Прыгоды Віруса Шкодзі
Шрифт:
Адзін дзень у зацятых спрэчках правялі, другі. Нічога не атрымліваецца. Не адну ноч да мільгацення ў вачах прадумалі. І зноў нічога вартага не надумалі. Не дапамог нават Інтэрнэт, які шмат што ведае і на многае здатны.
Вырашылі тады і яны хітрасцю ўзяць.
Пачалі вучоныя ўгаворваць Віндаўса Вялікага аддаць замуж за Шкодзю сваю адзіную дачку Віндусачку. Яна выведае сакрэт смерці Віруса і ўратуе сеціўцаў.
Доўга вагаўся кароль, але дзе ты дзенешся, калі ў тваім каралеўству небяспека разрастаецца. Згадзіўся Віндаўс Вялікі на няроўны
Зірнуў Шкодзя на каралеўну і ледзьве дар свой шкодніцкі не страціў – на ўвесь сусвет прыгажуня. Нідзе такой не знойдзеш, хоць увесь Інтэрнэт перавярні.
– А твой бацька злодзей, аказваецца, - з’едліва так кажа ён каралеўне.
– Што ты такое выдумляеш?! – ажно зайшлася ад нечуванага нахабства бедная Віндусачка.
– А хіба няпраўда? Вунь якія зорачкі з неба ўкраў і ў тваіх вачах пасяліў...
Пачырванела Віндусачка, засаромелася. Шкодзя ж столькі прыгожых слоў нагаварыў, што каб і хацеў, не запомніш. І дзе толькі набраў іх, бо ніколі раней ніхто не чуў ад яго такіх. А тады сур’ёзна так кажа:
– Што хочаш аддам, толькі будзь маёй жонкай. І зажывём мы з табой на зайздрасць усім. Такія справы будзем рабіць, на якія ніхто іншы не здатны. Станем самымі магутнымі, самымі вядомымі і багатымі ў сусвеце...
– Ой, а я і не ведала, што ты небагаты, – пакеплівае Віндусачка. – Як жа я за бедняка замуж пайду? – пляснула яна рукамі.
– Чаму гэта я бедны? – злуецца Шкодзя, а ў самога ажно вочы на лоб лезуць. – Мае багацці не раўня іншым. Яны па ўсім сусвеце параскіданы. Я магу прысвоіць вашы сеціўскія ўладанні, магу абяздоліць і зрабіць беднымі ўсіх жыхароў Сусветнага Сеціва. Нават караля магу з жыцця звесці...
– А хто ж тады будзе жыць на гэтых пустых прасторах? – дзівіцца каралеўна.
– Мы з табой. І дзеці нашыя. Сам я несмяротны, і дзеці нашы, якіх у нас будзе шмат, несмяротнымі стануць.
– А як жа называць іх будуць? – пытаецца Віндусачка. – Вірусянятамі? Ці мо Шкоднікамі? А сама я кім стану? Шкодніцай? Дык жа няёмка вельмі...
– Не бядуй, - супакойвае Вірус. – Прозвішча і памяняць можна.
– Я то мо і пайшла б за цябе, - хітруе каралеўна, - але не веру ў тваю несмяротнасць. Падманеш жа.
– Не верыш?
– распаляецца Вірус. – Хочаш – дакажу?
– Хачу, - кажа Віндусачка, а ў самой чорцікі ў вачах скачуць.
І прызнаўся Шкодзя, што несмяротнасць ягоную аберагаюць тры смерці. Схаваны яны ў трох самых дасканалых Працэсарах, якія найгалоўнымі элементамі кожнага камп’ютэра з’яўляюцца. Менавіта Працэсары імгненна апрацоўваюць любыя звесткі, усё на свеце ведаюць і ўсё запамінаюць. Мудрэйшымі і больш увішнымі за чалавека бываюць.
Адна Вірусава смерць у Залатым Працэсары знаходзіцца, які на высокай гары ў цёмнай пячоры на залатым ланцугу вісіць. Сам Кашчэй Несмяротны вартуе яго.
