Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
I тады хлопцам апанавала нейкае бяссільнае забыццё. Ён доўга сядзеў уначы над нябожчыкам і не думаў нічога, толькі глядзеў у цемру і моцна сціскаў сківіцы…
Калі крыху адлегла ад душы бяссільная скруха, Пятрусь адпоўз на ўзлесак і пачаў рыхтаваць магілу. Спачатку ён капаў яе пальцамі, потым нейкай сукавінай, што трапіла ў ягоныя рукі. На пальцах ад такой працы ламаліся пазногці, было вельмі балюча і ішла кроў. Але хлопец ужо не зважаў на пакуты, ён толькі спяшаўся, каб да світання пахаваць чалавека.
Пад ранак магіла была гатова. Яна атрымалася зусім неглыбокай і кароткай для доўгага цела Наскова, трэба было капаць яшчэ, але ўсход запаліў ужо за краявідам сваё святло, і неба пачало гасіць зоры. Маладзік пад ранак схаваўся за лесам,
У апошні раз хлопец прысеў над нябожчыкам, зашпіліў яго гімнасцёрку, прыгладзіў зблытаныя валасы і ўзяў пад пахі, каб аднесці ў магілу. Пад рукі яго трапілі кішэні з паперамі. Пятрусь падумаў крыху і паклаў іх у свае, парожнія. Потым ён дастаў з кішэні яго шаравар апошнюю гранату — «лімонку», што неяк захавалася там, і асцярожна ўзняў цела.
У магілцы сержант захінуў твар чалавека свежымі роснымі галінкамі, наламанымі з блізкіх алешын, у апошні раз уздыхнуў на развітанне і хуценька загарнуў ямку зямлёй. Потым ён выйшаў на лугавіну, узяў сцяг, пацалаваў яго вільготны ад расы шоўк і, гатовы да жыцця, барацьбы і смерці, па-над узлескам пайшоў у той бок, дзе нараджаўся ранак.
Раздзел трэці
Настаў новы, поўны гора і смутку спякотны летні дзень…
Глухі і змучаны, Пятрусь, ні на хвіліну не прыпыняючыся, шыбаваў на ўсход. Ён знарок пазбягаў дарог, палявых шляхоў і нават сцежак і ішоў наўпрасткі — цераз палі збажыны, сенажаці, невялікія ляскі. Хлопец мінаў узгоркі, трымаўся нізін і кустоўя. Яго боты вымаклі ў ранішняй расе, трава сцерла іх да белай сырамяці, у кустах і збажыне па самы пояс набрыняла адзенне. Калі добра ўзнялося сонца, трава крыху падсохла, і ісці стала лягчэй. Хлопец нічога не чуў, і таму, каб не трапіць у якую бяду, штораз азіраўся, а часам выходзіў на ўзгоркі і асцярожна аглядаў абшары. Ён спадзяваўся ўбачыць дзе-небудзь адзнакі бою, разрывы снарадаў, ці бамбёжку, але ўсюды ляжаў зялёны летні край, кучаравіліся лясы і пералескі, каласілася збажына. Праўда, з-за краявіду ў многіх месцах ішлі дымы, яны няпэўнымі плямамі расцякаліся ў небе; у сухім нерухомым паветры моцна пахла горкім дымам пажарышчаў — недзе гарэлі тарфянікі.
Калі развіднела, сержант з нейкае выспы добра агледзеў наваколле і, не ўбачыўшы ніякіх адзнак войска, раскруціў сцяг. Спачатку ён зняў бліскучы наканечнік, потым распароў ім шво і згарнуў палотнішча. Яно не вельмі ладна прышлося на яго схуднелым целе, але гімнасцёрка прыхавала шоўкавую чырвань, а папруга падціснула і замацавала скрутак. Так, глухі, з адзінай гранатай у кішэні сержант выправіўся ў далеч.
У адным месцы каля лесу Пятрусь напаткаў цэлае поле суніц. Пад рэдкім лісцем, панікшы долу, віселі сакавітыя ярка-чырвоныя ягады. Убачыўшы іх, хлопец адчуў незвычайны голад і аж пахіснуўся, раптам страціўшы сілу. Толькі цяпер зразумеў ён, што павінен падсілкавацца, інакш не дайсці яму да сваіх і не ўратаваць сцяга. Прыступ голаду быў такі моцны, што, не грэбуючы лісцем, кузуркамі і чарвякамі, што ліплі да пераспелых ягад, ён зграбаў іх з галін заскарузлымі далонямі і глытаў, не перажоўваючы. Мабыць, доўга поўзаў ён тут, між гарэлых пнёў на гэтай дзяляне, але голад не змяншаўся. Тады хлопец спалохаўся, што патраціў гэтулькі часу, і, агледзеўшыся па баках, пайшоў далей.
…Яшчэ два дні і дзве ночы ішоў ён, спадзеючыся напаткаць сваіх.
Пятрусь па-ранейшаму мінаў вёскі і ўхіляўся ад сустрэч з людзьмі. Рабіў ён гэта не ад страху трапіць у рукі ворага, а таму, што не мог глядзець на чужое гора. Кусок хлеба з салам, здабыты аднойчы ў далёкай лясной вёсцы, ён з’еў і цяпер зноў галадаў. Добра яшчэ, што на лясных прыпалінах трапляла шмат суніц, на імшарынах выспявалі чарніцы, але наедак з ягад усё ж быў дрэнны. Ён вельмі схуднеў, і некалькі разоў, калі піў у ручаях, аж палохаўся, не адразу пазнаючы сябе. Слых яго аднак палепшыўся, ён ужо чуў, як крумкаюць вароны ў ельніку, невыразным, прыцішаным гулам даносіўся да яго шум самалётаў
Надвячоркам чацвёртага дня Пятрусь перайшоў зялёнае аўсянае поле і падаўся па-над узлескам, што крывой лініяй агінаў палі.
