Сэрца мармуровага анёла
Шрифт:
— І застаюцца нам адны магілы… — Дзяўчына закрыла твар тонкімі рукамі. І раптам адчула, што на палец, побач з заручальным пярсцёнкам, слізнула нешта халоднае і цяжкое…
Просты жалезны пярсцёнак з роўнаканцовым крыжам.
— Не, гэта не той самы… — прагаварыў Кастусь, цалуючы руку жонкі.— Я замовіў дакладную копію. Няхай пераходзіць далей, з пакалення ў пакаленне, так?
— Кр-р-рум! — пацвердзіў нехта за іх спінамі, узняўшы такі вецер сваім з'яўленнем, што старонкі часопісаў пачалі перагортвацца.
— Карлуша! — Хлопец і дзяўчына са смехам азірнуліся. Крумкач тупатаў па падлозе, пазіраючы разумнымі чорнымі вочкамі. Ён ведаў, што ўсё мінае…
Але ёсць ніты, які ўплятаюцца ў сувой часу рознакаляровымі сцяжынкамі, то знікаючы, то зноў выходзячы на шэрую паверхню.
Хто ведае, можа, мой ці ваш лёс — таксама працяг, частачка гэтай каляровай ніткі?
І хто мы такія, каб ірваць
— Слухай, а Цяпа прыйшоў у бібліятэку, на краязнаўчы гурток. І разам з гэткім лысым хлапчыскам прывалок два магільныя крыжы васемнаццатага стагоддзя — на звалцы адкапалі! Загадчыца бібліятэкі пералякалася. Цяпер у экспедыцыю да Янкі папрасіўся. І яшчэ двое з ягонай каманды. Жыве Беларусь!
Жыве.
2001
Сэрца мармуровага анёла
1
Люблю вандраваць.
Часам гэтая схільнасць ублытвае мяне ў авантурныя падзеі, якія не да твару такой самавітай асобе, як я, з навуковай ступенню кніжкамі і працай у сталічным музеі… Ды не, гэта я перабольшваю наконт маёй самавітасці. Па-ранейшаму не паважаю сур'ёзных паседжанняў і павучальных размоў, увогуле цярпець не магу тое, што называецца «ўпарадкаванасцю». Акуратныя стосікі аркушаў і кніг на пісьмовым стале выклікаюць у мяне адно жаданне — зараз жа раскідаць іх. Утульна я адчуваю сябе толькі ў мастакоўскіх майстэрнях — там, дзе састаўленыя ўздоўж сцен кераміка і палотны, дзе на паліцах аскепкі невядомых пасудзін і дзівосныя букеты з сухіх кветак і птушыных пёраў… Дзе можна знайсці зусім нечаканыя прадметы — ад чалавечага чэрапа да ліхтара, з якім у мінулым стагоддзі абходчык чыгункі сустракаў цягнік… Дзе ў паветры, прапахлым алейнымі фарбамі, нібыта празрыстыя мятлушкі, лунаюць душы ненапісаных карцін. У антыкварныя філіжанкі нальецца кава, і пойдзе размова — пра Мастацтва…
Я — з тых, хто пры мастацтве… Як я хацела быць у ім! Але калі зразумела, што не магу быць сярод лепшых мастакоў, перавялася з мастацкага на мастацтвазнаўчае аддзяленне. Не ведаю, можа, і ўчыніла глупства… Але і на сваёй цяперашняй дзялянцы спрабую нешта зрабіць. «Жанчына з неўладкаваным лёсам» — так, здаецца, гавораць пра такіх, як я? Бліжэйшая сяброўка Нюта сцвярджае, што мой характар і вобраз жыцця проста не выцерпіць ніводзін нармальны мужчына. Цікава, хто, на яе думку, «нармальны мужчына»? Я — не ведаю.
Мае першае і самае моцнае каханне — Альберт Свянткоўскі, мастак. Пазнаёміліся мы з ім на першым курсе. Таленавіты быў вельмі. За талент яму ўсё прабачалі — і пропускі заняткаў, і дробныя хуліганскія ўчынкі кшталту намазанага фосфарам чэрапа ў лабаранцкай. Альберт і сказаў мне наконт маіх перспектыў у мастацтве. Гэта ў яго стылі — гаварыць, што думае, і рабіць, што хоча. Я не была настолькі амбіцыйнай, каб пакрыўдзіцца, тым больш ён зусім не хацеў мяне крыўдзіць. Каханне наша трывала да пятага курса. Да гэтага часу Свянткоўскі паспеў усвядоміць, што я абсалютна непрыдатная для таго, каб грэць яму пантофлі, падаваць каву ў ложак і прабачаць лёгкія флірты дзеля натхнення. Мая «незямная» прыгажосць засталася занатаваная на яго палотнах, а ў мяне застаўся ягоны стары эцюднік, якім я часам карыстаюся. Развіталіся па-сяброўску, ён нават зрэдку тэлефануе мне — па справах, зразумела. Адгадаваў бараду, дабіўся вядомасці, два разы развёўся і тры разы жаніўся… Але Бог з ім, з Альберцікам… Мы былі занадта маладыя, каб грунтоўна псаваць адно аднаму жыццё. А вось наступнае — і апошняе — каханне, Радаслаў Дудкоўскі, ледзь не пахіснуў маё аптымістычнае светаўспрыманне. Пасля таго як Свянткоўскі апошні раз выпіў у маім пакоі філіжанку кавы і дэманстратыўна памыў яе на развітанне — працэдура, якая ніколі дагэтуль не адбывалася без майго напамінку, — я падрыхтавалася да пажыццёвай самоты. Але Радаслаў, Радзік, быў поўнай супрацьлегласцю абцяжаранаму ўласнай геніяльнасцю Альберціку. Ён таксама мастак, і нават някепскі. У адрозненне ад шматколернага Альбертавага буйства Радзік успрымаў свет ахраматычна. Яго гравюры па-свойму стыльныя — акадэмічна правільныя і ў той жа час з нейкай дзівінкай, няўлоўнай няправільнасцю, ад якой звычайныя відарысы ператвараюцца ў снабачанні. Радзік пераканаўча давёў мне, што я — ідэал жанчыны ўвогуле і ягоны ідэал у прыватнасці. Ён прыходзіў у маю аднапакаёвую «хрушчоўку», якая засталася мне ад бабулі, з букетамі ружаў. Варыў украінскі боршч на пліце, якую я ўключала толькі дзеля таго, каб згатаваць гарбату. Заварваў зёлкі, калі я хварэла… Ну і, зразумела, занатоўваў для вечнасці маё аблічча ў чорна-белым варыянце. Карацей, усе сяброўкі і сваякі адзінадушна вынеслі вердыкт, што дурная буду, калі такога мужыка
Радзік павёў сябе высакародна і пакінуў мне прас і радыёпрыёмнік «Гарызонт». Астатнюю бытавую тэхніку і частку мэблі перавёз да маці, якая была на сёмым небе ад таго, што любы сыночак нарэшце пакінуў «гэтую змяю і п'яўку ў адной асобе».
