Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Шрифт:
У мяне ўсё нутро пахаладзела — што ўдумалі, гады! Чую, і камбрыг варухнуўся, напружыўся. А на падворку лямант, крык. Так і ёсць: у самую малую, самую крайнюю ў шэрагу. А праз крык — усё той жа голас: «Не скажаш — тады следуюшчага!» Пасля расказвалі падскочыў да хлапчука — і пісталет у лоб. А што яму — застрэліў бы і яго, і ўсіх. Хіба шкада, абы выслужыцца. Тым болей калі такая здабыча — камбрыг.
I што думаеце? Камбрыг падхопліваецца, развярнуў ботам баразну — на сцежку. А ляжаў ён трохі за лазняй; як уставаў — з падворка, мусіць, не відно было. I са сцежкі як крыкне: «Стой, варвары!» Мы сцяліся ў бульбе — ну, думаю, усё прапала. А ён гэтак рашуча проста на іх. Паліцаі — казалі пасля — ажно разбегліся з перапуду: хто за дровы, хто ў хлеў, а той крыкун з пісталетам хуценька на калена і пісталет на руку. Ну, у самы акурат як да вайны ў асаавіяхіме вучылі. А камбрыг: «Завошта дзіцёнка, ірады? Я камбрыг, бярыце!»
— Ну, і ўзялі.
Узялі ды
— Да, — сказаў Брытвін. — Сердабольны надта. А калі б яны і яго ўзялі і сям’ю не адпусцілі? Тады як?
— Знаеш, — падумаўшы, сказаў Маслакоў.— Тут дзела совесці. Аднаму хоць увесь свет у тартарары, абы самому выжыць. А другому — каб па совесці было. Мусіць, сваю віну чуў перад гэтымі людзьмі. Фактычна ж яго гімнасцёрку знайшлі на печы.
— Гімнасцёрку! Што гімнасцёрка, — нязгодна зазначыў Брытвін, відаць, маючы ў думках нешта сваё.
7
Рэшту дарогі, добра прытаміўшыся, ішлі ўскрай параснічку. Праз негусты хмызняк раз за разам праглядвала шырокая роўнядзь поплаву, са сцішанай радасцю зазелянелага першай вясновай травой. Там недзе, крывуляючы між дрыгвістых берагоў, цякла рэчка Круглянка. Яе, аднак, не было відаць, затое Кругляны паказаліся яшчэ здалёк, выцягшы доўгі рад шэрых дахаў на пагорку з дарогай. Каб трапіць да моста, трэба было зайсці з другога боку, і Маслакоў, параіўшыся з Данілам, крута ўзяў па расцяробе ўгору, у абход. Цяпер яны ўдвох ішлі наперадзе, каністру ж зноў неслі па адным — у хмыззі з палкай было не вывернуцца — паднёс крыху Брытвін, і апошняму яна зноў дасталася Сцёпку.
Даніла, які тут ведаў усе закуткі, неяк дзіўна круціў: то ішлі алешнікам, то, зрабіўшы дугу, улезлі ў роў, выбраліся на яго круты бок і зашыліся ў дробненькі, але густы беразняк, нібы апырсканы зелянінай першых лісточкаў. Потым хуценька перабеглі пыльны ўзараны лапік пашы і ўвайшлі ў поўны смалістага паху сасоннік.
Сцёпка з каністраю зноў адстаў, але з астатніх сіл прадзіраўся праз зараснікі, баючыся згубіць таварышаў.
Яны лезлі на пясчаную сухую выспу; рослы і густаваты з берага сасоннік трошкі вышэй здрабнеў і радкавата рассыпаўся па схіле ўперамешку з беразняком і ядлоўцам. У гэтым сасонніку на схіле Сцёпка і нагнаў траіх — паскідаўшы шапкі, разваліўшыся, яны сядзелі ў доле.
— Ну, данёс? — усмешыста жмурачыся, азваўся насустрач яму Маслакоў.— А то баяўся.
— Чаго мне баяцца? Хай фрыцы баяцца, — сказаў Сцяпан, бокам на пахілы дол кладучы каністру.
У хлопца ад стомы ажно падгіналіся калені, але ён прымусіў сябе на невялікую вытрымку: зняў з-за спіны і нетаропка паклаў на зямлю вінтоўку, расшпіліў потны мундзір — восем гузікаў ад каўняра да дзягі — і потым ужо выбраў мякчэйшую, з траўкай мясціну, дзе і прысеў.
