Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

Добра, што нядоўга ўжо засталося баляваць гэтым зверыядаўцам і ўрэшце калі-небудзь запануе і шчасце. Прыйдзе час — спазнаюць людзі вялікую вольнасць кахання і адданасці, толькі наўрад ці суджана гэта ім… Мілая, сардэчная Джулія, яна залятае ў марах гэтак далёка, мусіць, зусім не падазраючы, што яшчэ чакае іх па шляху ў Трыест. Мусіць, вырваўшыся з лагера і спазнаўшы каханне ў гэтым дзівосным макавым раі, яна падумала, што ўсё страшнае ўжо ззаду, а наперадзе толькі радасць. Калі б так! Варта хоць трошкі разважыць, як стане зразумела, колькі яшчэ пакут наперадзе: аўтастрады ў даліне, перайсці якія вельмі нават нялёгка, рэкі, пераплыць якія хто ведае як, населеныя пункты, якія не абмінуць.

А людзі, засады, сабакі… I ў дадатак да ўсяго недаступны снежны хрыбет! Як перайсці яго ім, распранутым, разутым, галодным?

А яна тым часам ціхенька спала на баку, падагнуўшы каленку. Ён устаў, агледзеўся, абышоў яе і зноў сеў, ужо апанураны і злы, таму што дужа хацелася есці, а галоўнае — балела нага. Галёнка, здаецца, усё пухла, дужа сціскала павязка. Іван крыху паслабіў яе, абмацаў — нага пыхала жарам, і хлопца пачалі даймаць дрыжыкі. Давялося ўзяць з травы ненавісную паласатую куртку і захутацца, але цяпер і яна грэла слаба. Прыслухаўшыся да сябе, Іван падумаў, што не хапала яшчэ захварэць — што тады будзе? «Не, так нельга! — падбадзёрваў ён сябе. — Трымайся!»

Але штосьці перамянілася ў яго настроі, Іван адчуваў гэта, і трывога, як вада ў дзіравую лодку, усё прыбывала ў яго пачуццях. Добра, што Джулія нічога кепскага, бадай, не адчувала і соладка спала. Ён таксама сеў побач, босыя ступні свае захінуў палою скуранкі, якой прыкрыў яе, і стаў пазіраць у ноч. Неўзабаве яго пачало хіліць на сон, дакучала мернае бульканне патоку.

Мабыць, ужо на світанні ён не ўтрымаўся і неўпрыцям задрамаў, уткнуўшы твар у калені.

22

Прыцьмелая ў дрымоце трывога раптоўным штуршком нібы ўдарыла яго ў самае сэрца. Яно здрыганулася так моцна, што здалося, ледзьве не вырвалася з грудзей. Ён прахапіўся адразу і ў тое ж імгненне пачуў недарэчны вар’яцкі крык:

— Во біст ду, руссэ? Зі гебэн фір ін брот! Зі габэн філе брот [46] .

Над лугам патроху світала, сонца яшчэ не ўзышло, было непрытульна і шэра. Мусіць, напаўзло воблака, і гор не было відаць — клубчастая кудзеля туману, чапляючыся за паніклыя росныя макі, паўзла ўздоўж схілу. Іван адразу тузануў з Джуліных ног скуранку, дзяўчына прахапілася і спалохана загаманіла нешта, а ён, стоячы на чацвярэньках, пільна ўглядаўся ўніз, адкуль данёсся крык. Праз колькі секунд хлопец здагадаўся, што гэта — вар’ят, але адразу ж здалося: ён не адзін, з ім людзі. I сапраўды, не паспеў ён праз туман каго-небудзь згледзець, як пачуў сцішаны пагрозлівы вокліч: «Гальтс маўль!» [47] і звычайную нямецкую лаянку.

46

Дзе ты, рускі? Яны дадуць хлеб! У іх шмат хлеба. (ням.)

47

Маўчаць! (ням.)

Джулія таксама пачула гэта, зразумела ўсё і кінулася да Івана. Учапіўшыся за рукаў ягонае курткі, яна ўтрапёна ўзіралася ўніз, у дымнае месіва туману, сярод якога, здалося, мільганулі чалавечыя цені. Ён схапіў яе за руку і, прыгнуўшыся, падцяг да ручая, дзе было ніжэй. У другой ягонай руцэ была скуранка, калодкі ж яе засталіся недзе ў маку.

Моўчкі з усяе сілы яны кінуліся збоч ручая ўгору.

Іван таропка сігаў па беразе, пераскокваючы камяні, і не выпускаў з свае рукі пальцаў Джуліі; дзяўчына ледзьве спраўлялася за ім і ўсё палахліва азіралася. Іван шукаў позіркам якога зручнага месца,

каб перабегчы цераз ручай на той бок, — там можна было схавацца ў скалах і высокіх зарасніках рададэндрану. Але паток разгоніста імчаў з гор, не абяцаючы нідзе пераходу, — сунуцца туды было безнадзейна.

«Добра, што воблака! Добра, што воблака!» — стукала ў Іванавай галаве думка. Імклівае клочча туману пакуль што трохі хавала іх ад немцаў, якія былі недзе зусім блізка. «Пракляты вар’ят, чаму я не забіў яго? Усе яны аднае пароды — і разумныя і звар’яцелыя. Вось і яшчэ здрада! Ці не апошняя?..» — у роспачы думаў Іван і бязлітасна валок Джулію, не выпускаючы яе рукі. Яны ўжо мінулі заваротак ручая, узбеглі на бераг, далей было адкрытае месца. Перш чым выскачыць на лугавы росны прастор, хлопец упаў на калені, прыўзняўся, цяжка сапучы, зірнуў уніз — туман прыкметна радзеў, ужо сталі відаць дальнія камяні ў маку, выспа, дзе ён учора сустрэў вар’ята. I тады ў туманнай прыцьмеласці паветра ён згледзеў некалькі немцаў — нешырокім ланцугом, разбрыўшыся па лузе, яны набліжаліся да выспы.