Другая смерць схавана ў Сярэбраным Працэсары, які да дна нетутэйшага акіяна прыкуты. Сцеражэ яго нядрэмны і ненаедны шматвокі Акіянскі Цмок.
Трэцяя смерць у Жалезным
Пакуль усе тры смерці не сыдуцца разам, ніхто не пераможа Віруса Шкодзю.
Прызнаўся ён каханай, што толькі праз кожныя трынаццаць гадоў і трынаццаць дзён збірае разам усе Працэсары, каб праверыць, як жывуць там ягоныя смерці. Зорнай ноччу робіць гэта, на вялікую поўню, калі месяц становіцца круглым, як абаранак.
– Наступная такая ноч акурат праз тыдзень мае быць, - кажа Шкодзя. – Тады я і пакажу табе мае таямніцы.
– Пасля таго і пра заручыны падумаем, - адказала каралеўна.
Пераможна ўсміхнуўся Вірус, рукі ад шчасця пацёр і ў сваю Вірусанію паляцеў.
А тут і зорная ноч з вялікай поўняй наступіла. З’явіўся Шкодзя да свае абранніцы. Мноства дарагіх падарункаў прывёз, шмат чароўных прылад. Але Віндусачка галоўнага чакае.
Бацька ж яе разам з вучонымі марна часу не губляў. Змайстравалі яны магутную лазерную стралу, якая любыя замкі адмыкае, самыя моцныя сховы адчыняе.
Пачаў Вірус паказваць каралеўне свае падарункі, багаццямі незлічонымі хваліцца. А ёй не церпіцца чароўныя Працэсары ўбачыць.
Пляснуў у далоні Шкодзя, і з Залатым Працэсарам з’явіўся Кашчэй Несмяротны. Другі раз пляснуў, і нядрэмны Акіянскі Цмок з Сярэбраным Працэсарам тут як тут.
Не выцерпелі сеціўцы, выпусцілі лазерную стралу. Трапіла яна ў Кашчэя. Мёртвым упаў ён на зямлю, ажно гул па сусвеце пайшоў.
Следам Цмок Акіянскі зваліўся, адно вадаспады бурлівыя ў азёрах завіравалі.
Магутная страла разрэзала Залаты і Сярэбраны Працэсары. Вылецелі адтуль дзве смерці, спалохана вакол каралеўны пакруціліся і за пазуху Віруса схаваліся.
Аднак дарэмна паспяшаліся сеціўцы. Не дачакаліся, пакуль Шкодзя здыме дыван-невідзімку з трэцяга Працэсара.
Сабраў Вірус усе свае сілы, схапіў ацалелы Працэсар і з дзвюма смерцямі пад пахай у чорны сусвет кулём паляцеў. Забыўся нават пра нявесту – абы самому жывым застацца.
Закінуў Шкодзя трэцюю смерць на самую далёкую ад Сонца планету. А для двух другіх новыя сховы збудаваў. Нікому пра іх не гаворыць. Замест ключоў коды спецыяльныя прыдумаў, у сваёй галаве трымае іх, нават самым давераным ахоўнікам не давярае.
Хоць і баіцца Вірус лазернай стралы, а паскуднічаць не перастаў. І дагэтуль нахабна помсціць сеціўцам за сваю абразу. Толькі з’яўляецца ў Сусветным Сеціве ў плашчы-невідзімцы. А справы свае чорныя стараецца таемна рабіць.
Сеціўцы ж да гэтай пары шукаюць надзейны спосаб барацьбы з назойлівым шкоднікам.
А ты гатовы ім дапамагчы?
БУНТ У КАРАЛЕЎСТВЕ
Аднойчы ў чароўным каралеўстве Сусветнае Сеціва адбылося неверагоднае здарэнне. Проста надзвычайнае. Ніколі нічога падобнага тут не чулі, не бачылі і бачыць не збіраліся.