Пугачоўскі цырульнік
Шрифт:
У курортным пасёлку ўжо тыдзень жывуць і ходзяць па вуліцах шумнай і вясёлай кампаніяй маладзенькія цыганкі. Старэйшай недзе гадоў дваццаць, а меншай паўгода, і яе цыганкі па чарзе носяць з сабой. Усе чыста і модна апранутыя, сімпатычныя і не прыстаюць пагадаць...
Вельмі шмат пажылых расіян. Ходзяць парамі і ўспамінаюць маладыя гады...
Які ўжо дзень бачу п’янага расіяніна. Ён прыстае да ўсіх, каб разам выпіць. Ахвотных з ім піць няма, і ён п’е адзін...
У нарачанскіх белых чаек белае гаўно...
У лесе вельмі шмат сыраежак і смецця...
Нарач.
19.08.2011. Білетаў на выязную экскурсію не было, і мы вырашылі схадзіць на каталіцкія могілкі ў вёску Кабыльнік (цяпер Нарач). І каб дарэмна не блукаць, выйшаўшы з курортнага пасёлка, я ў першага сустрэчнага запытаўся: «А дзе тут старыя могілкі?» Мужчына аказаўся гаваркім. Растлумачыўшы як ісці да могілак, ён ні з таго ні з сяго сказаў: «Хопіць нам дзвюх моў: беларускай і польскай. А без рускай мы не памром!»
Амаль у самым цэнтры могілак пад соснамі стаіць манумент салдатам 21га армейскага корпуса немецкай арміі, а каля яго ладны пляц з крыжамі. Захавалася недзе каля 350...
Успамінаючы свайго прадзеда Яську Шніпа, які загінуў у час Еўрапейскай вайны ў 1916 годзе і ляжыць недзе ў брацкай магіле, я вырашыў запісаць на памяць некалькі прозвішчаў немцаў. Магчыма, сярод гэтых немцаў ёсць і тыя, у баі з якімі загінуў мой прадзед...
Вюрстэр Густаў. Загінуў 8.10.1915
Мюлер Густаў. Загінуў 1.02.1916
Расне Вальтэр. Загінуў 20.03.1916
Залеўскі Ёган. Загінуў 22.03.1916
Зуттэ Хайнріх. Загінуў 11.04.1916
Карл. Загінуў 8.07.1916
Эрдман Ёган. Загінуў 6.05.1917
За дзесяць дзён баёў каля Нарачы (18.03—28.03.1916 г.) з боку рускіх загінула каля ста тысяч салдат і афіцэраў, а з нямецкага — каля 40 тысяч...
На сучасных помніках шмат надпісаў пабеларуску. Я запісаў некаторыя: «Мітуневіч Ванда.11.1.1926—5.03.2003», «Ворса Леанарда Вікенцьеўна. 18.02.1918— 5.04.2009» і побач яе муж «Ворса Валерый Іосіфавіч. 16.04.1915—7.01.2001», «Шніткоўскі Міхал. 17.09.1906—3.10.2002. Памёр у веку 96 гадоў. Божа, будзь да яго міласэрны», «Ліхадзіеўскі Вацлаў Іванавіч 1912—1972...».
Шмат пахавана людзей, якія пражылі па 90 і болей гадоў. Сярод іх — Ганна Дунец. Пражыла 105 гадоў. Магчыма, яна маці або сваячніца Лідзіі Дунец, у якой захаваўся журнал Георгіеўскіх кавалераў Еўрапейскай вайны...
У цэнтры старых пахаванняў разбураны склеп, які зарос травой і мохам. Захавалася пліта з надпісам «Свентаржыцкая Францыска. Памерла ў 1844 годзе». За пагнутай і паржавелай агароджай помнік: «Юзэф Бачкоўскі. Памёр у 1858 годзе».
Каля аднаго з уваходаў на могілкі прыгожы помнік на дзве магілы з пашкоджанымі фотаздымкамі, на якім напісана: «Збігнеў Каласінскі. Харцар 10й Віленскай дружыны. Загінуў на возеры Нарач 23 чэрвеня 1933 года, ратуючы калегаў. Матка і саюз асаднікаў». І тут жа: «Ян Панек. Сакратар рады ваяводскага саюза асаднікаў. Кавалер крыжа храбрых. Загінуў на возеры Нарач 11 ліпеня 1935 года»...
