Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Пугачоўскі цырульнік

Шніп Віктар

Шрифт:

Мужык з касой

28.06.2011. Вяртаюся дахаты. На прыпынку «Тэатр музкамедыі» ў аўтобус з касой зайшоў пажылы мужык. Людзі моўчкі расступіліся, даючы дарогу касцу. На наступным прыпынку мужык з касой выйшаў і пайшоў у краму. Хлопец, які стаяў побач са мной, прашаптаў сяброўцы: «Нейчая смерць пайшла…»

Сумна…

28.06.2011. На працу да мяне заходзіўся Казімір Камейша. Пагаварылі пра жыццё­быццё. Узгадалі добрым словам нядаўна памерлага Рамана Тармолу­Мірскага. Пашкадавалі яго як чалавека. На развітанне Казімір Вікенцьевіч, сумна ўсміхнуўшыся, працытаваў эпіграму Міколы Татура: «Я быў на вечары Тармолы. Кароль жа голы…»

Дэзірцір…

29.06.2011.

«Расійскі дэзірцір Пацееў выехаў у ЗША праз Беларусь…» — гэтая інтэрнэтаўская інфармацыя напомніла мне пра мінулагоднюю паездку ў адзін з раёнаў нашай краіны. Выступаў я ў вясковай бібліятэцы, і, як звычайна, пасля бібліятэкарка павяла да сябе дамоў паабедаць. Па дарозе даведаўся, што жанчына некалькі гадоў таму выгнала мужа, які не хацеў нічога рабіць і толькі п’янстваваў. Цяпер у яе ўжо другі год жыве трыццацігадовы хлопец, які ўцёк з Чачні, дзе ваяваў па кантракце…

Маналог

30.06.2011. Мастак Валерый Рагалевіч прынёс пачытаць часопіс «Монолог» (Свободное творчество) № 15. Зроблена па­еўрапейску. Амаль усё цікава. Заселі ў галаве радкі Веніяміна Блажэннага:

Я последним покинул концертную залу, Потому что уже я недужен и стар, Потому что душа мая скрипкою стала И я ждал, когда скрипку уложат в футляр…
ЛІПЕНЬ

Літаратурнае прадмесце

1.07.2011. Учора ў Музеі Янкі Купалы пафарбавалі падлогу, і сваё «Літаратурнае прадмесце» Людміла Рублеўская прывяла дамоў. На жаль, не ўсе змаглі дабрацца да нас, а тыя, хто не пабаяўся грамадскага транспарта (Мікола Кандратаў, Юрась Нераток, Юрась Пацюпа з сяброўкай­паэткай Зояй, Таццяна Пратасевіч, Наста Грышчук, Наталля Кучмель і Віктар Лупасін), абмеркавалі рукапіс новай кніжкі Міколы Кандратава. Гаварылі шмат. Мікола з нечым згаджаўся, недзе маўчаў, а часам і спрачаўся. Прысутныя сышліся на адной думцы — кніга атрымалася цікавай і амаль усе вершы ў ёй напісаны на добрым мастацкім узроўні. Потым, як звычайна, усе чыталі свае новыя вершы. Пачалі з Пацюпы, які агучыў творы з «Дзеяслова» № 52, і закончылі маімі вершамі з «Полымя» № 6…

Зноў, як у цягніку…

2.07.2011. Зноў мама ў нас. І мая ноч прайшла, як у цягніку, які спыняўся разоў дзесяць…

* * *

2.07.2011. Дождж. Пад ліпамі абляцелы цвет, як вялікія мёртвыя пчолы…

На «Птушыным востраве»…

2.07.2011. Два тыдні таму ў парку на Камсамольскім возеры з маёй працы былі жанчыны. Ім там усё спадабалася, а на «Птушыным востраве» яны бачылі толькі дзвюх варон, пра якіх так весела расказалі, што і мне захацелася на іх паглядзець. І вось сёння мы з Людмілай выбраліся на Камсамольскае возера. На жаль, увесь час ішоў дробны дождж. І ўсё ж гуляць пад парасонамі па парку было хораша. Заглянулі мы і на «Птушыны востраў», дзе амаль адразу напаткалі дзвюх варон, якія, пакуль мы хадзілі, увесь час былі непадалёку, нібыта віжавалі за намі. І калі мы ўжо збіраліся дамоў, як пачуўся параходны гудок і, нібыта вынырнуўшы з XIX стагоддзя, міма вострава ў дажджлівай прасторы праплыў белы цеплаход…

Секс і філасофія

2.07.2011. З Людмілай паглядзелі фільм іранскага рэжысёра Махсена Махмальбафа «Секс і філасофія». Мінула гадзіна пасля прагляду, а ў мяне перад вачыма запаленыя белыя свечкі, чырвоная ружа, чырвоны парасон, чырвонае віно, адзін туфель белы, другі чырвоны, першы белы снег і жоўтае апалае лісце, якім замятаецца падлога, дзе танцавалі дзяўчаты,

