Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

О, які страх наводзіць такая рабінавая ноч на люд беларускі! У тую пару, калі на палетках даспявае ўраджай, яна, як найстрашнейшы непрыяцель, пагражае знішчыць усе надзеі земляробаў. Сустракае яе селянін, узносячы вочы да неба, з пацерамі на вуснах і з благаннем касцельных званоў.

Трывожна ў хаце ў нашага гаспадара: катоў і сабак выганяюць, бо уцякаючы ад перуноў, злы дух — паводле веры тутэйшых жыхароў — хаваецца звычайна ў целе гэтых жывёлін; кідаюць на жар свянцоныя зёлкі і пасля кожнае бліскавіцы дрыготкім голасам паўтараюць малітвы.

Змрок навокал: хмары зацьмілі неба і зямлю; перуны, як вогненныя вужакі, снавалі адзін за адным сярод чорных воблакаў; грымоты скаланалі будынак, дождж з градам сек у вокны, вецер выў за сцяною. Мінула поўнач, а пра сон ніхто і не думаў; уся сям’я, сабраўшыся разам, пасылала небу малітвы. Аліна стаяла ля маці, твар яе быў белы, як лілея; з надзеяю і спакоем душы, як анёл-суцяшальнік, казала дзяўчына бацькам пра волю і міласэрнасць Божую.

Атоне! Ты памятаеш тую ноч?! Ты ў той час не чуў ні выцця вятроў, ні навальнічных грымотаў;

твае вочы і думкі былі занятыя Алінаю; у душы было найяснейшае надвор’е, бо прамень Алініных вачэй сустракаў твой позірк і пранікаў у сэрца. Гэтая ноч была для цябе светлай мараю. Цяпер, удалечыні ад бацькоўскае зямлі, ці бачыш яшчэ калі-небудзь гэтыя пекныя вочы ў смутным задуменні ці ў сне? Але час усё руйнуе!

Колькі зорак з’явілася на небе; вецер пагнаў на лясы і горы рэшткі хмар; заранка румяніла неба. Узышло сонца; відаць пазрываныя стрэхі некаторых будынкаў; на полі набрынялае вадою калоссе ўпала на зямлю; лугі, пакрытыя пяском, які ручаі нанеслі з пагоркаў; высокія хвоі і вязы ляжалі на зямлі, нібы грэцкія героі пасля слаўнае бітвы пры Фермапілах. Усюды страшныя сляды пакінула навальніца.

Сустракаю стогадовы дуб. Ён вытрываў, перамог непагадзь і віхуры, рабінавыя ночы не адолелі старога героя! Яшчэ раскіне зялёныя шаты, запрашаючы пілігрыма адпачыць у прахалодзе засені. Ён сведка даўняе мінуўшчыны, памятае прадзедаў, і праўнукаў нашых абароніць ад летняе спёкі.

Тут у святочныя дні збіраюцца сяляне з усёй ваколіцы. Я бачыў іх забавы. Яны выносяць з дамоў сталы, і старыя, сеўшы пры гарэлцы, гавораць пра мінулае жыццё, пра суседзяў, паноў і пра палітую потам зямлю, што скупа дзячыць за мазольную працу. Дудар у халадку пад дубам надзімае скураны мех; моладзь пачынае свае залёты, кружыцца кола танцораў. Тут сустрэнеш жаўнера, які, крануты іх гасціннасцю, забудзе пра сваю далёкую радзіну, захоча паскакаць, возьме на вока якую прыгажуню — і ў гэты час ён найшчаслівейшы з людзей.

Недалёка ад гэтых мясцін, над рэчкай Дрысаю, стаіць маёнтак Краснаполь [80] , акружаны з усіх бакоў лесам. Там ёсць месца, дзе, кажуць, жыў калісьці — яшчэ за паганскімі часамі — князь Бой [81] , што выславіўся на Белай Русі як магутны асілак. Ён княжыў над усім людам з гэтых дзікіх краёў на берагах Дрысы. Яго звычайнай забаваю было паляванне з лукам і стрэламі ў пушчах на ласёў і іншых дзікіх звяроў. Меў ён пару адданых ганчакоў; адзін з іх зваўся Стаўры, другі — Гаўры. Былі яны надзвычай дужыя і кемныя; найстрашнейшы мядзведзь у сутычцы з імі не мог вытрываць; яго адразу ж разрывалі, як харты зайца.

80

Уласнасць паноў Снарскiх.

81

Бой — міфічны беларускі князь.

