Салавей
Шрифт:
— За мяне, маці, няма чаго баяцца. Выкручуся з бяды. А пан цівун, пэўна, ногі выкруціў, як з каня зваліўся.
Старая засмяялася, усхапілася і сказала:
— А божачка, чаго я радуюся чужой бядзе?
— Такой бядзе грэх не радавацца, — заўважыў Сымон.
— Зарабіў ты, Сымонка, яечню за гэта!
Старая зараз жа пачала раскладаць агонь на прыпечку, каб спячы яечню.
На дварэ паўзлі змрокі. Яны наліваліся ценямі ў шызыя цэбры паветра. Праз маленькія шыбіны змрокі ўрываліся ў хату і
Агоньчык на прыпечку палаў. Жоўтыя языкі спаміж дзвюх цаглін лізалі патэльню, на якой скварылася сала.
Сымон з Зосяй сядзелі моўчкі, прытуліліся адзін да аднаго на тапчане пры стале. У іх ужо было вырашана ў каляды прасіць у пана дазвол на вяселле.
А вось раптам уздрыгануліся.
Яны пачулі тупат ног, хлюпат па лужынах каля хаты. Хутка скрыпнулі дзверы, і, сагнуўшыся, каб галавой не ўдарыцца аб верхні касяк дзвярэй, увайшоў высокі малады хлопец.
Гэта быў Макар, адзін з панскіх гайдукоў.
— Добры вечар! — буркнуў ён у хату.
— Добры вечар! — адказала адна толькі старая заўпалым голасам.
Сымон пабляднеў.
— Ці не данюхаўся панскі гіцаль, што я тут. Мабыць, мяне шукаюць, — падумаў ён. — А можа, так прыйшоў — да Зосі?
Ужо другі год, як Зоська спадабалася Макару. Усялякімі спосабамі стараўся ён задобрыць яе. Але, нягледзячы на тое, што Макар быў прыгожы хлопец, Зоська ненавідзела яго, як і ўсе сяляне, за тое, што быў мужыцкім вырадкам, здзекаваўся над імі, дзе толькі мог.
Яго ўсе называлі «панскім гіцлем».
— Што ж і сесці мяне не просіце? — сказаў Макар кплівым голасам. — Тады сам сяду.
Сеў за стол грузна, цяжка і роблена па-старыкоўску «эхнуў».
«Пэўна па маю душу прыйшоў», — думаў Сымон і пачаў прыслухоўвацца, ці не чуваць каля хаты крокаў каго-небудзь яшчэ. Адзін Макар не пусціцца за ім.
Сымон адсунуўся ад Зоські і давай пільней прыслухоўвацца.
За сцяной хаты на гародзе як бы хтосьці ходзіць…
— Што так вушы вострыш, Сымон? — запытаўся Макар.
— А гэта не павінна цікавіць панскага саб… — не закончыў Сымон.
— Чаму не павінна? павінна! — цвёрдым голасам сказаў Макар і заскрыгатаў зубамі ад злосці. — Ты не думай, хамула, што вырвешся з маіх рук. Хата абкружана. Цівун па тваёй ласцы выкруціў нагу, як упаў з каня. Пан гэта табе не даруе.
Сымон маўчаў. Зоська і матка яе таксама як бы анямелі.
Яечня была гатова.
Старая запаліла лучыну і палажыла белы абрус на стол. Тую вячэру, якую яна рыхтавала для Сымона, падсунула Макару.
— Еш, паночку! — сказала яна ціхім голасам, і зморшчаны твар яе зрабіў лагодную ўсмешку.
Сымон не пакрыўдзіўся на старую, бо добра зразумеў яе бабскія хітрыкі.
— Еш, паночку! — паўтарыла яна другі раз яшчэ болей лагодна.
— Ды я не галодны! —
— Не павінен ты ганьбаваць маім хлебам-соллю, саколік, калі хочаш мець за жонку маю Зоську… — не адступала старая.
Сымон уздрыгануўся:
«Мо старая гэта шчыра гаворыць…»
Макар спадлобку зірнуў на Зоську і прыняўся за яду.
Зоська яшчэ далей адсунулася ад Сымона і ціхенька зацягнула песню:
Дайце вы мне вольку —
Я ў зязюльках апынуся;
Дайце вы мне крылкі —
Я да пташак прылучуся…
У Сымона зрабілася цяжка на душы. Яго мала непакоіла тое, што за сцяной панскія гайдукі.
— Чорт іх няньчыў гэтых баб. Што гэта ў іх — ці хітрыкі? Можа, сапраўды павярнулі ў бок панскага сабакі, паквапіліся на лепшае жыццё…
Зоська зрабіла ласкавае вока да Макара. Ён не здымаў з яе вачэй. Трымаў лыжку ў руцэ так моцна, як бы рыхтаваўся стрэльнуць лыжкай у сквараду з яечняй.
— Ды еш жа, каток! — не адставала старая.
У яе голасе звінелі ноткі любасці, крэўнасці, шчырасці…
«Старая ведзьма», — падумаў Сымон.
Макар прыняўся шчыра за яду. Чаўкаў гучна, як жывёліна. Сківіцы яго хадыром хадзілі.
Старая завіхалася каля яго, круцілася ўюном, спрытна паказваючы заскарузлым пальцам на смачнейшыя кавалкі сала ў скварадзе.
Сымон кожны раз, як толькі Макар браўся за новы кавалак яды, думаў: «Давіся! панскі гіцаль, давіся!»
Апетыт у Макара рос. Ён увесь аддаўся ядзе. Аднак спадлобу кідаў погляды на Сымона і Зоську. Яна стаяла пры лучыне, папраўляла яе, мармычучы сабе пад нос:
Дайце вы мне вольку…
Дым ад лучыны еў вочы, запаўняў хату лёгкім туманам. На сценах мітусіліся людскія цені; яны ківаліся, вялізныя, нехлямяжыя, як малпы.
— Давіся, давіся, — хацеў крычаць Сынон.
Макар еў самым спакойным чынам… Спацеў, расчырванеўся. Раптам звярнуўся да Сымона.
— Ведаеш што, Сымон. Выйдзеш сухім на гэты раз, калі я захачу. Уцячэш. Толькі… толькі вось што.
Усе трое напружана наставілі вушы.
— Ты раз назаўсёды павінен адмовіцца ад Зоські. Сюды не хадзіць…
Сымон крыва ўсміхнуўся. Падышоў да Макара. Палажыў яму руку на плячо. Моцна палажыў, як жалезную булаву. Ляск пачуўся. У Макара вочы крывёй наліліся.
— Ведаеш што, Макар, — сказаў Сымон, — ад Зоські адмовіцца павінен ты, панскі гіцаль.
Голас яго быў да таго падобен да голасу панскага гайдука, што здаваўся водгаласкам Макара. У дадатак Сымон плюнуў Макару ў самыя вочы і кінуўся да дзвярэй.
— Лавіце яго! Трымайце Сымона! — не сваім голасам крычаў Макар. Ён нават забыўся выцерці твар.