Прыгоды Віруса Шкодзі
Шрифт:
– Як вы сабе хочаце, але мне ваша спрэчка здаецца пустой і нават шкоднай. Пераганарыліся вы ўсе. Я здагадваюся, што гэта Вірус Шкодзя штурхае вас на злачынства.
Пачуў гэта Вірус і ажно зубамі заскрыгатаў ад злосці. Але вымушаны быў маўчаць, каб не выдаць сябе, каб не даведаліся, хто тут непаразуменне сее.
А Мышка працягвала:
– Усе мы абяцалі сумленна служыць свайму каралеўству. А цяпер вы ваюеце за сваю ўласную выгаду. Не, нават проста за пустыя амбіцыі. Перастаньце выхваляцца. Усе мы адзін без аднаго нічога не вартыя. Не будзе працаваць Камп’ютэр, калі залянуецца хоць бы адзін з нас. Давайце
У самую кропку пацэліла Мышка.
Апусціў галаву Працэсар.
Пачырванелі вушы ў Мадэма.
Туманком сораму пакрылася Памяць.
Вінавата затарахцела і раптоўна змоўкла Клавіятура.
Адзін Манітор Дысплеевіч весела бліснуў сваім блакітным экранам, выказваючы згоду са словамі маленькай Мышкі.
Усе моўчкі вярнуліся да сваіх ранейшых спраў. Спакой, працавітасць і згода зноў запанавалі ў Сусветнаым Сеціве.
Кароль Віндаўс Вялікі нават не даведаўся пра бунтоўную сварку сваіх дваровых.
Адно Вірус Шкодзя злосць затаіў, выспельвае намер як лепей адпомсціць за сваю няўдачу.
ЧАРОЎНАЯ МЫШКА
Жыла-была ў заможным каралеўстве, што завецца Сусветным Сецівам, дзяўчынка Верачка. І была ў яе надзейная сяброўка – Мышка. Ды не звычайная, а чароўная камп’ютэрная мыш. Мела яна доўгі віхлясты хвосцік, якога ні ў адной хатняй мышы не бывае. Носік беленькі, сама металёвым бляскам адлівае, а ўнутры чырвоны агеньчык свеціцца. Зірнеш на такую прыгажуню, і сама рука цягнецца, каб пагладзіць. Верачка гладзіла яе часта і ахвотна.
Сваім хвосцікам Мышка была звязана з чарадзейным камп’ютэрам. А там – відзьма-нявідзьма розных дзівосных цудаў і неверагодных забаў. Асабліва любіла Верачка падарожнічаць.
Не выходзячы з уласнай кватэры, яна наведала ўсе знакамітыя мясціны сваёй краіны, пахадзіла па залацістых ад сыпучых пяскоў пустынях Афрыкі, паблукала па амерыканскіх джунглях. Нават унутры старадаўніх Егіпецкіх пірамід пабывала. А пра замкі і палацы ўжо і казаць не варта.
Мышка ахвотна дапамагала Верачцы. Таму і спала заўсёды ля камп’ютэра, на спецыяльна для яе купленым квяцістым дыванку.
– Як сабачка на прывязі, - пакеплівалі часам Мадэм з Прынтэрам.
– Што вы такое выдумляеце?
– крыўдзілася Мышка. – І зусім я не прывязаная. Проста я заўсёды напагатове, каб правесці Верачку па чароўных лабірынтах камп’ютэрнага каралеўства.
– Не выхваляйся. Як быццам без цябе Верачка не злучыцца з Інтэрнэтам, альбо не знойдзе сваю любімую гульню, - не згаджаўся Мадэм.
– Знайсці то мо знойдзе, але я зраблю гэта хутчэй, - патлумачыла Мышка.
Аднойчы вечарам захацела Верачка выправіцца ў сваё любімае віртуальнае падарожжа па экзатычных месцах па-за межамі Сусветнага Сеціва. Пагладзіла любімую Мышку, шчоўкнула яе левай палавінкай і пачала перасоўваць па дыванку. Мышка радасна вільнула хвосцікам, настроіла на экране вострую піку і ахвотна пусцілася ў пошук.