Калі Бой на ловах адыходзіў ад сяброў і акружалі яго ліхадзеі, дык ён разганяў і забіваў іх, пускаючы сваіх дужых сабак. Няраз, калі заблукае ў далёкіх лясах, сабакі, ідучы наперад, выводзілі яго на дарогу і да самага дому.

Шмат разоў гэтыя сабакі ратавалі гаспадара ад небяспекі і былі найпрыемнейшаю забаваю ў яго жыцці. Загадаў ён падданым сваім, каб шанавалі сабак і віталі іх як найважнейшых асобаў з ягонага почту. А калі ад старасці сабакі адзін за адным памерлі, дык за заслугі прызначаны былі ім святыя дні.

Люд збіраўся на тое месца, дзе закапалі іх косці, прыносіў пітво і ежу. Гулялі да позняе ночы. Рэшткі пачастунку і косці кідалі ў вогнішча, паўтараючы імёны двух ганчакоў — «Стаўры! Гаўры!» і выклікалі іх цені з таго свету.

І цяпер яшчэ паміж людам у асобных вясковых хатах патаемна спраўляюць тое свята раз на год — перад Сёмухаю [82] . Гаспадар бярэ які ласы кавалак, нахіляецца пад стол і тройчы паўтарае:

— Стаўры, Гаўры, гам, пріхадзіце к нам!

82

Сёмуха — Тройца, Зялёныя святкі — старажытнае земляробчае свята, якое адзначалася на сёмы тыдзень пасля Вялікадня.

Я чуў, што на кліч некаторых з’яўляліся велізарныя чорныя сабакі і адразу знікалі. Можа, гэта камусьці здалося; можа, гэта справа злых духаў, а можа, проста фантазія люду беларускага, якому заўсёды мрояцца чары і духі ў размаітых постацях, і ў кожнай з гэтых істотаў свой абавязак: духі водныя [83] , духі зямныя [84] , хатнія [85] , вартаўнікі лясоў [86] і скарбаў [87] [88] .

83

Вадзянiк.

84

Хляўнiк, што мучыць жывёлу.

85

Дамавiк.

86

Лясун.

87

Сатана,

Праклятый — ад заклiнання скарбаў.

88

Гэты нарыс (з прысвячэннем маршалку Станіславу Грабніцкаму) друкаваўся таксама асобна ў альманаху «Rocznik Literacki» (Т. IІ. 1844 г.) з прыпіскаю выдаўца Р. Падбярэскага: «Гэта ўрывак з вялікага твора, які малюе Беларусь: «Шляхціц Завальня, або Фантастычныя апавяданні беларускага люду»».

Полацак

Мінаю пушчы і вось на шырокай раўніне бачу горад Полацак. Вежы касцёла св. Стафана [89] , на замкавай гары — царква св. Сафіі [90] , якія, стоячы ў тумане, здаецца, імкнуцца да воблакаў; іх постаці-веліканы пануюць над горадам і над усёй ваколіцай. Гледзячы на ўсю гэтую мінуўшчыну, я ў думках стварыў яе вобраз; да сэрца падступіў смутак, і са слязьмі на вачах сустракаў я гэтыя высокія муры.

Акунуўшыся ў журботныя ўспаміны, падыходжу да горада; сады Спаса [91] нагадваюць мне травеньскія праходкі, тэатр сярод густых ліпаў на вольным паветры; там юначае ўяўленне пад клапатлівым вокам настаўнікаў найперш вучылася пазнаваць Творцу гэтага свету, Яго апеку над кожным стварэннем і захапляцца прыгажосцю неба і зямлі.

89

Калiсьцi езуiцкiя.

Касцёл св. Стафана пабудаваны напачатку XVII ст. У 1738–1748 гг. на месцы драўлянага пастаўлены мураваны касцёл (паводле асобных крыніц яго называлі касцёлам Звеставання Прачыстае Дзевы Марыі). Перад касцёлам — галоўная плошча горада — Парадная. У 1830 г. перададзены праваслаўным, перабудаваны і перайменаваны ў Мікалаеўскі сабор. У 1964 г. разбураны, на яго месцы ўзведзены жылы дом.

90

Калiсьцi базыльянская, што была фундавана старажытным родам Грабнiцкiх, герба Астоя.