Па могілках з Людай хадзілі амаль дзве гадзіны. Дамоў ісці не спяшаліся, але дробны дождж напомніў, што пара вяртацца пакуль надвор’е нядрэннае і не сцямнела...
У вёсцы Нарач зайшлі ў касцёл. Якраз трапілі на віншаванне пробашча з імянінамі. Прыемна
А царква і сёння на замку...
Вярнуліся дамоў а палове дзявятай. Недзе праз гадзіну пайшоў вялікі дождж...
Нарач. Сямнаццаты дзень...
20.08.2011. Усю ноч ішоў дождж. І наш дом, нібы карабель, плыў праз зялёнае сасновае мора...
Чарга каля аддзялення «Беларусбанка» не прападае. Прыезджыя здаюць валюту, а мясцовыя тут жа купляюць. Усё па спіску, які ў сябе трымае мажная дзелавая жанчына. Кожны дзень па чарзе ў абменніку можна, калі пашанцуе, купіць як мінімум 100 даляраў і 3 тысячы расійскіх рублёў...
Па дарозе ў санаторый «Белая Русь», там дзе сустрэліся з вужыкам, бачылі вавёрку. «Відаць, у іх тут партал з аднаго лесу ў наш...» — пракаментаваў Максім...
Амаль кожны дзень ходзім у басейн плаваць. Сёння натрапілі на нейкую паўп’яную кампанію маладых мужыкоў і жанчын і ў басейне было, як у танным бардэлі...
У белых лебедзяў чорныя ногі...
Нарач. Васямнаццаты дзень...
21.08.2011. Дзень пачаўся з таго, што даведаліся пра смерць Віталя Скалабана...
Ідзе дождж. І мы збіраемся дамоў у Мінск. Жадання вяртацца аніякага — мне заўтра на працу...
Да прыпынку нас правёў Уладзімір Ермалаеў. Ён усё дзівіцца, як гэта Людміла можа пісаць так цікава гістарычныя творы...
У Мядзелі перад намі села маладая сям’я з дзяўчынкай, у якой увесь твар у кропках з зялёнкі. Малая хварэе на вятранку і ў яе тэмпература за 38...
Чым бліжэй пад’язджалі да Мінска, тым больш неба хмурэла, а на душы весялела з таго, што мы нядрэнна адпачылі...
Зайшлі ў сваю кватэру, як у падводную лодку...
Па просьбе…
23.08.2011. Пяць гадоў таму праз наш дом прайшоў капітальны рамонт. Па просьбе пенсіянераў былі пакінуты ў кватэрах газавыя калонкі для нагрэву вады. Нядаўна наша калонка пацякла, і я сёння патэлефанаваў майстру, каб яе адрамантаваць. «Дэталь, якую трэба памяняць каштуе 500 тысяч. За працу будзе тысяч 250. Прыязджаць?» — запытаўся майстра. «Прыязджайце…» — без інтузіязму адказаў я. Майстра працаваў гадзіны дзве, і я даведаўся, што ў нашым раёне ўжо ў многіх калонкі псаваліся і яму даводзілася чуць просьбы ад некаторых пенсіянераў: «Унучак, я атрымоўваю пенсію 600 тысяч, а тут трэба 750. Такіх грошай у мяне няма і не будзе, таму зусім адключай калонку!»
Чытачка
24.08.2011. Учора да Міхася Казлоўскага ў бібліятэку прыйшлі дзве дзяўчыны і адна з іх узяла чытаць маю кніжку «Страла кахання, любові крыж». Міхась тут жа запытаўся: «А чым вас Шніп зацікавіў?» — «Гэта — мой зямляк, і ён з маім старэйшым братам Грышкам аднакласнікі!» — адказала бландзінка. Сёння Міхась быў у Мінску і, зайшоўшы да мяне, расказаў пра знаёмства з маёй зямлячкай Ліляй Сасноўскай і папрасіў падпісаць ёй «Баладу камянёў», якую яна хоча пачытаць, бо «там вельмі шмат пра нашы родныя мясціны»…