Раптам яна заўважыла, як з нябачнай вышыні апусціўся бліскучы каляровы канверт. Тут варта сказаць, што Мышка валодала здольнасцю
Чаму ж не зрабіць прыемнасць сваёй гаспадыні?
І Мышка пачала яшчэ шпарчэй ганяць вострую піку-стрэлачку па экране Манітора Дысплеевіча. Зазірнула сюды, збегала туды. Націснула на адзін значок, перасунула другі.
Захопленая, яна і не заўважыла, што за ёй назірае нехта чужы, нават піку-стрэлачку дапамагае перасоўваць.
Верачка хацела спыніць свавольную Мышку. Але тая ўжо адкрыла каляровы канверцік. З яго выпырхнулі незвычайнай прыгажосці кветкі і разгарнуліся ў вялізны букет. Такога Верачка ніколі ў жыцці не атрымлівала.
А пасля з’явілася пасланне.
“Ведаю тваю захопленасць падарожжамі, - пісаў нехта незнаёмы.
– Таму пасылаю табе...”
Верачка не паспела дачытаць, хто і што ёй пасылае. Экран Манітора Дысплеевіча раптоўна пацямнеў, пасля стаў паласатым. Нешта ўнутры камп’ютэра моцна хруснула, пачуўся нейчы гучны смех і камп’ютэр адключыўся.
Нарэшце бедная Мышка зразумела, што гэта Вірус Шкодзя зрабіў сваю чорную справу. Ён даўно намагаўся ўбіцца ў давер да Верачкі, але яна заўсёды выкрывала ягоныя хітрыкі. І вось цяпер Шкодзю ўдалося перахітрыць Мышку.
Верачка хацела насварыцца на свавольніцу. Ды зразумела, што сваркай бяду не адвядзеш. Яна паклікала старэйшага брата Сяргея.
Той узяў блікучы дыск з надпісам “Антывірус”, перадаў яго Працэсару і загадаў лячыць камп’ютэр. Доўга на экране Манітора Дысплеевіча нешта насілася, міргала, бегала зверху ўніз і злева направа.
Шматлікія слупкі лічбаў на экране напалохалі Мышку. Яна баялася, што доктар Антывірус не справіцца са Шкодзяй. Мышка ўжо хацела павінаваціцца, папрасіць прабачэння ў Верачкі і разам шукаць лякарства ад небяспечнай хваробы.
Але нечакана камп’ютэр нешта гучна прамовіў, Манітор Дысплеевіч ажыў. Яго экран засвяціўся сваім звыклым святлом. На ім з’явіўся знаёмы малюнак блакітнага возера з прыгожым замкам на беразе і лебедзямі на вадзе.
– Гатова, - звярнуўся Сяргей да Верачкі. – Камп’ютэр зноў будзе працаваць. Толькі ніколі больш не зазірай у невядомыя пісьмы і не чытай чужыя пасланні. Гэта Вірус Шкодзя сваімі штукарствамі ды свавольствамі псуе камп’ютэрныя праграмы, прыводзіць у чароўнае каралеўства ворагаў і шкоднікаў. Таму спярша папрасі доктара Антывіруса, каб ён праверыў кожнае пісьмо.
– Ты чула? – спытала Верачка ў Мышкі.
– Усё чула, - ціхенька адказала тая і вільнула доўгім хвосцікам. – Гэта мая віна. Але я ніколі-ніколі больш не буду спяшацца і без твайго дазволу нічога не буду рабіць.
– Ну вось і добра, - згадзілася Верачка і даверліва пагладзіла сваю чароўную Мышку.
МАЛАДЗІЛЬНЫ КЛЁН
У Каралеўстве Сусветнае Сеціва мелася шмат прыгожых мясцін. З нябеснымі зоркамі пераміргваліся сваімі блакітнымі вачыма шматлікія азёры. Віхлястымі жыўчыкамі беглі па зямлі вялікія рэкі і малыя рачулкі, звонка бруілі ручаі з жывой вадой. У светлых дубровах і цяністых пушчах жылі магутныя туры, хаваліся алені, ласі, зайцы, па дрэвах скакалі рысі з вавёркамі.