Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

Неўзабаве яны і зусім пагаслі. Хрыбет адразу сцяўся і асеў, шэраю дымнасцю ахуталіся горы, і на пакуль што святлявым небе прарэзаліся першыя зоркі. Іван, аднак, ужо не ўбачыў іх — ён заснуў з апошняю сваёй думкай: трэба ўставаць.

Абудзіла яго ўжо Джулія. Мусіць, ад холаду яна заварушылася побач, цясней тулячыся да яго бока. Санлявы яшчэ, Іван адразу адчуў яе і прахапіўся. Яна ашчаперыла яго рукою і горача-горача зашаптала ў вуха поўныя пяшчоты словы — незнаёмыя, чужыя і дужа дарагія яму словы. Ён прыгарнуў яе і вуснамі сустрэў яе вусны…

Было ўжо зусім цёмна. Пахаладала. Чорнымі на паўнеба гарбамі высіліся бліжнія вяршыні, угары

мігалі рэдкія зоры; вецер, мусіць, зусім сціх, бо не шалясцеў нават мак, толькі несціхана і роўна шумеў, булькатаў побач паток. Травяное багацце лугу ўначы запахла на ўсю сваю духмяную сілу, ад яго водару лёгкая п’янасць пацякла ў крыві. Зямля, горы, неба з спакойнай упэўненасцю драмалі ўначы, а Іван, прыўзняўшыся, схіліўся да дзяўчыны і глядзеў-углядаўся ў яе твар, нейкі не такі, як удзень — супакоены, як гэтая ноч, прыціхлы, быццам трошкі спалоханы. У вялізных яе вачах варушыліся цьмяныя зрэнкі, і ў іх далёкай глыбіні бліскала па ледзьве прыкметнай зорачцы. Начныя цені невыразна блукалі па яе твары, а яе рукі і ўначы не трацілі сваёй трапяткой жвавасці — усё гладзілі, пеставалі ягоныя плечы, шыю, патыліцу.

— Джулія! — ціхенька пазваў ён, усё прыгортваючы яе да сябе.

Яна пакорліва азвалася — ціха, з пяшчотай і адданасцю:

— Іваніо?

— Ты не баішся мяне?

— Но, Іваніо.

— Што ашукаю, пакіну цябе?

— Но, аміка. Іван нон обман. Іван — руссо. Кароші, мілі руссо!

Таропка і пругка, з нечаканай для яе тоненькіх рук сілай яна прыціснула яго да сябе і радасна, ціхенька засмяялася.

— Іван — маріто. Нон сіньор Дзангаріні, нон Маріо. Руссо Іван — маріто.

Ён з задавальненнем, нават з патаемным гонарам у душы запытаў:

— А ты давольна? Не пашкадуеш, што Іван — марыта?

Яна шырока расплюшчыла зацененыя яго нахіленай галавой вочы — зоркі ў яе зрэнках здрыгануліся і заскакалі.

— Іван — кароші, кароші маріто. Мі будэт маленькі-маленькі філіё… Как ето по-рускі, скажі?..

— Дзіця?

— Нон дітя! Как ето маленькі руссо?

— А, сын, — трошкі здзіўлена падказаў ён.

— Так, сін! Ето карашо. Такой маленькі-маленькі, кароші сын. Он будэт Іван, да?

— Іван? Ну, можна і Іван, — пагадзіўся ён, зірнуўшы па-над ёю ў чорную далячынь хрыбта, і ўздыхнуў.

Яна прыціхла, нешта думаючы. Абое на хвіліну змоўклі, кожны ўвайшоў у свет сваіх думак. А навокал ціха ляжалі горы, скупа бліскалі рэдкія зоркі, чорнай, непрагляднай аблогай накрыўся макавы луг. Было ціха-ціха, толькі шумеў, віраваў паток, але ён не парушаў цішыні, і Івану здавалася, што ў цэлым свеце іх толькі трое — яны і паток. У апошніх яе словах штосьці было клапотнае, яно сагнала з Іванавага твару ўсмешку. Страціўшы жартоўную лёгкасць, ён набрыў на штось труднае і сур’ёзнае ў сабе і, мабыць, упершыню ўбачыў яшчэ адзін паваротак у іх дужа не простых адносінах. А Джулія, наадварот, надумаўшы штось, неўзабаве прахапілася ад радасці і зноў сціснула яго ў сваіх абдымках.

— Іваніо! Іваніо, карашо! Как ето карашо — філіё, сін! Маленькі сін!

Пасля яна разняла рукі, павярнулася ніц, зоркі зніклі з яе вачэй, і твар цьмяна зашарэў у траве светлаю плямай, на якой у глыбокіх ценях вачніц ледзьве прыкметна блішчалі вочы. Кароценькае захапленне яе змянілася нечаканым клопатам.

— Іваніо, а где будэм жіт? Рома? — Яна трошкі падумала. — Нон Рома. Рома батіка уф бёзе. Трыесто?..

— Што раней часу загадваць, — сказаў ён.

— О! — раптам ціха ўсклікнула яна. — Джулія знат. Мі будэм жіт

Россія. Белоруссіо. Дэрэвня Тэрэшкі, блізко-блізко два озера… Правда?

— Можа быць. Што ж…

Раптам яна нешта ўспомніла і насцярожылася.

— Тэрэшкі кольхоз?

— Калгас, Джулія. А што?

— Іваніо, плёхо кольхоз?

