Сэрца мармуровага анёла
Шрифт:
Гэта было значнае абяцанне. Партрэт «Князёўны» — наш з Альберцікам яблык разладу. Відаць, да просьбы земляка Альберт ставіўся сур'ёзна.
— Не магу нічога сказаць пэўна. У мяне зусім іншыя планы. Вядома, я паехала ў забытае Богам Наўе, загубленае сярод лясоў і балот Заходняй Беларусі, страшэнна незадаволеная сабой і светам. Паехала, прыхапіўшы Альбертаў эцюднік (а раптам натхненне сыдзе?), не ведаючы, у якую гісторыю патраплю.
2
Наўе нічым не адрозніваецца ад мноства такіх жа маленькіх мястэчак Заходняй Беларусі. На цэнтральным пляцы па-ранейшаму па нядзелях і святах збіраецца кірмаш, вядома, не такі багаты, як некалі. Прадаецца цудоўная мясцовая кераміка, хаця сёння гэты
Але мой шлях быў менавіта ў гэты будынак, да цяперашніх уладароў Наўя. Старшыня сельсавета, мажны мужчына, падобны да Фальстафа, ацэньваюча агледзеў маю постаць, захутаную па самы нос у футра. Да таго ж я абвязалася пуховай хусткай, а паўзверх нацягнула скураны капялюш з шырокімі брыламі… Плюс эцюднік ды сумка з выявамі пірамід і Неферціці, некалі прывезеная Радзікам з Егіпта. «Фальстаф» яшчэ раз зірнуў у мае паперы і, відаць, вызначыў мой ранг як досыць высокі для мясцовага маштаба — замітусіўся, запрапанаваў крэсла і гарбату і пачаў кудысьці назвоньваць, каб падрыхтаваліся да прыёму важнай госці.
Наўеўскі краязнаўчы музей, куды мяне адвезлі на старшынёвай белай «Волзе», месціўся ў былым панскім доме, сярод заснежанага поля наводшыбе ад Наўя. Бліжэйшы да яго будынак — царква Святой Параскевы. У Наўі ніколі не было ні палаца, ні замка, адзін гэты княжацкі паляўнічы домік, альбо летняя рэзідэнцыя, — не ведаю, як правільна называць. Лясы навокал багатыя, а трыста гадоў таму, мусіць, зубры ды сарны проста пад вокны падыходзілі. Наколькі я памятала па малюнку ў энцыклапедыі, дом невялікі, двухпавярховы, але жывапісны — мініяцюрная крэпасць са стылізаванымі абарончымі вежамі па кутах і вострым чарапічным дахам. Рэальнасць, вядома ж, аказалася куды больш сумнай. Княскі дом нагадваў арыстакрата, перавыхаванага рэвалюцыйным народам. Урачысты ганак з калонамі знік. Замест дахоўкі — звычайная бляха. Плінфа, з якой былі выкладзеныя сцены, хавалася пад слоем шэрай тынкоўкі. Вокны другога паверха забітыя дошкамі. Але была ў гэтым скалечаным доме і сумная ўрачыстасць даўніны, якую нельга знішчыць, як нельга высветліць да першапачатковай выразнасці фарбы на старой карціне.
Мы зайшлі ў будынак. Драўляная, даўно не фарбаваная падлога, зялёныя сцены ў цёмных рагах, лесвічны праём насупраць увахода таксама забіты дошкамі… Нядаўна тут была школка, дырэктарам якой і працаваў памерлы Нічыпар Цудко, — на дзвярах яшчэ захаваліся цьмяныя шыльдачкі: «4 клас», «Настаўніцкая»… Цяпер, як патлумачылі мае праважатыя, старшыня ды нейкая цётка, здаецца, культарганізатар местачковага маштабу, школу перавялі ў новы будынак, а гэты чакае рамонту — дах праваліўся.
Альберцік дарэмна турбаваўся — наплыву жадаючых прыўлашчыць прыхаваныя ў музеі багацці не назіралася. На дзвярах наўеўскай скарбніцы вісеў новенькі замок, ключа ад якога ні ў старшыні, ні ў цётачкі не аказалася.
— Зараз Вінцука знойдзем, вартаўніка, ён нам адчыніць… Вінцук, Вінцук!
Голас старшыні чамусьці гучаў няўпэўнена, а цётачка незадаволена зморшчылася. Каго можна клікаць у гэтым пустым, як разбіты збан, памяшканні? Успомніліся гісторыі наконт прывідаў у закінутых дамах… У паўцемры калідора
Старшыня надаў голасу важнасці:
— Ну, Вінцук, адчыняй нам музей. Прадстаўнік з Міністэрства культуры прыехаў.