Забылася згадаць, што часам Дудкоўскі забягае да мяне, каб упэўніцца, што без яго я не магу даць рады гаспадарцы і ўвогуле прападаю.
Пачалося ўсе з Альбертавага званка, гадзін у сем раніцы. Ды яшчэ цёмнай зімовай парой, хрышчэнскімі маразамі, калі нават з-пад коўдры не хочацца вылазіць.
— Кася, справа важнецкая! Ну ды прачынайся ж ты хутчэй. Цудко памёр. Які, які… Нічыпар Цудко з Наўя. Учора зямляк паведаміў. Засталіся калекцыі, карціны… Кландайк для навукоўца!
Я злосна намацала босай нагой пантофлю, якая схавалася пад скрыню з абуткам.
— Спачуваю, вядома, але… Памятаю я твайго Цудко. Думаю, калі ў ягонай калекцыі і было што вартае, даўно забраў якісьці музей. Куды ён толькі не звяртаўся са сваімі шэдэўрамі… Ведаеш, колькі такіх дзядзек з невыноснымі амбіцыямі па нашых вёсках ды мястэчках? Я іх бачыла досыць і без тваёй пратэкцыі…
Я ведала Альбертаву схільнасць да дзівакаватага дзядзечкі-земляка. Па-першае, таму, што зямляк, па-другое, Цудко ледзь не маліўся на знакамітага суродзіча і ладнае месца ў сваім музеі адвёў для матэрыялаў пра Альберта. Да таго ж рэгулярна друкаваў у раённай газеце водгукі на ўсе акалічнасці яго творчага шляху. Што ж, добрае слова і кату прыемна, і Свянткоўскі апекаваўся самадзейным калекцыянерам, які да таго ж, што самае страшнае, быў і самадзейным мастаком. Запрашаў на выставы ў сталіцу, прыводзіў на кансультацыю да мастацтвазнаўцаў — гэта значыць, і да мяне. На жаль, «адкрыцці» правінцыйнага энтузіяста не вытрым-лівалі прафесійнай праверкі, а яго ўласны жывапіс увогуле псаваў рэпутацыю. Таму я хаця і разумела Альберцікаў клопат пра спачылага, але не збіралася падзяляць яго.
— Старая, ты не ўяўляеш сабе, ад чаго адмаўляешся! Ды я сам бы паехаў, але сёння вечарам адлятаю ў Швейцарыю. Згодзен з табой, дзед быў страшэнным дылетантам, надаваў значэнне многім не вартым таго рэчам. Але, з другога боку, таму сапраўды унікальныя творы ён мог не ацаніць. Ты ж не была ў ягоным музеі, а я быў. Гэта такія сутарэнні, такія завалы матэрыялу… Зараз усё парасцягваюць, круцяцца там розныя падазроныя асобы, а шкада. З'ездзі хоць на пару дзён, зірні прафесійным вокам, можа, нешта адбярэш для свайго музея.
— Ды пры чым тут я? Няхай Цудкоўскімі скарбамі раённы музей зоймецца, як і належыць.
— Разумееш, дзед марыў, каб ягоныя экспанаты трапілі ў сталічны музей. А з раённым меў адносіны, мякка сказаць, складаныя. І ён сто разоў мяне прасіў — калі што, каб я сам паклапаціўся пра ягоныя зборы.
— Па-першае, зіма, а зімой па правінцыі ездзіць задавальнення мала. Па-другое, у мяне толькі пачаўся адпачынак. І я ведаю, як правяду яго. У цяпле на ўласнай канапе.
— Ну паслухай… Мы табе ўсё кампенсуем. Зайдзі ў Міністэрства культуры. Табе камандзіроўку аформяць аж на два тыдні! Рэкамендацыі да мясцовага начальства дадуць. Ну прашу цябе! Калі ты пашкадуеш, што з'ездзіла, я гатовы перапісаць сваю «Князёўну» ў зялёных танах.