлева. Нечакана на горным схіле калёна спынілася: наперадзе за павароткай пачуліся гарматныя выбухі, усе насьцярожыліся. Я саскочыў з крыла, думаў, зараз будзе якая каманда, можа, прыйдзецца адчапляць гарматы. Але ніякай каманды не падавалі. Афіцэры павылазілі з машынаў, пасталі на ўзбочыне, узіраліся наперад. Некаторыя ішлі далей, дзе было начальства і дзе раздаліся гэтыя нечаканыя выбухі. Што там адбывалася, было невядома. Я таксама прайшоў трохі ўздоўж батарэйных машынаў і згледзеў наперадзе свайго камбата. Разам з камандзірам першай батарэі яны ўсё ўзіраліся ў галаву калёны, мабыць, таксама чакалі якога сыгналу. Гэтыя два афіцэры, два капітаны з выгляду былі дужа розныя — маленькі хударлявы камбат-1 і цыганскага выгляду, камлюкаваты камбат-2. Зь іх ціхай гаворкі было зразумела, што нас абстраляла нямецкая самаходка, якая, аднак, змоўкла. Экіпаж яе, пэўна, даў драла. Так што няварта хвалявацца, зараз паедзем. I праўда, неўзабаве з галавы калёны прагучала каманда «Па машынах!» Камандзір першай батарэі пабег да свайго «студэбэкера», а мой трохі затрымаўся, усё ўзіраючыся наперад.
— Капітан, хачу запытацца.
— Што? — павярнуў да мяне незадаволены твар камбат.
— Што гэта тут асабіст раніцой высьледжваў?
— А ты ня ведаеш, што? — камандзір батарэі ўпёрся ў мяне нядобрым позіркам. — Не адчуваеш?
— Не адчуваю, — сказаў я, пачынаючы, аднак, здагадвацца.
— Зь якой гэта ты зямлячкай там зьнюхаўся?
На хвіліну я анямеў — так яно і казалася, як я меркаваў. Я моўчкі чакаў, што яшчэ скажа камбат, але ён таксама змоўк, мабыць, пашкадаваўшы, што і без таго сказаў шмат.