Немцы яшчэ не бачылі іх. Уцекачы, нямала прабегшы, ужо далекавата адышліся. Іван зірнуў на Джулію — на яе рухавым, яшчэ з адзнакамі сну тварыку відаць была вялікая стомленасць, дзяўчына ледзьве не захліпалася ад дыхавіцы. «Хоць бы вытрымала! Хоць бы яна вытрымала!» — прагна жадаў Іван, бо ў такім іх становішчы толькі ўласныя ногі маглі даць паратунак. I трошачкі аддыхаўшыся, ён зноў тузануў яе за руку. Яна — відаць было — бегла з вялізным напружаннем, але не адставала ад яго.

Шумна дыхаючы, яны ўзбеглі ўжо куды вышэй сярэдзіны лугу, ногі па калені намоклі ад расы, бег іх, аднак, з кожнай хвілінай станавіўся маруднейшым. Іван пачаў прыкметна накульгваць на правую нагу, якая стала надзіва непаслухмянай, нібы пераседжаная. Спачатку ён так і падумаў, што, задрамаўшы, адседзеў яе, але непадуладная млявасць у ёй не міналася, пад каленам круціла сухажылле. Джулія неўзабаве заўважыла тое і спалохана тузанула яго за руку:

— Іваніо, нога?

Ён правалок нагу па траве, стараючыся ступіць як мага натуральней, але гэта яму не дужа ўдалося. Тады Джулія, азірнуўшыся, кінулася да яго на калені і ўчапілася ў штаніну, хочучы агледзець рану.

— Надо вязать, да? Я немножко вязать, да?

Ён настойліва адхіліў яе рукі.

— Нічога не трэба. Давай хутчэй.

— Болно, да? Болно? — пыталася яна, зацяўшы трывогу ў вялізных сваіх вачах і запытальна ўглядаючыся ў яго. Ад стомы пад паласатай куртачкай шалёна хадзілі яе грудзі. Ускінутыя над вачыма жорсткія бровы нервова трымцелі.

— Нічога, нічога…

Перамагаючы боль, ён таропка пакульгікаў вышэй. Джуліна рука выслізнула з яго пальцаў, і ён не ўзяў яе — дзяўчына, штораз азіраючыся, бегла побач.

— Іваніо, аміка, мі будэм жіт? Скажі, будэм? — з роспаччу, ад якое разрывалася сэрца, пыталася яна на бягу.

Хлопец зірнуў на яе, не ведаючы, што адказаць, і ўбачыў столькі мальбы і надзеі ў яе позірку, што паспяшаўся схлусіць:

— Будзем, вядома. Хутчэй толькі…

— Іваніо, я хютчэй. Я бістро. Я карашо…

— Добра, добра.

Яны ўжо дабеглі да верхняе мяжы лугу. Тут недзе ў камянях пачыналася сцежка, па якой яны трапілі сюды ўначы. У гарах-скалах, мусіць, можна было б затаіцца. Але воблака, пэўна, ужо спаўзло з лугу, навокал яшчэ болей развіднела, туман увачавідкі радзеў, у праяснелых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. «Чорт, няўжо не вырвемся? — затрымцела трывожная думка. — Няўжо згледзяць? Не, таго не павінна быць!» — супакойваў сябе Іван і крочыў усё вышэй. Маючы немалы вопыт уцёкаў, ён разумеў усю складанасць такога становішча і ведаў, што калі немцы заўважаць іх, то, бадай, ужо не выпусцяць.

Поделиться:
Популярные книги

Лучший из худших-2

Дашко Дмитрий Николаевич
2. Лучший из худших
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Лучший из худших-2

Сами мы не местные

Жукова Юлия Борисовна
2. Замуж с осложнениями
Фантастика:
юмористическая фантастика
космическая фантастика
9.35
рейтинг книги
Сами мы не местные

Полное собрание сочинений. Том 24

Л.Н. Толстой
Старинная литература:
прочая старинная литература
5.00
рейтинг книги
Полное собрание сочинений. Том 24

Тройняшки не по плану. Идеальный генофонд

Лесневская Вероника
Роковые подмены
Любовные романы:
современные любовные романы
6.80
рейтинг книги
Тройняшки не по плану. Идеальный генофонд

70 Рублей

Кожевников Павел
1. 70 Рублей
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
попаданцы
постапокалипсис
6.00
рейтинг книги
70 Рублей

Стратегия обмана. Трилогия

Ванина Антонина
Фантастика:
боевая фантастика
5.00
рейтинг книги
Стратегия обмана. Трилогия

Игра со Зверем

Алексина Алёна
Фантастика:
фэнтези
6.25
рейтинг книги
Игра со Зверем

Жена на пробу, или Хозяйка проклятого замка

Васина Илана
Фантастика:
попаданцы
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Жена на пробу, или Хозяйка проклятого замка

Отражения (Трилогия)

Иванова Вероника Евгеньевна
32. В одном томе
Фантастика:
фэнтези
8.90
рейтинг книги
Отражения (Трилогия)

Газлайтер. Том 5

Володин Григорий
5. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 5

Наследие Маозари 4

Панежин Евгений
4. Наследие Маозари
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Наследие Маозари 4

Недотрога для темного дракона

Панфилова Алина
Фантастика:
юмористическое фэнтези
фэнтези
сказочная фантастика
5.00
рейтинг книги
Недотрога для темного дракона

Идеальный мир для Лекаря 12

Сапфир Олег
12. Лекарь
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 12

Любовь по инструкции

Zzika Nata
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.85
рейтинг книги
Любовь по инструкции