Сіняя-сіняя...
Шрифт:
Мяшок пакутліва доўга не тануў. А вакол гучаў ужо не стогн, а рык. Імчала нешта бязлітаснае, вялізнае, ад зямлі да неба.
Ён пацягнуў рэмень, адчуваючы цяжар і пакутлівы боль, бо кроплі падалі ў глыбіню студні. Падалі. Падалі. Лепей бы яны падалі ў перасохлы рот. Рызыкуючы кожную хвіліну атрымаць кулю між вачэй, ён рэзка прыўстаў і выхапіў вядро з каменнай трубы. Чароўна цяжкае, мокрае, сцюдзёнае. Як пацалунак. Не было рацыі цягнуць яго поўнае. Давядзецца паўзці, расплюхаеш. А астатняе вып'е «яд паветра». І ён, стаўшы на калені, сабою прыкрыўшы ваду, з лікаваннем сарваў з твару павязку і прыпаў да вады
Першыя глыткі адбіліся болем у глотцы. Але вада кацілася ў глотку і, здавалася, нават ціха звінела, як струмень фантана ў крыштальны кубак. І ён піў, піў, піў, а над ім імчалі хмары пяску - самум піў разам з ім.
Потым ён абмыў павязку вадою з пляшкі і зноў напоўніў пляшку з вядра. Ён радаваўся гэтаму, бо з пляшкі нічога не вып'еш.
Заставалася яшчэ палова. Не менш як дваццаць пляшак. І тады Пятрок з цяжкасцю адарваўся ад студні і пайшоў у напрамку, які ён заўважыў.
Павязка адразу высахла. Ён успомніў, як дыхалася ў тую хвіліну, калі абмываў яе. Як у напаленай печцы, куды нехта магутнай помпай наганяе пясок. Цяпер хоць пяску не было. Была проста печка. І ў левай руцэ быў зашморгнуты і перахоплены рукою - ніжэй зашмаргі - скураны мех. І ў жываце цяжка боўталася вада.
Іхні з Джамілёй закутак раптам знік. Шум пяскоў напоўніў свет. Пустыня стагнала і калацілася, падымаючы ў неба з кожным уздрыгам усё новыя і новыя пласты сваёй паверхні.
Ён стаў на калені і папоўз. Але і так яго раз-пораз згінала да зямлі. Тады ён папоўз лежачы. Дыхаць было немагчыма. Ён поўз з заплюшчанымі вачыма і толькі зрэдку, праз далонь, ля самых вачэй, глядзеў на дрыжачую стрэлку.
Некалькі разоў яго ссоўвала назад, як чарапаху, як бязважкі лісцік дрэва. Ссоўвала разам з пяском. Але ён поўз і поўз.
Ён плазаваў, адчуваючы, што памірае.
Апошні кашмар прыйшоў раптоўна. Ён ляжаў і сутаргава соваў нагамі, а нехта прыклаў да ягонай галавы вялізную далонь і лёгка, як чалавек, што не дае паўзці сляпому кацяняці, затрымаў. Пятрок торгаўся так хвілін пяць - а можа, вечнасць?
– торгаўся, абліваючыся халодным потам, пакуль не зразумеў, што гэта канец дарогі, што гэта не далонь невядомага, а іхні закутак, іхні маленькі бордж.
Тры разы вецер зрываў яго з муру, аж пакуль яму не ўдалося перакуліцца ў яго. А там ён адшукаў рукамі напаўзасыпаны горбік, паклаў побач з ім цёплы ўжо мяшок, а сам лёг побач, захутаўшы мяшок і галаву краем тэліса з вярблюджай воўны. Вычысціў пясок з вушэй, заткнуў іх і сціх.
Пясок імчаў над імі, паступова заносячы ўсё і ўся.
І Пятрок адчуваў, што сэрца ягонае як не выскачыць з грудзей. Ён напіўся і не адчуваў смагі, але глотка - яна ўжо высахла. Яе, здавалася, пакрыў суцэльны балесны струп. Нешта падступала павольна-павольна. Як сон. А потым нібы нехта дзьмухнуў на свечку. І стаў змрок.
...Ён ачуняў раптам, адразу ж усвядоміўшы і небяспеку, і самум, і стрэлы з-за дзюнаў. А ўсвядоміўшы - сеў, скінуўшы з сябе тоўсты слой пяску.