— Нічога. Калі-небудзь палепшае. Не век жа ўсё… дрэннаму быць.

Вялікай сваёй пяцярнёй ён паварушыў яе жорсткія густыя валасы, яна, ухіліўшыся, вызваліла галаву і прыгладзіла яе.

— Валёс будет болшой. Джулія растет болшой карошій валёс. Болшой валёс красіво, да?

— Ага, — пагадзіўся ён. — Красіва.

Яна памаўчала крыху і пасля, вяртаючыся ў думках да ранейшага, сказала:

— Іван будэт ла вараре [44] фэрма, плантація. Джулія будэт… Как ето?.. Віртін вілла [45] . Мі делать мнёго-мнёго макі. Как етот люг!

— Так, так, — задуменна згаджаўся Іван, заварушыўшыся ў доле.

Яму дужа закалола нагу пад перавязкаю, мусіць, трэба было б паправіць яе, але цяпер ён не хацеў непакоіць дзяўчыну. Ён толькі выпрастаў і вальней паклаў нагу ў траве, задумліва слухаючы, як гаварыла яна побач — шчыра, замілавана, з вялікай пяшчотай і марай.

44

Працаваць. (іт.)

45

Гаспадыня вілы. (іт.)

— Мі будэм мнёго-мнёго фортуна… Я очен хочу фортуна. Должен біть человек фортуна. Правда, Іваніо?

— Так, так…

Відаць, змагаючыся са сном, яна гаварыла ўсё цішэй, голас яе рабіўся ўсё болей санлівы, і неўзабаве дзяўчына сціхла. Ён ціхенька пагладзіў яе і падумаў, што, мабыць, трэба даць ёй спачыць, выспацца, усё роўна ўжо няшмат засталося гэтае ночы — першай ночы іх шчасця. А назаўтра ісці. Толькі хто ведае, што нарыхтавала ім гэтае заўтра?..

I ён доўга глядзеў так у неба — адзін на адзін з Сусветам, з сотнямі зор, вялікіх і ледзьве прыкметных, з крывою дарогай Чумацкага Шляху цераз усё неба. Нейкі зачатак трывогі і непакою пачаў выцясняць з адчування кароткую яго шчаслівасць.

За гады вайны ён зусім ужо адвык ад такога простага чалавечага імкнення, якім ёсць імкненне да шчасця. Дзе ўжо там было жадаць шчасця, калі апошнія магчымасці выдаткоўваліся на тое, каб як-небудзь выжыць, не даць знішчыць сябе, а для гэтага быў толькі адзін спосаб — забіць. У жыцці панаваў бязлітасны звычай барацьбы — знішчаць да сябе падобных, чаго не робяць нават драпежнікі ў дачыненні да істот аднаго віду. I дзеля чаго? Дзеля матэрыяльнай выгады, дзеля панавання звярынай ідэалогіі, дзеля ўладарнасці маленькай кучкі над іншымі? Пракляты навек нямецкі фашызм, няўжо не хопіць ва ўсёй тваёй зграі здольнасці зразумець, што нельга будаваць сваё шчасце на вялікім няшчасці мільёнаў? Знішчаючы іншых, ты першы вытруціш у самім сабе здольнасць да радасцей, твая душа ад тваіх жа злачынстваў абрасце чорнаю поўсцю варожасці, якую разам з тлустым кавалкам ты імкнешся пакінуць нашчадкам. Але ці захочуць яны ўзяць гэты брудны кавалак з тваіх акрываўленых рук? Ці не пажадаюць і яны сонца справядлівасці і міру пасля той прасмярдзелай трупамі ночы, у якой ты дзесяць гадоў трымаў свет?

Поделиться:
Популярные книги

Черный Маг Императора 13

Герда Александр
13. Черный маг императора
Фантастика:
попаданцы
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 13

Пророк, огонь и роза. Ищущие

Вансайрес
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Пророк, огонь и роза. Ищущие

i f36931a51be2993b

Admin
Старинная литература:
прочая старинная литература
5.00
рейтинг книги
i f36931a51be2993b

Доктор 4

Афанасьев Семён
4. Доктор
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Доктор 4

Адвокат Империи 7

Карелин Сергей Витальевич
7. Адвокат империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
аниме
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Адвокат Империи 7

Неправильный солдат Забабашкин

Арх Максим
1. Неправильный солдат Забабашкин
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.62
рейтинг книги
Неправильный солдат Забабашкин

Кодекс Охотника. Книга VII

Винокуров Юрий
7. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
4.75
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга VII

Кодекс Крови. Книга II

Борзых М.
2. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга II

Звезда сомнительного счастья

Шах Ольга
Фантастика:
фэнтези
6.00
рейтинг книги
Звезда сомнительного счастья

Избранное. Компиляция. Книги 1-11

Пулман Филип
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Избранное. Компиляция. Книги 1-11

Жена неверного ректора Полицейской академии

Удалова Юлия
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
4.25
рейтинг книги
Жена неверного ректора Полицейской академии

Законы Рода. Том 11

Андрей Мельник
11. Граф Берестьев
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 11

Предатель. Цена ошибки

Кучер Ая
Измена
Любовные романы:
современные любовные романы
5.75
рейтинг книги
Предатель. Цена ошибки

Новый Рал 3

Северный Лис
3. Рал!
Фантастика:
попаданцы
5.88
рейтинг книги
Новый Рал 3