Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Шрифт:
— Правільна. Такі закон арміі. А як жа? — уставіў Брытвін.
— Закон законам, а пад вечар ужо зусім кепска стала. Я і то ледзьве валакуся па пералесках. А тут яшчэ дождж заладзіў. У кустоўі макрэдзь. Пачало змяркацца, выбавіліся на ўзлесак, і тут — вёска. Цераз балацявінку за бульбоўнічкам — хаты, дым сцелецца над мокрымі гародамі,і так варанай бульбачкай пахне!..
— Знаёмая карцінка, — усміхнуўся Брытвін.
— Ну, прысланіўся я да бярозкі, маўчу. Прытопалі камбрыг з лейтэнантам. Лейтэнант быў дужы, спартыўны хлопец, кадравы камандзір, а ужо і ён спахмурнеў. Камбрыг жа датопаў і кажа: «Падажджыце, рабяты!»
Што
Ну, вядома, перш трэба разведаць — а раптам немцы. Пайшоў лейтэнант, нядоўга пабыў. Бачу: ідзе бадзёра так і вядзе двух дзядзькоў. Адзін стараваты такі, аброслы сівізной, але яшчэ ў сіле, такі дзед-лесавік, другі — маладзейшы мужчына ў паддзёўцы. Павіталіся стрымана так, але добразычліва, сардэчна, павялі ўсіх у сяло. Кажуць, нікога няма, спрэе свае. Пачастуем, ды ў цяпле і пасушыцеся. Адчуваем: не зусім гэта добра, а ідзём — дужа ж абрыдла ўжо на пусты жывот па макрэдзі. Можа нічога і не здарыцца.
— Ось тут вы і праваронілі,— здагадаўся Брытвін і павярнуўся да Данілы. — Давай памяняемся, а то…
Яны паставілі каністру, Брытвін зайшоў з другога боку. Маслакоў цярпліва счакаў, пакуль яны мяняліся ля каністры.
— У тым-та і справа, што там нічога і не здарылася: людзі слаўныя аказаліся, дзед — бывалы салдат, усё пра тую мікалаеўскую расказваў. Бабы — старая і дзве маладухі, сабралі на стол не горш, як у свята. Вядома, вёсачка глухаватая, немцы пакуль не чапалі, партызаны яшчэ не надакучылі, а галоўнае — адзін сын іх таксама ў арміі. Бацькоўскае сэрца, яно ў такіх выпадках дужа чулае. Знялі мы ўсё верхняе мокрае, бабы пачалі сушыць на печы і перад чалеснікамі. I пачаставаліся. За стол, праўда, з намі і яшчэ трое мужыкоў села. Дзед кажа: не бойцеся, усе людзі свае, акцівістыя. Ну, добра, мы не баімся. Слова за слова, размова пайшла пра вайну, пра немца. Камбрыг ім цэлую лекцыю прачытаў: Расію нікому неперамагчы, яна заўжды ўсіх біла — і шведаў, і французаў, зламае галаву і Гітлеру.
Дагэтуль не магу даўмецца, як яно тады атрымалася, што гаспадарам стала вядома, з кім яны маюць справу. Можа з нас двух хто прагаварыўся, а можа ён сам дзе ў размове памянуў. А магчыма, што і па голасе, паводзінах ці па якіх дробязях — рэмень, боты, пісталет; гімнасцёрка без ромбаў, праўда, а здагадаліся, што гэты чалавек — не радавы, а начальства, і вялікае. Праўда, тады мы не заўважылі нічога, наеліся, трохі падсохлі, а кімарнуць гадзінку дзед павёў па гародзе ў лазню каля бульбоўнічку. Цёмна, цесна, гарчыць ад прадымленых сцен, венічкам пахне. Заваліліся на палок — і спаць. Аховы не трэба, дзядзькі самі ўзяліся ахоўваць. У іх шчырасці мы ўжо не сумняваліся. Ранічкай дамовіліся рушыць.
Здалося, толькі задрамаў, як чую — бяда. У расчыненых дзвярах дзед: «Божухна, немцы!» У лазні цёмна, але акенца ўжо святлее — ранак. Падхапіліся мы — ды ў прылазнік, адтуль, сагнуўшыся, за рог будыніны. Ды чуем — дзед ззаду: «I там немцы!» Акружылі, значыцца. Куды падацца? Пападалі ў бульбоўнічку, ляжым. Бульбачка ўжо адцвіла, бульбоўнічак ладны, бухматы, трохі хавае. Уткнуўся я ў камбрыгавы боты, спрасоння ні чарта не цямлю, чакаю…
— Халера, патухла.
