Рэквіем для бензапілы
Шрифт:
– Увосень парк проста чароўны. Асабліва клёны...
Жывучы тут, ён павінен быў ведаць, што гэта не зусім парк, а - старыя лютэранскія могілкі, па якіх гадоў дваццаць назад праехаліся бульдозеры. Я не палічыў патрэбным дзяліцца сваімі ведамі і конча ўпэўніўся, што размова здоўжыцца.
– Вы збіраецеся жыць адзін?
– запытаўся ён і папрасіў дазволу закурыць.
Просьба падкрэслівала мой новы статус і таму спадабалася, пытанне - не.
Ён зняў з кніжнай паліцы масіўную металёвую попелку - змрачнаватую чортаву галаву з адбітым рогам і глыбокімі пустымі вачніцамі.
– Гэта для вас істотна?
–
– Ва ўсякім выпадку не ў такой ступені, як для вас, - адказаў ён і, імгненна ўсвядоміўшы абсалютна неадпаведную сітуацыі рэзкасць, перапрасіў.
Якраз тады ўключылася лядоўня. Ён зацкавана здрыгануўся і, спалатнеўшы, выпусціў з пальцаў цыгарэту. Гэтага хапіла, каб уся мая ўквеленасць знікла, і я, як са мною часам здараецца пры сустрэчы з чалавечай слабасцю, адчуў такі прыліў шкадавання, што не прыдумаў нічога лепшага, чым паведаміць пра свой развод і прагу самотнага супакою.
– Як вы сказалі? Не хочацца пражываць чужое жыццё?
– з дзіўнай інтанацыяй паўтарыў ён і строс попел у адну з чортавых вачніцаў. У ягоных тонкіх пальцах яшчэ не сунялася дрыготка.
– Ну, тады ў вас...
Трымаючыся сваёй завядзёнкі, ён абарваў фразу і нечакана выняў другі камплект ключоў.
– Ведаеце, я пакіну вам і іх. Магчыма, у вас усё-такі хто-небудзь з'явіцца.
Пасля маіх слоў пра пошукі спакою гэтае дапушчэнне выглядала не зусім лагічна, аднак значна больш нелагічны быў яго наступны ўчынак. У нервовых пальцах з'явіўся ўжо трэці брыжык з ключамі. Гаспадар патрымаў іх на далоні і працягнуў мне.
– Няхай усе ключы будуць у вас. Дакучаць вам візітамі я не збіраюся. Калі спатрэбіцца, патэлефануеце. Цяпер толькі сакавік, значыць, засталося... Не думаю, што вы заўважыце нешта такое...
Я спачувальна выслухаў яго няўцямна-блытанае мармытанне і не звярнуў на апошнія словы амаль ніякае ўвагі. Што я павінен быў заўважыць? Што ў яго праблемы з псіхікай?
Апускаючы два дадатковыя камплекты ключоў у кішэню, я не сумняваўся, што візаві адчувае з гэтае прычыны палёгку. Разгадка магла быць досыць простаю: цяжкія ўспаміны, звязаная з кватэраю асабістая драма... Ці не адтуль, падумаў я, і ранняя сівізна.
Якімі наіўна-трывіяльнымі выглядаюць мае тлумачэнні сёння...
– Ну вось, здаецца, і ўсе фармальнасці.
– Патушыўшы ў вачніцы ў чорта недапалак, ён падняўся з канапы, аднак няўпэўнены тон сведчыў, што запас дзіўнаватых пытанняў і прапановаў не вычарпаны.
У такіх сітуацыях прадчуванне рэдка падманвае мяне. Ён прайшоўся ўсцяж сцяны з кніжнымі паліцамі, правёў рукой па запыленых карэньчыках і, няўдала зрабіўшы выгляд, нібы толькі зараз успомніў штосьці важнае, зноў загаварыў:
– Скажыце, у вас ёсць прайгравальнік?
– Не, я аддаю перавагу магнітафону.
– Прайгравальнік таксама добрая рэч.
– У ягоным голасе прысутнічаў яўны водцень, просьбы.
– Вядома, - суха пагадзіўся я. Да мяне вярталася раздражненне.
– Я хачу пакінуць вам прайгравальнік. Лічыце гэта падарункам.
Я стрымана падзякаваў і абвёў пакой вачыма, аднак неспадзяванага прэзента нідзе не заўважыў.