— Ну, тады давай даві вуха. А я паназіраю, як там мост. Толькі ціха каб.
Маслакоў устаў, узяў свой аўтамат з зайздросна новенькай лакіраванай ложай і пайшоў угору.
Застаўшыся без камандзіра, трое падначаленых адчулі сябе неяк нібы вальней. Даніла, стаўшы на калені, расперазаўся, сцягнуў з плеч кажух і з асалодай разваліўся на ім, засцярожліва ўздзеўшы на руку почапку свайго куртатага абрэза. Сцёпка таксама адхінуўся на здаровы, без скулаў бок, закінуўшы голаў, паглядзеў у неба. Там па-ранейшаму грувасцілася туманная мешаніна аблокаў, часам павяваў свежаваты, з сырасцю вецер — надвор’е, здаецца, мелася сапсуцца. Дзесьці ўбаку, мабыць, на недалёкай дарозе, ледзь чутна пратахкала коламі і сціхла фурманка. Было ціха. Праўда, у хвойніку, непадалёк узляцела і доўга нязграбна мясцілася на сасонцы варона. Здаецца, там былі і яшчэ: сярод голля чулася ціхая, але настойлівая птушыная валтузня. Даніла ўжо, мабыць, спаў, накрыўшы шапкай валасаты твар, спакойна і смачна пасопваў. Брытвін нядоўга пасядзеў побач, а потым устаў і з заклапочанай нядобрасцю на сухім абветраным твары пайшоў угору — мабыць, да Маслакова. Сцёпка паляжаў трохі, пакуль спачыў, і зноў сеў. Пакрысе, але ўсё настойлівей пачала напамінаць аб сабе тужлівая пустата ў жываце: хацелася есці. Зашмальцаваная Данілава сумка ляжала ад яго за тры крокі. Мусіць, там нешта было з яды, і хлопец адвёў убок позірк, каб не глядзець на яе, не растраўляць марнага цяпер жадання. Ён толькі падумаў, што было б здорава пусціць дымам той мост ды заваліцца куды ў вёску — столькі наўкола знаёмых сялян, было дзе паесці кулічоў, яек ды і выпіць. Як бы там ні было, а ўсё ж вялікдзень, вёскі святкуюць, як святкавалі некалі, толькі вось ім, лесавым бадзягам, не да таго: заданне, дарога, праклятая гэта каністра замест толу, якая пагана
Як толькі Сцёпка ўспамінаў той час, дык кожнага разу пачынаў хвалявацца ад даўняй застарэлай крыўды, нібы зноў перажываючы жахлівую зіму свайго бяспраўнага існавання — без дакументаў, на падазрэнні, сярод чужых людзей. Але і ў Віцебску жыць не было як — завод закрылі, іхні інтэрнат з будаўнікамі рэквізавалі нямецкія салдаты, і каб не прапасці з голаду, ён рушыў з горада ў вёску пад Лепель, дзе — цьмяна памятаў — была нейкая матчына радня, напаўзабытая цётка Сцепаніда. Дабірацца давялося амаль скрозь пехатой, праз гразкую познюю восень; яго брызентавыя туфлі разваліліся праз два дні, хлопец прастудзіўся і аднойчы, заначаваўшы ў крайняй ля рова хаціне з абмазанымі глінай вугламі, так і не ўстаў ранкам. Шаласлівая, падатная на чужую бяду бабка Усцінка выхадзіла яго, адагрэла на печы пад кажушком, адпаіла ліповым наварам, і ён далей ужо не пайшоў, застаўся да вясны ў гэтым мястэчку над голай нячыстай аўражынай, куды вылівалі памыі і скідвалі пастраляных паліцаямі сабак. Ачуняўшы, Сцяпан, каб не быць дармовым нахлебнікам, надзяваў бабчыны боты, кажушок, браў у суседзяў санкі і ехаў цераз поле ў лясок па дровы або за кавалак хлеба насіў местачкоўцам ваду з раўка, здабываў з капцоў бульбу, якое тады багата зазімавала ў полі. Так і жылі. А поруч, цераз тры двары, хмельна раскашаваў