Барадаты Вінцук не выявіў энтузіязму.
Ён перавёў позірк на маю асобу, затрымаў яго на капелюшы і, гледзячы паўзверх маёй галавы, прагаварыў:
— Дазвол павінен быць… Спецыяльныя паперы. Без дакументаў не адчыню.
Цікава, які дазвол ён мае на ўвазе, санкцыю пракурора, ці што? Старшынёў твар пачаў налівацца чырванню, але я не стала спрачацца і працягнула пільнаму Вінцуку пасведчанне з працы і паперчыну з міністэрства. Вінцук вывучаў іх куды даўжэй, чым старшыня. Я толькі дзівілася, чаму начальства церпіць выбрыкі гэтага тыпа.
Цётачка нахілілася да мяне і амаль нячутна прашаптала:
— Не звяртайце ўвагі… Ён — таго… Ненармальны. Сваяк былога дырэктара школы.
Вось яно што… Сапраўды, лепш не сварыцца. Тым больш Вінцук, хоць і неахвотна, дастаў ключ, які захоўваў не ў кішэні, а на шыі — разам з яшчэ некалькімі ключамі, і дзверы скарбніцы адчыніліся. Не тое каб я была расчараваная… Проста такіх мясцовых музеяў я бачыла мноства. Рушнікі і стэнды са здымкамі герояў Вялікай Айчыннай вайны, драўляныя ступы ды іншыя гаспадарчыя прылады і абавязкова ў куце падвешаная калыска. Дапаўнялі інтэр'ер шматлікія пейзажы самога Цудко — зялёная траўка, сіняе неба, белыя аблокі, партрэты ўдарнікаў працы, ветэраны ў атачэнні піянераў… Адметнасцю былі хіба дзве карціны Альберціка, падараваныя землякам, — зразумела, не лепшыя ягоныя карціны, але талент не можа стварыць зусім банальную рэч. На адной з карцін я нават пазнала ўласныя рысы. Праўда, пазнаць было цяжка, — Альберцік маляваў персаніфікаваную зімовую ноч. Таму я здзівілася, калі Вінцук, які стаяў убаку і змрочна назіраў за нашымі перасоўваннямі па музеі, раптам хутка глянуў на Альберцікаву карціну, пасля — мне ў твар. І зноў утаропіўся ў прастору.
— Баюся, тут для мяне мала цікавага.
— Ды вы ў другую залу прайдзіце, — заспяшалася цётачка, а «Фальстаф» прагуў:
— Вінцук, адчыні…
На гэты раз вартаўнік не стаў спрачацца і марудзіць. Маленькія дзверы, якія я адразу не заўважыла, расчыніліся, і я зразумела, што знаходжуся ў свяцілішчы Наўеўскага краязнаўства — сярод экспанатаў цудкоўскай калекцыі. Сапраўдны правінцыйны свецкі салон дзевятнаццатага стагоддзя! У цэнтры — ломберны столік з інкрустацыяй і два прысадзістыя крэслы. Камоду з ручкамі ў выглядзе грыфонаў упрыгожвалі дзве фарфоравыя вазы, нібыта кітайскія, але хутчэй за ўсё падробка. Над імі несамавітым госцем у панскім доме стракацеў распісны дыван з лебедзямі і несуцешнай прыгажуняй у высокім каптуры… На сценах віселі карціны. Некаторыя я пазнала — Цудко прывозіў іх у сталіцу з надзеяй уразіць экспертаў. З партрэтаў у абдзёртых пазалочаных рамках на мяне, бязродную чужаніцу, узіраліся наўеўскія шляхціцы і іх жонкі.
Вар'ят між тым прынёс цэлае бярэмя папер — рэестр экспанатаў музея з падрабязнымі каментарамі Нічыпара Цудко, і паклаў на ломберны столік. Да гэтага дадаліся яшчэ нейкія папкі з малюнкамі, гравюрамі, плакатамі. Нічога, да вечара ўпраўлюся. Я рашуча пачала расшпільваць футра. Здаецца, цёпла, вунь і грубка ў куце. Маленькія жалезныя дзверцы ўнізе зачыненыя няшчыльна, і відаць жывая палоска агню.
— Да бліжэйшай станцыі падкінеце? — запытала я на развітанне ў старшыні.
Аўтобус у гэтае блаславёнае мястэчка прыходзіў раз на дзень, і мне не хацелася сядзець тут да раніцы. «Фальстаф» запэўніў, што ён і ягоны самаход да маіх паслугаў, і заспяшаўся па сваіх справах. Зазбіралася і кабета.