Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
— Ах ты, гад! — пасля секунднае збянтэжанасці вызвяраецца ён на Хусаінава. — Ты так? Так, свалата?!
— Стойце! Пастойце! Што вы робіце! — крычу я.
Да Хусаінава прама на яго вінтоўку кідаецца Каця. Але ён ухіляецца.
— Стралал вас буду! Убівал буду. Я распіска давал. Прыказ бірал! — У раз’юшаным гневе крычыць Хусаінаў, зноў лязгаючы затворам.
Старшына, аднак, хутчэй за яго тузае рукаятку аўтамата і проста з грудзей б’е кароценькаю, у тры кулі, чаргой. Паўз галовы. Хусаінаў спалохана ўзмахвае рукой, нібы спрабуючы засланіцца.
— Дурань! Ідыёт! Гад! —
Я апускаю Юрку на снег — бог ты мой, што гэта робіцца! Што творыцца! Навошта так? Але маё недаўменне тут жа знікае, зусім блізка рвецца снарад. — Тр-рах! — Пыльныя кавалкі гліны градам абсыпаюць усю дарогу. Ззаду адным канцом асядае ў снег мазанка, што стаяла на паваротку. Але гэта не міна — гэта ўжо танкі. Відаць, падыходзяць. Хутка ўлупяць і нам.
Выбух нас ацвярожвае. Я падхопліваю Юрку. Ад воза да мяне кідаюцца Каця з немцам — дзякуй ім абодвум. На твары ў Каці адчай і рашучасць. Валасы выбіліся з-пад шапкі, паўшубак расшпілены. Немец рухава-напружаны і маўклівы, ён, здаецца, увесь у слыху. Быццам ягоная ўвага не тут, а недзе далёка, можа, там, дзе бой. Прыслухоўваецца да сваіх, Ці што? Толькі цяпер чорт з ім, цяпер бы хутчэй!
— Хутчэй! — крычыць з падводы старшына.
У ёй амаль ужо пуста, у дне корчыцца лётчык. Мы ўскладваем туды Юрку, следам увальваюся я. Каця скача ўжо на хаду. Ездавы бязлітасна лупіць коней. Фурманка ўздрыгвае, я ледзьве ўтрымліваюся ззаду, азіраюся — з-за паваротка пакуль нікога.
Няўжо вырвемся?
I раптам наперадзе трэск, агонь і грымоцце. Хмара зямлі са снегам ускідваецца да неба, і мы з лёту ўскокваем у гэта змрочнае пекла дыму, зямлі і снегу. Коні кідаюцца ўбок, фурманка жахліва хіліцца. Каб не вылецець, я аберуч чапляюся за яе борт. Побач роспачна лаецца Каця:
— Вярні! Вярні ўбок!.. Разявон!..
Ездавы, ледзьве не ўскочыўшы з коньмі ў глыбачэзную варонку, як-колечы мінае яе. Здаецца, пранесла! Мы вырываемся з выбуху, фурманка выроўніваецца, коні кідаюцца галопам. Але тут жа пад коламі трэск — нешта ламаецца. Гэта мы наскокваем на разбітую выбухам пустую павозку. У аглоблях распластаўся на снезе конь. Пад брухам ручаіна крыві. Непадалёк пад плятнём нерухомая салдацкая постаць у скамечаным задраным шынялі.
Я хапаюся за Юрку, аглядваю нашых. Здаецца, абышлося — усе цэлыя. Толькі старшына чамусьці не ў возе, а бяжыць за фурманкаю. Разам з немцам яны хапаюцца за перакладзіну ззаду і разгоніста сігаюць за возам. З старшыновых пальцаў на палу майго шыняля цячэ кроў.
Фурманка шалёна кідаецца па калдобінах, я адной рукой прытрымліваю Юрку, другой напружана трымаюся за край дошкі — хоць бы не вываліцца…
Скрозь выбухі і густое ціўканне куль мы прарываемся на аколіцу. Далей за грэбляю — шырокая балка-лагчына. Снег у доле стаптаны дзесяткамі ног людзей і коней, коламі фурманак, машын. Усе з гэтага сяла пашыбавалі туды. Мы, напэўна, апошнія. На грэблі пакінуты «ЗІС» з расчыненымі дзверцамі кабіны. Ён нізка асеў на прастрэленых скатах, касабочыцца разбіты кузаў.