Полацкі Сафійскі сабор пабудаваны ў сярэдзіне ХІ ст. пры князі Усяславе. Быў кафедральным саборам Полацкае праваслаўнае епархіі. З XVI ст. — кафедральны сабор Полацкай уніяцкай архіепархіі. Базыльянскі ордэн (брацтва св. Васіля Вялікага) быў уніяцкім. Пасля скасавання царскімі ўладамі Уніі на тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага (1839) ордэн быў распушчаны, а Сафійскі сабор перадалі Рускай праваслаўнай царкве. Гаворка пра апошнюю адбудову (1738–1750) Сафійскага сабора пасля яго разбурэння ў час Паўночнай вайны (1710) расійскім войскам. Сродкі ахвяраваў Фларыян Грабніцкі (1664(?)–1762), полацкі уніяцкі архіепіскап.

91

Гаворка пра Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр (Спаскі манастыр), помнік ХІІ ст. Заснаваны Ефрасінняй Полацкай як паўночны абарончы фарпост Полацка на правым беразе Палаты. З часоў Стафана Баторыя — рэзідэнцыя езуітаў. У 1832 г. перададзены ўладамі праваслаўным. У ансамбль манастыра ў першай палове ХІХ ст. уваходзілі: Спаса-Праабражэнская царква (касцёл), пабудаваная ў 1152–1161 гг. дойлідам Іаанам па замове Ефрасінні Полацкай; жылы корпус, пабудаваны напачатку XVIII ст., пазней — рэзідэнцыя генерала езуіцкага ордэна; уязная брама, сад.

Недалёка ад Палаты стаіць мураваны касцёл св. Ксаверыя [92] ; тут магілы, дзе спачывае прах цноталюбівых манахаў езуіцкага ордэна, свецкае моладзі і старых, з якімі я некалі быў знаёмы і сябраваў; невыказнае пачуццё навеяў на мяне гэты малюнак; душа пазірала на іх, як на анёлаў, што ляцяць на неба; старанна змовіў я малітвы і доўга стаяў задуменны, гледзячы на гэтае святое месца. Даўнейшыя часы, даўнейшае жыццё, даўнейшыя звычаі і набажэнства выразна маляваліся ў маіх успамінах. О, шчаслівыя! Яны бачылі лепшыя часы, спяць у роднай зямлі, а я да якіх прыплыву берагоў, дзе знайду спачын пасля гэтага бурлівага плавання? За Палатою, на шырокай раўніне, як люстэрка, адбівае сонечнае святло невялічкая плямка вады, якая завецца Валовае возерца. Кажуць, што калісьці яна была ў самім горадзе і да хрышчэння стаялі ля гэтае азярыны святыні [93] Перуна і Бабы Ягі [94] , але цяпер не засталося аніякіх слядоў ад тае старажытнасці.

92

Не збярогся. Знаходзіўся на Ксавер’еўскіх могілках.

93

Гаворка пра капішча Пяруна ля Валовага возера (сёння ў межах Полацка).

94

У народзе дасюль яшчэ паўтараецца страфа пра тую Бабу Ягу:

Баба Яга, Косьцяная нага, На ступе едзець, Тоўкачом поганяець, Мятлой ьсляды замятаець.
Поделиться:
Популярные книги

Отмороженный 8.0

Гарцевич Евгений Александрович
8. Отмороженный
Фантастика:
постапокалипсис
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Отмороженный 8.0

Газлайтер. Том 14

Володин Григорий Григорьевич
14. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 14

Ермак. Телохранитель

Валериев Игорь
2. Ермак
Фантастика:
альтернативная история
7.00
рейтинг книги
Ермак. Телохранитель

Матабар IV

Клеванский Кирилл Сергеевич
4. Матабар
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Матабар IV

Сборник коротких эротических рассказов

Коллектив авторов
Любовные романы:
эро литература
love action
7.25
рейтинг книги
Сборник коротких эротических рассказов

Идеальный мир для Лекаря 19

Сапфир Олег
19. Лекарь
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 19

Дочь моего друга

Тоцка Тала
2. Айдаровы
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Дочь моего друга

Свет Черной Звезды

Звездная Елена
6. Катриона
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.50
рейтинг книги
Свет Черной Звезды

Кодекс Крови. Книга IV

Борзых М.
4. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга IV

Идеальный мир для Лекаря 22

Сапфир Олег
22. Лекарь
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 22

Попаданка в академии драконов 4

Свадьбина Любовь
4. Попаданка в академии драконов
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.47
рейтинг книги
Попаданка в академии драконов 4

Сердце Дракона. Том 12

Клеванский Кирилл Сергеевич
12. Сердце дракона
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
боевая фантастика
7.29
рейтинг книги
Сердце Дракона. Том 12

Лолита

Набоков Владимир Владимирович
Проза:
классическая проза
современная проза
8.05
рейтинг книги
Лолита

Сводный гад

Рам Янка
2. Самбисты
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Сводный гад