сярод якіх былі каханыя галоўнага героя фільма. Мне найбольш спадабалася першая дзяўчына, сцюардэса, якая прыйшла на сустрэчу з ружай і якая, развітваючыся, не дала сябе пацалаваць і горда пайшла ў сваё жыццё. Ад дзяўчыны, што была ў рознага колеру туфлях, я сам бы ўцёк, а не пайшоў бы ноччу за ёй услед, як гэта зрабіў галоўны герой фільма. З трэцяй дзяўчынай знаёмства адбылося ў бальніцы, куды трапіў наш герой, атруціўшыся малаком. На пытанне, якая ў вас прафесія, атручаны адказаў: «Я паэт…» — «І я вершы пішу…» — адказала дакторка­прыгажуня. З ёй я таксама асабліва б не звязваўся, але не таму, што ў мяне жонка паэтка. Чацвёртая палюбоўніца была аднагодкай паэта. Яна не дачакалася, калі яе палюбоўнік развітаецца з маладымі саперніцамі і сышла дамоў, выпіўшы ўсё віно. Потым яна патэлефанавала паэту і запрасіла яго дахаты на 12 гадзін ночы. Паэт прыйшоў да жанчыны, а ў яе за гасцінным сталом, дзе гараць белыя свечкі, ужо сядзяць тры мужчыны. Звяртаючыся да мужчын, жанчына адразу ж прызналася, што яна пераняла вопыт у паэта. Пачуўшы гэта, адзін мужчына тут жа ўстаў і, ударыўшы жанчыну па твары, сышоў. Следам пайшоў другі, за якім і пабегла жанчына. За сталом засталося трое чалавек — паэт, незнаёмы мужчына і я…

* * *

3.07.2011. З Людмілай схадзілі ў царкву. І дождж стаў светлым…

Ахілес дагнаў чарапаху

3.07.2011. Паглядзелі фільм Такешы Кітано «Ахілес і чарапаха». Хлопчыку, якога назвалі ў гонар Маціса, у дзяцінстве задурылі галаву, што ён будзе мастаком. Да ўсяго сябар бацькі, вядомы мастак, хлопчыку падарыў берэт са сваёй галавы, нібыта німб таленавітасці. І вось Маціс кожны дзень малюе, але ад яго малявання толькі адны непрыемнасці і для яго і для блізкіх. Ідуць гады, меняецца свет, а Маціс ніяк не можа вылезці з­пад падоранага майстрам берэта, які з німба ператварыўся ў пятлю. У канцы фільма гучыць за кадрам: «І ўсё ж Ахілес дагнаў чарапаху!» Сумна, але справядліва…

* * *

4.07.2011. Знайшоў у чарнавіках два радкі: «Белы лёд тваіх вачэй. Чорны снег маіх начэй…» Нешта ў іх ёсць, але ўжо мінула больш трох месяцаў з дня запісу і цяпер гэтыя радкі, як чужыя, і не патрабуюць працягу…

Вісельнікі

4.07.2011. Даведаўся ад аднавяскоўца, што тыдзень таму ў Пугачах павесіўся трыццацідзевяцігадовы хлопец. Ён збіраў па вёсцы малако для дзяржавы. Любіў выпіць. Некалькі гадоў таму павесіўся бацька гэтага хлопца. У старога быў рак лёгкіх. А яшчэ раней павесіўся брат малакавозчыка. Усе гэтыя вісельнікі спынілі сваё жыццё ў хляве на адным і тым жа круку…

Настрой

4.07.2011. Захмурэлае неба. Час ад часу сыпле дробны дождж. Сумна і не хочацца працаваць. Узгадалася вясковае, нярэдка жартам сказанае бацькам: «Ці ж я дурань працаваць? Няхай працуе трактарыст!»

* * *

5.07.2011. Сёння ў маёй Людмілы дзень народзінаў. Каб нешта талковае купіць і падарыць ёй, няма дастаткова грошай. Хацеў верш напісаць, але не напісаў. Знайшоў ранейшы, які канкрэтна прысвечаны Людміле:

Ты ў мяне адна, нібыта неба раннем Светлае, нібы царкоўнае віно, У якім надзея, вера і каханне Злітыя, нібыта ў сонца, у адно Светлае, святое і, як кроў, зямное, Без якога не пачнецца вечны шлях… Дзень прайшоў і сум, нібы згарэла Троя. Я з табой, як попел на тваіх нагах.
Поделиться:
Популярные книги

Невеста напрокат

Завгородняя Анна Александровна
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.20
рейтинг книги
Невеста напрокат

Чайлдфри

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
6.51
рейтинг книги
Чайлдфри

Сами мы не местные

Жукова Юлия Борисовна
2. Замуж с осложнениями
Фантастика:
юмористическая фантастика
космическая фантастика
9.35
рейтинг книги
Сами мы не местные

Эволюционер из трущоб. Том 9

Панарин Антон
9. Эволюционер из трущоб
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Эволюционер из трущоб. Том 9

Крещение огнем

Сапковский Анджей
5. Ведьмак
Фантастика:
фэнтези
9.40
рейтинг книги
Крещение огнем

Восход. Солнцев. Книга I

Скабер Артемий
1. Голос Бога
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Восход. Солнцев. Книга I

Болотник

Панченко Андрей Алексеевич
1. Болотник
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.50
рейтинг книги
Болотник

Герцогиня в ссылке

Нова Юлия
2. Магия стихий
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Герцогиня в ссылке

Наследник 2

Шимохин Дмитрий
2. Старицкий
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.75
рейтинг книги
Наследник 2

Разбуди меня

Рам Янка
7. Серьёзные мальчики в форме
Любовные романы:
современные любовные романы
остросюжетные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Разбуди меня

Вдовье счастье

Брэйн Даниэль
1. Ваш выход, маэстро!
Фантастика:
попаданцы
историческое фэнтези
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Вдовье счастье

Найди меня Шерхан

Тоцка Тала
3. Ямпольские-Демидовы
Любовные романы:
современные любовные романы
короткие любовные романы
7.70
рейтинг книги
Найди меня Шерхан

Разборки авторитетов

Сухов Евгений Евгеньевич
Я – вор в законе
Детективы:
боевики
7.69
рейтинг книги
Разборки авторитетов

Семь способов засолки душ

Богданова Вера
Детективы:
прочие детективы
5.00
рейтинг книги
Семь способов засолки душ