Фурманка наша зварочвае з вуліцы ў балку. Калатнечы яшчэ прыбаўляецца. Я ўжо хапаюся за барты абедзвюма рукамі.
— Ой! Ой! Стойце!
Каця моўчкі прытрымлівае яго забінтаваную галаву, каб не білася аб дошкі перадка. Ззаду мокрыя твары немца і старшыны. Яны бягуць за фурманкай. Еўсюкоў, відаць, усё не можа супакоіцца ад свае сутычкі на вуліцы і асвалачэла лаецца:
— Дурань набіты! Абармот! Пагражае!.. За кучу вашывага шмоцця. Ось гад! Асталоп іспалніцельны! Лепш бы ўжо разгільдзяй, да з галавой каб!..
Сапраўды, гэта жахліва: свой — свайго! За што, падумаць толькі! Добра яшчэ, што трапіў у руку. Рана ў старшыны, здаецца, не страшная, і крыві не так ужо і многа.
Людзі групамі і ў адзіночку бягуць балкаю. Конных ужо не відаць. Далёка наперадзе хаваюцца за павароткам фурманкі. Шмат каго мы ўжо і абганяем. Ужо мы — не самыя апошнія. З’яўляецца надзея — авось вырвемся. Я падаюся да Юркі. Шынель на ім акрываўлены, мусіць, збілася павязка. Ён па-ранейшаму маўчыць, зубы моцна сцяты. Эх, Юрка! Трывай, браце, як-небудзь мацуйся, намажыся, цярпі! — малю я ў думках, ледзьве сам трымаючыся ў фурманцы. I ў гэты момант над нашымі галовамі размашыста бліскае першая агністая маланка. Мы знячэўку ўгінаемся, — далёка наперадзе ўзлятае ўгару слуп снежнага пылу. Гэта балванка.
Мы ўсе, як па камандзе, азіраемся. Так і ёсць — танкі ўжо выйшлі на ўскраіну. На грэблі каля «ЗІСа» з-за крайніх хат іх выпаўзае з дзесятак. Некаторыя спыняюцца, бліскаюць агеньчыкамі з дымам і хутка скіроўваюць у балку, за намі следам.
— Тр-рах! Трах! — ірве ззаду і збоку.
Над намі ў паветры праносіцца снарад. Ягоны разгоністы фыркат кладзе нас у фурманку. Наперадзе, на схіле балкі, вырастае прыгожы клубчаста-пульхны выбух. Ззаду ў снежнай прасторы густа рассыпаецца кулямётны трэскат.
— Гані! — крычыць Каця. — Гані ты, няўклюда!
Ездавы прыўстае на перадку і з-за пляча лупіць палкай коней.
Тыя ўсе ў мыле і імчацца так, што, здаецца, растрасуць фурманку. Мы наганяем некалькі байцоў у расшпіленых шынялях, без дзяг. Адзін, маладзенькі, без шапкі, з абстрыжанай пад нулёўку галавой, на хаду спрабуе прычапіцца да фурманкі. Старшына гоніць яго:
— Куды? Куды прэш?! Тут параненыя!
Хлопец з роспаччу ў вачах збочвае і нейкі час загнана хакае побач. Я чакаю новага выбуху. Сапраўды, колькі можна праехаць на прыцэле ў танкаў? Хоць бы яны не спыніліся — з ходу яшчэ мо не пацэляць. Але ж дагоняць. Халера на яго — дзе ж тады выйсце?
Так, гэта жахліва! «Гані, браток, гані!» — нема прашу я ездавога, ды ён і сам гоніць куды як добра. Толькі ці надоўга? Наперадзе, здаецца, паваротак. Вось бы паспець да яго!
А кулямётны трэскат усё бліжэй.
Тут ужо многа байцоў — маўклівыя, задыханыя, расчырванелыя, са страхам у расшыраных вачах. Імі ніхто не камандуе. Гэта тылы — абознікі, кладаўшчыкі, ездавыя, тэхнікі… Многім такая калатнеча, відаць, у навіну: да агню яны не прывыклі. Я ведаю, адзінае, што цяпер пануе над іх пачуццямі — гэта ўлада страху. Сродак да паратунку ў іх цяпер — ногі. Толькі сродак гэты не самы лепшы. Хутчэй наадварот. Гэта безвыходнасць.