Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

Іван ад абрыву палез першы. Як-колечы яны карабкаліся ўскрай сланіку, пад’ём рабіўся ўсё болей круты. Чорт бы яго ўзяў, гэты зараснік, добра, каб ён быў там, унізе, дзе яшчэ можна было схавацца, а цяпер ён толькі шкодзіў, калоўся, чапляўся. Лезці ж цераз яго напрасткі было страшна — так густа спляліся яго пакручастыя, як дрот, смалістыя галіны. Кідаючы раз за разам трывожныя позіркі ўгору, хлопец шукаў якой болей прыдатнай дарогі, але нічога лепшага тут не было, і гэта прымусіла яго зацяць у сабе трывогу. Угары іх чакаў новы, куды болылы за папярэдні, сыпучы абрыў, узлезці на яго яны, мусіць, не здолеюць…

Джулія, аднак, пэўна,

таго не бачыла і не адчувала. Занятая сваркай з немцамі, яна крыху адстала, а пасля таропка даганяла яго. Ён, задыхаўшыся, прысеў і выцяг уніз хворую нагу.

— Іваніо, нога? — спалохана глянула яна знізу.

Ён не адказаў.

— Нога? Дай нога!

Ён моўчкі ўстаў і зноў паглядзеў на кручу, яна таксама зірнула туды, агледзела гэтую сцяну, і позірк яе ўстрывожыўся.

— Іваніо!

— Ладна. Пайшлі.

— Іваніо!

Яе твар зноў перасмыкнуўся, нібы ад болю, яна азірнулася — немцы таропка лезлі іхнім жа следам.

— Іваніо, морто будэм! Нон Тэрэшкі? Аллес нон?

— Давай хутчэй! Хутчэй! — не адказваючы, строга прыкрыкнуў ён, бо інакшага выйсця, як толькі павярнуць у сланік, у іх не было.

I хлопец закусіў вусны і шаснуў у гэты неадольны гушчар, які абмінала нават звяр’ё. Адразу калючыя іголкі сотнямі ўпіліся ў ногі, але ён не зважаў на іх — ён ашчаджаў толькі калена, ад болю і напружання на лбе высыпаў сцюдзёны пот. Не дужа асцерагаючыся, толькі сабраўшы ў вузел усё трыванне, ён ашалела палез сярод сланіку ўбок, у абход кручы.

— Ой, ой! Ой! — роспачна войкала Джулія, але таксама лезла за ім — не вельмі ўмела, не разбіраючы шляху, часта чапляючыся за калючча і падаючы.

Ён не супакойваў яе і не падганяў — ён толькі азіраўся на край стромы, дзе вось-вось павінны былі паказацца немцы.

Праўда, на гэты раз ім пашанцавала, яны амаль што дабраліся да верхняе мяжы зарасніку, калі ўнізе з-за кручы вылез першы эсэсман. Тут ён рабіўся ўжо небяспечны, бо яны хоць і адышліся далей, але мала ўзняліся ўгору — розніца ў вышыні паміж імі і немцамі была невялікая. Як толькі немец узняў галаву, каб згледзець іх, Іван таропка прыцэліўся з пісталета і стрэліў.

У гарах гулка пакацілася адгалоссе.

Вядома, ён не пацэліў: было далекавата, але немец засцярожліва шаснуў пад абрыў, і ў паветры затым разнеслася доўгая рассыпістая чарга. «Тр-р-р-р-рт… Тр-р-р-р-т… р-р-р-рт… р-р-т…» — усё далей адносячы, размножылі чаргу горы. Калі рэха сціхла, уцекачы кінуліся далей. Нечаканы пісталетны стрэл, пэўна, збянтэжыў немцаў, і на кручы нейкі час ніхто не паказваўся. Пасля на краі яе з’явілася паласатая постаць.

— Іваніо, гефтлінг!

Вар’ят, шырока расставіўшы ногі, узлез на кручу і, хістаючыся, закрычаў ім сваім недарэчна сарваным голасам:

— Руссэ! Руссэ! Хальт! Ворум ду гэйст вэг? Зі волен брот гэбэн [49] .

— Цурюк! — крыкнуў Іван. — Шіссен!

Вар’ят угнуўся і кінуўся назад, там на яго, чуваць было, закрычалі немцы і, крыху счакаўшы, амаль адначасова ўсе, колькі іх было там, высыпалі з-за абрыву.

Здаецца, становішча ўсё горшала. Да седлавіны, дзе канчаўся сланік, было зусім блізка, але ўжо тут немцы маглі дастаць з аўтаматаў. Трэба было як-небудзь затрымаць іх і прарвацца за седлавіну. Іван укленчыў, прысланіў ствол пісталета да хісткае галіны сланіку і стрэліў другі раз, затым трэці. Пасля ўгнуўся, стаіўся ў нізкарослым гушчары,

да яго на чацвярэньках шаснула Джулія.

49

Рускі! Рускі! Стой! Чаму ты ўцякаеш? Яны хочуць даць хлеба. (ням.)

— Іван, нон патрон аллес! Нон аллес! [50]

Ён зразумеў, дакрануўся да яе худзенькага пляча, супакойваючы, — два патроны ён, вядома, пакіне на самы паследак. Ён чакаў страляніны з боку немцаў, але тыя маўчалі: шырока разбегшыся, яны таксама палезлі ў сланік. Тады ён ускочыў і, прыгінаючыся, каб хоць троху прыкрыцца, пакульгікаў угору, да седлавіны збок кручы.