Нічога не ўдакладняючы, я выразна паглядзеў на гадзіннік, потым на дзве валізы з гаспадаровым скарбам і прапанаваў паднесці іх да тралейбуснага прыпынку. Ён адмовіўся. Выкладзеныя
Ён паважыў у руках валізы і заміж таго, каб рушыць да выхаду, паставіў іх назад.
– Скажыце... вы любіце... Шапэна?
Цяжка было даць веры, аднак у яго словах мне пачуўся відавочны страх.
– Вы кампазітар?
– холадна ўдакладніў я. Усе гэтыя неабавязковыя пытанні з зацягнутымі пярэрвамі і загадкавай эмацыйнай падкладкаю імкліва падвышалі градус майго раздражнення.
– Кампазітар?.. Не зусім. Я проста хацеў...
– У Шапэна мне падабаюцца прэлюдыі, толькі вельмі прашу нічога больш мне не дарыць.
Адкуль я мог ведаць, што ў тыя хвіліны было сказана самае істотнае за ўвесь вечар?
Перад дзвярыма гаспадар яшчэ раз апусціў валізы на падлогу.
– Ён там, у шафе.
– Хто?
– Ува мне падымаўся калючы клубок злосці.
– Прайгравальнік, - прабачліва, нават лісліва растлумачыў ён.
– У сценнай шафе каля ложка.
Я адчуў тое самае, што і ў выпадку з ключамі: немаведама чаму ён хацеў пакінуць гэты прайгравальнік у старой кватэры.
Зачыніўшы нарэшце дзверы, я сеў за стол, паклаў перад сабою ўсе тры камплекты ключоў і з затоенай радасцю падумаў, што, прынамсі, год буду пазбаўлены візітаў чалавека, што мае схільнасць без дай прычыны дарыць прайгравальнікі і пытацца, ці любіце вы Шапэна.
Назаўтра я прывёз на таксоўцы сумкі з рэчамі, а ўвечары адкаркаваў пляшку сухога херасу і аддаўся ціхамірным лятункам аб тым, як за год перачытаю тут штабель чужых кніг і напішу адну сваю. Я прадбачыў, што атрымаецца зборнік апавяданняў свабоднага саракагадовага чалавека, які своечасова звёў падрахункі з мінулым. Памятаючы Борхесава папярэджанне пра непрадказальнасць гэтага ўзросту для мужчыны наогул і для літаратара - асабліва, зазіраць далей не хацелася.
Віно скончылася нечакана хутка. Дапіваючы апошні глыток, я сустрэўся вачыма з масянжовай стодкаю Шывы на кніжнай паліцы. Гэтае чатырохрукае стварэнне і падкінула мне ідэю правесці ў новым жытле інвентарызацыю.
Стараючыся не згадваць самога гаспадара, я прызнаў, што інтэр'ер ягонае кватэры можа прэтэндаваць на пэўную неардынарнасць і найперш - дзякуючы сцяне, якую ад столі да падлогі займала мапа Эўропы. Прычым яна, гэтая жоўта-зялёна-брунатная з плямамі блакіту мапа, была не проста наклееная на тынк накшталт шпалераў, але ўзятая, нібы жывапіснае палатно, у адмысловую драўляную асаду, што на пару пядзяў адступала ад паверхні, ствараючы своеасаблівую перспектыву. Мапа як быццам адкрывалася воку з шырокага вакна, куды злева не трапляла толькі Пірэнейская паўвыспа, а справа - Уральскі хрыбет. Унізе лінія абрэзу праходзіла прыкладна на шыраце Крыма, пад якім уладкаваўся стол-кніжка. Праваруч гэтага «вакна» цягнулася сцяна, цалкам занятая самаробнымі паліцамі з кнігамі ды трыма тузінамі пустых рознакаліберных пляшак з размаітымі налепкамі, што захапілі ўвесь верхні ярус. На трэцяй зверху паліцы ў атачэнні дзесятка шматкалерных бляшанак з-пад піва і атабарыўся чараваты шматрукі бажок з круцельскім выразам на ільсняна-тлустым твары. Бажок пазіраў у сапраўднае вакно. Суседні дом стаяў вельмі блізка, і шчытная чорная штора, якая спадала ніжэй за падваконне, не выглядала лішняй.