Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Шрифт:
— Ну якая ў вайну дабрыня? Тут азьвярэць можна, — сказаў я.
— Праўда. I ўсё ж яна ёсьць, дабрыня. Я во ўспамінаю сваю грушаўскую гаспадыню. Ды і на Чэрвеньшчыне…
— Ну, а тут, у Нямеччыне?
— Дык і ў Нямеччыне ёсьць. Болей сярод старэйшых, якіх яшчэ фашызм не перайначыў.
— Ну, а ты сама добрая? — запытаўся я і прыціх, чакаючы яе адказу.
— Наўрад ці. Усё ж я адтуль, дзе рэлігіяй была жорсткасьць, непрымірымасьць. Гэта ўжо сядзіць у нас унутры. Ведаю, тое кепска, а што зробіш? Мабыць, натура мацней за розум. Вось да праўды сябе не прывучу. Асабліва, калі праўда калючая. Усё прыгожай хлусьні
— Гэта канечне. Прыгожае заўжды прыемнае.
— Галоўнае, што паверыць у прыгожую хлусьню заўжды надта лёгка. Яна сама на душу кладзецца. Вось ты сказаў — прыгожая, і я ўжо растала. Я ўжо за адно гэтае гатовая цябе пакахаць.
— Праўда?
— Ну, — адказала яна проста, як некалі казалі ў нас, і ціхенька засьмяяўшыся, прыгарнулася да мяне.
— Але ж я бяз хітрасьці. Ты ж і сапраўды прыгожая.
— Калі побач няма прыгажэйшай, — гарэзьліва скончыла яна.
— Але ж ты яшчэ й разумненькая.
— Ну ўжо не. Я, можа, і была б разумная, калі б была шчасьлівая. Няшчасная дзяўчына разумнай ня будзе. Гэта хлопцы на горы вучацца. А дзяўчыну гора зьядае. I розум яе, і прыгажосьць.
— Навошта дзяўчыне розум, калі ёсьць прыгажосьць? — трохі жартоўна зазначыў я.
— Ну, ведаеш, розум — гэта ўсё ж адносная якасьць. Я недзе чытала, што каб паразумнець, трэба адчуць сябе дурнаватым. А ўвогуле розум — ня самае галоўнае ў чалавеку. Разумны можа быць і злачынца. Разумны для сябе.
— А што ж галоўнае?
— Чалавечнасьць, во што. Тое, што ідзе ад Бога, а не ад д’ябла. Ці ад малпы, як дарвіністы пісалі. Усё ж у нас дужа мала боскага. Ці яшчэ не набылі, ці бальшавікі адабралі. Аддзялілі народ ад Бога.
— А ў немцаў хіба больш… боскага?
— Ведаеш, больш. Усё ж яны болей з Богам жылі. Зноў жа яны Бога шукалі. Пратэстанты, напрыклад. Ён быў ім патрэбны, казаў доктар Шарф. А мы свайго так і не знайшлі.
— Хай сабе яны і з Богам. А мы ўсё роўна іх перамаглі.
— Перамагчы, можа, і магчыма, — не адразу, падумаўшы, сказала Франя. — Але ці магчыма бяз Бога жыць? Ніводзін народ, нават самы адсталы, не жыве бяз Бога. Мабыць, гэта немагчыма. Бяз Бога, ён проста сам сябе зьесьць. Асабліва прымітыўны народ.
— Ну мы ж во не прымітыўныя, а жывем бяз Бога і — нічога. Ня зьелі яшчэ адзін аднаго.
Франя трохі прымоўкла, зьбіраючыся з думкай, і сказала надта сьцішаным голасам:
— Ведаеш, даволі пасьпяхова елі. Клясавая барацьба — хіба ня тое ж самаедзтва? Хаця нас, можа, ратуе, што нас многа. Ня надта хутка можна адзін аднаго зьесьці!