Мусіць, немцы ўсё ж зрабілі памылку, што, гледзячы на іх, самі падаліся ў сланік. Гэты зараснік, аказваецца, не толькі затрымліваў рух, ён яшчэ не даваў бачыць, прыцэліцца, і пакуль яны валакліся там, Іван з Джуліяй, ледзьве жывыя ад стомы, дабраліся да седлавіны.

50

Іван, не ўсе патроны! Не ўсе! (ням.)

З апошніх сіл, усім целам чакаючы стрэлаў ззаду, яны дабеглі да яе і кулямі скаціліся на другі бок. Іван перш-наперш акінуў позіркам новы далягляд — з аднаго боку аж пад самыя нізка навіслыя аблокі ўзнімаўся гэткі ж, як і ззаду, круты камяністы схіл, з-пад ног гонка каціўся спуск у лагчыну, за якой пачыналася новая невысокая горная складка. Сям-там раскіданыя над гарамі, плылі белыя, як авечы статак, аблокі; вышэй ад іх суцэльная навісь хмар закрывала снегавыя вяршыні.

Як толькі яны выбеглі з седлавіны, Джулія, склаўшы ля грудзей далоні, упала на калені, і вусны яе таропка-таропка зашапталі нейкія словы.

— Ты што? — крыкнуў ён.

Яна не адказала, а яшчэ прашаптала некалькі слоў, і ён, дужа кульгаючы, пабег уніз. Яна тут жа ўскочыла і дагнала яго.

— Санта Марія поможет. Я просіт очен-очен…

Ён шчыра здзівіўся.

— Кінь ты! Хто паможа? Давай хутчэй!

Не ведаючы, куды падацца, і не маючы сілы лезці ўгору, яны беглі наўкос па схіле ўніз, у лагчыну. Седлавіна з кручай пакуль што затуляла іх ад немцаў. Бегчы ўніз было куды як добра: цела неслася, здавалася, само, аж падгіналіся калені. Іван, аднак, усё не мог саўладаць з нагой і вельмі кульгаў. Джулія апярэджвала яго, але далёка не адбягалася і часта-часта азіралася. Мусіць, тое, што яны вырваліся ледзьве не з-пад самага носа ў немцаў, поўніла яе жвавасцю і нейкім нястрыманым азартам. Зухавата азіраючыся, яна гаманіла з надзеяй і радасцю:

— Іваніо, мі будэт жіт! Жіт, Іваніо! Я очен хотель жіт! Браво вітта!

«Ой рана, рана радавацца!» — думаў Іван, толькі ён не пярэчыў — хай! Ён таксама азірнуўся і адразу ўбачыў, як у седлавіне з’явіўся першы эсэсман. Ён цяжка вылез з-за выспы — рослы, у падцятых брыджах, мундзір на ім быў расшпілены, і на грудзях бялела сарочка. Не, ён не спяшаўся страляць, хоць яны былі і не дужа далёка ад яго і куды ніжэй, — ён з паўхвіліны ўзіраўся ў іх, стоячы на месцы, а пасля загаманіў нешта тым, што, пэўна, ззаду падыходзілі да яго, і зарагатаў. Рагатаў ён доўга, штосьці гукаў наўздагон, пасля спакойна сеў сабе ў седлавіне і зняў пілотку.

Поделиться:
Популярные книги

Черный Маг Императора 13

Герда Александр
13. Черный маг императора
Фантастика:
попаданцы
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 13

Пророк, огонь и роза. Ищущие

Вансайрес
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Пророк, огонь и роза. Ищущие

i f36931a51be2993b

Admin
Старинная литература:
прочая старинная литература
5.00
рейтинг книги
i f36931a51be2993b

Доктор 4

Афанасьев Семён
4. Доктор
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Доктор 4

Адвокат Империи 7

Карелин Сергей Витальевич
7. Адвокат империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
аниме
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Адвокат Империи 7

Неправильный солдат Забабашкин

Арх Максим
1. Неправильный солдат Забабашкин
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.62
рейтинг книги
Неправильный солдат Забабашкин

Кодекс Охотника. Книга VII

Винокуров Юрий
7. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
4.75
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга VII

Кодекс Крови. Книга II

Борзых М.
2. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга II

Звезда сомнительного счастья

Шах Ольга
Фантастика:
фэнтези
6.00
рейтинг книги
Звезда сомнительного счастья

Избранное. Компиляция. Книги 1-11

Пулман Филип
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Избранное. Компиляция. Книги 1-11

Жена неверного ректора Полицейской академии

Удалова Юлия
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
4.25
рейтинг книги
Жена неверного ректора Полицейской академии

Законы Рода. Том 11

Андрей Мельник
11. Граф Берестьев
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 11

Предатель. Цена ошибки

Кучер Ая
Измена
Любовные романы:
современные любовные романы
5.75
рейтинг книги
Предатель. Цена ошибки

Новый Рал 3

Северный Лис
3. Рал!
Фантастика:
попаданцы
5.88
рейтинг книги
Новый Рал 3