Была цішыня. Паветра ачысцілася. І толькі нібыта разам з вызваленым сонцам, якое спускалася за далягляд, асядала на зямлю чырванаватая смуга. Зацененыя бакі дзюнаў былі ліловыя, на баках ліловы колер пераходзіў у бэзавы, а на
Пятрок ведаў: з пачаткам ночы яны могуць прыйсці зноў. І ён паспешліва пачаў прыгаршчамі высыпаць пясок са свайго маленькага борджа. Вызваліў месца, дзе яны ляжалі, націснуў на мяшок: амаль поўны. І ўрэшце адкапаў з пяску маленькі запылены кокан. Адсунуў краечак - спіць. Вейкі падрыгваюць. Доўгія, загінастыя. Пакруціў галавою: хай спіць, пакуль спадае гарачыня і пакуль яшчэ не захаладала нанач.
Ён дастаў мяшочак з прыпасамі і пералічыў іх. Узяў дзве жмені мукі і замясіў іх на кроплі вады, разам з сушаным мясам. Паклаў фінікі. Нічога, пад'есці можна, а смага амаль не мучыць уначы.
– Матыль-матыль, на мукі, за гарою тры ваўкі, - сказаў ён, успомніўшы сваё маленства.
Матыль рухам галавы рассунуў тэліс і, толькі паказаўшы сонцу аблічча, расплюшчыў вочы.
– Сіняя-сіняя?
– прамармытаў матыль.
– Сіняя-сіняя, - нібы ў даўнюю гульню гуляючы, сказаў ён.
– Еш.
Дзяўчынка прыпала да пляшкі.
– Ты не пі многа, - папрасіў Пятрок.
– Уначы будзе холадна.
– А сам падумаў, што ўначы будзе ці не занадта горача.
Пылок асеў. Разам з сонцам. Чыстае зеленаватае неба, трохі расплаўленае з аднаго боку, бяздонна распасціралася над пяскамі.
– І тамарынд там сіні?
– Тамарынду там няма, - сказаў ён.
– Але там ёсць лясы. Нешта накшталт гэтых пальмаў, толькі зялёныя да паловы. І там іх - як зор на небе.
– А яны сінія?
– Бываюць. У месячныя ночы... І тады яны стаяць спакойна, а пад ветрам шумяць.
– А што ёсць яшчэ?
– І яшчэ ёсць рэкі.
– Што гэта?
– Ты ведаеш, што такое Іхархар?
– Ведаю. Шырокая сухая лагчына.
– Ну вось. А там лагчына шырынёю ў тры Іхархары. Толькі не сухая, а поўная вады. І вада гэтая не стаіць. Яна плыве, грукоча, цурчыць або проста і плаўна рухаецца наперад. Удзень на ёй гуляе сонца. Уначы ў ёй адбіваюцца зоры.
Яна маўчала, нібы абдумваючы нешта. Першая зорка загаралася ў зялёным небе. Зорка не міргала - такое чыстае было паветра над маўчаннем Сахары.
– Ты дарослы, - сказала Джаміля, - і мне няможна гаварыць такое даросламу. Але мне здаецца - ты хлусіш. Такога не можа быць на зямлі. Ты гэта, напэўна, каб мне было весялей. І яшчэ таму, што бацька так доўга не ідзе... А твая зямля, напэўна, проста пясок, дзе няма і лужыны. Сорам табе хлусіць. Людзі пустыні ніколі не хлусяць.
– Я не хлушу, - сказаў ён.
– Ты ж бачыла міраж? Гэта паветра прыносіць яго з іншых краін, дзе шмат дрэў і вады. Каб дзеці верылі. Ты ж бачыла? Рэкі, а над імі дрэвы.
– Гэта міраж, - як дарослая, сказала яна.
І тады ён стаў на калені.
– Слухай, - сказаў ён.
– Імем гэтага неба, тваім жыццём, тым, што я сёння зрабіў, я клянуся табе, што ўсе мае словы - праўда. Што сапраўды ёсць на свеце і балоты, і крыніцы праз кожны дзесятак крокаў, і рэкі, і лясы, і такая зямля, што ўся сіняя.
Яна доўга маўчала. Ён чакаў.
– Я хацела б туды, - сказала яна.
– Пэўна, гэта там і ёсць рай Алаха. Чаму ж ты пайшоў адтуль, адхаліб?
– Мяне выгналі злыя ворагі.