Рэквіем для бензапілы
Шрифт:
Пясок хутка выпіваў ваду, і мы асуджана паварочвалі назад да студні. Дзяжурная амазонка здаганяла нас з пачкам соды і патрабавала як след вышараваць выварку, крыўдзіцелькі ж заходзіліся воддаль смехам і абяцалі ператрахаць па чарзе спярша нас, а тады і амазонак.
Урэшце экспедыцыі па ваду пачалі ладзіцца з аховаю: двое цягнулі выварку, а чацвёра адпрэчвалі плявакаў штыкецінамі.
Удзень мы калупалі рыдлёўкамі дол, збівалі апалубку, завіхаліся вакол вялізнай вуркатлівай бетонамяшалкі і аддаваліся крозам пра вечаровыя спатканні.
Блізу паўночы парачкі збіраліся каля раскладзенага на галявіне за «хімкомплексам» вогнішча
З цемры выходзілі і ветліва падсаджваліся на пакладзеныя пры вогнішчы бёрны маладыя хімікі з гітарай. Яны прыладкоўвалі на чырвоным вуголлі конаўкі або імбрыкі на чыфір і заводзілі песню. Гучала «Прокурор затребовал расстрела», «Как над Томском опускается туман, никогда я не прощу тебе обман...», але найдушэўней атрымлівалася ў іх «Здравствуй, Невский, здравствуй, Кировский», бо шмат хто з нашых суседзяў таксама быў з Піцера.
Ідылію гітарных перабораў, пакладзеных на мулкія мужчынскія плечукі дзявочых галовак і мяккага чыфіравага кайфу руйнавала шумнае з'яўленне гурмы падлеткаў. Яны груба лаяліся, як па-пісанаму часалі на блатным арго, хваліліся, хто колькі разоў «отодрал» сваю «чучундру», і дэманстратыўна забаўляліся з кнопачнымі ножыкамі, з тронкаў якіх, цьмяна пабліскваючы, выляталі вузкія клінкі-джалы.
Спачатку мы мелі гэтую кампанію за малалетніх хімікаў, пагатоў падлеткі ахвотна апавядалі, за што і па якім артыкуле сядзелі, ды сапраўдныя вольныя пасяленцы пагардліва растлумачылі нам, што гэта ўсяго толькі пасялковая шпана, занятая пошукамі сваіх жыццёвых ідэалаў.
Ленінградкі да вогнішча не прыходзілі. Трэба сказаць, што, хоць яны і чапляліся да нас каля сталоўкі, мужчынскае ўвагі ім ставала. На кожную прыпадала ў сярэднім па трое хімікаў-мужчынаў. Звычайна яны і сяліліся па формуле 3 + 1, праўда, «бугры» мелі права выбару і маглі трымаць невялікі гарэм, ці, па-мясцоваму, «курятник». Спецкамендатура праблемамі палігаміі не займалася.
Амаль кожны дзень нашага існавання быў адзначаны адметнай падзеяю.
То «цяжкі» падлетак Віця, зусім ачмурэлы ад «трох сямёрак» і любошчаў з амазонкаўскім кіраўніцтвам, наловіць у мех з паўтузіна здзічэлых катоў, падыме іх уначы разам з будатрадаўскім сцягам на недарэчна высокі флагшток, а пасля перарэжа на блоку вяроўку, і каты будуць, не заціхаючы ні на секунду, екатаць як рэзаныя, пакуль нейкі піцерскі хлапец за пляшку «777-га» не ўзлезе, нацёршы рукі смалою, па слізкім шосце і не скіне жывой радыёкропкі на дол, а чацвераногія вязні не разбягуцца па наваколлі - усе як адзін цалюткія і гатовыя да новых прыгодаў.
То двое абхазцаў, якім заставаліся лічаныя дні да волі і ад'езду ў Сухумі, хопяцца ў пасялковай краме за нажы і заробяць новы тэрмін.
То прыедзе маладая жонка начальніка нікалаеўскага порта, што «дахімічваў» у Ягадным за валютныя аперацыі.
