Салавей
Шрифт:
Вялізнае багацце гукаў, вечную іх іначасць ён знаходзіў усюды. Ён выкрыў, што ў тых мільёнах гукаў, якія чуе на кожным кроку, усюды, у любы час, няма сходных між сабою. Такое з'явішча яго вельмі дзівіла. Гукамі цэлы свет поўны не менш, чым мора — хвалямі, зямля — пяском, дрэвы — лісцем. Вялізны няведамы інструмент, які працягвае свае нябачаныя струны, нібы павуцінне, па ўсім свеце з канца ў канец.
Сымонка адчувае ў вакольным зусім не тое, што яго равеснікі. Часам сядзіць у полі на пні і пазірае ўдаль. Глядзіць
Ён прыслухоўваецца да галасоў зямлі — да яе тысячаструнных гусляў.
Дзіцячыя мары ахопліваюць яго:
— Эх, каб сабраць усе гэтыя гукі ў адно — у сваю жменю, і потым патрохі, кропелькамі, выпускаць іх адтуль. Аслабіў жменю: пачынаюць сыпацца розныя чалавечыя гутаркі. Раздаецца страшны плач-стогн, як анэгды плакаў Рымарчук, калі на стайні яму ўсыпалі гарачых бізуноў па загаду пана Вашамірскага. Адпусціў крыху яшчэ адзін палец — хтосьці зарагатаў. Замахаў жменяй — лясныя птушкі спяваюць, жабы квакаюць. Кіўнуў рукой яшчэ раз — вецер вые, грымоты гагочуць, паласуюць неба маланкі.
А вакол усюды ціха-ціха…
Усе галасы зямлі сціснуты ў кулаку Сымонкі.
Людзі анямелі, гаварыць не могуць. Жывёлы, птушкі — усе маўчаць. Не шумяць дрэвы. На зямлі пануе такая нямота, такая дрымотная ціша, што сполах бярэ. Панскі фурман махнуў у паветры даўжэзнай пугай. Яна самастрэлам заўсёды страляе, а на гэты раз анямела.
Захацеў пан Вашамірскі загадаць камусьці даць дваццаць бізуноў — голасу не мае…
Усе галасы зямлі захаваны ў кулаку Сымонкі.
Пры гэтым у выабражэнні Сымонкі паўстаюць, як жывыя, смешныя малюнкі: людзі, жывёлы перапалоханы, не разумеюць, што чыніцца вакол. Кожны паасобку думае — ці ён аглох, або свет увесь вымірае.
Сымонка бачыць перад сабою небывалыя, дзівацкія малюнкі.
Нацешыўшыся ў меру такім фокусам, ён, — фокуснік, што забраў у жменю ўсе гукі зямлі, — раптам расчыняе кулак, і галасы, песні, скрыпы, шумы, стогны, свісты, стрэлы, шолахі, звоны пачынаюць сыпацца ў свае ранейшыя месцы, як невідочны дождж. Для Сымонкі, можа, нават і відочны, бо ён адчувае рух і хваляванне паветра ад кожнага гуку і шуму; для яго, калі прайшоў гук які, — тое самае, што жывая істота, якую можна намацаць рукою. Вось як бы праходзіў чалавек ці жывёліна…
Патрохі ўсё зноў ажывае. Ніхто, апрача Сымонкі, нават і не прыкмеціў, як гэта сталася.
Сымонка ачуньвае ад сваіх сноў у яве. У яго толькі ёсць магчымасць падрабляць гукі, а не мець іх у сваёй уладарнасці. Але і гэта яго кемнасць дзівіць людзей.
Выйдзе ўночы. Ціш на дварэ. Раптам як закукарэкае, дык саб'е з панталыку ўсіх пеўняў. Яны пачынаюць за ім кукарэкаць не ў пару. Разам з імі збіваюцца з толку і мужыкі, і панскія чаляднікі. Певень паказвае людзям, калі на работу ўставаць.
Часам здумаецца яму завыць
Чаляднікі паміж сабою пачынаюць часам шэптам праклінаць пана. Падкрадаецца, немаведама скуль, Сымонка і як загрыміць цюцелька ў цюцельку голасам пана Вашамірскага: «А бізуноў, лябедзіку, хочаш?»
Усе з перапугу пабялеюць, зуб аб зуб заляпае.
А здумаецца яму ні з таго ні з сяго ўзімку, у трыскучы мароз, заспяваць салаўём. Выйдзе на дзядзінец, як зацягне, пакуль хто з панскіх гайдукоў, па загаду цівуна, бізуном іх не разгоніць.
Так праходзілі дзіцячыя гады Сымонкі.
5. Пан цівун варон страляе
Гарачы летні поўдзень.
Жніво.
Больш паўсотні кабет, маладых і старых, жнуць панскае поле.
Мігацяць сярпы мядзянкамі-змейкамі. Бялеюцца хусткі і спіны жнеек. Бабы і дзяўчаты гнуцца да самай глебы — тварам да зямлі, а спінамі да сонца.
На шырокім прасторы светла-жоўтага жытняга поля чуваць шорханне.
Жых-жах, жых-жах, гутараць сярпы з цвёрдымі сцябламі.
Каласы нахіляюцца, пільна прыслухоўваюцца да глухога шуму. Туліцца-ціснецца ў пяшчоце галоўка да галоўкі, а жняя душыць закарузлай, патрэсканай, мазалістай рукою, цэлае племя жытніх сцяблоў.
Каля жней шмыргаюць прыганятыя з бізунамі ў руках.
Конна гарцуе цівун між мэндлікаў па ржанні. Грозна крычыць:
— Прэндзэй, сабачая косць!
На вялізныя дваровыя драбіны мужыкі кладуць снапы. Трэба везці на панскае гумно.
У цівуна на плячах паляўнічая стрэльба. Ён здымае стрэльбу і пачынае цэліцца ў стада варон, што рассыпалася чорна-шэрымі плямамі па зжатаму полю.
Цэліцца доўга. Смешна жмурыць левае вока, падымае ўверх брыво над правым…
Сяляне пачалі пазяхаць каля вазоў. Спынілі працу і давай у гультаяватай зморанасці глядзець, ці пападзе «пан цівун» у птушку.
Зацікавіліся і жнеі. Хоць прыганятыя, калі хто зазяваецца, падагравалі бізунамі, але на гэты раз і прыганятыя таксама сачылі за стральцом.
Гонар і пашана яму ад паднявольных людзей…
Паважна і пільна цэліцца цівун.
Зараз увесь прастор наскрозь прастрэліць.
Вакол ціха. Усе спынілі працу.
Павага, павага панскаму цівуну!
Адна старая сялянка не выцерпела — буркнула:
— Пану цівуну варон страляць, а нам спіны гнуць…
Вырваліся знянацку ганьблівыя словы. Ніхто не цягнуў за язык.
Не паспела яна скончыць, як падскочыў прыганяты, як падняў над ёй бізун. Ён злосна прахрыпеў:
— Я табе пакажу, псякосць, як бурчэць!
Ляск бізуна па згорбленых плячах кабеты не чуваць быў, хоць пры ўдары прыганяты моцна са смакам крыкнуў: «гэ-ээх!»
Свіст бізуна быў заглушаны стрэлам цівуна.