у прыманах былы лейтэнант Валодзька, дружок, які, пераседзеўшы зіму ў сельмагаўскай прадаўшчыцы, па вясне падаўся ў паліцыю і пачаў жартам і ўсур’ёз чапляцца да хлопца. Ён дапякаў Сцёпку яго незаконным жыхарствам і тым, што ў яго не было дакументаў, казаў, што такіх, як ён, загадана збіраць па вёсках і адпраўляць у раён, і калі ён, Валодзька, не арыштоўвае яго, дык толькі па сваёй добрасці, якая, аднак, не бясконцая. Паліцай патрабаваў ад Сцёпкі самых розных паслуг: то схадзіць да суседа-інваліда, каб штось выведаць, то пад ранак папільнаваць дарогу на выездзе з вуліцы, ці насячы дроў і амаль кожнага дня здабываць гарэлку. Сцяпан апасаўся Валодзькі і да пары да часу мусіў слухацца, хоць узненавідзеў яго так, што гэтае нянавісці не пераборала і вострая жаласць да Усцінкі, адзінокай гаротніцы ў пахілай хаціне. Аднойчы, пакуль паліцай пасля начной сховы-засады мьгўся ў двары ля парога, Сцёпка проста з лаўкі ўзяў яго зараджаны карабін і праз дзірку ў сенцах шмыгнуў у равок, каб болей сюды не вярнуцца…
Аднак Маслакоў з Брытвіным нешта бавіліся: не ішлі і не гукалі, Даніла дык нават ужо і пахропваў пад шапкай. Сцёпка пацягнуўся нагой і разы два ціхенька штурхануў яго лапці — Даніла прахапіўся, недаўменна пазыркаў наўкруга асалавелымі са сну вачмі, але, супакоіўшыся, зноў лёг на спіну.
Сцёпка тужэй падкруціў драціну на боце, пакалупаў галінкай зямлю, пасля заняўся сваёй злашчаснай вінтоўкай. Спярша прыадчыніў затвор — рукаятка пругка, амаль без шуму варухнулася на скосе — са шчыліны магазіннай каробкі з гатоўнасцю выглянулі вострыя дзюбкі куль. Не дасылаючы іх у патроннік, Сцёпка ашчадна засунуў затвор. Потым ён дастаў ножык — сточаны даваенны сельпоўскі складанчык з пляскатымі тронкамі — і ад няма чаго рабіць паскроб ім ложу. З-пад бруду, рэштак счарнелага лаку І змазкі палосамі засвяцілася моцнае сухое дрэва, і Сцёпка амаль з захапленнем узяўся скабліць — абнаўляць брудны, счарнелы прыклад.
Брытвіна ўсё не было, а Даніла, аказваецца, болей не спаў — ціха паляжаў колькі хвілін і глуха абазваўся:
— Чаго яны там?
Сцёпку здалося, што ён гэта спрасоння, але Даніла, услухоўваючыся, уважліва глядзеў у сасоннік.
— Хто?
— Ды вараннё. Схадзіць, можа людзі…
Сапраўды, усё ў тым жа месцы ў гушчары чулася птушыная валтузня, часам кароткі лопат цяжкіх варонніх крылаў; недзе ля таго ж месца засакатала сарока — пэўная адзнака ляснога неспакою, калі не трывогі. Сцёпка ўстаў і з вінтоўкай у руках паціху палез у гушчэчу.
Яшчэ здаля ў кустоўі адчувалася прысутнасць, апроч варання, і яшчэ некага, хоць наўрад ці тут мог быць хто жывы. А вароны ўсё капашыліся, адны ўзляталі на верхавіны сасонак, іншыя адтуль важка ападалі ўніз. Сцёпка падабраў ламачыну і шпурнуў у птушыны гам.
— Кыш вы, праклятыя!
Вароны неахвотна падхапіліся з зямлі, залапатаўшы ў галлі крыламі, але далёка не паляцелі: адны пачалі кружыць наўкола па-над узлескам, другія, нездаволена пракаркаўшы, апускаліся паблізу на сасоннік. Сарока засакатала мацней і трывожней, але гэта ўжо на яго. Сцёпка расхінуў сасновыя лапкі і з непрыемнасцю спыніўся, апанаваны не страхам, а нейкаю нерашучасцю.