Жонку валютчыка адразу ахрысцілі Дзекабрысткай. Мяркуючы па кансервах (ужо ад адных назваў - крабы па-японску, суп з амараў - набягаў поўны рот сліны), якія яна разагравала каля ганка на раскладзеным паміж дзвюма цаглінамі цяпельцы, а таксама па мяняных штодня крымпленавых сукенках, партовы дзеяч паспеў сёе-тое прыхаваць.
Увечары шчаслівая пара пад пахмурнымі зіркамі суседзяў пад ручку выходзіла на шпацыр.
Гэта была памылка. Калі валютчыка на два дні адправілі на далёкі аб'ект у тайгу, сем хімікаў у поцемках прыйшлі да Дзекабрысткі і гвалцілі яе (па-мясцоваму гэта далікатна называлася «рэпетыцыяй
Аднаго дня ў небе над пасёлкам з'явіўся пажарны верталёт, падобны да варанага рака з прапелерамі. Ён цягнуў на тросіку закручаны ў брызент лёгкі груз, што гайдаўся, быццам ківач ад ходзікаў. Верталёт скінуў груз на падворку спецкамендатуры, і Ягаднае даведалася: пажарнікі знайшлі на прасецы тое, што засталося ад пецярых зэкаў, якія ў сакавіку рванулі на волю з недалёкай (у сібірскіх сумерах) зоны. Праляцеў почут, быццам пятага ўцекача таварышы бралі за «карову» - прасцей кажучы, каб па дарозе з'есці. «Тайга - закон, медведь - хозяин», - пракаментаваў падзею галоўны бугор хімікаў дзядзька Коля-масквіч з вытатуяваным на грудзях партрэтам Сталіна. Той дзядзька Коля, пра якога казалі, што ён жыве ў Сібіры, чаргуючы зону з «хіміяй», яшчэ з ваенных гадоў.
Увесь гэты час я марна выглядаў хіміцу, з якой сустрэўся ў першы дзень. Яна ніколі не з'яўлялася ні сярод плявучых налётчыцаў у ваколіцах сталоўкі, ні сярод тых жанчын, што развешвалі на вяроўках памытую бялізну сваіх уладароў або нешта гатавалі на цаглінах. Нарэшце гаспадыня спеўніка аб'явілася сама.
«Эй, студент!
– пачуў я аднойчы, цягнучы з Генікам цяжкія бляшаныя ношкі бетону. На сцежцы, засунуўшы рукі ў кішэні, пругка пераважвалася з пяткі на насок чароўная мацюкальніца.
– Пошли покурим, - з насмешлівым выклікам прапанавала яна і супакоіла: - Не боись, я нынче хорошая». Я не баяўся, бо адчуваў, што той, першы раз паміж намі праскочыла іскра, пасля якой ужо не ўчыніш адно аднаму аніякага кепства.
З цёплага пляскатага каменя на высокім беразе было відно, як далёка ўнізе паўзла па Кеці баржа-самаходка, і я падумаў, што, магчыма, на такой вось баржы сорак гадоў таму везлі на смерць майго галоднага завашыўленага дзеда Максіма.
Чамусьці некаторыя людзі маюць схільнасць расказваць мне свае гісторыі.
Недзе на Васільеўскай выспе бегала ў школу і ў літаратурную студыю дзяўчынка Ірына, якую ў дзесятым класе на школьным вечары ў гонар дня нараджэння камсамола запрасіў на танец незнаёмы юнак Юра, што адрэкамендаваўся філосафам.
У кішэнях у філосафа вяліся грошы, і ён засыпаў Іру кветкамі і закарміў у кавярнях марозівам і яе ўлюбёнымі вяршкамі з курагой і арэхамі, якія было смачна запіваць светлым сухім віном. Потым адбыўся паход у славуты піцерскі «Норд», адкуль яны паехалі да Юры. Калі таксоўка везла Іру дадому, а Юра трымаў яе за руку, слёзы на вачах ужо высахлі і сэрца цвіло ад радасці, якая называлася: «Я - жанчына!»
Накрэсленая філосафам Юрам будучыня сваёй прастатой і яснасцю нагадвала план школьнага сачынення на тэму «Пячорын - лішні чалавек». Пункт 1. Універсітэцкі факультэт філалогіі. Пункт 2. Вяселле пасля першага курса, - таму што болей Юра ну ніяк не зможа чакаць... Маме пакуль, вядома, ні слова.