Дзень быў сонечны і ветраны, па небе сям-там плылі невялікія воблачкі, лес маркотна і нязмоўчна шумеў, і гэткім жа маркотным тлумам поўнілася хлапечая галава. Часам Петрусю здавалася, што ён сніць усё гэта, што ён зусім не баец і няма ніякай вайны, проста ён звар’яцеў і туляецца па абшарах. Часам ён адчуваў сябе вельмі нешчаслівым, слабым, і хацелася яму плакаць ад жалю да сябе. Але хлопец моцна сціскаў папругай сваю незвычайную ношу, напружваў волю і прымушаў сябе быць мужнейшым.
Аглядваючы поле ярыны, Пятрусь прыкмеціў, што аўсяныя палеткі ў многіх месцах былі патаптаны, зблытаны людскімі слядамі. Часта сустракаліся палосы танкавых гусеніц. Пятрусь пільна ўглядаўся ў гэтыя сляды бою і ледзь не ўскрыкнуў ад нечаканасці, калі ўбачыў у невялічкай лагчыне абпалены і нерухомы ўжо варожы танк. Працягнуўшы за сабою ў аўсе дзве крывыя сцежкі, ён спыніўся там, не дапоўзшы якіх дзесяці крокаў да маленькага акопчыка-ячэйкі. Акопчык гэты, відаць, паспешліва выкапаны нейкім спрытным байцом, быў пусты; на брустверы паблісквалі свежыя вінтовачныя гільзы, бялела клочча газетнай паперы. Адсюль, пэўна, паслаў баец пагібель той варожай грамадзіне і выратаваўся сам. А танк, апаліўшы навокал ярыну, стаяў ужо бездапаможны і мёртвы, гарматны ствол скрывіўся на бок, люкі былі расчынены, і з таго, што дзіркай чарнеў у борце, звісала нерухомая постаць мёртвага танкіста. Пятрусь, перасільваючы агіду, нерашуча падышоў да яго, са злоснай радасцю пазіраючы на абпаленыя агнём крыжы на баку, зазірнуў у люк. Там было цёмна, смярдзела паленай гумай і гарэлай анучай. Ногі танкіста так і засталіся ў люку, а рукі віселі над аўсяным долам. Вецер раскудзеліў бялявыя валасы, на шэрую стрыжаную патыліцу ўжо лёг слой пылу.
Пятрусь не стаў затрымлівацца, з агідай плюнуў у збажыну і падумаў сабе, што ёсць усё ж пагібель і на гэтую сталёвую навалу. Мо’ гэты самы вось танк некалькі дзён назад разам з іншымі ганяў яго па тым полі, дзе загінулі рэшткі палка. Але нейкі адзін чалавек знішчыў гэтае страшыдла, уратаваўшы жыццё мо’ нават многіх людзей.
У другім месцы на полі Пятрусь убачыў зводдаль яшчэ некалькі гэтых грозных і страшных машын. Усе яны стаялі цяпер нерухомыя і мёртвыя. Хлопец вельмі ўзрадаваўся ад гэтай удачы невядомых байцоў, і ў яго, здаецца, прыбыло сілы, каб крочыць далей.
Так ён ішоў па-над узлескам і, натрапіўшы на палявую дарогу, збочыў на яе. Дарога хутка павярнула ў лес. Хлопец спыніўся, на момант раздумваючы, ці варта яму трымацца яе, ці не лепш было б ісці напрасткі, але душэўны ўздым ад нядаўняга відовішча заглушыў апасенні, хлопец пайшоў па дарозе.
Дарога вілася хваёвым сонечным борам. У лесе вельмі пахла хвояй і ўгрэтай на сонцы смалой. Паветра было сухое, густое і цягучае. Сосны глуха і працяжна шумелі ўгары, а на засланым ігліцай доле зіхацелі мітуслівыя сонечныя плямы. Пятрусь нячутна ступаў па гэтаму мяккаму, бы ватай падбітаму, долу, і ўспаміны дзяцінства, звязаныя з борам, мроіліся недзе ў яго душы. Але думкі былі аб іншым. Ён увесь час імкнуўся ўявіць сабе, ці далёка ў краіну праніклі ворагі, дзе і як стрымаюць іх, і як цяпер думаюць там пра іх загінуўшы полк. Ад думкі, што вельмі ён затрымаўся ў сваёй дарозе, што марудна нясуць яго ногі, у душы хлопца ўзнікала трывога, і ён паскараў крок.
А бор усё цягнуўся і цягнуўся абапал вузенькай крывой дарожкі, вакол незразумела гаманілі сосны.
Надвячоркам бор прыціх. Аблітыя нізкім сонцам, гарачай меддзю ззялі сасновыя вершаліны, разлапістае высокае сучча іх нерухома вісела ў паветры. Угары яшчэ было відна, а між камлёў у доле згушчаўся змрок. Стулілася рэдкае кустоўе і маладыя сосны, адчуваўся начны халадок. Лес неяк насцярожыўся, прыціх, толькі ўгары, абшукваючы хваёвыя ствалы, насіліся глінянкі — невялічкія жвавыя птушкі, нястомныя працаўнікі бору.