Я ўжо не пярэчыў, унутрана я пачаў зь ёй згаджацца. Я адчуў, што яна разумнейшая за мяне, хоць і ня надта прыемна было ў тым прызнавацца сабе. Усё ж я не лічыў сябе дурнем — што-нішто разумеў у жыцьці, памятаў са школьнай гісторыі ды й прачытаў трохі кніжак. У размовах з такімі, як я, не выглядаў дурнейшым за іншых. Але пра што былі тыя размовы? Пра нашую праклятую вайну, пра несправядлівасьць начальства. Пра артылерыю ды нямецкія танкі, як іх падбіваць. Пра жыцьцё мы наогул не гаварылі, можа таму, што яго ў нас яшчэ не было. Не было ў нашым кароценькім мінулым, а на будучае мы ня надта спадзяваліся. Нам часта было незразумела, як дажыць да вечара, дзе ўжо было разважаць пра Бога. А яна вось разважала. Усё ж я ня ведаў дзяўчат. Духоўнае сталеньне ў іх, мабыць, адбываецца інакш, чым у хлопцаў. Усё ж яны нараджаюцца
Тое, што я пачуў, уражвала не адным толькі выказаным ёю. Было там штось малапрыемнае для мяне — усё гэта яе партызанства ў атрадзе асобага прызначэньня. Але я падумаў, што гэтак па шчырасьці расказаць можа толькі даверлівая натура. Я ўжо ведаў, якія бываюць хамы і жлабы сярод нашага брата-вайскоўца, меў уяўленьне пра тых начальнікаў, якія і ў войску налаўчыліся ваяваць чужымі рукамі. За кошт чужых жыцьцяў. У партызанах тым болей. У партызанах, расказвалі некаторыя, хто там быў, для начальства наогул рай — рабі што хочаш. Камандаваньне далёка, аж у Маскве, па радыё вешай яму локшыны на вушы — ня прыйдзе, не праверыць. Во і рабілі подзьвігі з гэткімі во дзяўчаткамі, якіх па адной і дзясяткамі кідалі ў пашчу вайны. Новых заўжды хапала — яны любілі радзіму і ляцелі на вайну, бы матылькі на агонь.
— Ведаеш, я ж таксама Богам ня надта цікавілася, — сказала Франя. — Выхоўвалася ж ваяўнічаю атэісткай. Аж покуль во тут, у Нямеччыне, не пабыла на імшы. Як пачула арган ды сьпевы «Авэ Марыю», усё ўва мне перавярнулася. I я зразумела — раптам і назаўжды — Бог ёсьць. Яго проста ня можа ня быць. Нягледзячы на ўсё жахлівае на зямлі.
Што ж, можа й так, думаў я. Шкада, што тое да мяне яшчэ не дайшло — раней дайшло да яе. Моўчкі я прыгарнуў да сябе дзяўчыну, і яна не адхінулася. Здаецца, яна ўжо давяралася мне, хаця штосьці яшчэ не да канца адоленае стрымлівала яе адказаць на мае пяшчоты. Але пяшчота гоіць усё, мабыць, пачала яна гаіць і Франіна гора. Нясьмела яшчэ, з далікатнай стрыманасьцю яна пацалавала мяне і зьнерухомела. Я зьнерухомеў таксама.
Гэта быў мой першы пацалунак, дагэтуль ніводная зь дзяўчат не цалавала мяне. Ды й я таксама. Я быў удзячны лёсу, што ён падарыў нам гэтую пару на зыходзе дня. Падумалася, можа, падорыць і шчасьлівую ноч? Я адчуваў сябе дужым, удачлівым і пачаў даваць волю рукам. Яна, падобна было, хмялела ў маіх абдымках, маўчала, толькі цалавала мой твар. А пасьля і зусім расслабілася, аддаючыся на маю хлапечую ўладу.
— Любая…
I раптам страпянулася, спрабуючы вырвацца з маіх абдымкаў.
— Ня трэба! Пашкадуй мяне. Потым… Я ж сірата…
Тыя словы раптам ацьверазілі мяне, і я адхіснуўся. На самой справе, што ж гэта я? Як жа я? Я ж кахаю яе.
— Я ж нікога яшчэ не цалавала, Міцечка. Цябе першага. Пашкадуй мяне.
Ну ведама, я ж цябе не пакрыўджу. Я добры. Я справядлівы, бо я кахаю цябе…
— Любая!..
Я адчуў, яна не давяраецца інстынктам, не дае заснуць розуму. I ашчаджае мяне. Усё ж я не такі, як тыя, што траплялі на яе шляху. Я кахаю яе і шкадую. Найперш, можа, шкадую. Ці не — найперш кахаю. А каханьне — заўсёды сіла, так мне здавалася…
Глухі грукат у дзьверы не адразу данёсься ў нашую шкляную вежу, сьпярша падумалася, што гэта дзесьці страляюць. Але Франя нядобра напружылася ў маіх руках і ўскочыла.
— Міця!!
— Гэта за мной, — здагадаўся я.
Як не скруціўшы сабе галаву па цёмнай і стромкай лесьвіцы, я скаціўся ўніз, навобмацак знайшоў у вэстыбюлі дзьверы, у якіх гулка грукаталі знадворку.
— Таварыш лейтэнант!..
Франя ледзьве ўправілася зь цяжкім засовам, а як адчыніла дзьверы, і я выскачыў на цёмны падворак, Кананок абвясьціў: