Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
Ад працяглай адзіноты ці мо’ ад гэтай цішыні пад вечар Петруся апанавала нейкая трывожная туга. Дарога ішла ўніз, абапал яе суцэльным шчыльным натоўпам мясціўся хваёвы маладняк, у ім панаваў ужо змрок. Пятрусь спыніўся, чамусьці не адважваючыся ісці далей, нібы менавіта тут чакала яго якая бяда. Ён паслухаў і прыгледзеўся — нідзе не было нічога падазронага. Тады хлопец нясмела пайшоў, тулячыся да аднаго боку дарогі. Гэта, відаць, быў лесагадавальнік, яго маладняк расцягнуўся на шмат кіламетраў, і ў ім хлопца напаткала ноч.
Яна паволі распаўзалася па долу, змрокам ахутвала дрэвы, сівым туманам зацягнула нізіны;
Урэшце без усякіх падстаў хлопец адчуў, што ён не павінен ісці далей. Адчуванне небяспекі не праходзіла, і ён звярнуў з пясчанай дарогі ў густы змрок лесу. Ён не ведаў, дзе была тая бяда, ад якой уцякаў ён, але нейкая сіла штурхала і цягнула яго далей і далей у гушчар, у змрок сасняку. Галлё балюча драпала яго рукі, твар, сухія абламаныя сукі, нібы штыкі, упіраліся ў ягоныя грудзі, а ён лез і лез, заплюшчыўшы вочы, з дапамогай рук прасоўваючы наперад сваё цела.
Ягоная барацьба з сасняком у суцэльнай цемры ночы была, відаць, доўгай і адабрала шмат сілы. Урэшце ён вылез на нейкі лужок, у небе было ўжо зусім цёмна і трывожна, маўкліва мітусілася там безліч зор. Адчуваючы праз боты вільготны халадок расы, Пятрусь перайшоў лужок і спыніўся ля кустоўя, не ведаючы, куды падацца далей. Праз галлё паблісквала нешта светлае, ён прыгледзеўся — гэта цякла ручаіна. Тут жа ля алешніку чорнай грудкай цямнеў невялічкі стажок. Пятрусь некаторы час утрапёна глядзеў у хмызняк, услухоўваўся ў наваколле і ўсё выразней адчуваў, што аслабеў дашчэнту і ўжо не можа нікуды падацца адгэтуль. Тады ён хістаючыся дабрыў да стажка і заваліўся пад ім на пахучае хрусткае сена.
Сон, як смерць, згасіў Петрусёвы адчуванні. Хлопец быццам праваліўся ў нейкую цемру нябыту; зніклі, адляцелі ад яго неадчэпныя справы і турботы — і вайна, і бяда, і імкненні. Змораны і змучаны, ён моцна спаў на жорсткім мурагу, абшчапіўшы свае грудзі, дзе муляла дарагая ноша. Над ім угары палахліва і трывожна мігацелі зоры, чорнымі дзівоснымі лапамі адбіваліся ў небе галіны кустоўя, журботна аб нечым безнадзейна сумным журчэла ў ручаіне вада.
Але і ўначы не было спакою стомленай душы. Ледзь толькі ўсталяваўся сон, хлопцу пачалі сніцца трывожныя, страшныя сны.
Не ў стане пазбыцца страху, што ў сне апанаваў яго, Пятрусь неяк устрапянуўся і прачнуўся. Ён падняўся, наўкола была маўклівая цемра, ледзь-ледзь шумела кустоўе. Сэрца моцна стукала ў грудзях, спіна і бок вельмі азяблі ад расы, і хлопца скаланулі дрыжыкі. Спалох, аднак, пакрысе развеяўся, але трывога ўжо моцна завалодала Петрусёвай істотай. I ўсё ж мацней за ўсё іншае зараз быў сон, хутка ён зноў заплюшчыў хлопцавы вочы, і баец, скурчыўшыся ад холаду, зноў паваліўся ў сена.
Невядома, колькі мінула часу, як раптам нехта балюча штурхнуў яго ў бок. Сонны яшчэ Пятрусь хуценька ўсхапіўся і адразу ўбачыў над сабой нейкага чалавека ў чырвонаармейскай форме, з вінтоўкай, у пілотцы — ён штурхаў сержанта ў бок і нешта казаў. Хлопец са сну не разумеў ягоных слоў, але на няголеным твары байца, у яго маркотных вачах убачыў трывогу і хуценька ўскочыў з сена.
— Бяжы хутчэй! Ну!
Адчуваючы нядобрае, хлопец азірнуўся. Праз кустоўе відаць была дарога з стракатымі слупкамі на насыпе, там грукацелі машыны, бразгаталі парожнія бочкі і сноўдалі немцы. Гэта
Зразумеўшы бяду, Пятрусь хуценька падаўся за сваім выратоўцам уздоўж ручаіны, далей ад гэтага месца. За імі няспрытна, па-старэчаму падскокваючы, бег нейкі босы сівы дзядок з клункам у руках. Парадкам ужо адбегшы ад тае дарогі, трое зведзеных выпадкам людзей замарудзілі крок, пайшлі сцяжынкай над раўком, і баец з дакорам заўважыў Петрусю:
— Што гэта ты, сержант, разлёгся ля дарогі? Ці да немцаў захацеў?
Сержант, канчаткова ўжо адагнаўшы сон, зірнуў у твар чалавеку.
— Якое да немцаў. Уначы з лесу прыбіўся да раўка і заснуў ў стажку.
— Добра, што гэта мы натрапілі, а то было б табе.
— I праўда, было б, — вінавата ўсміхнуўся Пятрусь. Ён з цікавасцю аглядаў сваіх нечаканых спадарожнікаў, адчуваючы сябе трошкі ніякавата за сваю неасцярожнасць. Сержанту спадабалася, што ў байца была вінтоўка і ўся вайсковая амуніцыя — процівагаз, падсумкі і нават малая лапатка на баку. Відаць, і ў яго былі невясёлыя справы, але ён, здаецца, не ўпаў духам, не разгубіўся, калі нясе зброю. Ён нетаропка ступаў сваімі стаптанымі гамашамі ў зялёных абмотках і спакойна, без страху аглядаў лясное наваколле. У чалавека былі вельмі адметныя натапыраныя бровы, глыбока пад сабой хавалі яны памяркоўныя ўдумлівыя вочы на крыху папсутым воспаю твары. Пятрусь моўчкі пазіраў на яго, і здавалася хлопцу, што ён недзе ўжо бачыў гэты твар і гэтую жылістую шыю, на якой злёгся зашмальцаваны ад поту салдацкі каўнер з пятліцамі. Мо’ было тут штосьці захаванае ў памяці з дзяцінства, мо’ гэты твар нечым нагадваў яго бацьку.
Наперадзе па сцяжынцы, хуценька перастаўляючы босыя ногі, дыбаў другі яго сённяшні знаёмы, маленькі, сівенькі дзед, відаць па ўсім, вельмі рухавы чалавек, у шэрай світцы і старой вайсковай шапцы з зялёным патрэсканым казырком. Ён усмешліва азірнуўся на хлопца і сказаў жвавым тонам гаваркога чалавека:
— Мы самі, бач, тыцнуліся з лесу, а яны на мастку. Ледзьве чорту ў лапы не скочылі. Пашкадаваў бог — не заўважылі.
— Было б і вам тады, — зазначыў сержант і запытаў пра тое, што цяпер больш за ўсё іншае цікавіла яго: — А куды ж вы кіруеце?
— А туды, — махнуў рукой дзед за раўчук, дзе ўжо на паўнеба шугала святло ўзышоўшага, але яшчэ не бачнага за лесам сонца.
— А ты куды ідзеш? — запытаў баец.
— Ды і я туды, — сказаў Пятрусь. — Часць нашу разбілі, вось і іду. А не чулі, дзе нашы?
— Э, братка, далёка, — уздыхнуў дзед. — Казалі ўчора людзі, аж пад Полацкам.
Тая навіна, як пярун з неба, аглушыла хлопца. Нейкі час ён маўчаў, не ведаючы, што думаць і казаць. Тысячы жудасных пытанняў паўсталі зараз у яго галаве, але адказу на іх, здаецца, не было ні ў кога.
Людзі заўважылі, як спахмурнеў хлопец, ды і яны былі не весялейшыя ў той час. Дзед цяжка, працягла ўздыхнуў і на хаду пачухаў нястрыжаную патыліцу.
— Эх, бяда, бяда! — казаў ён. — Што робіцца толькі на белым свеце!
Нейкі час яны ўсе задуменна памаўчалі, потым баец сказаў:
— Значыць, па дарозе будзе, сержант. Разам пойдзем.
Неўзабаве сцяжынка вывела іх да травяністай, з рэдкім кустоўем забалаці, далей у асацэ і багне ляжалі жэрдкі.
— Ну, вось тут вам, абутым, крызіс, — пажартаваў дзед. — Скідай шчыблеты, а я закуру.