Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
— Юрка! Юрачка, куды цябе?.. Што табе?.. — недарэчна лямантую я, абмацваючы ягонае цела, і толькі цяпер адчуваю на руках кроў. Так, кроў на шынялі і на снезе пад ім.
— Жвік-жвік-жвік! — праносіцца блізкая чарга. I зараз жа:
— Тр-р-рах!
Нас зноў накрывае выбухам. Ля локця, зашыпеўшы, дзёўбаецца ў снег гарачы асколак. Рудое воблака сцелецца па гародзе. Гэта ўдарылі ў мазанку, ад якой я адбегся сюды. У свядомасці мільгае водбліск кароценькай радасці — абмінула! Але толькі мяне, а не яго. Яго не абмінула, і ў гэтым маё няшчасце
Я закідваю за спіну свой карабін, хапаю Юрку пад пахі і амаль тут жа падаю з ім разам у снег. Несці яго я не здолею. Тады я чапляюся за яго партупею і, нізка схіліўшыся, волакам цягну яго да паваленага плятня, назад у хату.
— Жвік-жвік-жвік-жвік! Фіць-фіць!
Гэта чэргі. Яны скрозь шкуматаюць саламяныя стрэхі, дзіравяць гліняныя сцены мазанак. У паўзах між громам выбухаў я лаўлю слыхам блізкае лязганне гусеніц — танкі ўжо на вуліцы.
Задыхаючыся, увесь у сцюдзёным поце, я падвалакваю цежаленнае Юркава цела да парога хаціны. Там моўчкі курчацца на падлозе некалькі параненых. З кутка на мяне няўцямна азіраецца Каця.
— Э, памажыце! — крычу я, бо ўжо не ў стане перацягнуць Юрку цераз парог. Да таго ж я вельмі баюся, што ўжо будзе позна. Я злы і чакаю, што яны кінуцца да мяне. Але кідацца тут няма каму — людзей стала зусім небагата. Так, параненыя, відаць, не чакаючы горшага, паразбрыліся, хто куды мог. Я бачу толькі Кацю, якая завіхаецца ля абгарэлага лётчыка, і некалькі цел у парозе. Ды во яшчэ немец! Сапраўды, нейкі дзівак фрыц, ён не ўцёк і, убачыўшы Юрку, жахаецца:
— О, майн гот! Юнгофіцір!
— Майн гот табе! — ад злосці крычу я і клічу Кацю: — Сястра! Хутчэй! Хутчэй!
Толькі Кацю, здаецца, падганяць не трэба. Яна ўжо тут і хуценька расшпільвае на Юрку партупею і рэмень. Я задыхаюся ад знямогі і падаю на дол.
— Танкі… Танкі ўжо там!..
Каця кідае на мяне жорсткі, бязлітасны позірк.
— Дзе сяржант? Дзе той свалата? Ты не бачыў? — Я адмоўна кручу галавой. Каця выпальвае з лютасцю: — Уцёк, зараза! Балбатун, трапло праклятае! Страляць такіх гадаў! Падлюга! Цяпер прападаць!
Да гэтага недалёка. Сапраўды, справы нашы кепскія. Страляць няма каму і няма чым, ды і наўрад ці паможаш гэтым бядзе. I ўсё ж дарма я аддаў таму аўтамат. Чым цяпер будзем адбівацца? Хіба што адным карабінам. Ну і ну!
Некалькі куль з вуліцы б’юць па сценах. Адна праз акно адбівае кавалак ад печы. Нас абсыпае глінай. Каця схіляецца над Юркам, пакрыквае на немца — цяпер той памагае. Я хапаю Юрку за галаву — на скронях у яго моцна торгаюцца жылы — яшчэ жывы.
— I на халеру я звязалася з вамі! Ужо ў Аджамцы была б! — незадаволена бурчыць Каця.
— Хутчэй! Хутчэй, Каця! Ён жа задыхаецца… —
— Чакай ты!.. Ось яно што! — кажа Каця. Яна поркаецца пад загорнутай Юркавай вопраткай. Там усё акрываўлена.
Я ўжо нямала бачыў акрываўленых — жывых і мёртвых, а тут не магу глядзець: гэта ж Юрка…
— Та-а-ак… — засяроджана кажа Каця і, таропка захінуўшы сарочку, абматвае бінтом паверх гімнасцёркі.
— Ён выжыве, га? Выжыве, Каця? — пытаюся я.
— А я што — Бог? — з незразумелаю злосцю крычыць у адказ Каця. — Я не Бог табе!
Пасля яна запіхвае ў сумку бінты і кідаецца да акна.
— Дзе падводы? Дзе падводы? Дзе тая свалата балбатлівая?
Але ні сяржанта, ні падвод няма. Наогул, нідзе амаль ужо нікога няма. У гэтым канцы сяла мы засталіся адны.
Хату скаланае выбух. У акно патыхае пылам і трацілавым смуродам. Каця падае, мы ўсе прынікаем долу. А калі ўзнімаем галовы, бачым у дзвярах вялізную постаць у незашпіленай цёмна-шэрай куртцы з пухнатым каўняром, накінутай проста на белую споднюю сарочку. У яе разрэзе відаць валасатыя грудзі.
— Бінта трэба! У каго ёсць бінт?
Чалавек адной рукой заціскае рану на шыі, з якой між пальцаў у рукаў, на куртку струменямі ліецца кроў. У другой руцэ ў яго ППС. I тут я здзіўляюся — гэта ж мой ППС! Вунь і знаёмая почапка з меднай драцінкай замест трэнчыка.
Але перш чым я спраўляюся што-небудзь сказаць, да чалавека падскоквае Каця.
— Дзе ўзяў? Дзе ўзяў гэта? — яна рэзка тузае яго за палу курткі.
На твары дзяўчыны лютасць. Чалавек спярша не разумее, лыпае вачыма то на Кацю, то на сваю куртку. I тады я раптам здагадваюся, што і аўтамат, і куртка былі ў нашага сяржанта, якога мы чакаем цяпер.
— Гэта? — урэшце цяміць чалавек. — Не ўкраў. Вунь у забітага ўзяў.
— Дзе забіты? — крычыць Каця, аж скаланаючыся ўсім целам.
Чалавек, таксама раздражняючыся, у тон ёй адказвае:
— А ты што — пракурор? Вунь на дарозе ляжыць.
Каця, разам абвяўшы, паныла апускаецца на падлогу. На яе твары — пакутная грымаса болю. Не адолеўшы яго, яна расслабленымі рухамі зашпільвае сумку і, не пазіраючы на яго, пытае:
— Дзе танкі?
— Пруць, сястра. Вам тут не месца. У хаце, стогнучы, крычыць лётчык:
— Зараз жа адпраўляйце мяне! Не маеце права! Я да Героя прадстаўлены!..
Каця ўскідвае на нас позірк. У яе вачах — рашэнне.
— Выносіць! Выносіць усіх! На дарогу! Хутка! Куляй! Жыва!
Так, выносіць! I ўсё ж гэта не самае ўдалае. Выносіць, значыць, цягнуць на сабе параненых. Толькі ці далёка пацягнеш ад танкаў?..
I ўсё ж рабіць болей няма чаго. Седзячы тут, мы дачакаемся горшага, і я падхопліваю пад паху Юрку. Чалавек у сяржантавай куртцы абмотвае бінтом шыю і, запіхнуўшы за каўнер канцы, бярэ Юрку з другога боку. Немец без прынукі, паслужліва падскоквае да Каці. Ён ужо ў нечым шынялі і падобны на чырвонаармейца. Толькі шапка ў яго нямецкая. Удвух яны паднімаюць лётчыка.