Рэквіем для бензапілы
Шрифт:
Сцежка вяла мяне прэч, а ў патыліцу павутамі ўпіваліся набрынялыя нянавісцю словы, сярод якіх «уё...й!» было ці не самым цнатлівым і чыстым.
Прысмак якойсьці зробленай на цёплым камяні над ракою памылкі не пакідаў мяне ўвесь наступны тыдзень. Магчыма, гэтае няўтульнае пачуванне падтрымліваў нарад на будаўніцтва пяці тыпавых драўляных прыбіральняў. Нам з Генікам выпала капаць ямы ды збіваць седалы з «ачкамі». Пачаўшы з элементарнага класічнага ромба, мы спакваля асвоілі сэрца, а пад канец з дапамогаю нажоўкі і долата быў народжаны шэдэўр у выглядзе пяціканцовай зоркі.
(Праз паўгода, калі нас пацягнуць за самвыдавецкія альманахі - рукапісны наваполацкі «Блакітны ліхтар» і нашу машынапісную родную гістфакаўскую
– Яшчэ старажытныя індыйцы...» «Можете рассказывать это своим «старажытным» индийцам». «Свастыка, між іншым, таксама сымболь сонца», - неабачліва вырвецца ў мяне, і я нарвуся на ледзяное пракурорскае пытанне: «Почему же вы в таком случае не вырезали свастику?») Наш расквечаны сякімі-такімі прыгодамі, але збольшага ўпарадкаваны побыт зрабіў рэзкі паварот, калі празаік Джон Галяк скінуў з сябе дрымоту і нечаканым манеўрам адбіў у начальніка будупраўлення, якому мы падпарадкоўваліся, цёмненькую амазонку Святланку.
Калі вы ніколі не рамантавалі вузкакалеек, забіваючы за дзень у спружыністыя шпалы па пяцьсот кастылёў, вам цяжка будзе даўмецца, чаму мы з такой тугою прыгадвалі сытае вуркатанне бетонамяшалкі і глыбокія ношкі з рошчынаю ці з пірамідаю цэглы. Заставалася суцяшацца тым, што ў любой сітуацыі прысутнічае і станоўчы момант.
Таежная вузкакалейка дапамагла ранняму мне больш глыбока адчуць і спасцігнуць ранняга Ўладзіміра Караткевіча, якога я тады адкрываў дзякуючы Геніку - першаму на маім шляху гарадскому чалавеку, што гаварыў па-беларуску не на сцэне і не з тэлеэкрана.
Згадзіцеся: чытаць баладу «Паўлюк Багрым», адлежваючы бакі на панцырным інтэрнатаўскім ложку і смокчучы з рыльца «лідскае» або «жыгулёўскае» - гэта адно, а разгарнуць кніжку ў кароткі перакур, калі ад відна да відна махаеш з-за пляча кувалдай, цаляючы па натурыстых кастылях, - зусім іншае, і здаецца, што гэта якраз пра цябе:
А ў краіне так цяжка
(Асіны ад ганьбы палаюць),
І над ёй фанабэрыцца
П'яны, разбэшчаны гун.
Як пры князю Ўсяславе -
Дзень вялікі, а луста малая.
Як пры князю Ягайле -
На кожную спіну бізун.
На жаль, новая праца спрыяла адно глыбокаму пранікненню ў таямніцы мастацкае творчасці. З астатнім атрымлівалася тугавата. Праязджаючы паўз нас на вісклівай дрызіне, падобны да хамяка з туга набітымі шчокамі начальнік будупраўлення зларадна галёкаў: «Что, студенты, зае...сь?»
Колькі дзён мы з непрывычкі сапраўды ледзьве дабрыдалі ўвечары да сваіх тапчагаў, а выпаўзшы на ватных нагах да вогнішча, бездапаможна засыналі на плечуках у пасіяў. Гэта тады Міхась Чарніловіч назваў кувалду найлепшым супрацьзачынальным сродкам. Аднак маладыя арганізмы хутка ўзялі сваё, і Міхасёва дэфініцыя страціла актуальнасць яшчэ да таго, як цёмненькая Святланка засумавала па мужчынскай ласцы настолькі, каб вярнуцца да хамякападобнага начальніка.
З хімікамі мы па-ранейшаму сустракаліся толькі ля вогнішча, што зазвычай настройвае чалавека
Мірнае суіснаванне ляснулася на Дзень будаўніка.
За ўсе два будатрадаўскія месяцы гэтая жнівеньская нядзеля лічылася адзіным выхадным, калі можна было выспацца і наладзіць законную балюшку.