У Брытвіна гарэла, яны зноў спыніліся пад навіслымі над дарогай яловымі лапамі. Маслакоў прыкурыў, зацягнуўся і змоўк. Астатнія таксама маўчалі. З нейкага часу Брытвін перастаў устаўляць рэплікі: пафас расказу ўсё больш завастраў увагу.
— Вось так, — заклапочана, амаль журботна перажываючы ўспаміны, загаварыў далей Маслакоў.— Ранічкай цішыня, усе гукі наверсе; выглянуць нельга, а так чутно далёка. Не паспеў, мусіць, дзед ткнуцца на падворак, як там ужо немцы. Чуем: крыкі, пагрозы, бабы ў плач. Мы слухаем: у чым справа — так проста наскочылі ці нас шукаюць? Няўжо хто прадаў? Вядома, якія б харошыя людзі ні былі, а падлюга між іх заўжды знойдзецца. Як пасля ўведалі, баба адна. Злая была за нешта на дзедавых жанчын, ну, і збегала праз ноч у мястэчка, прывяла фельджандараў — канты на пагонах кручаныя такія.
А тут, як на бяду, камбрыг паварочвае голаў і шэпча: гімнасцёрка ў хаце. Я ледзь не самлеў, але так і ёсць: камбрыг ахінуты палаткай, а гімнасцёрка ў хаце. Як вячэралі, цётка на печ паклала, каб да ранку падсохла. Падсушыла, на сваю галаву.
Ну, гімнасцёрку хутка знайшлі, і хоць у ёй нічога не было — камбрыг дакументы, вядома, пераклаў,— змікіцілі, мабыць, на каго натрапілі. Адкуль уведалі, чорт іх знае. Хіба знакі ад ромбаў засталіся. Ромбы тыя камбрыг даўно зняў, але калі прыгледзецца, дык месца пад імі бы намулянае трохі. Ну, і ўзяліся.
Перавярнулі ўсю хату, хлеўчукі, свіронак; а паўгадзіны мы слухалі, як яны там грукочуць, крычаць, нешта кідаюць, ламаюць. Двое зусім блізенька пратупалі да лазні, але там дзверы насцеж, пуста. Паспрабуй здагадайся, што мы за дваццаць крокаў у бульбе ляжым, як вужы, у барознах. Думаюць: пэўна, у схове якім адмысловым. Шукаюць сховаў.
За гадзіны дзве ўсё перавярнулі — ні шыша. Дзед адпіраўся, аднекваўся, а як гімнасцёрку знайшлі — змоўк. Крычаць: «Кажы, куды бандытаў схаваў, інакш усіх прыканаем і хату дымам пусцім!» А дзед пакорліва гэтак адказвае: «Воля ваша. Вы — сіла».
Ля дарогі з лесу выглянула палянка — даўгаватая зялёная лугавіна з пачарнелым стажком наводдаль. Маслакоў прымоўк, спыніўся, бегла агледзеўся і, яны хуткім крокам прайшлі яе, аж пакуль не схаваліся ў дрэвах. Усе ўжо дакурылі, толькі камандзір сціскаў у пальцах акурак, які, відаць, даўно не гарэў.
— Зноў патух! Што такое?
— Кажуць — жонка гуляе, — сказаў Брытвін.
— Да жонкі дажыць трэба.
На хаду камандзір сунуў недакурак за вуха шапкі. Яны цяпер ішлі ўсе разам. Поруч з Брытвіным Маслакоў выглядаў маладзейшым, але быў вышэй за яго ды і шырэй у плячах, рухі яго былі лёгкія і стрымана-нетаропкія, як у кожнага дужага і ўпэўненага ў сабе чалавека.
— Вось, значыць, ляжым, я неяк адным вокам зірнуў праз каліўе — выстраілі іх усіх перад хлеўчуком у шэраг: дзеда, старую, абедзвюх маладзіц і дзяцей — хлопчыка і дзвюх дзяўчынак. Бабы галосяць: яны-то не ведаюць, куды мы з лазні шаснулі, адзін дзед ведае. А дзед маўчыць. Тады паліцаі да баб: «Дзе бандыты?» Бабы праз плач: «А паночкі, даражэнькія, хіба мы ведаем? Былі і пайшлі, мы не глядзелі куды». — «Ах, не глядзелі?А схоў дзе?» — «Няма ніякага схову, хоць забіце — няма». — «Забіце! — кажа адзін. Паліцай, мусіць: чутно, па-тутэйшаму гаворыць. А можа перакладчык — з баразны не разабраць. — Не, мы спярша вашых шчанюкоў заб’ём». I тут — трах!