Прыгоды Віруса Шкодзі
Шрифт:
ЯК ШКОДЗЯ ХАЦЕЎ КАРАЛЁМ СТАЦЬ
Нечаканы перапалох ахапіў жыхароў каралеўства Сусветнае Сеціва. Ніколі яшчэ не было, каб іхні кароль Віндаўс Вялікі выдаў гэткі неразумны ўказ.
Ніяк не могуць сеціўцы зразумець сэнс каралеўскага загаду. Але ў каго спытаеш, калі кароль разам з дачкой Віндусачкай паляцеў у госці да гаспадара адной з найдалёкіх планет. Мо каб жаніха знайсці для каралеўны.
Ягоныя ж служкі, што засталіся на гаспадарстве, і самі разгубіліся. Не могуць даўмецца,
Хіба змесцяцца ўсе разумныя прыстасаванні на адной плошчы? Іх жа вунь колькі – не адно ў кожнай сям’і, а ў кожнага жыхара каралеўства. Ды і як аддаць тое, без чаго сеціўцы жыцця свайго не ўяўлялі?
І як заўсёды бывае, калі не хапае дакладнай інфармацыі, папаўзлі розныя чуткі, домыслы і здагадкі. А разам з імі пачала сеяцца паніка і страх. А гэта нават для такога заможнага каралеўства, як Сусветнае Сеціва, магло набыць незваротна разбуральны характар.
Вышэйшыя служкі караля пачалі думаць, як паправіць справу, каб не выпусціць з рук уладу.
– Трэба прыдумаць разумнае тлумачэнне і разаслаць па ўсіх камп’ютэрах, - казалі адны.
Але ім пярэчылі больш абачлівыя:
– Але ці можам мы адмяніць указ караля?
– Тады трэба неадкладна звязацца з каралём, - даводзілі самыя смелыя. – Неабходна высветліць, што ён меў на ўвазе.
Мо і разумная была тая прапанова, але хто ж самахоць захоча выклікаць на сувязь асабісты каралеўскі камп’ютэр.
Пакуль вышэйшыя служкі марудзілі ды разважалі, самыя паслухмяныя сеціўцы сталі зносіць і звозіць на галоўную плошчу свае камп’ютэры. Неўзабаве пачала расці сапраўдная гара з некалі так патрэбнай і неабходнай кожнаму сеціўцу тэхнікі.
Разгубленасць у каралеўскім палацы таксама расла. Вышэйшыя служкі так і не прыдумалі, што рабіць. Звязвацца з каралём не адважваліся. Яны нават не ведалі, ці павінны здаваць свае ўласныя камп’ютэры. І каму здаваць? Бо нават тых, што былі прынесены на галоўную плошчу, ніхто не ўлічваў, не браў пад ахову.
А што рабіць з самым галоўным, самым вялікім і магутным камп’ютэрам, які ў каралеўскім палацы? Там жа гэтулькі патрэбнай і каштоўнай інфармацыі, што без яе каралеўства проста ні дня не пражыве.
Добра, што галоўны камп’ютэршчык каралеўства Камп Кампавіч не спяшаўся адключаць разумныя машыны, разбураць сеткі і спыняць сувязь з найважнейшымі аб’ектамі, з замежнымі партнёрамі. Ён вырашыў яшчэ раз уважліва перачытаць розныя дакументы, што захоўваліся ў памяці галоўнага камп’ютэра, каб зразумець, што трэба рабіць у такіх непардбачаных сітуацыях.
Пра гэта ён і сказаў вышэйшым служкам палаца. Тыя як за ратавальную саломінку ўхапіліся за гэткае рашэнне.
А на плошчы не сціхала гамана. Адначасова з ростам камп’ютэрнай гары расла і незадаволенасць сеціўцаў. Яны пачыналі адмоўна выказвацца пра свайго караля. Некакторыя нават патрабавалі адхілення яго ад ўлады.
– Не хоча кароль абараняць нашы інтарэсы,
– Правільна! – падхоплівалі сотні галасоў. – Хай застаецца на той далёкай планеце. Назаўсёды. А мы сабе новага караля прызначым.
– Як гэта ты прызначыш? – пярэчыў нехта спакайнейшы – Хто табе такое права даў? Мо сам кароль? То ты і нам пакажы той дакумент. Мы яго па камп’ютэрах усім сеціўцам накіруем.
– Ага, і хадзіць далёка не трэба. Камп’ютэры ж тут вось, у кучу звалены...
Жарты жартамі, а сітуацыя і сапраўды станавілася небяспечнай.
Высокія каралеўскія служкі насядалі на Кампа Кампавіча, каб ён неадкладна звязваўся з каралём. Каб удакладніў, што меў на ўвазе Віндаўс Вялікі, калі аддаваў свой загад.
Але галоўны камп’ютэршчык не спяшаўся.
Плошча гула і віравала. Кожны выказваў сваё меркаванне, даваў свае парады, патрабаваў адказаў. Але хто мог ім адказаць, калі ніводзін з высокіх служкаў не асмеліўся выйсці з палаца.
Калі ж сітуацыя стала амаль што крытычнай, і неўзабаве нешта павінна было адбыцца, на плошчу прыбег задыханы хлапчук. Гэта быў сын аднаго з простых камп’ютэрных рамонтнікаў.
– Стойце! Пачакайце! – крычаў хлапчук. – Татка просіць, каб вы яшчэ раз прачыталі ўказ караля...
Засмяяліся сеціўцы, незадаваолена фыркнулі:
– А навошта нам перачытваць? Мы і так ведаем, што загадвае кароль. Толькі вось не можам зразумець, дзеля чаго...
Але сёй-той пачуў хлапчукову просьбу. Нехта дастаў з кучы свой камп’ютэр, уключыў яго. Манітор Дысплеевіч ахвотна паказаў каралеўскі ўказ.
Пачалося ледзь не харавое чытанне.
“Я, вышэйшай міжзорнай сілай падтрыманы ўладар Сусветнага Сеціва, ваш кароль і гаспадар законны, аддаю неаспрэчны загад і безапеляцыйна патрабую, каб да поўдня сённяшняга дня ўсе сеціўцы без выключэння аднеслі свае камп’ютэры на галоўную плошчу нашага каралеўства...”
І так далей, і так далей.
– Ды што тут чытаць – адно час марнаваць? Ведаем мы ўказ. Хай лепш хто-небудзь патлумачыць, што нам рабіць? Як жыць будзем без камп’ютэраў?
– А вы не спяшайцеся, - настойваў хлапчук. – Татка прасіў, каб вы да канца дачыталі ўказ.
– Калі твайму татку няма чаго рабіць, то хай ён і забаўляецца чытаннем бяссэнсоўных загадаў...
Аднак іншага выйсця не было, і сеціўцы працягвалі чытанне. Калі дайшлі да канца, усе запытальна перавялі позіркі на хлапчука. Той не спалохаўся колкіх вачэй і настойліва параіў:
– Татка прасіў дачытаць да самага канца.
– Мы і дачыталі, - запярэчыў адзін.
– У канцы стаіць прозвішча караля, - дадаў другі.
– Вось яго і прачытайце, - папрасіў хлапчук.
– А што тут чытаць? Кароль... кароль, - той, хто чытаў, заікнуўся. – Нешта невыразна імя караля чытаецца...
– Кароль Віндаўс Вялікі, - падказаў нехта з натоўпу.
– Не, тут штосьці іншае. Тут напісана: кароль Вірус Вялікі...
– Хто-хто? – прагучала адразу некалькі галасоў. – Хіба ты чытаць не ўмееш?