Параіўшыся са сваімі амазонкамі, мы вырашылі адзначыць свята на тэрасе - так зваўся аточаны кедрамі чысты лапік берага, што абрываўся да ракі строма, як мур фартэцы. Блукала пагалоска, быццам за жалезным Язэпам з той стромы выпраўлялі ў рай ці ў апраметную падарожнікаў па ГУЛАГу, таму тубыльцы і хімікі не надта ганаравалі тэрасу. Нас такія размовы не спынялі, і кожны (вядома, не адзін) паспеў ужо ацаніць вартасці гэтай падобнай да вялікай альтанкі зацішнае мясціны, дзе апрача ўсяго іншага можна было, не падымаючыся з долу, дасхочу наесціся буйных салодкіх брусніцаў.
Усё ішло б ладам, каб Бугру з Толікам Раслінскім з суседняга фінскага дамка не заманулася ў той дзень выпіць з самае раніцы. Мне цяжка сказаць пра Толіка што-кольвек істотнае, акрамя таго, што ён свяціў з рота залатым зубам і без вялікіх поспехаў займаўся ў секцыі бокса, а таму прывёз у Сібір пальчаткі і часам баксіраваў з «цяжкім» падлеткам Віцем.
Міша Бугор быў асобаю зусім іншага кшталту і сумеру.
Пяць гадоў Міша плаваў на СРТ, што расшыфроўваецца як сярэдні рыбалоўны траўлер.
Марское жыццё цяжка назваць школаю высокай маральнасці.
Міша піў віскі на Ньюфаўндлендзе і, прымушаючы абарыгенаў акругляць вочы і застрашана бліскаць бялкамі, галёнамі скупляў медычны спірт у аптэках Гаваны і Сант'яга-дэ-Куба. Змыты хваляю за борт ля берагоў Даніі, ён трапіў у партовы шпіталь, а адтуль, дзякуючы знаёмству з вусатым польскім матросам, што прызнаў Мішу за земляка - у тамтэйшы публічны дом.
У доме пад чырвоным ліхтаром прыяцелі сербанулі рому, выбралі з прапанаванага гаспадыняю фотаальбома па дзяўчыне і бадзёра накіраваліся ў нумары.
У самае адказнае імгненне Міша з ягонай маленькай мулаткаю пачулі ненавязлівы стук у дзверы, а ўслед далікатнае пытанне на чысцюткай расейскай мове: «Товарищ Горелик, вы здесь?» Абвялы Міша не паспеў нацягнуць штаноў, як з калідора пачулася ўжо не пытанне, а загад: «Товарищ Горелик, открывайте! Мы знаем, что вы здесь». За дзвярыма стаяў малады супрацоўнік савецкага пасольства, што прыехаў выпісваць Мішу са шпіталя.
Усю ноч Міша на астатнія грошы частаваў супрацоўніка ў партовых барах, спяваў з ім задушэўныя расейскія песні і выслухоўваў цвёрдыя мужчынскія абяцанні, што ён, супрацоўнік пасольства, - магіла і ўсё застанецца паміж імі двума.
Калі карабель прывёз Мішу ў Талін і зухаваты матрос, ціхамірна пасвістваючы, сышоў на прычал, каля чорнай «Волгі» яго спыніў някідкі чалавек у макінтошы з упраўлення КДБ па рабоце з маракамі, дзе наведніку публічнага дома растлумачылі, што ён зганьбіў годнасць савецкага чалавека і камуніста і заслужыў спісанне на бераг.
Тое Мішава прыбыццё ў порт прыпіскі атрымалася нетыповым. Звычайна, адчуўшы пад нагамі талінскую набярэжную, Бугор і кампанія такіх самых сяброў-кавалераў абводзілі наваколле фанабэрлівымі позіркамі закінутых у нейкую задрыпаную копанку альбатросаў і маналітным кагалам тупалі на стаянку таксі. Падарожжа ў талінскае прадмесце Пірыта мела свой рытуал. Марскі воўк, які хоць крыху паважаў сябе, браў адразу не меней за тры таксоўкі. У першай ён нядбайна кідаў на сядзенне набыты недзе ў высокіх штармавых шыротах капялюш, у другой мясцілася валіза, у трэцяй уладкоўваўся сам гаспадар. Кавалькада машын спынялася водбліз плывучага рэстарана-шхуны, адкуль усцешаныя афіцыянты паспешліва выстаўлялі розную сухапутную драбязу.